“Задзвінне” і не толькі – у фармаце свята

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Горад майстроў. Так называецца не толькі штогадовая справаздача носьбітаў традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая заўжды спадарожнічае Міжнароднаму фестывалю: гэтая назва адпавядае і самому Віцебску — самабытнаму творчаму асяродку, радзіме выбітных музыкантаў, мастакоў, людзей, неабыякавых да развіцця айчыннай культуры.

Сярод іх, безумоўна, — і супрацоўнікі гарадскога аддзела культуры, якіх вось ужо амаль тры дзесяткі гадоў яднае і скіроўвае на стваральную працу начальнік Віктар Кібісаў. І тут нельга не аддаць належнае старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Пятру Драздову, які згуртаваў вакол сябе дзейсную каманду не бяздумных выканаўцаў, а ініцыятыўных, здольных на штодзённы крэатыў творцаў.
У часе двухдзённай (7 — 8 ліпеня) журналісцкай вандроўкі ў абласны цэнтр я пераканаўся, што ініцыятывы гарадскіх культасветнікаў, рэалізацыя самых розных па змесце і кірунку праектаў істотна паўплывалі на сацыякультурнае “аздабленне” XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. 

Даведка “К”.
Мовай лічбаўУ Віцебску — 38 устаноў культуры, падпарадкаваных гараддзелу: 8 школ мастацтваў, 21 бібліятэка, Дом-музей Марка Шагала, Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”, Цэнтр культуры “Віцебск” з Амфітэатрам, канцэртнай залай і адміністрацыйнымі будынкамі, што абслугоўваюць “Славянскі базар”...
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne1.jpg

Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”.

Натуральна, кожная ўстанова
культуры рыхтуе на час фэсту сваю адметную праграму. Так з асобных фрагментаў утвараецца агульная і яркая мазаіка фестывальнага гарадскога жыцця.
Сярод 624 кіраўнікоў і спецыялістаў сферы — 590 маюць вышэйшую адукацыю. Завочна вучацца больш за 60 культасветнікаў.
Сярэдні заробак за 5 месяцаў года склаў па аддзеле 526,6 тысячы рублёў.
Платных паслуг са студзеня па чэрвень аказана на 813,2 мільёна рублёў 136,8 працэнта ў супастаўных з мінулым годам цэнах.
Бюджэтнае фінансаванне гарадской сферы культуры — 12 мільярдаў 176,8 мільёна рублёў.
На капітальны і бягучы рамонт устаноў культуры асвоена за паўгоддзе 679,8 мільёна рублёў, на набыццё абсталявання — 69,7 мільёна.
У 1996 годзе гарвыканкам заснаваў гарадскую прэмію і медаль “Сузор’е муз”, якія рэгулярна ўручаюцца за грамадскую актыўнасць творчай інтэлігенцыі. Сярод лаўрэатаў у намінацыі “Арганізацыя культурнай дзейнасці” — дырэктар “Славянскага базару ў Віцебску” Радзівон Бас, начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Віктар Кібісаў...Фестывальная стратэгія “на апераджэнне”
Пра стратэгію аддзела працаваць “на апераджэнне” і перспектыўнае мысленне аператыўна ўвасабляць у канкрэтныя справы Віктар КІБІСАЎ можа разважаць прадметна і доказна. Дарэчы, ніколі не ўжывае пры гэтым “я”, адно “мы”. Выключна важны нюанс, уласцівы правілам менавіта каманднай “гульні”, на паскораны рытм якой штогод уплывае “Славянскі базар”.Пра фестывальны “каталізатар” усіх гарадскіх працэсаў і размаўляем з начальнікам аддзела культуры.
— Вобразна кажучы, Віктар Дзмітрыевіч, не горад узняў культуру, а культура — горад?
— Неаспрэчна! Адразу пасля завяршэння “Славянскага базару” Віцебск пачынае рыхтавацца да чарговага фэсту.
Падрыхтоўка ўключае, безумоўна, не толькі добраўпарадкаванне вуліц, будынкаў і плошчаў,але і давядзенне да ладу гарадскіх устаноў культуры, спрыяе ўзнікненню якасна новых іх тыпаў. Так узніклі Дом-музей Марка Шагала, Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”, выставачная зала “Духаўскі круглік” пры Цэнтры культуры “Віцебск”, дзе ёсць і краязнаўчы аддзел, і экспазіцыя, прысвечаная
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne2.jpg

Адзін з інтэр’ераў “Задзвіння”.

фестывальнай гісторыі... І колькасць бібліятэк за гэты час павялічылася з
15 да 21-ой... Наш мэр Пётр Віктаравіч Драздоў — будаўнік па адукацыі, і ад падначаленых патрабуе трымаць гаспадарку ў руках. Толькі на рамонт Канцэртнай залы “Віцебск” асвоена каля мільярда рублёў. У перспектыве — перанос гарадскога заасаду ў прыгарадную зону, у раён парку Мазурына, дзе плануем стварыць шматпрофільную зону адпачынку.
— Аддзел назапасіў унікальны досвед духоўна-культурнага забеспячэння “Славянскага базару ў Віцебску”. Больш падрабязней, калі ласка, пра “ўзаемапранікненне” дзвюх прастор — фестывальнай і культасветнай...
— На пачатку года складаем каштарыс на правядзенне гарадскіх мерапрыемстваў. Іх ад 60 да 70. З бюджэту выдаткоўваецца на гэта дзесьці 160 — 200 мільёнаў... На час “Славянскага базару ў Віцебску” аддзел складае асобны план мерапрыемстваў. Усе, так бы мовіць, спадарожныя фэсту культурныя падзеі бяром на сябе, да прыкладу, вернісаж мастакоў, які сёлета мы перанеслі ад ратушы да Канцэртнай залы “Віцебск”. А “Горад майстроў” у гэтым годзе размесціцца на тэрыторыі Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”.Даведка “К”.
Цуд на вуліцы Чайкоўскага За Кіраўскім мостам, на правым беразе Заходняй Дзвіны, па вуліцы Чайкоўскага і месціцца цуд пад назвай “Задзвінне”. Былыя Саляныя склады XVIII стагоддзя ператвораны па ініцыятыве гараддзела культуры ў Цэнтр народных рамёстваў. Рэканструкцыя вялася ў два этапы: у 2004-ым аднавілі адзін з будынкаў, узвялі галерэю і драўляны дом для рамесніцкіх майстэрняў, у 2007-ым давялі да ладу другі, прадоўжылі добраўпарадкаванне тэрыторыі. А сёлета тут з’явіўся і ганчарскі падворак... Цэнтр перабраўся сюды з прыстасаваных памяшканняў бібліятэкі імя Янкі Купалы, дзе былі магчымасці для дзейнасці трох клубных фарміраванняў.
Цяпер у “Задзвінні” іх аж 17, з іх 4 — са званнямі“народны” і “ўзорны”.“Задзвінне” — новы тып клубнай установы, якая выконвае культурна-адукацыйныя, навукова-даследчыя, кансультацыйна-метадычныя функцыі.
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne3.jpg

Кавярня “Задзвінне”.

Натуральна, у Цэнтры працуюць цяпер спецыялісты высокай кваліфікацыі,
сярод майстроў — члены Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, лаўрэаты шматлікіх конкурсаў і фестываляў, якія з поспехам перадаюць досвед моладзі.
Супрацоўнікі “Задзвіння” не спыняюць экспедыцыйна-даследчую работу, адшукваюць новых рамеснікаў-майстроў і самадзейных мастакоў, на якіх у вобласці дэфіцыту ніколі не было. Фонд Цэнтра несупынна папаўняецца творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметамі мясцовага побыту, археалагічнымі знаходкамі. Навуковая работа па апрацоўцы фондавых матэрыялаў — сістэматычная і мэтанакіраваная.
У мясцовай выставачнай зале ладзяцца зменныя выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. У перспектыве плануецца стварэнне пастаяннай выстаўкі па праекце Цэнтра “Стварэнне экспазіцыі традыцыйнай культуры і побыту беларусаў Віцебскага рэгіёна як часткі культурнага турыстычнага маршруту”.Гэтымі днямі тут адкрываецца традыцыйная выстаўка “Разам весела крочыць!”, прысвечаная Дню Саюзнай дзяржавы на XVII Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.Летась на выстаўцы прадстаўляўся жывапіс юных творцаў Беларусі і Расіі, сёлета ў экспазіцыі — творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.Пры Цэнтры дзейнічае кавярня “Задзвінне”. Сёння тут размешчаны каардынацыйны цэнтр “Горада майстроў”, працуе журы абласнога Свята конкурсу вышыўкі і карункапляцення, аргкамітэт ганчарскага пленэру. На падворках ля “Задзвіння” рамеснікі ладзяць фестывальныя майстар-класы...Ініцыятыва — рэалізацыя — вынік
І не толькі ў сённяшнім “Задзвінні” добра заўважны вынік стратэгіі аддзела культуры рабіць усё з прыкідкай на далёкую перспектыву. Віктар Кібісаў перакананы, што “Горад майстроў” у межах “Задзвіння” — адзін з доўгатэрміновых перспектыўных праектаў. Айчынныя і замежныя рамеснікі толькі асвойваюць новую прастору “Горада майстроў”, а ў аддзела культуры— новая ініцыятыва:
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne4.jpg

Вось такая кабета сустракае наведвальнікаў “Задзвіння”.


— Плануем далейшае добраўпарадкаванне правабярэжжа Заходняй Дзвіны, уладкаванне спуску да ракі, будаўніцтва прыстані. Вольны ад забудоў участак, што побач з заводам “Вістан”, мяркуем выкарыстаць для размяшчэння макета славянскага паселішча, будаўніцтва набярэжнай, да якой “прыстануць” старажытнаславянскія ладдзі і скандынаўскія дракары. На фоне інтэрактыўнага гістарычнага адлюстравання гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі” будуць ладзіцца тэатралізаваныя дзеі, святы, кірмашы, выстаўкі-продажы.
Словам, “Горад майстроў” значна пашырыць свае “задзвінскія” межы.
— Наколькі ведаю, “Задзвінне” ўжо цяпер — адно з папулярных месцаў адпачынку гараджан?
— Наведванні аднайменнай кавярні з нацыянальнай кухняй распісаны да верасня: пад юбілеі і вяселлі... Больш за тое, турыстам “Задзвінне” прапаноўвае эксклюзіўныя сувеніры “з рук майстра”: творы з гліны, лёну, лазы, саломкі, вырабленыя на вачах наведвальнікаў Цэнтра.Клуб гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання “Нагальфар” прэзентуе быт, строі і рамёствы славянскіх, балцкіх плямёнаў і вікінгаў. Народны ансамбль народнай песні “Сябрына” — традыцыйную беларускую музыку, спевы і абрады.
Узорны гурт народнай музыкі “Жалейка” — этнічную музыку і больш за 60 відаў народных музычных інструментаў...Карацей, даўно навучыліся зарабляць. Дарэчы, Цэнтр мае салон-краму народных промыслаў “Фэст”, што дзейнічае ў гістарычным цэнтры Віцебска — у памяшканні ДШМ № 1, што за ратушай...

Даведка “К”.
Гадавы абарот — да 80 мільёнаў“Фэст” працуе з 2002 года. Хіба ж дзіва, што гэта — чарговая ініцыятыва аддзела культуры, даведзеная да лагічнага і эканамічнапрывабнага для ўсіх выніку?
Як паведамляе “К” дырэктар і прадавец салона-крамы Лілія Каваленка, гадавы тавараабарот складае да 80 мільёнаў рублёў. У гасцей і ўдзельнікаў “Славянскага базару ў Віцебску” сувенірная крама карыстаецца заўсёдным поспехам. 1700 майстроў і мастакоў заключылі з “Фэстам” дамовы на супрацоўніцтва. У салоне прадстаўлена ўсё, што нараджаецца талентамі Віцебшчыны. Штогод 60 мільёнаў рублёў з сумы, атрыманай ад рэалізацыі мастацкіх твораў, выплачваецца жывапісцам і рамеснікам... Неўзабаве ў “Фэсту” з’явіцца філіял у “Задзвінні”. Інакш кажучы, і тут перспектывы — доўгатэрміновыя і эканамічна выгадныя.

У кожнага — свая дзялянка працы
Віцебскія гурты “Жалейка” і “Сябрына” адклалі свае гастролі ў Польшчы: удзел у “Славянскім базары” ў родным горадзе справядліва палічылі больш пашанотным. Усяго ў “этнічным” забеспячэнні фэсту бяруць удзел 150 самадзейных калектываў з Беларусі і бліжняга замежжа.
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne5.jpg

Першы нумар фестывальнай газеты.

Канцэрты цяпер ладзяцца на
чатырох асноўных “фальклорных” пляцоўках: Канцэртная зала “Віцебск”, на падворках “Задзвіння”, на плошчы Тысячагоддзя каля гасцініцы “Віцебск” і на плошчы Свабоды...
— Віктар Дзмітрыевіч, які досвед у рабоце аддзела, назапашаны амаль за 17-гадовую фестывальную гісторыю, лічыце асноўным?
— Кожная структура гарадской сферы культуры навучылася напоўніцу адказваць за сваю дзялянку працы. Цэнтр сучаснага мастацтва — за мастакоўскія вернісажы, мастацкія школы — за дзіцячыя пленэры, Цэнтр народных рамёстваў за “Горад майстроў”... Інакш кажучы, распісана ўсё да драбніц, фестывальная дзея разгортваецца адначасова ў кожным куточку Віцебска, кожны з культасветнікаў ведае, што рабіць, а ўсе разам працуем на імідж “Славянскага базару”, дэвіз якога застаецца нязменным: “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!”. Гэты досвед, дарэчы, абагульняецца і на ўзроўні Міжнароднага савета па культуры, створанага яшчэ ў час першых віцебскіх фестываляў. Нашы калегі з Расіі, Украіны, Малдовы, Прыбалтыкі нязменна цікавяцца тым, як фэст карэкціруе, удасканальвае працу нашага аддзела, прымушае шукаць, тварыць, перспектыўна мысліць...Здавалася б, якую ролю ў духоўным“насычэнні” фестывальных мерапрыемстваў могуць адыграць бібліятэкі?
Але адыгрываюць, пастаянна знаходзяць сваю нішу ў стварэнні адмысловай фестывальнай атмасферы ў горадзе...Даведка “К”.
“Валошкавае неба над Віцебскам”Дырэктар Віцебскай ЦБС Галіна Данілава за сваю гаспадарку таксама спакойная: “механізм” адладжана дзейнічае і цягам года, і ў час фестывальнага ліпеньскага віру. Да прыкладу, Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Максіма Горкага выдала да “Славянскага базару...” унікальны паказальнік “Віцебск фестывальны”.
Усе бібліятэчныя ўстановы горада прымаюць гэтымі днямі гасцей — пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, якія прыязджаюць на фэст.
Тут ладзяцца кніжныя выстаўкі, гутаркі “Віцебск збірае сяброў”, “Лаўрэаты “Славянскага базару”, “Валошкавае неба над Віцебскам”...
Пазітыўную ролю ў пашырэнні пошукавых магчымасцей чытачоў адыгрывае камп’ютэрызацыя бібліятэк. На сёння ў чатырох з гэтых устаноў культуры ёсць 38 камп’ютэраў. Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Максіма Горкага і бібліятэка замежнай літаратуры маюць выхад у Інтэрнет. Несупынна камплектуюцца фонды на электронных носьбітах.Вельмі эфектыўнымі, як паказала практыка, сталі мэтавыя праграмы, па якіх цяпер працуюць гарадскія бібліятэкі.
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne6.jpg

Адна з экспазіцый “Духаўскага кругліка”, прысвечаная
фестывальнай гісторыі.


Апрабавана такіх праектаў ужо 12: і па краязнаўчай дзейнасці, і па гісторыка-патрыятычным і духоўным выхаванні, і па пытаннях экалогіі ды эстэтычнага густу, па рабоце з пажылымі людзьмі... Многія ўстановы сталі пачынальнікамі ўжо традыцыйных для Віцебска мерапрыемстваў: бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча цягам 20 гадоў збірае прыхільнікаў творчасці пісьменніка на Караткевічаўскія чытанні, бібліятэка імя Уладзіміра Маякоўскага штогод запрашае чытачоў на свята “Віцебскі дзень Маякоўскага”, а ў бібліятэцы імя Еўфрасінні Полацкай рэгулярна ладзіцца тыдзень “Служэнне Богу і Айчыне”

...
Музейны складнік фэсту
У гутарцы з начальнікам аддзела культуры не мог абмінуць і гэтую тэму. Па-першае, выставачная зала “Духаўскі круглік” рэканструяванай вартаўнічай вежы з’яўляецца прывабнай для турыстаў. Па-другое, не менш прыцягальны для ўдзельнікаў “Славянскага базару” і Дом-музей Марка Шагала. Прынамсі, уся прыезджая творчая багема ніколі не абмінае дамок, дзе вялікі мастак правёў дзяцінства і юнацтва.
— Што можна ўбачыць у гэтых музейных установах, Віктар Дзмітрыевіч, без якіх цяжка цяпер уявіць кінафестывальнае жыццё горада?
— “Духаўскі круглік” адкрылі летась. Узведзены ён, як вядома, на падмурку колішняй круглай вежы XIV стагоддзя. Падмурак захаваны (дарэчы, прымаў удзел у ягоных раскопках), яго можна пабачыць з балюстрады першага паверха.На другім і трэцім— краязнаўчая экспазіцыя, якая паведамляе, як мянялася цягам часу тэрыторыя Ніжняга замка, на якой цяпер і размешчаны Амфітэатр. Таму цалкам лагічным выглядае тое, што на 3— 4 паверхах вежы знаходзіцца Музей гісторыі “Славянскага базару”.

Апошні паверх — аглядавая пляцоўка...
Як заўжды, арыгінальнымі дзеямі і мерапрыемствамі парадуюць наведвальнікаў і супрацоўнікі Дома-музея Марка Шагала (У іх няўрымслівасці і крэатыўнасці я яшчэ раз пераканаўся, калі пабываў 7 ліпеня, у дзень нараджэння Майстра, на музейным мерапрыемстве “У гасцях у Марка і Бэлы”. — Я.Р.).
 /i/content/pi/cult/168/1562/Zadzvinne7.jpg
Праект пашырэння сядзібы Дома-музея Марка Шагала.
Дарэчы, не магу не ўзгадаць напрыканцы нашай гаворкі пра яшчэ адну ініцыятыву аддзела культуры. Мяркуецца ля
музейнага дома Шагала рэканструяваць ліозненскі дом-краму дзядзькі мастака, выгляд якой вядомы па жывапісным адлюстраванні мастака. У выніку будзе пашырана музейная экспазіцыя і з’явяцца зона адпачынку, яшчэ адна кавярня...

* * *Віцебск — сапраўды Горад майстроў. І ўбачыць ягоных неабыякавых жыхароў можна не толькі ў “Задзвінні”, і не толькі на вулічных мастакоўскіх пленэрах вакол ратушы і Васкрасенскай царквы, і не толькі ў час “Славянскага базару...” І значны ўклад у гэта зроблены работнікамі аддзела культуры, якія забяспечваюць як творчы і крэатыўны падыход, так і ўмеюць атрымліваць значныя эканамічныя вынікі.

Яўген РАГІН,
наш спецкарэспандэнт

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота аўтара