Тэатр на мове жэстаў

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

У Акадэміі мастацтваў з’явіліся асаблівыя студэнты
Тэрмін “інклюзія” шчыльна ўвайшоў у наш лексікон, таму ідэі пра роўнае стаўленне да ўсіх грамадзян, у тым ліку да людзей, якія маюць фізічныя або псіхічныя асаблівасці, не падаюцца нечым новым. Вось толькі стварэнне сапраўды безбар’ернага асяроддзя не зводзіцца адно да паўсюднага ўзвядзення пандусаў. Паспрабуйце перанесці звычайнае для моладзі памкненне вучыцца ва ўніверсітэце на юнакоў і дзяўчат з інваліднасцю. Ці ёсць у іх такая магчымасць? У некаторых яна ўжо з’явілася. Сёлета Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў набрала першы ў сваёй гісторыі курс акцёраў з паслабленым слыхам. Ажыятаж на ўступных экзаменах быў ашаламляльным: на сем месцаў падалі больш за сотню заяў!

/i/content/pi/cult/715/15628/4.JPGПарогі рэальныя і сацыяльныя

У 1990-х такія памкненні маглі выклікаць хіба ўсмешку. Якое навучанне ў ВНУ, калі нават школьная адукацыя была жорстка падзеленая? Дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў большасці выпадкаў накіроўвалі ў спецыяльныя навучальныя ўстановы інтэрнатнага тыпу. За два дзесяцігоддзі сітуацыя ў Беларусі зрушылася з мёртвай кропкі, з’явілася нарматыўна-прававая база, якая замацавала права на роўны доступ да адукацыйнага працэсу для ўсіх грамадзян — незалежна ад наяўнасці складанага дыягназу.

Аднак яшчэ тры гады таму спецыялісты працягвалі падымаць трывогу: паводле статыстычных звестак, больш за палову дзяцей-інвалідаў вучыліся ў тых самых спецыялізаваных установах. Каб зразумець узровень праблемы, трэба ўсяго толькі паглядзець на практыку заходнееўрапейскіх краін. Тамтэйшыя малыя з аналагічнымі дыягназамі не пакідаюць бацькоўскага дома і навучаюцца ў звычайных школах. У інтэрнаты пераязджаюць толькі ў выпадку надзвычай цяжкіх парушэнняў, якія з’яўляюцца ў трох — чатырох працэнтаў такіх дзяцей. UNESCO і многія іншыя міжнародныя арганізацыі прасоўваюць інклюзіўны падыход як прыярытэтны для развіцця нацыянальных сістэм адукацыі. Яны імкнуцца запэўніць: ад гэтага выйграюць не толькі выключаныя раней з соцыуму людзі, але і тыя, хто і не падазраваў пра існаванне побач зусім іншага свету.

Сёння ў многіх школах краіны можна сустрэць інтэграваныя класы, калі поруч вучацца звычайныя дзеці і іх аднагодкі з асаблівасцямі развіцця. Сістэма адукацыі імкнецца забяспечыць безбар’ернае асяроддзе ва ўсіх без выключэння ўстановах адукацыі. Праўда, у жыцці пакуль яшчэ не ўсё так прыгожа. Возьмем банальныя парогі, якіх нямала ў школах і на падыходах да іх: праз непрыкметную звычайным навучэнцам перашкоду не перабярэцца школьнік з ДЦП ці калясачнік.

І ўсё ж відавочныя змяненні ў стаўленні да людзей з інваліднасцю дазволілі выйсці на новы ўзровень разумення праблемы. Стала відавочна: магчымасць такіх людзей мець якасную адукацыю і сацыяльную інтэграцыю спрыяе развіццю грамадства. У 2015 годзе Беларусь падпісала Канвенцыю па правах інвалідаў. У тым жа годзе з’явілася Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Гэтыя юрыдычныя дасягненні дапамаглі паўплываць на ўсю сістэму: пашырыліся не толькі магчымасці для школьнікаў, але і адчыніліся дзверы ў мару для тых, хто не мог раней нават уявіць сябе студэнтам.

ВНУ перасталі глядзець на абітурыентаў-інвалідаў з недаверам. Нават пачалі карэкціраваць свае вучэбныя планы з улікам магчымасцей новых студэнтаў. Прыемна зазначыць, што ў авангардзе гэтых змяненняў рушыць Акадэмія мастацтваў.

Не чуць, але адчуваць

/i/content/pi/cult/715/15628/5.JPGНа ўступныя іспыты ў БДАМ прыехалі абітурыенты з праблемамі слыху з розных куткоў Беларусі. У выніку на першым курсе побач з чатырма мінчанамі навучаюцца юнакі з Оршы, Віцебска і вёскі на Магілёўшчыне. Майстрам курса стаў дырэктар Рэспубліканскага Палаца культуры імя Мікалая Шарко Беларускага таварыства глухіх, рэжысёр Яўген Валабоеў — менавіта ён прыйшоў тры гады таму ў БДАМ з ідэяй інклюзіўнага навучання.

— Шчыра кажучы, перажываў, што прыйдзецца прыкласці неймаверныя намаганні, каб прабіць сваю ідэю, аднак дэкан тэатральнага факультэта Уладзімір Мішчанчук адразу ёй загарэўся. Ён убачыў тут разумнае зерне для развіцця грамадства ў цэлым і падтрымку для самавызначэння для гэтых людзей, — успамінае спадар Яўген. — Я шчыра ўдзячны Акадэміі мастацтваў, міністэрствам культуры, адукацыі, фінансаў і ўсім тым людзям ды ўстановам, якія мелі дачыненне да адкрыцця курсу глухіх акцёраў.

Падзеі папярэднічала некалькі гадоў распрацоўкі адукацыйнай праграмы. Яўген Аляксеевіч даследаваў вучэбныя планы па акцёрскім майстэрстве, жэставай мове, вакалу аналагічных курсаў у Маскве і Кіеве, перанёс тыя ідэі на нашу глебу, скарэктаваўшы іх адпаведна з тутэйшай рэчаіснасцю, дадаў апрабаванае на асабістай практыцы.

А досвед у яго сапраўды багаты: за плячыма рэжысёра праца з тэатральнымі і эстраднымі калектывамі свайго Палаца культуры, пастаноўка мюзіклаў “Снежная каралева”, “Юнона і Авось”, “Рамэа і Джульета” на жэставай мове. Квіткі на іх куплялі не толькі глухія людзі, але і “звычайныя” гледачы. І выходзілі пасля спектакля моцна ўражаныя.

У айчыннай сістэме адукацыі да гэтага часу не існавала метадалогіі работы з глухімі, таму Акадэміі мастацтваў сапраўды пашчасціла на сустрэчу са спецыялістам, які дакладна ведае пра псіхалогію людзей з зусім іншым жыццёвым досведам.

— Глухая жанчына не можа пачуць першых слоў свайго дзіцяці — адпаведна, нават не здагадваецца пра эмоцыі, звязаныя з гэтай падзеяй. У гэтых людзей выпадае цэлы пласт культурных кодаў, якія астатнія ўспрымаюць як належнае, — дзеліцца сваімі назіраннямі суразмоўца. — Усе, хто мае складаныя інвалідныя групы, — канкрэтыкі, надзвычайныя практыкі. Ім складана ўспрымаць абстрактныя рэчы, варыятыўнасць адной і той жа падзеі. Прыкладам, стоячы ў заапарку перад клеткай з лісой, адзін з маіх вучняў даказваў, што гэта зусім іншы звер — бо па апісанням у літаратуры лісой можа быць толькі жывёліна з вялікім пухнатым хвастом. Таму педагогу трэба вельмі моцна папрацаваць над сабой, каб налаўчыцца даносіць свае ідэі да такой прагматычнай аўдыторыі. А яшчэ мы ў жыцці вельмі часта гуляем з інтанацыяй, у залежнасці ад яе змяняючы значэнне слова. А якую інтанацыю ты перадасі глухому? Ён успрымае напрамкі, не адчуваючы падтэкстаў. Схаванае паміж радкамі неабходна тлумачыць наўпрост.

З-за гэтай прычыны ў адукацыйныя планы спадар Яўген закладвае не столькі вывучэнне сістэмы Станіслаўскага, колькі мадэлі тэатральнага існавання паводле Брэхта, Мейерхольда, Міхаіла Чэхава.

— Сама псіхалогія глухіх людзей больш схільная да дзеяння, чым да слова, — працягвае рэжысёр. — Я магу сказаць, напрыклад, “я на цябе злуюся” — яны ж могуць гэта толькі паказаць! А далей ужо ідзе праца педагога: адвучыць капіраваць, навучыць не столькі дэманстраваць, колькі перабываць у дзеянні.

Лекцыі з сурдаперакладам

Пад новую сістэму трэба не толькі перабудоўваць праграму творчых дысцыплін, але і ў іншым ключы падаваць тэарэтычны блок. Бо тут ізноў неабходна сыходзіць са спецыфікі камунікацыі з нестандартнай аўдыторыяй. Выкладчыкам для новых студэнтаў Акадэмія мастацтваў запрасіла магістра мастацтвазнаўства Дзмітрыя Ермаловіча-Дашчынскага, які ў свой час чатыры гады аддаў працы ў Палацы культуры імя Мікалая Шарко.

Спадар Дзмітрый валодае асноўнымі жэстамі і хоць не зусім задаволены ўзроўнем сваёй жэставай мовы, аднак лічыць за лепшае весці семінары па гісторыі замежнага тэатра самастойна. На лекцыі запрашае сурдаперакладчыка Ларысу Рабашчук.

— Яна мае вялікі вопыт менавіта ў сцэнічнай жэставай мове і лічыцца ў гэтым кірунку найлепшым спецыялістам у нашай краіне, — падкрэслівае выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі мастацтваў. — Гэтая мова, хоць і мае некалькі тысяч жэстаў, бедная ў параўнанні з рускай або беларускай. І ўсё ж спадарыня Ларыса ўмее перадаць на ёй мастацкія тэрміны, растлумачыць вобразныя паняцці. Яна вучыць студэнтаў жэстам, якія могуць стварыць вобраз, зразумелы любому гледачу.

Хачу падкрэсліць, што для асаблівых студэнтаў тэатр не з’яўляецца нейкай невядомай планетай. Яшчэ з 1920-х гадоў існуюць праграмы па рэабілітацыі тэатральнымі сродкамі. Пры Беларускім таварыстве глухіх, якое налета адзначыць 90-годдзе, дзейнічае нямала народных аматарскіх тэатральных калектываў. Не дзіва, што ў будучых акцёраў яшчэ да прыходу ў БДАМ быў немалы досвед сцэнічнай працы. Канешне, у абітурыентаў з рэгіёнаў яго меней — што звязана з узроўнем рэабілітацыі на месцах. Аднак спадар Дзмітрый тут жа прыводзіць у прыклад першакурсніка Леаніда Гарадзецкага, які прыехаў у сталіцу з Віцебска. Ён — вядомы выканаўца жэставых песень. А жэставая песня — гэта заўсёды маленькі спектакль.

— Маім студэнтам бракуе аднаго: нагледжаннасці. На жаль, яны былі практычна выключаны з тэатральнага працэсу, бо, усё ж, існуе каласальны стэрэатып: маўляў, спектаклі — гэта не для глухіх, вам туды не трэба, — засмучаецца Ермаловіч-Дашчынскі. — Каб навярстаць тое, што было прапушчана, ваджу студэнтаў у тэатр. На днях наведалі “Пансіён “Belvedere” у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Для будучых акцёраў гэта было наймацнейшае ўражанне! Яны расшыфравалі ўсё, што заклаў туды рэжысёр! Спектакль аказаўся даступным для людзей, якія не чуюць — і гэта шыкоўная перамога італьянскага пастаноўшчыка і нашага тэатра лялек.

Да кожнага занятку Дзмітрый з масіву матэрыялу выбірае самае галоўнае, складае максімальна зразумелыя тлумачэнні тэрмінаў, шукае паралелі з сучаснасцю — тымі рэчамі, якія дакладна знаёмы гэтай моладзі.

— Гісторыя тэатра — прадмет, які знаходзіцца на памежжы многіх дысцыплін, — дадае ён. — Каб зразумець кантэкст, неабходна закрануць у цэлым культуру той эпохі, якая вывучаецца, успомніць пра гістарычныя працэсы таго часу, прывесці ў прыклад літаратуру. У ідэале гэты базіс мае быць закладзены яшчэ ў школе. Аднак стан сучаснай гуманітарнай адукацыі ў цэлым вельмі неадназначны, дык што тут казаць пра спецыялізаваныя школы, дзе элементарна не хапае выкладчыкаў з веданнем жэставай мовы? Даводзіцца запаўняць прагалы ў агульнаадукацыйных ведах.

Самым галоўным для выкладчыка ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі спадар Дзмітрый лічыць здольнасць улавіць, як твая аўдыторыя ўспрымае інфармацыю.

— Гэтыя студэнты — моцныя візуалы, таму я ствараю медыяпрэзентацыі, праводжу аналогіі з вядомымі карцінамі і кінастужкамі. Напрыклад, калі мы праходзілі эліністычны перыяд у гісторыі Старажытнай Грэцыі, успаміналі фільм “Клеапатра” з Элізабэт Тэйлар. Гэта дапамагае студэнтам выбудоўваць асацыятыўныя шэрагі, — тлумачыць суразмоўца. — Штосьці мы робім пісьмова — і гэта таксама важна, бо я хачу, каб яны навучыліся аналізаваць спектакль, фармуліраваць сваё выказванне пра яго. І на жэставай мове, павышаючы тым самым культуру камунікацыі, і эпісталярна, бо з гэтым у людзей, якія не чуюць, таксама праблемы. Што для іх коска, калі яны ніколі не чулі паўз? Што для іх пытальнік, калі яны не чулі інтанацыю? Там і ўсплывае звязаная з асаблівасцямі іх развіцця праблема — стварыць цэласнае пісьмовае выказванне.

Вучоба, дыплом. А далей?

Інклюзіўная адукацыя сведчыць пра пераход пры разглядзе інваліднасці ад медыцынскай да сацыяльнай мадэлі. Курс, што пакуль успрымаецца як дзіва, насамрэч падараваў цуд многім людзям. Па-першае, самім студэнтам з павышанымі запатрабаваннямі. Напрыклад, Вікторыя Цяслоўская з самага дзяцінства марыла стаць актрысай. Яна не раз выходзіла на школьную сцэну ў роднай Оршы, наведвала і тамтэйшы невялічкі клуб для глухіх, пакуль той не зачынілі. Вестка пра набор у БДАМ была для яе доўгачаканай. Трэба бачыць, як свецяцца яе вочы, калі дзяўчына распавядае пра заняткі па акцёрскім майстэрстве! Яна не хавае складанасці, з якімі сутыкаецца пры вывучэнні тэарэтычных прадметаў, але тут жа мяняе тэму і пачынае дзяліцца радаснымі адкрыццямі, распавядаючы пра новых сяброў, якіх за два месяцы жыцця ў студэнцкім інтэрнаце з’явілася багата.

— Звычайныя студэнты адразу прапаноўваюць нам сяброўства, імкнуцца даведацца пра жэставую мову, — праз сурдаперакладчыка распавяла мне Вікторыя. — За месяц некалькі чалавек вывучылі алфавіт і спрабуюць са мной размаўляць на ім — яны проста цудоўныя!

Праз месяц першакурснікі паедуць у Іжэўск на Другія Міжнародныя Парадэльфійскія гульні. Творчыя спаборніцтвы для людзей з інваліднасцю адбудуцца ў 29 намінацыях у васьмі відах мастацтваў (музычнае, выяўленчае, аўдыявізуальнае, тэатральнае, харэаграфічнае і цыркавое, а таксама літаратура і жэставая песня). Расіяне чакаюць на інклюзіўнай алімпіядзе пад дзве тысячы ўдзельнікаў, якія прадставяць 16 краін. Студэнты Валабоева павязуць на конкурс жэставую песню і ўрыўкі са спектакля пра Эдыт Піяф, да рэпетыцый якога яны прыступілі амаль з першых заняткаў. Спадара Яўгена арганізатары таксама запрасілі даць майстар-клас па падрыхтоўцы глухога акцёра.

Як бачым, чатыры гады навучання абяцаюць студэнтам творчае віраванне. Але што будзе пасля таго, як гэтая моладзь атрымае свае дыпломы? Інклюзія на гэтым спыніцца? Як распавёў мне спадар Валабоеў, у Маскве і Кіеве існуе тэатр мімікі і жэста. У Беларусі дзейнічаюць хіба аматарскія тэатральныя аб’яднанні, а прафесійнай трупы няма.

— Глухата — гэта вельмі сур’ёзная інваліднасць. Яна пазбаўляе чалавека важных крыніц інфармацыі, — распавядае майстар курса. — Нельга не заўважыць, як шмат у Беларусі людзей з праблемамі са слыхам. Толькі ў таварыстве глухіх налічваецца каля дзесяці тысяч членаў. Мы часта гаворым, што тэатр нясе інфармацыйную функцыю. У глядзельнай зале глухі глядач зможа даведацца, як выбудоўваюцца адносіны паміж людзьмі, бацькамі і дзецьмі, як выхоўваць моладзь. Я спадзяюся, што хутка на карце горада з’явіцца новы тэатральны адрас, які дапаможа запоўніць гэты культурны і сацыяльны прагал. Ужо вядуцца перамовы пра тое, каб праз чатыры гады на базе Беларускага таварыства глухіх у Палацы культуры імя Мікалая Шарко з’явіўся дзяржаўны тэатр.

Валабоеў плануе аб’яднаць у калектыве акцёраў з інваліднасцю і звычайных артыстаў, каб спектаклі новага тэатра былі даступныя шырокай аўдыторыі. У такой сумеснай працы ён бачыць больш магчымасцей як для развіцця прафесійных здольнасцей дыпламаваных спецыялістаў, так і для наладжвання паразумення з гледачамі, сярод якіх будзе нямала тых, хто ў паўсядзённым жыцці не сутыкаецца з інвалідамі.

У гэты тэатр і павінны прыйсці выпускнікі першага спецыялізаванага курса Акадэміі мастацтваў. Пакуль жа ўжо адным сваім з’яўленнем у сценах ВНУ глухія акцёры зрабілі сапраўдны пераварот у поглядах многіх людзей.

— Вы сабе не ўяўляеце, якая пагалоска пайшла па краіне сярод аб’яднанняў людзей з рознымі інваліднасцямі! — зазначае Яўген Аляксеевіч. — У невідушчых, калясачнікаў, людзей з ДЦП быццам крылы за спінай выраслі. Яны мне гавораць: “Дык гэта, аказваецца, магчыма? Калі глухія дасягнулі, дабіліся, значыцца і нам можна ісці па вышэйшую адукацыю!”

Першы крок Акадэміі мастацтваў можа стаць сапраўды паваротным для лёсаў тысячаў беларусаў, чый шлях у ВНУ раней намёртва быў перакрыты медыцынскім пасведчаннем аб інваліднасці.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"