“Стоп-кадр” броўнаўскага руху

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

А вось мяне сёлетні “Восеньскі салон” хутчэй парадаваў. Так, вялікіх цудаў, адкрыццяў і прыкметаў змены парадыгмы там, пэўна, не знойдзеш. Зрэшты, не толькі там: з гэтым сёння ва ўсім свеце праблема, не тыя часы. Але ці не самая папулярная ў Беларусі выстава сучаснага нам мастацтва сведчыць за тое, што кроў у венах айчыннага арт-арганізма не застойваецца, а плаўна сабе цячэ. Пры гэтым, спакваля амалоджваючыся. Новых для мяне імёнаў сёлета было як ніколі шмат. І гэта вытлумачальна: многія з былых заўсёднікаў салонаў перасягнулі саракагадовую мяжу і сваім ходам выбылі з гульні. Зважаючы на ажыятаж падчас падачы заявак, іх ёсць каму замяніць.

/i/content/pi/cult/716/15652/15.jpgПрастору першага паверха Палаца мастацтва падзялілі паміж сабою разнастайныя галерэі — як рэальныя, так і віртуальныя. Менавіта яны мелі паўнамоцтвы адбіраць мастакоў ды іх творы. А вось у выбары саміх галерэй ізноў праявілася ўласцівая арганізатарам салону дэмакратычнасць, бадай анамальная для тутэйшага арт-асяроддзя. У абойму патрапілі як рэспектабельныя камерцыйныя інстытуцыі, якія радавалі вока традыцыйнымі пейзажамі (“У мяне адчуванне, што яны праляжалі гадоў пяцьдзясят у музейных запасніках” — сказаў пра гэтыя фармальна новыя, увогуле, творы знаёмы мастацтвазнаўца), так і бойкія незалежныя ініцыятывы. І размешчаная па суседстве з пейзажамі касмічная серыя мастака з псіханеўралагічнага інтэрната Канстанціна Ладошкіна, які прадстаўляў ”Беларускі збор дэвіянтнага мастацтва”, стала сапраўдным хітом салона, выклікаўшы ў наведвальнікаў (сам гэта бачыў!) буру шчырых эмоцый.

Парадаваў і даволі актыўны (ажно тры прадстаўнікі) удзел рэгіёнаў. Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва засведчыў, што багатыя традыцыі горада не толькі захоўваюцца — для авангарду такі падыход непрымальны! — але і працягваюцца, набываючы новае вымярэнне. Канкрэтны таму прыклад — вытрыманая ў стылістыцы arte povera серыя Кірыла Дзёмчава “Прасціны авіньёнскіх дзяўчат. Разлажэнне 4-ай стадыі”. Робячы адсылку да хрэстаматыйнай работы Пікаса, з якой пачаўся кубізм — а разам з ім і мастацкае “разлажэнне” рэальнасці, — аўтар з дапамогай разнастайнага смецця дэманструе гэты працэс на стадыі, калі ён зайшоў ужо вельмі далёка.

Салон лішні раз засведчыў, што камерцыйнае мастацтва — гэта не толькі пейзажы. Прыкладам, на стэндзе адной з галерэй размешчана рэкламка, якая прапануе “абстракцыю на заказ”. Красамоўны прыклад таго, як радыкальныя некалі інавацыі з часам становяцца паточным таварам.

Зрэшты, ёсць і прыемная навіна: галерэі не баяцца працаваць з сур’ёзным мастацтвам. Вось і размешчаная ў нетрах вялізнага шопінг-мола “Арт-хаос” прадставіла на салоне творы такога тонкага і пранізлівага жывапісца, як Іван Семілетаў. Аўтара, які не толькі дбайна — і прычым глыбока, а не на фармальна-тэхнічным узроўні — асэнсоўвае мадэрнісцкія ідэі, але і пераплаўляе іх у гарніле ўласнай індывідуальнасці.

Другі паверх, складзены паводле адабраных журы індывідуальных заявак, — гэта звыклая для такіх выстаў куламеса, дзе кожны знойдзе хоць што-небудзь па душы. “Бярозкі” тут таксама прадстаўлены, як і іх, у пэўнай меры, антытэза — выразны contemporary art. Але і першае, і другое — у відавочнай меншасці. Большасць жа твораў — недзе бліжэй да сярэдзіны адлегласці паміж гэтымі
полюсамі.

Няма сумневу, што маладыя мастакі ўсё больш актыўна засвойваюць той неймаверны дыяпазон ідэй і выяўленчых сродкаў, якія пакінула ім у спадчыну мінулае стагоддзе. І выкарыстоўваюць іх для ўласных выказванняў. Часам яны атрымліваюцца — як у выпадку з Perpetuum Mobile Аляксандра Балдакова. Кінетычны аб’ект, які пераўтварае суладны тэкст у кругаверць літар і вобразаў, засведчыў, што мастак, які быў лаўрэатам першага салона, на месцы не топчацца. Бясспрэчна, гэта аргумент і на карысць самога праекта, які ў свой час таго аўтара “заўважыў”.

Відавочна, салон ужо не толькі адлюстроўвае тэндэнцыі, але і іх спараджае. Прыкметны глядацкі (і, трэба меркаваць, камерцыйны) поспех твораў Алесі Скарабагатай у мінулыя гады спарадзіў цэлую кагорту яе паслядоўнікаў, якія не толькі імкнуцца выклікаць у наведвальніка такую самую рэакцыю замілавання, але і — што асабліва прыкра — выкарыстоўваюць
падобную жывапісную тэхніку. Зрэшты, да трэндсетэра ўсім яго эпігонам яшчэ далёка.

На салоне прасочваецца і іншая тэндэнцыя. Насуперак вядомаму анекдоту пра старога акына, які знайшоў сябе ў манатонным тыражаванн аднаго і таго самага гука, на нешта новенькае часцей адважваюцца не пачаткоўцы — што, здавалася б, цалкам лагічна — а ўжо цалкам рэалізаваныя творцы. Скажам, паспяховая і звышпазнавальная праз сваю жывапісную манеру мастачка Ганна Сілівончык, гэтым разам узяла ды і прадставіла вялікую інсталяцыю з асабістых рэчаў, уключаных у вобразную гульню. Атрымалася прачула, густоўна і, галоўнае, нечакана.

Зрэшты, пра тэндэнцыі тут можна казаць хіба з вялікай доляй умоўнасці. Абсалютна відавочна, што рух, які агулам пануе ў нашым мастацтве, з’яўляецца броўнаўскім. Яго вектар амаль не вызначаюць павевы камерцыйнай ці сацыяльнай кан’юнктуры, як гэта назіраецца ў “больш развітых” у плане арт-рынка краінах. У нас творчы вынік шмат у чым (калі не ва ўсім) залежыць ад кожнага з удзельнікаў працэсу: як аўтараў, так і галерыстаў, куратараў і гэтак далей. Ад чыіхсьці асабістых памкненняў, інтэнцый і здаровых амбіцый — або іх прыкрай адсутнасці.

Задача ж салона — зрабіць своеасаблівы “стоп-кадр” гэтага руху. І з ёю салон, здаецца, спраўляецца.