Гродзенскі балкон Сільвановічаў

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Аляксандра СІЛЬВАНОВІЧА ў поўнай меры можна назваць гродзенскім мастаком. Свой родны горад ён на доўгі час пакідаў хіба толькі падчас вучобы: спачатку ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, а потым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Разам з жонкай, дырэктарам Гродзенскай выставачнай залы Ірынай СІЛЬВАНОВІЧ, яны зладзілі не адзін творчы праект. Не так даўно вось спрычыніліся да новага важнага для культуры Гродна пачыну — адкрыцця культурнага цэнтра “Фестывальны”, якім таксама кіруе Ірына. Яшчэ адной нагодай для нашай размовы стала выстава “Рух”, зладжаная па запрашэнні куратара Наталлі Сяліцкай у галерэі “Арцель” у Мінску.

/i/content/pi/cult/717/15672/21.JPGАляксандр: Я сабраў для яе работы з некалькіх праектаў. Летась у Сопат мы вазілі вялікую выставу “Сільвановіч і сябры. Бурштынавы шлях”. Адтуль і бурштынавая серыя. Да гэтай тэмы звяртаюся ўжо трэці раз, на яе мяне некалі натхнілі фігуркі, убачаныя ў адным літоўскім музеі. Захацелася нешта падобнае зрабіць у жывапісе. Так узніклі невялікія па памеры дошчачкі з выявамі, прысвечанымі паляванню, гандлю, штодзённаму побыту людзей са старажытных часоў. Я абраў для яе і адпаведныя колеры ды адценні — бурштын не толькі жоўты, ён недзе зеленаваты, недзе з чырванню. Таксама на выставе — работы з праектаў “Акварыум”, “Спіралі” і асобная серыя “Зграя”, якая яшчэ, мяркую, будзе працягвацца. Дынаміку руху падтрымала і класічная серыя “Птахі”. У яе ўвайшла карціна “Неба”, у якой кампазіцыя хоць і пабудавана на гарызанталях, але рух узнікае за кошт насычэння прасторы сімваламі і знакамі.

— Такое насычэнне твора сімваламі, якія ўтвараюць пэўны арнамент, наогул вельмі характэрна для вашай творчасці. Што натхніла вас на такую манеру?

Аляксандр: Мяне цікавяць руны, пячорны жывапіс, паганскія ідалы, сімволіка старажытнага Егіпта. Крыніц шмат, нешта новае наўрад ці прыдумаеш. Але я знайшоў для гэтых сімвалаў адпаведны маштаб і прынцып, згодна з якім выкарыстоўваю іх у работах. Мне нават не трэба рабіць эскіз, усё ўнутранае напаўненне — гэта ўжо імправізацыя.

— З часам з’явілася і любімая тэхніка выканання?

Аляксандр: Працую па прынцыпе ляўкаса — наношу на дошку ці палатно шмат слаёў. Паверхня павінна стаць цвёрдай як костка, каб на ёй можна было рабіць драпіны, наслаенні, а потым апрацоўваць, дамагаючыся эфекту свячэння. Толькі саму тэхналогію я крыху спрасціў з улікам сучасных магчымасцяў, новых акрылавых шпаклёвак і фарбаў. Дарэчы, у мяне і дыплом быў — каляровы ляўкас.

— Мяркую, што пасля заканчэння манументальнага аддзялення акадэміі мастацтваў у вас было шмат імпэту рабіць менавіта вялікія работы.

Аляксандр: Як манументаліст душу я адвёў сёлета, калі мы рыхтавалі да адкрыцця культурны цэнтр “Фестывальны”. На сцяне памерам у 5 на 2,5 метры я алейнымі фарбамі намаляваў фестывальную кветку. А самая першая мая манументальная работа — гэта пано на доме па той самай вуліцы Савецкая. Я тады выйграў сур’ёзны конкурс, прымеркаваны да трэцяга фестывалю нацыянальных культур. Ідэя была ў тым, каб стварыць 16 птушак з нацыянальным арнаментам — па колькасці дыяспар, якія ўдзельнічалі тады ў фестывалі. Усё ў тэхніцы сграфіта і ў кераміцы. Прыемна, што па сённяшні дзень увага да работы не слабне. Да яе прызвычаіліся, і каб не надпіс — 2000 год — многія б, пэўна, лічылі, што красуе яна на той сценцы з сівой даўніны.

— У Гродна вельмі моцная мастацкая аўра, а творчыя сілы, як мне падаецца, згуртаваныя. Я мяркую па шматлікіх калектыўных выставах і творчай падтрымцы гродзенскімі мастакамі адзін аднаго.

Аляксандр: Некалі ў наш горад амаль адначасова прыехала шмат таленавітых мастакоў. Калі нам было недзе па 40 гадоў, мы часта збіраліся разам, рабілі сумесныя праекты, дзяліліся планамі. Сёння ўжо крыху не так. Нам неабавязкова выстаўляцца разам, проста няма такой патрэбы. Напрыклад, Сяргею Грыневічу ўвогуле ніякай падтрымкі не трэба: ён вядомы не толькі ў Беларусі. У скульптара Уладзіміра Панцялеева свае задачы, у Валянціны Шоба свае. У графіка Юрыя Якавенкі таксама ўласныя праекты.

Ірына: Гродзенская выставачная зала шмат гадоў супрацоўнічае з літоўскімі і польскімі галерэямі, яны добра ведаюць нашу кагорту і самі просяць пашыраць межы, запрашаць да ўдзелу ў выставах новых мастакоў. Таму апошнім часам мы актыўна звяртаемся да мінскіх творцаў.

/i/content/pi/cult/717/15672/20.JPG— А ці адчуваеце вы повязь з гродзенскімі мастакамі малодшага пакалення? Ці “з вамі” яны?

Ірына: Так, з намі, але іх мала.

Аляксандр: У моладзі іншы погляд на жыццё. Я не ведаю, што павінна здарыцца, каб я з’ехаў з Гродна. А яны імкнуцца жыць там, дзе ім лепей, і таму вельмі лёгкія на ўздым.

Ірына: Я гляджу на нашага сына Андрэя. Ён скончыў аддзяленне дызайну Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Займаецца відэамапінгам, стварае інсталяцыі на фасадах будынкаў, завязвае кантакты з аднадумцамі па-за межамі Беларусі. Але ўдзельнічае і ў нашым гродзенскім творчым жыцці. У нас на кухні за абедам ці вячэрай адбываюцца сапраўдныя творчыя планёркі. Дарэчы, менавіта ён параіў Сашы зрабіць “фестывальную кветку” ў шэрых танах. І сапраўды, яна выдатна патрапіла ў інтэр’ер.

Аляксандр: У Гродна ёсць і маладыя жывапісцы. Напрыклад, Наталля Ляпкіна, чые работы выстаўляліся на “Восеньскім салоне з “Белгазпрамбанкам”. Але значных сумесных праектаў яны ладзяць мала — у свой час мы рабілі ў разы больш. Ды і цяпер нам гэта час ад часу бывае цікава. Вось не так даўно выставіліся ў дзяржаўнай галерэі Сопата. Акрамя мяне, туды выправіліся Сяргей Грыневіч, Юрый Якавенка, кераміст Жэня Адзіночанка.

— Ці даўно Гродзенская выставачная зала супрацоўнічае з гэтай галерэяй?

Ірына: Больш за дзесяць гадоў. І штогод у маі ў Гродна прыязджае выстава сопацкіх мастакоў. У нас добрыя творчыя сувязі і з літоўскімі гарадамі — Друскінінкаем, Алітусам.

Аляксандр: Сёння ўсё трымаецца на энтузіязме людзей, якія любяць мастацтва. У Алітусе жыве адна вельмі творчая сям’я — Дыяна Чарняўскене і Валерыус Чарняўскас. У яе праекце “Колеры Нёмана” ўдзельнічаюць мастакі з гарадоў, аб’яднаных гэтай ракой. Летась мы размалёўвалі паветраных змеяў, сёлета — малявалі на парасонах. Добра арганізаваны пленэр мае мноства плюсаў — новыя знаёмствы, сяброўства, абмен вопытам, уражанні. Ён можа стаць вялікай творчай майстэрняй.

— Гродзенская выставачная зала таксама прымае ўдзел у арганізацыі мастацкіх пленэраў і потым робіць справаздачныя выставы.

Ірына: Так, мы штогод гэта робім, як бы складана нам не было. На Гродзеншчыне ёсць фанатыкі сваёй справы — гаспадары аграсядзібы “Каралінскі фальварак Тызенгаўза” Павел і Наталля Клімукі. Яны правялі ўжо пяць міжнародных пленэраў.

Аляксандр: Нам ладзіць такія творчыя сустрэчы ў кайф, а інакш навошта і брацца?

— Дзе вам больш падабаецца выстаўляцца: у Беларусі ці за мяжой?

Аляксандр: Некалі я марыў рабіць выставы ў Італіі і Іспаніі. А мне казалі: Саша, італьянцы цікавяцца італьянцамі, іспанцы — іспанцамі, а беларусы — беларусамі. Я тады не паверыў, але потым дакладна пераканаўся, што гэта так. На мае выставы ў Гродна прыходзіць значна больш людзей, чым у любым іншым горадзе. Я нават раблю па два вернісажы — спачатку для самых блізкіх сяброў, а потым ужо агульны. Бывае так, што калі маленькая галерэя, то ўсе і не трапляюць.

— Што патрэбна для добрага творчага стану?

Аляксандр: Муза. Ідэі. Свой глядач. Калі ты адчуваеш цікавасць да сваёй творчасці, то адразу растуць крылы.

— Ці ёсць звышпланы ці звышзадачы?

Аляксандр: Я гляджу толькі на год наперад. Наступнай восенню адкрыецца выстава ў мінскай галерэі “Мастацтва”. А калі робіш выставу ў Мінску, то хочацца яе яшчэ і ў Гродна паказаць. Да ўсяго, жыццё мастака можа змяніцца за гадзіну. Адна сустрэча — і ты ўжо неўзабаве выпраўляешся ў Германію ці Харватыю. Галоўнае — працаваць.

Ірына: А самы вялікі на сёння сямейны праект — рамонт ва ўласнай кватэры. Мы пераканаліся, што такія побытавыя справы можна рабіць без нерваў і сварак. Падыходзім да іх творча і з мінімальнымі матэрыяльнымі затратамі. Саша распісвае мэблю, а я з вялікім натхненнем аздабляю наш балкон. Мы жывем на самым шумным скрыжаванні горада — вуліц Карла Маркса і Сацыялістычнай. Там шмат турыстаў, і калі яны бачаць, як я паліваю кветкі, заўсёды дзякуюць на розных мовах за прыгажосць. Мяне нават не раз ўзнагароджвалі за самы лепшы балкон Гродна. І што цікава: калі я знайшла фотаздымкі нашага дома пачатку мінулага стагоддзя, то ўбачыла на балконе яшчэ больш кветак! Аказваецца, у нашай кватэры заўсёды жылі людзі, якія вырошчвалі на балконе кветкі.

Праз вокны мы бачым шумныя цэнтральныя вуліцы і вежы храмаў, чуем звон, што адтуль даносіцца. Гродна ў добрым сэнсе правінцыйны горад: ты ведаеш амаль усіх яго жыхароў, ходзіш на тэатральныя прэм’еры да знаёмых рэжысёраў і акцёраў. І калі ты любіш свой горад, то адчуваеш, як горад у адказ любіць цябе.