Сумны восеньскі карнавал

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

У мастацтве мы часта шукаем тое, чаго не маем у жыцці, і што ў рэальнасці не надта і патрэбна. Скажам, у жыцці мы прагнем стабільнасці і прадказальнасці, не любім навацый і неспадзяванак, але ад мастацтва чакаем інтрыгі. Менавіта таму для мяне падзеяй года ў выяўленчым мастацтве здаўна з’яўляецца абарона дыпломных работ у нашай акадэміі. У музей я звычайна хаджу як на сустрэчу з чымсці знаёмым і зразумелым, а вось ад маладых творцаў, учарашніх студэнтаў, можна чакаць чаго заўгодна. Апошнім жа часам не менш цікавым, чым абарона дыпломаў, стаў для мяне ўжо традыцыйны “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”.

/i/content/pi/cult/716/15651/14.jpgПа сутнасці, для сённяшняй культурніцкай грамады тыя салоны — бы рэспубліканскія маладзёжныя выставы ў савецкі час. З той толькі розніцай, што пры сацыялістычным рэалізме такія, як казалі тады, творчыя справаздачы ладзіліся паводле пэўнага канона і ставілі мэту адаптацыі маладзёвага імпэту да патрэб дзяржаўнай ідэалогіі. А сёння гэта пляцоўка для рэалізацыі асабістых амбіцый, рынак прапаноў і карнавал магчымасцей. Да таго ж, паводле добрай завядзёнкі, кожны салон мае сцэнарны план і рэжысуру хоць чымсьці ды адрозную ад салона папярядняга. Так што прывабная для гледачоў інтрыга ў наяўнасці.

Трапіць у салонную абойму імкнуцца не толькі асобныя аўтары, але і галерэі ды арт-студыі. Для іх гэта добрая рэклама, магчымасць умацаваць свой імідж, спадзяванне стала атабарыцца ў тым ці іншым сегменце мастацкага рынку. Сёлета ў “Восеньскім салоне” бяруць удзел даволі вядомыя сталічныя галерэі “Мастацтва”, “БелАрт”, “У майстра”. Заўважная прысутнасць і спецыялізаванай галерэі фотамастацтва “ZНЯТА”, Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў, “Прасторы КХ” з Брэста, галерэі “Арт Порт”. Назвы некаторых творча-вытворча-бізнесовых структур мне асабіста нічога не гавораць, але сама іх наяўнасць — факт прыемны. Значыць, не перавяліся на Беларусі рызыканты ад мастацтва. Значыць, развіваецца ў нас галерэйная справа, нягледзячы на не надта спрыяльныя для гэтага ўмовы.

Што ж тычыцца саміх твораў, дык мушу адзначыць роўны характар экспазіцыі. Стылістыка і канцэптуальны падыход у аўтараў розныя, але ў мяне не ўзнікла думкі, што хтосьці з іх прыкрывае эпатажнасцю ці спасылкай на “я так бачу” адсутнасць прафесіяналізму. Працуючы над гэтымі нататкамі, я пераглядаў свой фотаархіў, дзе сярод іншага сабраны візуальны матэрыял некалькіх вялікіх выстаў апошніх гадоў. На вочы траплялі адны і тыя ж аўтары. Адносна невялікае кола маладых амбіцыйных творцаў вандруе з выставы на выставу, і менавіта іх работы ствараюць сэнсавы стрыжань усіх экспазіцый, што трапілі ў мой аб’ектыў.

І гэта невыпадкова. Можа, я крыху і перабольшваю ролю канкрэтных асоб у культурным працэсе і штосьці насамрэч важнае абмінуў увагаю. Але тое, што на воку ў гледача і на слыху ў крытыкі адны і тыя ж імёны, сумневу не падлягае. Я, дарэчы, не здзіўлюся, калі прыз глядацкіх сімпатый на гэтым салоне зноў атрымае Алеся Скарабагатая, якая простаю і зразумелаю паспалітаму гледачу моваю распавядае пра нязменныя жыццёвыя каштоўнасці.

Запомніліся мне дэкаратыўна-эфектны жывапіс Дар’і Бунеевай, іранічныя сюжэты карцін Аляксандра Бельскага, адвечная прыгажосць прыроды ў версіях Вадзіма Богдана і Вольгі Шкаруба, вытанчаная графіка з філасофскім падтэкстам Рамана Сустава. Я згадаў тут мастакоў, цікавых асабіста мне.

Ужо не першы раз я канстатую, што цэхавыя межы ў сучасным мастацтве Беларусі даволі празрыстыя. Гэта дазваляе выстаўляць побач графіку і фатаграфію, жывапіс і кераміку, скульптуру ў яе класічным разуменні і аб’екты-інсталяцыі. І пры ўсім сваім кансерватызме і прыхільнасці традыцыі, мушу адзначыць, што так званыя сучасныя формы, работа над якімі патрабуе значна меншых фізічных намаганняў і не такой жорсткай тэхналагічнай дысцыпліны як класічная трыяда выяўленчага мастацтва (жывапіс-графіка-скульптура), глядзяцца больш эфектна, чым тая класіка… Гэта акалічнасць, мяркую, можа стаць вызначальнай пры абранні творчай моладдзю прафесійных прыярытэтаў.

Зрэшты, выстава як выстава. Тое, што частка твораў экспазіцыі трапіць на вока калекцыянерам ды і проста грашавітым людзям і стане ўпрыгожаннем жытла ці офісаў — цудоўна. Мастацтва мусіць ісці ў народ. Але хацелася б большага…

Шчыра кажучы, на выставы сучаснага мастацтва я хаджу як атэіст у царкву. Ведаю, што цудаў не бывае. Да гэтага разумення мяне падводзіць маё выхаванне і жыццёвы досвед. Ды ўсё ж такі на цуд спадзяюся. Спадзяюся пабачыць твор, які стане для мяне знакам таго, што скончыўся ў нашым мастацтве — а значыць і ў грамадстве — ніякі час. “Безвременье”, па-руску кажучы. Што надышла акрэсленасць, якая дазваляе не толькі ўпэўнена стаяць на нагах, але і крочыць у асэнсаваным напрамку. Можа, я хачу ад мастацтва таго, што яно не можа даць па вызначэнні. Можа… Ды ўсё ж, спадзяюся на цуд.

Напачатку нататак я згадаў у дачыненні да “Восеньскага салона” слова “карнавал”. Мастацтва, на маю думку, мусіць альбо называць рэчы сваімі імёнамі, гаварыць праўду, якая не заўжды зручная, альбо ствараць мадэль паралельнай рэчаіснасці, лепшай за сапраўдную. Апранаючы маскі, мы прымерваем пэўныя сацыяльныя ролі. У гэтым і ёсць сутнасць карнавалу. Дык вось, “Восеньскі салон” падаўся мне нейкім несвяточным, сумным карнавалам, дзе рэжысура не прадугледжвае жывых эмоцый.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"