Ад “Яцвягаў” да “Шчаўкунка”

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Днямі народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Валянцін ДУДКЕВІЧ справіў 75-годдзе. Юбілейную вечарыну “Што я люблю, у што я веру…” убачылі не толькі гледачы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, на сцэне якога прайшоў канцэрт, але і шматтысячная тэлеаўдыторыя.

/i/content/pi/cult/715/15630/7.jpg— Пэўна, праграма невыпадкова пачыналася вялікім гістарычным блокам? “Крывічы”, “Люцічы”, “Яцвягі” — і далей да ХІХ стагоддзя, пададзенага праз “Паланэз” паводле аднайменнага музычнага твора Міхала Клеафаса Агінскага.

— Першыя тры нумары (а ў свой час была зроблена таксама “Дайнова”) — гэта штосьці накшталт гістарычнай рэканструкцыі, выяўленне ў харэаграфіі маіх пошукаў нашых нацыянальных беларускіх каранёў. Гэта тое, “што я люблю”. Апошнім часам пра генезіс нацыі шмат гаворыцца, але глыбей за Вялікае княства Літоўскае мы ў мастацтве чамусьці не рушылі. Часцей спыняемся нават на перыядзе Рэчы Паспалітай.

Слухаю Валянціна Уладзіміравіча, а перад вачыма паўстаюць самі кампазіцыі. “Крывічы”, зробленыя крыху раней за іншыя, і таму, на мой погляд, больш традыцыйныя, сімвалізуюць карагод і скокі ля вогнішча. А вось “Люцічы” — гэта засваенне новай мастацкай прасторы. Не проста канцэртны нумар, а міні-спектакль на мяжы танца з пластычным тэатрам, абрадавымі дзеяннямі, шаманствам, пантамімай, гімнастыкай, цыркавым мастацтвам, з відавочнай адсылкай да “Вітрувіянскага чалавека” Леанарда да Вінчы. Прынцыпова змянілася там і гукавая аснова: не звыклая танцавальная музыка, стылізаваная пад даўніну ці нават заснаваная на цытатах, а сумесь сціслых тэм-заклічак з тэатральнымі шумамі, электронікай. Гэткі
саўндтрэк, годны фэнтэзі!

Ну а прэм’ера “Яцвягі” — бы новы, цалкам пераасэнсаваны, лірычна рамантызаваны міні-балет “Вясна свяшчэнная”. Так беларусаў у народным танцы яшчэ не паказвалі. У мяне ўзнікалі хіба нейкія асацыяцыі са спробай знакамітай даследчыцы Юліі Чурко адлюстраваць беларускія легенды і паданні ў балеце “Колазварот”, які ішоў у нашым Вялікім тэатры ў канцы 1990-х.

— Рыхтуючы танцавальныя нумары, звязаныя з даўніной, звяртаюся да навуковай літаратуры, прысвечанай гэтай эпосе. Цікавыя разважанні знайшоў у знанага расійскага гісторыка ХІХ стагоддзя Васіля Ключэўскага. Паводле гэтых даследаванняў, генетыка велікаросаў у большасці фінская. А ў нас — балцкая лінія, хаця і славянізаваная. Гэта пацвердзіла мае ўласныя назіранні, што ўзнікалі падчас знаёмства з танцавальнай культурай іншых краін. Зірніце танальнасць прыроды, геаграфічнага асяроддзя. Пераязджаеш мяжу з Польшчай ці Літвой — усё тое ж самае: тыя ж лясы, палі, рэкі, азёры. Тыя ж, што вельмі важна, прыродныя фарбы, якія фарміруюць колераўспрыняцце, уздзейнічаюць на нацыянальныя строі. Прырода ўплывае і на менталітэт, нацыянальны характар — павольны, памяркоўны. Параўнайце з той жа Украінай, якой уласціва куды большая яркасць, пярэстасць колераў. Тыя ж чырвоныя шаравары і гапак — гэта ж сармацкая культура! А ў нас усё быццам намалявана пастэллю.

— Такія ж думкі вы выказвалі на ўласным сайце, дзе ёсць ваш блог з надзвычай цікавымі эсэ, прычым на розныя тэмы, не толькі ўласна танцавальныя. Можа, гэта накіды да будучай кнігі?

— Напісаць кнігу не праблема: рука ў мяне лёгкая. Ды хто тое будзе чытаць? Я вось у дзяцінстве шмат чытаў: і па праграме, і па-за ёю. Цяпер разумею: многае з таго было марнаваннем часу. А некаторыя “пісьменнікі” маглі б увогуле нічога не ствараць, каб не засмечваць культурна-інфармацыйную прастору.

Блог — гэта магчымасць выказаць свой пункт гледжання на тыя надзённыя праблемы, што мяне хвалююць. Гэта і заробкі артыстаў, і архітэктура Мінска, якую псуюць некаторыя новыя аб’екты. Не задавальняе мяне і выгляд многіх новых храмаў. Ці заўсёды яны выкананы ў нашых нацыянальных традыцыях, якія былі запачаткаваныя яшчэ да часоў татара-мангольскага нашэсця. У той жа Польшчы сярод новых праваслаўных цэркваў ёсць вельмі адметныя! А наш навадзел, на жаль, часцей за ўсё не ўяўляе асаблівай мастацкай каштоўнасці.

Я ж гісторык мастацтва па адукацыі! Таму і дзялюся сваімі думкамі на гэты конт. І вельмі здзіўлены, што іншых гэта быццам не хвалюе. Нават самі архітэктары, якіх, паводле самой прафесіі, павінны закранаць пытанні нашай гармоніі з навакольным асяроддзем, штосьці не выказваюцца.

Такім чынам, блог я пішу не для кнігі — для сябе самога. Рады, што гэта магу і ўмею. Як і з вершамі: напісаў каля двух дзясяткаў, зразумеў, што магу. І што не буду прысвячаць гэтаму ўсё сваё жыццё, як тое неабходна для паэта. Але пісьменнікам крыху зайздрошчу. Бо гэта, здаецца, адзіная творчая прафесія, дзе чалавек ні ад каго не залежыць, каб рэалізаваць сваю задуму. Харэограф або рэжысёр залежыць ад артыстаў. Тыя, у сваю чаргу, — ад пастаноўшчыкаў. А перад літаратарам — чысты аркуш паперы. Вядома, пісьменнік залежыць ад выдаўцоў, але гэта тычыцца распаўсюджвання яго ідэй, а не ўласна іх выяўлення. Калісьці нават марыў стаць літаратарам, ды не склалася. Хіба толькі часткова... Не адно праз блог, але і праз сцэнарыі сваіх канцэртаў і іншых праектаў.

Сапраўды, Валянцін Уладзіміравіч — чалавек надзвычай рознабаковы. Скончыў харэаграфічнае вучылішча — і раптам пачаў вывучаць гісторыю і тэорыю жывапісу ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Потым была аспірантура ў Інстытуце этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Харэаграфічную ж лінію працягнулі прэстыжныя майстар-класы ў Парыжы і Маскве. Дый працаваў ён у самых розных сферах! Артыстам балета ў нашым Вялікім тэатры — і ў эстрадным аддзеле сталічнай філармоніі, дзе пазней стаў педагогам-рэпетытарам. Затым рэжысёрам-пастаноўшчыкам і галоўным рэжысёрам у філармоніі. Нарэшце, з 1986-га ён у Ансамблі танца: спачатку галоўным балетмайстрам, а праз некаторы час стаў мастацкім кіраўніком.

— На Захадзе падобныя сумяшчэнні і змены прафесій лічацца ў парадку рэчаў, а ў нас больш вітаецца “адзіны запіс” у працоўнай кніжцы. Пераходы ў іншыя галіны культуры вам не перашкаджалі?

— Дапамагалі. Хаця часцей я сыходзіў на куды меншы заробак. У наш меркантыльны час зразумець гэта цяжка, але грошы ніколі не былі для мяне галоўнымі. Больш важнай матывацыяй з’яўлялася іншае: наколькі цікава мне тое, што я буду рабіць. Я ўвогуле люблю, калі мяне да чагосьці прымушаюць абставіны: тады канцэнтруешся ў сваіх думках і дзеяннях.

— Ці засталося яшчэ штосьці “недаследаванае”, куды хацелася б збочыць?

— Так. Рабіць асобныя канцэртныя нумары і нават цэлыя тэматычныя праграмы ў Ансамблі танца мне ўжо не тое каб надта цікава. Я адкрыў кірункі, у якіх мы павінны рухацца, у мяне ёсць паслядоўнікі, якія будуць гэта ажыццяўляць. Гэта балетмайстры Віталь Моўчан (ён выдатна працуе ў сучаснай стылістыцы, я толькі крыху набліжаю яго да фальклору), Алена Грынчык, якую многія ведаюць як Ясмін.

А мяне цікавіць балет! Аднойчы на гастролях у Адэсе мне неяк прапанавалі паставіць навагодняга “Шчаўкунка”. Я тады адмахнуўся, а цяпер задумаўся. Пераслухаў музыку — і арыгінал Чайкоўскага, і разнастайныя апрацоўкі яго партытуры для самых розных складаў, у розных стылях. Перачытаў Гофмана (а гэты сюжэт не толькі адна з яго “Дзіцячых казак”, як называўся зборнік, але і частка вялізнага двухтомнага рамана “Серапіёнавы браты”). І ўсё склалася!

У маім балеце з’явіцца апавядальнік. Прыход гасцей будзе вырашаны больш побытава, як у пластычных спектаклях. Дзецям падарылі шмат прысмакаў — і мышы не супраць паласавацца. Алавяныя салдацікі ўстаюць на абарону, перамагаюць — і героі трапляюць у горад слодычаў. А завяршаецца ўсё Вальсам кветак.

Вядома, гэты балет неаднаразова пераасэнсоўвалі як складаны філасофскі аповед. Мне ж хочацца зрабіць сапраўдную навагоднюю казку — менавіта для дзяцей. І з удзелам дзяцей з маёй студыі: яны будуць сярод гасцей, запрошаных на навагоднюю ёлку. Мы не станем выкарыстоўваць сімфанічную партытуру! У мяне з’явіўся вельмі добры аранжыроўшчык Арцём Фралоў з Універсітэта культуры і мастацтваў. І я прапанаваў яму зрабіць сваю версію — з выкарыстаннем у тым жа дывертысменце з другой дзеі, дзе ёсць іспанскі, арабскі, кітайскі, рускі танцы, адпаведных народных інструментаў гэтых краін. У часы Чайкоўскага ўсе схіляліся да звыклых аркестравых складаў, “экстравагантныя” інструменты імітаваліся больш традыцыйнымі. Сёння ёсць магчымасць адчуць сапраўдны гукавы каларыт іншых культур! Арцём зрабіў мне ўжо два танцы — арабскі і кітайскі. У Чайкоўскага гэта былі маленькія фрагменты, а мы з таго музычнага матэрыялу нафантазіравалі разгорнутыя нумары. Рускі таксама будзе — для балалайкі з гармонікам. І ў харэаграфіі — ніякіх пуантаў ці мадэрну. Мы зробім своеасаблівую сюіту “танцаў народаў свету”.

— Калі ж прэм’ера?

-- Думаю, праз год. Сам я ставіць буду асобныя нумары, застануся аўтарам ідэі, мастацкім натхняльнікам і рэжысёрам праекта. Два-тры харэографы будуць працаваць пад маім кіраўніцтвам. Ужо папярэдзіў Міністэрства культуры: маўляў, рыхтуйце грошы на касцюмы! Ну а бліжэйшыя планы — некалькі нумароў на адкрыццё Еўрапейскіх гульняў, на “Славянскі базар у Віцебску”. Але ўжо цяпер думкамі — у “Шчаўкунку”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"