“У тое, што рабілі, свята верылі”

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

У гэтым месяцы адзін за адным выпалі два важныя для нашай гісторыі юбілеі. 29 кастрычніка стагоддзе святкуе беларускі камсамол. А трохі раней споўнілася 75 гадоў з дня аднаўлення працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нагадаю: здарылася гэта ў 1943 годзе, калі, здавалася б, было зусім не да вучобы. Амаль уся тэрыторыя Беларусі пакуль яшчэ заставалася пад акупацыяй, таму заняткі праходзілі на станцыі Сходня пад Масквой. Асоба, пра якую я хацеў бы распавесці, у пэўнай меры лучыць абодва гэтыя юбілеі. Будучы выбітны навуковец і педагог Давыд Мельцар пачынаў свой жыццёвы шлях камсамольскім лідарам адроджанага БДУ. Прайшоўшы гэтую школу, ён атрымаў той досвед, які потым дазволіў яму вучыць будучых настаўнікаў. Гэты прафесар і доктар навук зрабіў велізарны ўнёсак у падрыхтоўку кадраў для школ Рэспублікі Беларусь, задаючы для іх планку прафесіяналізму і натхняючы сваім прыкладам.

/i/content/pi/cult/715/15638/18.JPGЗ нямецкага акружэння

Давыд Мельцар нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў Мазыры, які ў той час меў статус цэнтра акругі. Ужо ў пяцігадовым узросце мог чытаць, пісаць, рашаць арыфметычныя задачы. Настаўніца, якая жыла ў суседняй кватэры, прапанавала бацькам, каб Давыд наведваў яе заняткі. Так у 1930 годзе ён стаў школьнікам. Але
неўзабаве бацьку запрасілі на працу ў Белкаапсаюз, і маленькі Давыд стаў мінчанінам ды неўзабаве пайшоў у падрыхтоўчы клас сярэдняй школы № 15.

Мінскі школьнік Давыд Мельцар шчыра верыў, што ён жыве ў самай шчаслівай, самай свабоднай краіне, “дзе гэтак вольна дыхае чалавек”. Але напад фашысцкай Германіі паставіў кропку ў яго шчаслівым савецкім дзяцінстве, перакрэсліўшы ўсе жыццёвыя планы, сярод якіх была і мара паступіць ва ўніверсітэт.

Мінск жорстка бамбіла нямецкая авіяцыя. Горад гарэў. Сям’я вырашыла пакінуць горад ды
падацца на Усход. Маскоўская шаша была запоўнена бежанцамі, іх калоны абстрэльвалі немцы, і таму Мельцары збочылі на прасёлачныя дарогі. Галодныя і стомленыя, яны дабраліся да станцыі Талачын. Давыд Барысавіч потым успамінаў: “Тут нас дагналі нямецкія войскі. Калі ўжо на вуліцах горада ішлі баі, а нашыя ногі нам не падпарадкоўваліся ад стомленасці, удалося ўгаварыць начальніка санітарнага эшалона з раненымі ўзяць нас з сабой. Так у апошнюю хвіліну мы дзівам выскачылі “з нямецкага акружэння”.

Аднак шаснаццацігадовы юнак вырашыў вярнуцца ў пекла вайны самахоць. І моцна перажываў, калі яго звароты ў ваенкамат з просьбай адправіць на фронт шторазу атрымлівалі адмову. Нарэшце, у канцы 1942 года Давыда накіравалі ў Лугінскую школу авіямеханікаў. Але цяжкая хвароба неўзабаве прымусіла яго назаўсёды развітацца з арміяй. “Ніякіх подзвігаў не здзейсніў, але ганаруся тым, што пайшоў у армію добраахвотнікам” — пазней напіша ён.

Знаходзячыся ў шпіталі, хлопец прачытаў у газеце “Правда” навіну пра тое, што на станцыі Сходня ўзнаўляе працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Давыд адправіў свае дакументы і неўзабаве быў залічаны студэнтам першага курса гістарычнага факультэта.

Ён стаў адным з тых трох соцень студэнтаў, якія 11 кастрычніка 1943 года пачалі заняткі на шасці факультэтах — філалагічным, гістарычным, біялагічным, геаграфічным, хімічным, фізіка-матэматычным. Вучобу давялося сумяшчаць з працай. Давыд Барысавіч стаў загадчыкам ваеннага кабінета, а кіраўніком ваеннай кафедры быў студэнт III курса філалагічнага факультэта Іван Мележ. “Студэнцкія гады, хоць былі і галоднымі, і беднымі, поўныя самых прыемных успамінаў” — так узгадвае пра гэты час Давыд Мельцар.

Па колькі бульбін

/i/content/pi/cult/715/15638/19.JPGНеўзабаве пасля пачатку заняткаў, у дзень 25-годдзя Ленінскага камсамола, адбыўся агульнаўніверсітэцкі сход. Камсамольская арганізацыя налічвала тады 92 чалавекі. Трэба было выбраць актыў. 18-гадовы Давыд нават здзівіўся, калі яго кандыдатуру прапанавалі на пасаду сакратара. Але большасць прагаласавала за яго.

Тагачасная студэнтка БДУ, будучы аўтар школьнага падручніка па гісторыі Марыя Баранава ўспамінае Мельцара такімі словамі: “Схуднелы твар, кучаравы, растрапаны… Ён стаіць на сцэне, голас крыху дрыжыць ад хвалявання, таму што гаворыць сакратар аб самым блізкім: аб універсітэце, партыі, аб жаданай перамозе над фашыстамі, аб вяртанні на родную Беларусь”.

У тыя часы камсамольскі актыў быў рухавіком усіх пачынаў. У снежні 1943 года студэнты БДУ прынялі ўдзел ва ўсесаюзным камсамольскім “воскреснике”, у лютым 1944 года — у месячніку па аказанні дапамогі сем’ям франтавікоў. Яны актыўна падтрымлівалі ўсенародны рух па зборы сродкаў у фонд абароны краіны і ўнеслі некалькі тысяч рублёў на будаўніцтва танкавай калоны “Камсамолец Беларусі”.

Уявіць, якім цяжкім у ваенныя гады быў побыт студэнтаў, сёння ўжо бадай немагчыма. І камсамольцы прымалі ў яго арганізацыі самы чынны ўдзел. Самі дбалі, каб інтэрнат быў забяспечаны палівам, самі рабілі рамонт, самі захоўвалі парадак і змагаліся з парушэннямі дысцыпліны. Здарыўся неяк і такі выпадак. Адзін са студэнтаў згубіў сваю картку на хлеб. У тыя часы гэта магло скончыцца для яго нават трагічна. Але сітуацыю вырашыў камсамольскі лідар, прапанаваўшы іншым студэнтам адшчыкнуць трохі ад сваёй пайкі, каб не даць сябру памерці з голаду.

Зразумела, што камсамольскі сакратар універсітэта падтрымліваў шчыльныя адносіны з партыйным — а ім на той час з’яўляўся Іван Мележ. Пра тое, як адбывалася гэта на практыцы, сведчыць наступны эпізод. Аднойчы будучы класік зазірнуў у інтэрнат да студэнтаў: маўляў, выручайце хлопцы — на станцыю прыйшоў цягнік з бульбай, а разгрузіць яго няма каму. Тыя паставіліся да такой просьбы без энтузіязму: набліжалася сесія, і ўсе ўтрапёна рыхтаваліся да іспытаў. Але на заклік партыі “надо” камсамолец Давыд адказаў “есть!” — і неўзабаве натхнёныя яго прыкладам хлопцы выбеглі на мароз, апранутыя хто ў шынель, хто ў фуфайку. За цяжкую працу атрымалі па колькі бульбін.

Аднаўленне з руін

Вестка аб вызваленні Мінска імкліва разляцелася сярод студэнтаў. Натуральна, адразу пранеслася пагалоска пра хуткае вяртанне ўніверсітэта ў сталіцу БССР. Аднак пераход да мінскага этапа не мог быць аўтаматычным. Давыд Мельцар успамінаў жудасныя рэаліі 1944 года: “Універсітэцкі горад разбураны. Асноўныя вучэбныя карпусы — біялагічнага і хімічнага факультэтаў — аказаліся спаленымі. Застаўся толькі будынак фізіка-матэматычнага. Знішчана абсталяванне лабараторый і кабінетаў, загінулі музеі, кніжны фонд бібліятэкі”.

3 жніўня 1944 года ў Мінск прыбыў камсамольскі атрад у складзе 27 сходненцаў на чале з Давыдам Мельцарам. Яму даручалі цяжкую задачу: у разбураны ўніверсітэт зноў вярнуць жыццё, падрыхтаваць базу для пераезду выкладчыкаў і студэнтаў. На працягу двух месяцаў камсамольцы расчышчалі тэрыторыю ўніверсітэцкага гарадка ад завалаў, прыводзілі ў парадак ацалелыя будынкі, рабілі лаўкі для аўдыторый і паліцы-стэлажы для бібліятэкі.

22 кастрычніка эшалон з выкладчыкамі, студэнтамі, вучэбным і навуковым абсталяваннем прыбыў са Сходні ў Мінск. А ўжо ў пачатку лістапада аднавіліся заняткі на ўсіх шасці факультэтах. Памяшканняў не хапала. Заняткі на філфаку і гістфаку праходзілі ў вячэрні час у школьных аўдыторыях. А ў вольны ад лекцый час усе студэнты з рыдлёўкамі і кіркамі ў руках прымалі самы чынны ўдзел у аднаўленні зруйнаванага горада.

У снежні 1944 года Давыд Барысавіч стаў кандыдатам у члены кампартыі. Важна адзначыць, што ў савецкі час студэнтаў туды прымалі даволі рэдка. Існавала ўстаноўка: на пяць рабочых прымаць адну “асобу разумовай працы”. Таму гэты факт у біяграфіі Мельцара трэба разглядаць найперш як прызнанне яго заслуг перад Радзімай. Ды і ён сам разглядаў яго як давер ды імкнуўся яго апраўдваць самаадданай працай, умелай арганізацыяй мерапрыемстваў, якія па сапраўднаму захаплялі б камсамольцаў.

Ва ўніверсітэце актывізавалася даследчыцкая работа, узнавілася дзейнасць гурткоў, рэгулярна сталі выходзіць універсітэцкая і факультэцкая сценгазеты, адкрыўся клуб выхаднога дня, пры якім працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці. Вялікую цікавасць у студэнтаў выклікаў лекторый, дзе чыталіся лекцыі па важнейшых праблемах сучаснай навукі. Пастаянна ладзіліся сустрэчы з рознымі цікавымі асобамі — мастакамі, пісьменнікамі і паэтамі.

Вось як згадваў тыя паваенныя гады тагачасны член камітэта камсамола БДУ, былы партызан, а ў будучым — выбітны культуролаг і філосаф Мікалай Крукоўскі: “Былі мы па-франтавому патрабавальнымі да сябе. Крыкуноў, адміністратараў не паважалі. У тое, што рабілі, свята верылі”.

І настаўнік, і выхавальнік

Ужо на другім курсе Мельцар пачаў набываць і навыкі арганізатара навукова-даследчай працы: падрыхтаваў выпуск рукапіснага зборніка студэнцкіх навуковых прац, які быў прысвечаны гісторыі гарадоў Беларусі. Зрэшты, Давыд Барысавіч быў не толькі арганізатарам: яго імпэтная грамадская дзейнасць ніяк не перашкаджала вучобе. Дыпломны праект “Дыпламатычная барацьба на Далёкім Усходзе ў часы руска-японскай вайны” (навуковы кіраўнік — Л.М. Шнеерсон) высока ацаніла Дзяржаўная камісія. Даследчык-пачатковец атрымаў рэкамендацыю ў аспірантуру.

У аспіранцкія гады Мельцар пачаў і выкладчыцкую кар’еру. Пасля
абароны дысертацыі ў 1954 годзе стаў чытаць курс гісторыі паўднёвых і заходніх славян. А з 1 верасня 1959 года і да адыходу на пенсію ў ліпені 1992 года працаваў таксама і на кафедры гісторыі Беларусі.

Чым ён уражваў сваіх студэнтаў, у ліку якіх быў і аўтар гэтых радкоў? І зместам лекцый, у падрыхтоўцы якіх улічваліся прынцыпова новыя канцэптуальныя падыходы ў навуцы, і сістэмнасцю падачы матэрыялу, і педагагічнай тактоўнасцю, і памкненнем падтрымаць ініцыятыву, зацікавіць студэнта.

А яшчэ — сваёй усебаковай эрудыцыяй ды інтэлігентнасцю. Перад тым, як паказаць уздзеянне эканамічнага крызісу на простых грамадзян ЗША, прафесар пытаў у будучых спецыялістаў-гісторыкаў: “Ці чыталі вы, маладыя людзі, “Гронкі гневу” і “Амерыканскую трагедыю”?” А калі гутарка заходзіла пра становішча ў Польшчы падчас Другой сусветнай вайны, лектар рэкамендаваў студэнтам паглядзець фільм “Попел і алмаз”. Такім чынам у працэсе выкладання былі рэалізаваны мажлівасці ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязяў.

Без сумневу, Давыд Барысавіч адначасова і вучыў, і выхоўваў. Не толькі зместавым бокам заняткаў, але і асабістым прыкладам.

“Людзі з часам змяняюцца. Становяцца іншымі думкі, рысы характару. Давыд, па-мойму, застаўся такім, якім і быў. Добрасумленным, спачувальным, сціплым”, — згадваў праз многія гады пра свайго студэнцкага таварыша Мікалай Крукоўскі.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар.