Беларуская акварэль у Парыжы

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

1 лістапада 2018 года ў парыжскай галерэі “Дыямант” адбылося адкрыццё выставы твораў Генадзя Шутава. Знакаміты беларускі мастак-акварэліст, які пайшоў з жыцця ў мінулым годзе, спазнаў прызнанне і на радзіме, і па-за яе межамі. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях самых буйных і прадстаўнічых сусветных музеяў.

/i/content/pi/cult/716/15641/4.JPGАрганізатарамі выставы выступілі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Францыі Анастасія Данілава, а таксама нашчадкі мастака з нашай краіны.

Пасол Беларусі ў Францыі, Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры UNESCO Павел Латушка на адкрыцці выставы падкрэсліў, што шмат выхадцаў з Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя фактычна заклалі падмурак адной з самых вядомых школ сучаснага мастацтва ў свеце. Ён таксама адзначыў, што ў наш час беларускія мастакі становяцца ўсё больш і больш вядомымі ў Францыі. За апошнія пяць гадоў пры падтрымцы Пасольства сваю творчасць там прадставілі больш за 100 сучасных беларускіх мастакоў.