“Ён не іграў — ён выказваўся”

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Усяго дзень да свайго 74-годдзя не дажыў народны артыст РСФСР Мікалай Карачанцаў. У пятніцу, 26 кастрычніка, цяжкая хвароба забрала легендарнага акцёра, чые працы на сцэне Ленкома сталіся вехай ў гісторыі савецкага тэатра, а кінавобразы ўзрушылі не адно пакаленне гледачоў.

/i/content/pi/cult/715/15627/uzn_15058114360_opt.jpegДля беларусаў Мікалай Пятровіч блізкі перш за ўсё праз ролю Ваські Ходаса ў “Белых Росах”. Культавая для нас стужка была знята ў 1983 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” Ігарам Дабралюбавым па сцэнарыі Аляксея Дударава.

— Сёння мяне не пакідае сумная думка: як мала засталося людзей з той шыкоўнай каманды, з якой мы працавалі на здымках “Белых Росаў”, — смуткуе Аляксей Ануфрыевіч. — Ужо няма рэжысёра Ігара Дабралюбава, Усевалада Санаева — выканаўцы ролі Фядоса Ходаса, Барыса Новікава, які граў Цімафея, Юрыя Кухаронка, увасобіўшага Скварцова. На пачатку года пакінуў нас народны артыст БССР Генадзь Гарбук. І вось час прыбраў Карачанцава… Тады мы не перасякаліся на кінапляцоўцы, а сустрэліся ўжо пры агучцы. Усё, што было напісана ў сцэнарыі, ён сыграў. І не проста сыграў, але яшчэ і дапоўніў духоўна. Я шчаслівы, што меў магчымасць быць знаёмым з такім чалавекам.

Так, Мікалай быў геніяльным акцёрам, знакамітасцю, але я цаніў яго найперш за чалавечыя якасці. У яго была надзвычай багатая душа. Просты, шчыры, адкрыты, чуллівы... Умеў падабраць трапнае слаўцо, любіў распавядаць анекдоты. Яму было ўласціва ўсё тое, што і звычайным людзям. Я ведаў яго ў побыце: дома Карачанцаў мала чым адрозніваўся ад таго, кім ён з’яўляўся перад намі на кінаэкране ці на сцэне (а я, між іншым, паглядзеў нямала яго тэатральных работ). Справа ў тым, што Мікалай на пляцоўцы не іграў — ён выказваўся.

Я быў агаломшаны навіною пра смерць вялікага акцёра. Але трэба ўцерці нашыя слёзы і падзячыць Богу за тое, што ён падарыў мільёнам людзей такога творцу.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"