Не толькі пра Малера і Стравінскага

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Сакрэты поспеху класічнага фэсту
Праграмы VIII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, што праходзіў у Мінску з 7 па 20 кастрычніка, як заўжды, вылучаліся асветніцкім вектарам ды імкненнем далучыць да музычнай класікі людзей розных узростаў і мастацкіх густаў.

/i/content/pi/cult/715/15632/10.JPGСярод лепшых фестывальных уражанняў быў прыезд сусветна вядомага латвійскага кампазітара Петэрыса Васкса. Адбыліся творчая сустрэча з ім у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і вечар прэм’ер яго буйных сімфанічных твораў. Выступалі не толькі зорныя салісты, сярод якіх піяніст Мікалай Луганскі і віяланчэліст Аляксандр Князеў, але і міжнародны калектыў East-West Chamber Orchestra, у складзе якога пераважаюць маладыя беларусы. Нарэшце, сусветная прэм’ера замоўленага фестывалем беларускага твора — Канцэрта для альта і фартэпіяна са струннымі “Ландшафты знікомай памяці (майстра Арнольта Шліка)” Валерыя Воранава. Гэтая музыка ўразіла не адно “камп’ютарнай пралічанасцю” сваёй структуры (інтэрв’ю з кампазітарам у № 40 “К”), але і стрымана ціхай “новай прыгажосцю”, уласцівай сучаснаму мастацтву.

Думаецца, няма сэнсу падрабязна апісваць кожны з канцэртаў. Цягам усяго фестывалю тэлебачанне вяло запісы, і праз некаторы час яны з’явяцца ў эфіры. Таму кожны, хто не патрапіў у залу, зможа паглядзець, паслухаць і, галоўнае, самастойна ацаніць выступленні. Мы ж звернем увагу на асобныя тэндэнцыі развіцця форуму і дэталі маркетынгу, якія маглі б быць карыснымі нашым акадэмічным музыкантам у іх штодзённай практыцы. А тая, дададзім, не вычэрпваецца адно фестывальным рухам.

Дарэчы, адзін з такіх акцэнтаў ужо адзначаны: гэта вялікая ўвага тэлебачання да фестывальных падзей. Не толькі на ўзроўні навін ці інтэрв’ю з арганізатарамі і ўдзельнікамі. Узгадаю, што некалькі дзесяцігоддзяў таму на тэлеэкраны ў рэжыме прамых тэлеэфіраў выходзілі ледзь не ўсе значныя філарманічныя канцэрты — і найперш такіх фестываляў, як “Беларуская музычная восень” і “Мінская вясна”. Не абміналася ніводная буйная прэм’ера беларускіх кампазітараў. І гэта былі не проста трансляцыі з назвай твора, пазначанай субтытрамі, а яшчэ і рэпартажы з залы філармоніі — са змястоўнымі ўводзінамі музыказнаўцы, інтэрв’ю з кампазітарам ды выканаўцамі. Дык чаму б не вярнуцца да той традыцыі? Тым больш, што фестываль Башмета ўпэўнена пачаў яе аднаўленне на новым узроўні. А наперадзе ў філармоніі — цэлы шэраг шматабяцальных прэм’ер. Да прыкладу, прэзентацыя ў сярэдзіне лістапада праекта “Скарына. Вяртанне” кампазітара Ларысы Сімаковіч.

Тое ж самае — са шматлікімі філарманічнымі імпрэзамі для дзяцей. Другі год запар на фестывалі ладзіцца так званы бэбі-канцэрт, прызначаны для самых маленькіх — ад “у маміным жывоціку” да трох гадоў. У свой час цікавы праект для цяжарных рабіла Віцебская абласная філармонія, падвёўшы пад гэта сур’ёзны навуковы падмурак — медыцынскі і музычны. Але тады не было добрай рэкламы.

Гэта вельмі значная дэталь — уменне “прапіярыць” канцэрты, каб вымусіць прыйсці на іх не толькі заўзятых прыхільнікаў акадэмічнай музыкі. Адна з фестывальных праграм называлася “Музыка і мастацкая гімнастыка”. Заяўленая ў афішах майстар спорту міжнароднага класа, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Кацярына Галкіна з’явілася толькі падчас выканання дзвюх апошніх невялікіх п’ес, якім папярэднічалі Віяланчэльны канцэрт Гайдна і дзве сімфоніі Майсея Вайнберга — з аповедам пра кампазітара, які меў непасрэднае дачыненне да Беларусі. Але ж колькі сабралася ў зале аматараў спорту! У фае разгарнулася фотавыстава на спартыўныя тэмы. У канцы вечарыны адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне мастацкага кіраўніка фэсту, піяніста і дырыжора Расціслава Крымера ганаровым званнем Зорнага пасла ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у нас у чэрвені.

Між тым, больш за год таму беларускі кампазітар Уладзімір Кур’ян стварыў адметную, поўную гумару і цікавых тэмбравых знаходак “Алімпійскую сюіту” для камернага аркестра ў пяці частках: “Фехтаванне”, “Сінхроннае плаванне”, “Скокі на батуце”, “Канкур”, “Бег з перашкодамі”. Яна, як гэта ў нас часта бывае, яшчэ нідзе цалкам не выконвалася. Чаму б не зрабіць з гэтага нейкую сумесную акцыю? Зусім не абавязкова ўсталёўваць у філармоніі батут ці басейн альбо выцягваць на сцэну коней, як гэта было модна ў імператарскія ды сталінскія часы. Можна проста скарыстаць відэа!

І тут можна плаўна перайсці да наступнага пункта — крэатыўныя акцыі. Памятаеце, колькі ажыятажу нарабіла на фестывалі Башмета “Ноч у метро”? На станцыі “Пятроўшчына” з’явіліся і сцэна, і партэр, і нават “сцэнаграфія” ў выглядзе двух саставаў паабапал перону. Пры ўваходзе а 2-ой гадзіне ночы дзейнічалі не праязныя ці жэтоны, а імгненна раскупленыя квіткі на канцэрт. Было многа зусім не “філарманічнай” моладзі. Дый начное рандэву ўтрымлівала не толькі падгучаную мікрафонамі класіку, але таксама фолк і эстраду. Падобны праект — працяг даўно прапісанай у Еўропе традыцыі постіндустрыяльнага грамадства: ператвараць непрыстасаваныя памяшканні ў аб’екты сучаснай культуры. Памятаю, як у той жа Польшчы на “Варшаўскай музычнай восені” я глядзела прэм’еру оперы ў закінутым басейне, слухала канцэрты ў былым завадскім цэху. У нас гэтая тэндэнцыя ахапіла спачатку падвалы ды склепы, дзе мясціліся колішнія тэатральныя студыі і адкрываліся кавярні — у тым ліку, з жывой музыкай. Нарэшце, з’явіліся крэатыўныя культурныя прасторы “Цэх”, “Корпус”, Ок16. Акадэмічная ж музыка тут пакуль адстае — яшчэ і таму, што патрабуе добрай акустыкі. Але пры жаданні ўсё магчыма! Бо новая зала без аксаміту і мармуру — гэта яшчэ і новая публіка.

А ці можна ўявіць, каб музыка Стравінскага, складаная для непадрыхтаванага вуха нават праз стагоддзе пасля свайго напісання, сабрала Палац Рэспублікі, хай і не зусім з аншлагам? Бо ішлі не столькі на Стравінскага, колькі на Познера і Макарэвіча, якія глядзелі на нас з вялізных банераў. Удзельнічала і Паліна Асяцінская — яе наша публіка памятае дзяўчынкай-вундэркіндам у ружовай зефірнай сукенцы (у канцы 1980-х яна выконвала з аркестрам і прысвечаны ёй “Канцэрт для Паліны” беларускага кампазітара Пятра Альхімовіча). Для параўнання — адзін з нядаўніх нефестывальных філарманічных канцэртаў на камернай пляцоўцы. Імя вядучага Яўгена Крыжаноўскага, які ўсю вечарыну не сыходзіў са сцэны, было надрукавана маленечкімі літаркамі ў куточку. А з іх павелічэннем можна было б павялічыць залу!

Музыку ж Стравінскага ў той фестывальны вечар аздабляла не толькі сцэнічная дзея, але і смешныя графічныя выявы Андрэя Макарэвіча. Ён меў ужо некалькі аўтарскіх выстаў. А наш кампазітар Вячаслаў Кузняцоў — той самы, чые балеты “Вітаўт” і “Анастасія” ўпрыгожваюць афішы Вялікага тэатра, таксама выдатны мастак і графік! Вось толькі яго “маляванкі”, невялічкая частка якіх выстаўлялася ў кулуарах Акадэміі музыкі, амаль ніхто не ведае. А чаму б не зрабіць нейкі музычны праект на іх аснове? Наўрад ці гэтым павінен займацца сам творца: хай ён піша далей.

Дарэчы, тая самая “Гісторыя салдата” Стравінскага некалькі гадоў таму выконвалася ў філармоніі — ансамблем “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым, запрошанымі драматычнымі артыстамі і танцорамі. Паверце, іх версія, хай і без відэапраекцый, была на некалькі парадкаў цікавейшай за цяперашнюю расійскую. Але — без адпаведнага піяру. І прайшла ў “аднаразовым” рэжыме замест багатага гастрольна-фестывальнага жыцця.

Таму няма чаго здзіўляцца, калі Юрый Башмет, прэзентуючы на ўрачыстым адкрыцці фестывалю творы Бетховена і Шуберта ў аркестроўцы Малера, сказаў, што яны ў нас “не гучаць”. Гучаць, шаноўны Юрый Абрамавіч! Проста не даходзяць да замежжа — відаць, праз нашу заўсёдную сціпласць. І хто ў тым вінаваты, калі не мы самі?

Пасля аднаго з не самых удалых выступленняў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пачула: “Гэта ж вам не Берлінская філармонія!” А хіба Мінск апрыёры павінен быць дзесьці ззаду? Пры тым, што нашы акадэмічныя музыканты выступаюць і працуюць у лепшых творчых калектывах свету. Проста нацыянальны гонар павінен быць не толькі на банерах, але і ў сэрцах.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"