Сюррэалізм на пальцах

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Першы ў краіне відэагід з сурдаперакладам прэзентуюць 30 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. “К” распавядае, хто, як і калі можа ім скарыстацца.

/i/content/pi/cult/715/15629/6.jpgЗ наступнага тыдня любы чалавек, які мае праблемы са слыхам, можа прыйсці ў музей, узяць бясплатны білет і атрымаць на касе планшэт, куды запісаны 15 відэафайлаў. Іх нумары адпавядаюць лічбам пад некаторымі карцінамі і скульптурамі, пазначанымі спецыяльным сімвалам. У якім заўгодна парадку можна спыняцца каля гэтых экспанатаў, каб даведацца пра іх больш — адкрыць пэўны ролік на планшэце і ўбачыць на экране экскурсавода, які на мове жэстаў расказвае пра нейкі твор мастацтва. Бягучым радком таксама ідуць субцітры з тэкставай расшыфроўкай сурдаперакладу. Кожнае відэа доўжыцца каля чатырох хвілін.

Пакуль гэтая адмысловая экскурсія падрыхтавана для 15 экспанатаў. Сярод іх — “Партызанская мадонна” Міхаіла Савіцкага, “Сёння свята” Георгія Скрыпнічэнкі, партрэт Міхала Казіміра Агінскага аўтарства Ганны Разіны Лішэўскай, “Мой горад старажытны, малады” Мая Данцыга, “Давер Аляксандра Македонскага да ўрача Філіпа” Генрыха Семірадскага, палотны Івана Шышкіна, Васіля Пукірава, Валянціна Волкава, а таксама японскае кімано і Царская брама XVII.

Праца над відэагідам вялася з красавіка 2017 года Нацыянальным мастацкім музеям сумесна з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Сурдаперакладчыкі і мастацтвазнаўцы шчыравалі над апісаннем твораў, у адборы якіх і здымках ролікаў з іх апісаннем прымалі ўдзел розныя людзі. У тым ліку — маладыя мастакі Андрэй Ігнаценка, Марыянна Чэкелёва, Аляксандр Пакаціла, колішнія выпускнікі мінскай школы для дзяцей з парушэннямі слыху № 14.

Спачатку ўдзельнікі прайшліся па музейных залах і выбралі каля паўсотні твораў, але з першага разу такую колькасць экспанатаў апісаць падавалася немагчымым. Не было ні людзей, якія маглі б падзяліцца вопытам падобнай працы ці штосьці параіць, ні слоўніка мастацкіх тэрмінаў на мове жэстаў — яго, фактычна, складалі непасрэдна падчас працы над відэагідам. Тое, што ён зроблены сваімі рукамі — у дадзеным выпадку не метафара. Ролікі запісвалі так, каб перадусім бачны былі менавіта рукі і дакладнасць жэстаў, з дапамогай якіх усё ж такі можна патлумачыць — літаральна на пальцах — што такое, скажам, сюррэалізм.

— Для глухіх важна і відовішчнасць карціны, і гісторыя яе паходжання, і ўяўленне працэсу стварэння, і разуменне сэнсу, закладзенага мастаком, — патлумачыла выкладчык кафедры сурдапедагогікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі Ірына Русаковіч. — Хто, што і чаму — такі мусіць быць лагічны ланцужок у апісанні працы. Каб выбудаваць яго, спачатку тэксты чыталі мы разам з выкладчыкамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі, якія спецыялізуюцца па методыцы навучання чытанню глухіх. Бо любы літаратурны тэкст адаптуецца да сурдаперакладу. Спачатку выбіраецца найбольш істотная інфармацыя, прыбіраюцца ўсе мудрагелістыя фразы, якія маюць падвойны сэнс. Жэставы пераклад падмацоўваецца субцітрамі, каб тэкставую інфармацыю можна было параўнаць з візуальным шэрагам. Але не ўсім глухім лёгка іх чытаць — мовы гукаў і жэстаў абсалютна розныя па структуры.

Дзякуючы супрацоўніцтву з музеем, у маладых жывапісцаў з праблемамі слыху з’явілася магчымасць не толькі далучыцца да дыялогу пра мастацтва на сваёй мове, але яшчэ і арганізаваць выставу ўласных твораў. Яна таксама адкрыецца 30 кастрычніка.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"