Падводныя камяні валанцёрства

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Буйны міжнародны фестываль узроўню “Лістапада” або “ТЭАРТа” ў нечым падобны на айсберг: прыгожая бліскучая верхавіна, а глыбока пад вадой — мноства непрыкметных старонняму воку высілкаў. Прапрацаваўшы валанцёрам на розных сталічных форумах, карэспандэнт “К” змагла высветліць, як дзейнічае гэты механізм у нашых умовах, хто ім кіруе і якія збоі бываюць найчасцей.

/i/content/pi/cult/716/15646/7.JPGЗвычайна людзей, якія бясплатна дзесьці дапамагаюць, значна больш, чым саміх куратараў і арганізатараў. Плануючы буйное мерапрыемства, апошнія адразу пачынаюць пошук тых, хто адважыцца быць на нагах з самой раніцы да позняй ночы, сустракаць іншаземных гасцей, правяраць білеты, выносіць дыпломы, фатаграфаваць і нават гатаваць ежу. Валанцёрская праца ў большасці выпадкаў патрабуе фізічных намаганняў, і культурныя імпрэзы тут не выключэнне.

Усе мы наведваем якія-небудзь тэатральныя ці кінафестывалі, сочым за праграмай, набываем квіткі і ходзім на пэўныя спектаклі ці фільмы. Быць спажыўцом досыць проста, значна цяжэй быць вінцікам у фестывальным механізме, мець пэўную адказнасць і самааддана выконваць свае абавязкі. Гэта, напэўна, самыя галоўныя якасці валанцёра.

Цікава, што жаданне ім стаць не залежыць ад узросту: на пляцоўках можна заўважыць як школьнікаў, так і людзей, якія ўжо фармальна не з’яўляюцца моладдзю. Аднак, канешне, пераважна гэта студэнты. І, як паказвае практыка — часцей за ўсё творчых ці лінгвістычных ВНУ. Яно зразумела, паколькі амаль кожны з валанцёраў мае нейкую сваю мэту: скажам, паглядзець добрыя спектаклі ці падцягнуць узровень замежнай мовы. Усё гэта абагульнена адным словам — “досвед”. Менавіта дзеля досведу найперш і ідуць валанцёрыць, ацаніўшы магчымасць атрымаць яго бескаштоўна — узамен сваіх сіл і энергіі.

Зрэшты, у якасці валанцёраў на культурных імпрэзах нярэдка можна ўбачыць і студэнтаў тэхнічных ВНУ. “Гэта аблудны стэрэатып, што “тэхнары” не цікавяцца мастацтвам, — кажа Мікола, які навучаецца ў БНТУ. — У маёй групе многія ходзяць у тэатры, ды і мне гэта вельмі падабаецца, я нават стварыў ужо спіс любімых спектакляў і тых, на якія хачу схадзіць”.

Натуральны адбор

Калі на прасторах інтэрнэту з’яўляецца спасылка на валанцёрскую анкету, шмат неабыякавых пачынаюць яе хутка запаўняць. Адборам заявак займаецца куратар валанцёраў — той чалавек, які размяркоўвае паміж імі працу і ў далейшым дапамагае. Пасля прагляду ўсіх анкет ён складае спіс патэнцыйных памочнікаў, з якімі потым звязваецца і прызначае сустрэчу. Цяжка сказаць, якімі прынцыпамі кіруецца куратар, калі чытае заяўкі, але часцей за ўсё перавага аддаецца таму чалавеку, які ўжо меў досвед у валанцёрстве.

Пасля сустрэчы трэба размеркаваць адабраных людзей па відах дзейнасці адпаведна іх магчымасцям і жаданням. Усё гэта — толькі першыя крокі, але самыя важныя: ад каманды залежыць якасць працы. Калі куратару ўдалося сабраць вартых людзей, самая галоўная задача — іх не пагубляць у далейшым.

Напрыканцы вялікага тэатральнага фестывалю паразмаўляла з куратарам, якой відавочна вельмі складана было каардынаваць працу вялікай колькасці валанцёраў. Агульную лічбу дасланых анкет дазналася не адразу, але калі пачула, была вельмі здзіўленая. Дзяўчына-каардынатарка адна мусіла адабраць са спісу ў больш як 300 чалавек 60 самых вартых! Нельга казаць, што на працягу ўсяго фестывалю было ўсё добра, але я ўпершыню сутыкнулася з тым, калі валанцёры ў спрэчных сітуацыях не цярпелі моўчкі, а абаранялі свае правы.

Размеркаванне і час

Звычайна вялікі фестываль патрабуе разнапланавай працы: прэс-цэнтра, каманды суправаджэння гасцей, праверкі білетаў, арганізацыі пляцоўкі, перакладчыкаў, фатографаў і відэографаў, адказных за сацыяльныя сеткі і гэтак далей. Валанцёры прыходзяць на мерапрыемства дапамагчы. І іх колькасць павінна быць апраўдана колькасцю працы і нагрузкі, якую арганізатары мерапрыемства не могуць самі пацягнуць. У нашых рэаліях, на жаль, гэта ўтопія. Калі куратары з задачай не спраўляюцца, з’яўляюцца так званыя “зоны чакання”. Сядзець без спраў — страшны сон для валанцёраў. Камусьці з іх у такім выпадку давядзецца сумаваць падчас працы, а гэта дэматывуе.

Калісьці на прэм’еру фільма ў кінатэатры Масква пазвалі пяць чалавек, каб падрыхтаваць хол і залу да ўрачыстай падзеі. Час быў размеркаваны дрэнна, і валанцёры чакалі працы з сярэдзіны дня ажно да адкрыцця ўвечары. Дзеля таго, каб развесіць постары, спатрэбілася ўсяго гадзіна, яшчэ 20 хвілін — каб набыць у бліжэйшай краме скотч, бо загадзя пра яго не парупіліся. А ўвесь астатні час быў той самай зонай чакання і перарываўся толькі на “прынясіце мне каву” ад куратара.

На пабягушках

Найважнейшы момант у працы з валанцёрамі — камунікацыя. Няглядзячы на тое, што куратар фармальна стаіць вышэй, ён не павінен зневажаць таго, хто па сваёй волі прыйшоў дапамагаць. Аднак часам у некаторых каардынатарах можна назіраць развіццё напалеонаўскіх комплексаў (звычайна такое бывае з чалавекам, які ўпершыню атрымаў хоць якую ўладу). І тады ў зносінах з’яўляюцца псіхалагічны ціск, нейкія санкцыі, нават пагрозы.

Так, калісьці на маіх вачах паміж куратарам і валанцёрамі ўсчалася сапраўдная баталія. У агульным чаце ў сацсетках абражалі тых, хто за ўвесь перыяд фестывалю не дзяжурыў у офісе, пры гэтым не ўлічвалася іх асноўная занятасць (праца ці пары ва ўніверсітэце), і шмат чалавек аказаліся ў зоне рызыкі — у іх паабяцалі адабраць бэджы і забараніць праход на мерапрыемствы. Варта адзначыць, што калі валанцёр запаўняе анкету, ён улічвае свой вольны час, і толькі адпаведна яму потым размяркоўваецца праца. Канфлікт скончыўся менавіта тады, калі ў чат прыйшлі арганізатары, якія ў першую чаргу зрабілі заўвагі куратару і выбачыліся перад валанцёрамі.

Паўстае пытанне: хто адказвае за падрыхтоўку куратараў? Звычайна ніхто. Куратарамі становяцца былыя валанцёры, якія належна праявілі сябе ў мінулым і якіх потым “павысілі”. Аднак такое прасоўванне па кар’ернай лесвіцы не заўсёды добра ўплывае на чалавека. У еўрапейскай практыцы ёсць спецыяльныя курсы ды team building (літаральна — камандабудаўнічыя) трэнінгі. Думаецца, пакуль куратары ў нас не будуць праходзіць спецыяльнае навучанне, гэтая сістэма не здолее працаваць так добра, як бы сапраўды магла.

Праходкі і вопыт

Быць валанцёрам — гэта значыць заўсёды знаходзіцца недзе за кулісамі. Аднак даволі часта даецца магчымасць бескаштоўна прайсці на той ці іншы кінапаказ ці спектакль. Новыя знаёмствы, кантакты, цікавыя фільмы, імпрэзы, выставы, пастаянная дынаміка і камандны дух натхняюць многіх кожны год адкладаць на пэўны час працу ці ўніверсітэт. Адсюль і знакамітая хвароба — “сіндром вечнага валанцёра”.

Спыніцца бывае вельмі цяжка, нават калі ў мінулым у цябе быў негатыўны досвед. Часта ўражанні пасля фільма значна яскравей, чым успаміны пра тое, як вы глядзелі гэту стужку стоячы дзве з паловай гадзіны ў канцы залы. Не
заўсёды атрымліваецца пакінуць месца для каманды валанцёраў, таму яны часцей сядзяць на падлозе ці на лесвіцы.

Не сакрэт — шмат хто працуе па прынцыпе “пацярплю, але бясплатна схаджу на добры фільм”. Адпаведна, трэба разумець, што забараніць валанцёру праход на імпрэзу — пазбавіць яго матывацыі.

Дэфіцыт на падзяку

Калі прыемнымі словамі ў бок каманды сканчаецца адзін працоўны дзень, гэта спрыяе яе добрай працы ў наступны. Валанцёру вельмі важна адчуваць сябе патрэбным. З боку куратараў і арганізатараў падтрымка павінна быць заўсёды, бо валанцёры ў кожным разе наўзамен атрымліваюць менш, чым аддаюць. Часта некаторыя куратары вельмі скупыя на падзяку. Або ў сваіх праблемах яны пачынаюць адразу абвінавачваць валанцёра, а потым уводзіць для яго санкцыі. Але страх гневу “начальніка” — таксама не тая матывацыя.

На пытанне пра самую лепшую падзяку за сваю працу студэнтка Універсітэта культуры Марына адказала: “Я была радая кожны раз, калі нават за самую маленькую і простую працу атрымлівала шчыры “дзякуй”.

Так склалася, што амаль усе згаданыя вышэй нюансы зводзяцца да працы куратара. Гэта невыпадкова, паколькі на ім ляжыць вельмі вялікая адказнасць. Варта дзесьці аступіцца — і былыя адносіны ўжо не вернеш. Валанцёры таксама бываюць розныя, і не ўсе спраўляюцца са сваёй задачай. Аднак і тое, што яны прыйшлі добраахвотна, — толькі апраўдвае іх. І як толькі здараецца штосьці непрыемнае, валанцёры могуць не толькі аб гэтым адкрыта казаць куратару, але і ўвогуле сысці.

Лічу, што нашым фестывалям не хапае добрых куратараў. Іх праца вельмі энергазатратная, і не ўсе гатовыя шчыра аддаць на гэта вялікую частку свайго часу. Сёлета на адным тымбілдынгу мы вылучалі галоўныя якасці валанцёраў. Сярод іх часта гучалі адказнасць, пунктуальнасць і стрэсаўстойлівасць. Аднак ніхто не вылучыў галоўных якасцей куратара, а гэта першае, што трэба было зрабіць, паколькі ён, па вялікім рахунку, — таксама валанцёр.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"