Повязь імклівых гадоў

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

23 кастрычніка ў Доме прэсы адбылася прэзентацыя кнігі “У рытме імклівых гадоў. Нарысы гісторыі камсамола Беларусі”, прысвечанай 100-годдзю з дня ўтварэння ВЛКСМ. Зборнік выйшаў у свет пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

На падставе дакументаў з дзяржаўных і асабістых архіваў на 280 старонках аўтарскі калектыў прыгадвае асноўныя моманты станаўлення і развіцця камсамола. Як расказаў першы сакратар БРСМ Дзмітрый Варанюк, у зборніку сабраны самыя яркія эпізоды яго гісторыі:

— Гэтая кніга — яшчэ адзін падарунак маладзёжнаму руху, які ніколі не старэе. Я ўпэўнены, што выданне будзе карыстацца попытам як у розных арганізацыях, так і ў навучальных установах Беларусі.

Як адзначалася падчас прэзентацыі, у зборніку спалучаецца навукова-папулярны тэкст і багаты ілюстрацыйны матэрыял. У дзевяці раздзелах паслядоўна раскрываецца гісторыя ўзнікнення і развіцця камсамола і маладзёжных арганізацый у суверэннай Беларусі. Сярод аўтараў — вядомыя айчынныя навукоўцы, большасць з якіх маюць досвед працы ў камсамоле і БРСМ.

Нагадаем, што мерапрыемства адбылося ў рамках камсамольскага тыдня, які праходзіць у Беларусі з 22 па 29 кастрычніка. Цэнтральнай падзеяй юбілею стане святочны канцэрт у Палацы Рэспублікі з удзелам ветэранаў камсамольскага руху і актывістаў БРСМ.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"