Промні мовы ў “цёмныя вякі”

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Неўзабаве пасля інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі тэрыторыі Беларусі пачалося яе навуковае вывучэнне, якое прадугледжвала збіранне народных песень, казак, замоў, абрадаў. Лік гэтых запісаў ідзе на тысячы. А першае такое даследаванне было зроблена ўжо ў 1786 годзе — гэта “Апісанне Крычаўскага графства або былога староства” Андрэя Мейера. І сярод адметнасцяў нядаўна далучаных тэрыторый там прыгадваецца і адмысловая гаворка мясцовага люду.

/i/content/pi/cult/715/15639/20.JPGВесялуха сілаватая

Праўда, аўтар сцвярджае, нібы такія асаблівасці беларускай мовы, як аканне ды яканне, былі запазычаныя з польскай. Затое ў працы прыведзена нямала каларытных слоўцаў, уласцівых для таго рэгіёну. Толькі відаў раслін і грыбоў даследчык прывёў 324 віды, і больш чым для паловы з іх знайшоў адметныя назвы, якія ўжываліся крычаўскімі сялянамі. Напрыклад: “Женская и отвисшия ветви имеющая береза здесь, равно как и в Дубровне, веселухою называется, но свиловатой, или белорусскаго карагача…” Або: “Черемуха, или по-кричевски колокуша”, “Бредица, называемая кричевскими крестьянами ницая лоза…”, “Бересклед или в Белой России бружмель… Голубица, которую в Кричеве и дурницею называют, потому что растет обыкновенно между дурнишником по мхам… Ежевика, или в Белой России глазница… Желтоволосник, или поздешнему /i/content/pi/cult/715/15639/21.JPGмалый дурнишник…”

Трапляюцца ў гэтай працы і памылкі: “Мыши летучия, называемые кричевскими крестьянами Каштаны”. Рэдагуючы публікацыю даследавання праз сто з гакам гадоў для гістарычнага зборніка “Могилёвская старина” (1900 — 1901 гады), вядомы этнограф Еўдакім Раманаў паправіў калегу: меліся на ўвазе, вядома, кажаны. Але слых падвёў.

У тым самым зборніку апублікаваны і артыкул самога Еўдакіма Раманава “Зборнік беларускіх замоў пачатку XIX стагоддзя”. Створаны ён на аснове рукапіснага дакумента 1805 — 1819 гадоў — 32 беларускія народныя замовы, якія меліся дапамагчы ў справе пчалярства, запісаныя ў Мсціслаўскім павеце панам Далецкім. Раманаў прыходзіць да высновы, што гэты збор створаны на аснове больш старажытнага рукапісу: “В одном месте, напр., сохранилось начертание у чрез оу; во множестве встречается иотация для звука я. Самый язык сборника доказывает его большую древность”.

“Песенькі з-над Нёмана і Дзвіны”

Цікава, што і расійскімі, і польскімі крытыкамі ХІХ стагоддзя збіранне старажытных беларускіх народных песень успрымалася цалкам станоўча. Як піша Ян Чачот, спасылаючыся на Самуіла Багуміла Ліндэ, дыялектызмы ці “павятоўшчына” “магла б павялічыць багацце пісьмовай (Польскай! — З. Д.) мовы”. А вось спроба стварэння на беларускай мове новых арыгінальных твораў сустракалася ў штыкі.

Між тым, сам Ян Чачот не толькі актыўна збіраў “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны”, выдаваў іх, перакладаў на польскую, але і натхняўся імі ва ўласнай паэтычнай творчасці. Варта тут згадаць і Яна Баршчэўскага з яго беларускімі вершамі “Дзеванька”, “Гарэліца” і гутаркай “Рабункі мужыкоў” (ці “Бунт хлопаў”). У апошняга твора, напісанага паэтам пасля 1812 года, быў даволі цікавы лёс: ён непасрэдна паўплываў на жыццё яшчэ аднаго беларускага паэта-першапраходца — Паўлюка Багрыма.

Дайграўся да рэкруцтва

У 1828 годзе ў маёнтку Крошын адбыліся хваляванні, выкліканыя тым, што новы ўладальнік Станіслаў Юрага запатрабаваў ад сялян выконваць павіннасці, якія яны раней не выконвалі. Прыгонныя адмовіліся. У Крошын прыбылі царскія войскі. У выніку, некалькі сялян былі збітыя да смерці, а больш за дзясятак высланы ў Сібір або аддадзены ў рэкруты.

Падчас следства з’явілася версія, што “гняздо бунтаўшчыкоў” знаходзілася ў неафіцыйнай парафіяльнай школе, якой кіраваў ксёндз Войцэх Магнушэўскі. Падчас візіту да яго высокіх гасцей — папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі Мікалая Навасільцава, які раней быў старшынёй следчай камісіі па справе філаматаў, і рэктара Віленскага ўніверсітэта Венцаслава Пелікана святар меў неасцярожнасць пахваліцца сваім лепшым вучнем — 15-гадовым Паўлюком Багрымам.

Як піша Ігнат Яцкоўскі ў сваёй кнізе “Аповесць не майго часу”, якая выйшла ў Лондане ў 1854 годзе, юнак прачытаў на памяць не толькі згаданы верш Баршчэўскага, але і беларускія вершы ўласнага сачынення, сярод якіх быў і “Заграй, заграй, хлопчэ малы...”

Цікава, што ў гэтым вершы, напісаным на захадзе Беларусі, ёсць ужо знаёмае нам па створаным на самым крайнім яе ўсходзе слоўніку Мейера слова “кажан”. І каб польскаму чытачу было зразумела, што гэта за істота, Яцкоўскі дае пераклад: Niedoperz.

Спалоханага падлетка тут жа пацягнулі на допыт. Той, пэўна, “уключыў дурня”, назваў мову прачытаных ім вершаў “простай польскай мовай” і прызнаўся, што “Бунт хлопаў” ён вывучыў каля пяці гадоў таму. Па версіі арганіста крошынскага касцёла Георгія Арлоўскага, гэты верш даў яму перапісаць незнаёмы салдат, які вяртаўся з вайны 1812 года.

У выніку, і Багрыма, і Арлоўскага прымусілі даць дзівосныя па сваім змесце падпіскі. Арлоўскі абяцаў: “Я не должен и не смею означенных учеников научать никаким стихам или прозе таким, которые бы имели худое влияние на нравственность или общее спокойствие, а в особенности стараться, чтобы ни один из них не имел и не слышал о стихах “Rozmowa chlopow”. Паўлюк Багрым пакляўся: “1828 года 5 июля… даю сию подписку в том, что означенных стихов никогда ни пред кем и ни по какому приказанию не буду и не смею произносить или переписывать и давать кому-либо, даже и у себя оных никогда иметь не буду: в противном же случае подвергаю себя строжайшему суждению и взысканию по законам”.

Што ж такое было ў гэтым вершы, калі яго забаранілі дэкламаваць нават па чыім бы тое ні было загадзе? Там змяшчаліся думкі, вельмі блізкія самому Багрыму. Матывы, для тых часоў даволі звыклыя: ідэалізацыя дарасійскага (Вялікае княства Літоўскае) і нерасійскіга (французская адміністрацыя ў 1812 годзе) мінулага, непрыманне рэалій тагачаснага жыцця (рэкруцкія наборы, збядненне, самаўпраўства і пабоі ад памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў) і адкрыты заклік да бунту. Баршчэўскі даволі смела для свайго часу заявіў: беларусы не рабы! Нядзіўна, што падобны верш знайшоў водгук у сэрцы маладога чытача.

Нягледзячы на падпіску аб “нечытанні вершаў”, 15-гадовы талент быў аддадзены ў рэкруты. Ён вярнуўся дадому, ажаніўся і пражыў добрае жыццё. Але больш пра яго літаратурныя творы нічога не вядома.

Гэтая гісторыя сведчыць за тое, што нават праз паўтара дзесяцігоддзі пасля свайго напісання беларускія вершы Баршчэўскага нелегальна распаўсюджваліся па ўсёй Беларусі, перапісваліся са сшытка ў сшытак, вучыліся на памяць — і натхнялі маладых паэтаў на творчасць. Літаратуразнаўца і выдавец Рамуальд Падбярэскі ў 1844 годзе назваў “Бунт хлопаў” “слаўным па ўсёй Беларусі вершам” і “помнікам беларускай гаворкі”.

Думаю, не лішнім будзе згадаць і такі факт, які прыводзіў у адной са сваіх публікацый знаны даследчык Адам Мальдзіс. Польскі навуковец Ежы Енджэевіч сцвярджаў, нібы сам Міцкевіч правіў раннія вершы Баршчэўскага і прадракаў яму вялікую будучыню. Ёсць сведчанні, што пра яго творчасць ведаў і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1839 годзе ў Санкт-Пецярбургу студэнты з Беларусі і Польшчы выпускалі пад рэдакцыяй Баршчэўскага альманах Niezabudka. Гісторык беларускай літаратуры і перакладчык Мікола Хаўстовіч пісаў: “Сярод падпісчыкаў на зборнік бачым імёны Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча”.

На вялікі жаль для нас, беларусаў, свой галоўны твор “Шляхціц Завальня” Ян Баршчэўскі напісаў на польскай мове. Сам аўтар растлумачыў гэта так: “Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску”. Аднак няма ніякіх сумневаў, што гэта адзін з першых шэдэўраў новай беларускай літаратуры. Так, пакуль яшчэ польскамоўнай. Але ўжо прасякнутай любоўю да Беларусі.

На думку Міколы Хаўстовіча, Баршчэўскі ўжо ставіць тыя важныя пытанні, якія ўрэшце аформяцца ў нацыянальную ідэю: “Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды больш шчаслівае, чым сённяшні дзень; гэта край, насельніцтва якога — асобны народ — можа і павінен жыць без дыктату з боку суседзяў. Жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па звычаях ды парадках іншых народаў”.

Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст