Падземны мацярык старажытнага Віцебска

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Віцебск — прыгожы сучасны еўрапейскі горад. Яго даўняя гісторыя сваімі каранямі сягае ў ІХ стагоддзе, калі на гэтым месцы знаходзілася пасяленне племені крывічоў.

 /i/content/pi/cult/168/1564/Padzemny-macyaryk1.jpg
Сення
Віцебск інтэнсіўна развіваецца: адкрываюцца новыя гандлёвыя цэнтры, установы культуры і адукацыі, але разам з гэтым без увагі не застаецца і гістарычная спадчына, таму пры ўзвядзенні кожнага будынка праводзяцца дэталёвыя інтэнсіўныя археалагічныя назіранні. Пад час земляных работ абавязкова прысутнічаюць навукоўцы з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і праводзяць абмеры, замалёўкі, фотафіксацыю аб’ектаў, збіраюць і аналізуюць знойдзеныя матэрыялы, на падставе чаго ўдакладняюцца і дапаўняюцца гістарычныя звесткі пра старажытны горад.
Сёлета таксама прадоўжыліся даследаванні старажытнага горада. Так, на месцы напаўразбуранага будынка пачатку мінулага стагоддзя на беразе ракі Віцьба, насупраць гарадской ратушы, пад знятым верхнім слоем глебы глыбінёй 1,4 метра праводзіліся раскопкі агульнай плошчай 56 метраў. Археолагам дапамагалі студэнты Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М. Машэрава, якія ўручную праводзілі земляныя работы. Пры гэтым удзельнікі раскопак сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, звязанымі з прыродным размяшчэннем аб’екта, і былі вымушаны капаць, стоячы па калена ў вадзе.
На працягу некалькіх тыдняў было раскапана восем гістарычных пластоў. Слаі былі істотна перамешаны, што характэрна пры частым узвядзенні будынкаў на адным
 /i/content/pi/cult/168/1564/Padzemny-macyaryk2.jpg
месцы. Так, напрыклад, самыя старажытныя
матэрыялы — наканечнікі і фрагменты касцянога грэбеня ХІІ стагоддзя — знаходзіліся ў першым пласце, а прадметы XVII стагоддзя — у апошнім. Калі ўсё ж археолагі дайшлі да мацерыковага слоя, то з-за неспрыяльных умоў (вада ўжо з першых сантыметраў раскопак пачала перашкаджаць працы) не атрымалася яго зачысціць і сфатаграфаваць.
Як адзначае загадчык Цэнтра даіндустрыяльнага грамадства аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Вольга Ляўко, практычна адразу былі знойдзены фрагменты драўляных канструкцый. З месца раскопак археолагі ўзялі пробы дрэва. Яны былі перададзены ў Інстытут эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук спецыялістам па дэндрахраналогіі, якія зрабілі спілы і цяпер займаюцца датаваннем знаходкі. Магчыма, яна звязана з драўлянымі будынкамі, якія можна ўбачыць на планах Віцебска сярэдзіны XVII стагоддзя.
У глебе былі адшуканы каштоўныя матэрыялы ХІІ — XVIIІ стагоддзяў. Ужо даследуецца знойдзеная бытавая кераміка гэтага перыяду і, у першую чаргу, рэшткі збана з так званага “Рэйнскага каменнага тавару” — посуду XVI стагоддзя з нямецкіх гарадоў, зробленага са спецыяльнай гліны, якая дазваляла ствараць надзвычай моцны чарапок без пор, што валодаў вялікай трываласцю. Знойдзены таксама металічны абразок з выявай Святога Мікалая Цудатворцы, побач з якім былі выяўлены манеты XVII стагоддзя. Археолагі не пакінулі па-за ўвагай і невялікую ігольніцу XVI стагоддзя з цікавымі ўзорамі, гузікі, падсвечнікі, а таксама нацельны крыж і прадметы рэлігійнага ўжытку з надпісамі на лацінскай мове, што, на думку доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко, маюць непасрэдную сувязь з касцёлам Святога Антонія XVIIІ стагоддзя, які знаходзіўся побач з месцам правядзення раскопак.
 /i/content/pi/cult/168/1564/Padzemny-macyaryk3.jpg
Праца на раскопках у Віцебску дазваляе не толькі збіраць
каштоўныя прадметы, але і ўдакладніць сярэднявечную планіроўку горада, дакладна вызначыць месцазнаходжанне асобных старадаўніх будынкаў, звесткі пра якія вядомы толькі па пісьмовых крыніцах. Вольга Ляўко лічыць, што гэтая праца надзвычай плённая.
Так, насупраць Летняга амфітэатра пад час раскопак былі знойдзены падмуркі храмаў, зафіксаваных толькі на планах ХІХ стагоддзя. Сёння маецца пэўнае ўяўленне па кожным гістарычным зрэзе: дзе і што ў пэўны час размяшчалася ў горадзе. І, тым не менш, яшчэ засталіся недаследаваныя часткі тэрыторыі, таму археалагічная праца будзе працягвацца.
Дарэчы, знойдзеныя прадметы пасля даследавання плануецца перадаць у Віцебскі абласны краязнаўчы музей, а частка з іх застанецца ў археалагічнай экспазіцыі музея ў Інстытуце гісторыі.
Гістарычны цэнтр Віцебска вельмі багаты на археалагічныя знаходкі, таму ў недалёкай будучыні тут яшчэ не раз будуць зафіксаваны цікавыя і каштоўныя для навукі факты.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
На здымках: (уверсе) малюнак
Н.Орды “Васкрасенская царква,
ратуша і касцёл Святога
Антонія” — 1876 г.; знаходкі, зробленыя пад час апошніх археалагічных раскопак у Віцебску: рэшткі збана, абразок, гузік.
Фота аўтара