Ад пано з саломкі да членства ў FIAPF

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Амаль паўтары сотні стужак з усяго свету, шматлікія конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы, некалькі складаў міжнароднага журы, індустрыяльная платформа для абмену вопытам паміж прафесіяналамі, імідж галоўнай кінападзеі года ў краіне — гэта ўсё пра “Лістапад” цяперашні. Мы вырашылі згадаць, як і чаму ён з’явіўся ў 1994 годзе, кім ствараўся і што за шлях прайшоў за апошнюю чвэрць стагоддзя.

/i/content/pi/cult/717/15673/22.JPG— Першая палова 1990-х — час відэасалонаў, дзе ўсе штосьці перапісвалі, мяняліся касетамі, каб глядзець кіно, — узгадвае Людміла Саянкова — загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, кінакрытык, аўтар кнігі “Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад”: праз 20 гадоў” і даўні сябра форуму.

— Сувязі паміж кінематаграфістамі былых савецкіх краін абарваліся, — працягвае яна. — Усе хацелі бачыць новыя фільмы, але ў нас актыўнага фестывальнага жыцця не было, дый мала хто куды выязджаў. Таму і з’явілася прапанова вярнуць кінажыццё і на нашу тэрыторыю. Маўляў, у часы СССР у нас жа была агульная культурная прастора. Чаму б не запрасіць да нас якіх-небудзь расійскіх рэжысёраў і паказаць хаця б тое, што здымаюць яны?

“Танна, весела і ліха”

Такой ідэяй у той час захапіўся рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Сяргей Арцімовіч. Зрэшты, калі ён толькі задумваў фестываль, дык працаваў кардыёхірургам.

— Памятаю яго яшчэ з кінаклуба ў старым Доме кіно, што размяшчаўся ў Чырвоным касцёле, — кажа Людміла Саянкова. — Сяргей быў урачом, які вельмі любіць кіно. Ён так жыва рэагаваў на фільмы, з такой цікавасцю і запалам іх абмяркоўваў! Таму і завяршыў сваю медыцынскую кар’еру, перайшоўшы на кінашлях.

— Ён, напэўна, заканчваў вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў у той час, калі я вучыўся ў ВГИКу, — дадае цяперашні дырэктар праграм ігравога кіно “Лістапада” Ігар Сукманаў. — Добра памятаю, як Сяргей аднойчы прыйшоў у інтэрнат і сказаў, што хоча прывозіць у Мінск добрае расійскае кіно. Ужо тады гучала назва — “Лістапад”. Першая праграма фестывалю ўзнікла з фільмаў маскоўскага Кінацэнтра, дзе базіраваліся розныя кампаніі.

Складалася яна ўсяго з 14 карцін: “Ганна. Ад 6 да 16” Мікіты Міхалкова (прыз глядацкіх сімпатый і прыз кінематаграфістаў), “Дзеці чыгунных багоў” Томаша Тота, “Звер, які выходзіць з мора” Вітаўтаса Жалакявічуса, “І стаў свет” Атара Іяселіяні, “Кааператыў “Палітбюро” Міхаіла Пташука (прыз журналістаў), “Курачка Раба” Андрэя Канчалоўскага, “Над цёмнай вадой” Дзмітрыя Месхіева, “Падмаскоўныя вечары” Валерыя Тадароўскага, “Рускі рэгтайм” Сяргея Урсуляка, “Сады скарпіёна” Алега Кавалава, “Сонца тых, хто не спіць” Тэймураза Баблуяні, “Ты ў мяне адна” Дзмітрыя Астрахана, “Захапленні” Кіры Муратавай, “Чорнае і белае” Барыса Фруміна.

Не было ніякіх першых ці другіх месцаў — сваё меркаванне выказвалі кінематаграфісты і журналісты, гледачы пакідалі ў зале анкеты. Тады ўсе ўдзельнікі “Лістапада” атрымалі ў падарунак парцалянавыя імбрыкі з беларускай сімволікай і пано з саломкі ад кампаній-партнёраў. “Танна, весела і ліха. Так мы гэты першы фестываль рабілі”, — распавядаў Сяргей Арцімовіч у інтэрв’ю для кнігі да 20-годдзя фестывалю, маючы на ўвазе сябе, сваю знаёмую з Інстытута культуры Таццяну Кавалёву і пяць яе студэнтаў.

“Лістапад” у “Кастрычніку”

Галоўнай пляцоўкай фестывалю ў 1990-я гады быў кінатэатр “Кастрычнік”.

— Цырымоній ніякіх не праводзілі — госці проста ішлі ў залу, потым іх запрашалі на сцэну. Але Сяргей пакрыху ўводзіў дрэс-код. Што было смешна, бо кінатэатр вельмі слаба ацяпляўся, — расказвае Людміла Саянкова. — Я памятаю тую чорна-белую прыгажосць смокінгаў і матылькоў — гэта выглядала ўрачыста. Дамы ў адкрытых сукенках пачуваліся некамфортна. Выходзячы з залы, усе траплялі ў фае. Там жа месціўся клуб і кафетэрый. І адчуваўся пах ці то смажаных піражкоў, ці то бульбы…

/i/content/pi/cult/717/15673/23.JPGНапачатку “Лістапад” быў аглядам кіно краін Балтыі і СНД. У 1990-я праграма фарміравалася, у асноўным, з падачы расійскага Міністэрства культуры, але ў гэтую абойму траплялі і замежныя фільмы.

— Так, яна была іншая, з акцэнтам на масавае кіно, — кажа Людміла Пятроўна. — Фестываль даваў справаздачу па наведвальнасці, а ў “Кастрычніка” вельмі вялікая зала, якая мусіла быць
поўнай. Але цяпер, думаю, крытыкаваць тую праграму не варта.

— Першыя фестывалі я наведвала як глядач, — згадвае дырэктар праграмы дакументальнага кіно “Лістапада” Ірына Дзям’янава. — Тады паказвалі толькі ігравое кіно. Усе калегі з іншых краін у мяне пыталіся: “У вас жа “Лістапад” у Мінску. Раскажы, што там адбываецца?” Гэта сёння мы ў тры секунды перасылаем лінкі. Тады ты не мог нічога ўбачыць, хаця ўсе адзін аднаго ведалі і цікавіліся, хто што здымае. На “Лістападзе” можна было атрымаць уяўленне пра
расійскае кіно. Пазней з’явілася і кіно англійскае, нямецкае, шведскае…

Рэдка, але, усё ж, траплялі ў праграму і беларускія стужкі.

— Не забуду паказ фільма Міхаіла Пташука “У жніўні 44-га” (2000), — распавядае Людміла Саянкова. — Гэта была вельмі гучная прэм’ера, але і горкая — усе спрабавалі падлавіць Пташука, што ён зняў не тое, не так і не туды. У зале літаральна на кожным крэсле развесілі газеты з негатыўнымі фактамі пра здымкі. Але гледачы літаральна валам валілі. Другі гучны беларускі паказ — “Анастасія Слуцкая” (2003). Відаць, туга па сваім кіно была такая, што стужку, нягледзячы на ўсе яе недахопы, віталі стоячы і шквалам апладысментаў.

На першым этапе жыцця фестывалю творчыя сустрэчы і прэс-канферэнцыі таксама адбываліся ў “Кастрычніку”.

— Ці то ў кабінеце дырэктара, ці то адміністратараў, — згадвае Людміла Пятроўна, якая ў другой палове 1990-х працавала ў прэс-цэнтры. — Памяшканне было маленькім і вельмі халодным, усе сядзелі ў вопратцы. Журналісты саромеліся. Каб не ўзнікала паўз, мы часам прасілі кагосьці: “Задай вось такое пытанне, калі ласка”. Фестываль не тое каб узнік нечакана — патрэба ў ім ужо наспела, а Сяргей проста ўлавіў яе. Але збольшага мы былі яшчэ не гатовыя да такога свята, куды прыедуць замежныя госці, якім трэба забяспечыць пэўны ўзровень пражывання і сэрвісу. Нам усім быў патрэбны перыяд адаптацыі.

Дробязі дзесяцігоддзя

Гэта цяпер “Лістапад” грыміць за некалькі месяцаў да свайго пачатку, а ў 1990-я ў яго не было ніякай рэкламы.

— Нават у час фестывалю не ўсе нашы тэлеканалы пра яго распавядалі, ён тады яшчэ не ўспрымаўся як значная для краіны культурная падзея. Газеты часцей пісалі ў іранічным ключы — хто каму на шлейф наступіў і як гэта смешна. Жудасныя памылкі дапускаліся ў прозвішчах, імёны блыталіся пад фатаграфіямі. Сёе-тое я спецыяльна захавала для свайго архіва, — кажа кінакрытык.

Па яе словах, за прамінулыя гады істотна змянілася і публіка. Бо на пачатку фэст яшчэ не быў “пунктам зборкі” ўсёй кінематаграфічнай супольнасці краіны.

— У 1990-х мы дзівіліся, што многія нашы рэжысёры з імем не наведваюць “Лістапад”, — дадае яна. — Калі запыталася ў аднаго з іх, чаму, ён мне адказаў: “Навошта мне глядзець тое, што хтосьці зрабіў лепш за мяне?” Цяпер жа творчая моладзь ахвотна ходзіць на прагляды. І публіка задае такія глыбокія пытанні, што я дзіўлюся і захапляюся.

Па словах Людмілы Саянковай, “Лістапад” напоўніцу загучаў толькі ў 2000-я. Пазней змянілася і галоўная пляцоўка — ёю стаў кінатэатр “Цэнтральны”.

— Паўсюль з’явіліся рэкламныя шчыты, афішы. Узнікла фестывальнае інфармацыйнае поле. Падавалася б, дробязі, але каб яны з’явіліся, мусіла прайсці дзесяцігоддзе, — адзначае кінакрытык.

Увесь гэты час трансфармавалася і ўласна праграма, і крытэрыі яе адбору. У 1998 годзе спецыяльна для дзіцячай аўдыторыі з’явіўся “Лістападзік”. З 2003-га геаграфічныя межы конкурсных стужак заўважна пашырыліся далей за краіны Балтыі і СНД. А з 2007 года на “Лістападзе” сталі паказваць і дакументальнае кіно.

— Раней нават не ўзнікала думкі такой, бо “Лістапад” быў настолькі гучным, што, падавалася, больш нічога яму і не трэба, — кажа Ірына Дзям’янава. — У той год дырэктарам была Валянціна Сцяпанава. Яна да гэтага ўжо некалькі разоў запрашала мяне ў журы, і ўвогуле я была “пры фестывалі”. Мне сказалі: “Давай збіраць дакументальную праграму”. І першы раз мы арганізавалі не конкурс, а паказы фільмаў пецярбургскага фестывалю “Пасланне да чалавека”. Яны прайшлі ў “Цэнтральным” пры вельмі сціплай аўдыторыі. Ідэя замацавалася, і потым мы сталі збіраць ужо конкурсную праграму, але ў яе не было свайго аблічча — збіралі ўсё, што маглі сабраць. Я разумела, што трэба мяняць падыход. Калі прыйшла цяперашняя каманда, у праграмы з’явілася свая мастацкая логіка і канцэпцыя — у конкурс сталі адбіраць кіно краін былога сацлагеру. І прафесіяналы ацанілі такі падыход, які замацаваўся ў апошнія гады. Што ж будзе далей — нас саміх цікавіць.

Хроніка “Лістапада”

1994. Дырэктар — Сяргей Арцімовіч. Прызы — ад кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў.

1995. Прэзідэнтам фестывалю стаў Расціслаў Янкоўскі і займаў гэту ганаровую пасаду да 2016 года.

1996. Дырэктар — Валянціна Сцяпанава. Галоўная ўзнагарода фестывалю — прыз глядацкіх сімпатый.

1998. З’явілася праграма дзіцячага кіно “Лістападзік”.

2007. Першая спроба сабраць дакументальную праграму.

2009. Дырэктар — Аляксандра Захарэвіч.

2010. Дырэктар — Анжаліка Крашэўская. З’явілася пасада дырэктара праграм ігравога кіно, ім стаў Ігар Сукманаў. Галоўную ўзнагароду зноў вызначае журы.

2014. Заснаваны Нацыянальны конкурс для айчынных кінематаграфістаў.

2011. “Лістапад” атрымаў часовую акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF.

2013. Фестывалю далі пастаянную акрэдытацыю FIAPF.

2017. “Лістапад” далучыўся да Міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў FIPRESCI.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"