Эмацыйны код камсамола

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Юбілей Камсамола ў Беларусі адзначаецца на высокім узроўні. Сярод мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя арганізацыі — выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі. Яе экспазіцыя не з’яўляецца падборкай ілюстрацый да гістарычнага нарыса. Гэта эмацыйны аповед пра эпоху, якая скончылася ў 1991 годзе. Незалежна ад свайго стаўлення да яе, мінуўшчыну краіны трэба ведаць. А яшчэ лепей — разумець. У гэтым сэнсе эмацыйны код значыць болей, чым навуковы тэкст.

/i/content/pi/cult/715/15623/3.JPGНагадаю імёны некаторых творцаў, чые работы складаюць экспазіцыю выставы “Юнацтва камсамольскае”. Скульптары Аляксандр Фінскі (“Першы настаўнік”), Святлана Гарбунова (“Аўтапартрэт”), Леў Гумілеўскі (“Крылатая”), Аляксей Глебаў (“Элегія”, “Юнацтва”), Заір Азгур (“Камсамолка Наташа Селіханава”). Жывапісцы Міхаіл Савіцкі (“Камсамольцы”), Раіса Кудрэвіч (“Перад канцэртам”), Мікалай Селяшчук ( “Дэлегат ХІХ з’езда ВЛКСМ актрыса Святлана Сухавей”), Уладзімір Стэльмашонак (“ВХУТЭМАС. 1921 год. У.І. Ленін з моладдзю”), Абрам Забораў (“Салдаты”). Як бачыце, ўсё гэта — наша класіка, творы, вядомыя па шматлікіх рэпрадукцыях. Тут жа ёсць магчымасць пабачыць арыгіналы.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага Уладзімір Пракапцоў лічыць, што наведванне гэтай выставы асабліва карысна студэнтам — будучым мастацтвазнаўцам. Бо тут не толькі можна адчуць подых эпохі сацыяльнага аптымізму, але і на свае вочы пабачыць стылёвую і канцэптуальную эвалюцыю беларускай пластыкі і жывапісу ад кананічнага сацрэалізму праз суровы стыль да аўтарскага суб’ектывізму ўзору 1980-х. Тым больш, што частка прадстаўленых у экспазіцыі работ нячаста пакідае сховішчы музея.

Сёння новыя тэхналогіі і новы інструментарый фарміруюць у мастака мысленне, значна адрознае ад тых часоў, калі ў творцы былі толькі палатно, фарбы і пэндзаль. На карцінах нашых класікаў, у тым ліку і прадстаўленых на выставе, можна любавацца майстэрскім мазком, нечаканым спалучэннем колераў і фактур, экспрэсіўнай пабудовай кампазіцыі. На жаль, гэтая непасрэднасць уласцівая сёння далёка не кожнаму творцу. Часам сучасны мастак глядзіць на натуру нібыта праз аб’ектыў фотаапарата, і ў выніку атрымліваецца нейкае падабенства фатаграфіі — прыгожай і халоднай.

Я засяродзіў сваю ўвагу на глыбока драматычным творы Міхаіла Савіцкага; суровай — як сам час Грамадзянскай вайны — пластыцы Аляксандра Фінскага, цудоўнай інтэрпрэтацыі рэвалюцыйнага авангарду Уладзімірам Стэльмашонкам. А вось работу Абрама Заборава я назваў бы партрэтам Народа на фоне Радзімы. Перад роднай хатай сядзяць гаспадары. Тры мужыкі розных пакаленняў. Дзед з ордэнам Баявога Чырвонага сцяга, мужчына сталых гадоў з двума ордэнамі Славы і малады хлопец, якраз камсамольскага ўзросту, у форме салдата Савецкай Арміі. Відаць, Дзень Перамогі святкуюць.

Гэта карціна пра повязь часоў. А ў кантэксце выставы яна як ілюстрацыя да думкі, што той самы камсамол — гэта не столькі ідэалогія, колькі чыннік жыцця грамады на пэўным этапе гісторыі. Гісторыі роду і краіны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"