Шкадобнік, пашкадуй шчаўліка!

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Рэй Брэдберы калісьці пісаў, што ў дзяцінстве любіў сядаць у машыну часу і адпраўляцца назад у мінулае. Рабіў ён гэта з дапамогай дзядуль і бабуль, якія жылі ў дамах побач. Старыя людзі распавядалі пра сваё ранейшае жыццё, а ў вачах юнака гаслі і запальваліся зараніцы Грамадзянскай вайны Поўдня і Поўначы, узнікалі карціны першых палётаў самалётаў ды шмат чаго яшчэ.

/i/content/pi/cult/714/15611/DSC_1153-999999_opt.jpegТое самае ўражанне машыны часу ўзнікае, калі выязджаеш у камандзіроўкі ў беларускія вёскі і хутары па дыялектныя словы. Бабуля ці дзед распавядае табе пра тое, што было раней, да таго ж — на той мове, якую ты не пачуеш нідзе болей, толькі ў гэтым паселішчы. Дзякуючы падобным вандроўкам разумееш, што дыялекты — гэта наша адметная культура, гэта своеасаблівае і насычанае падзеямі жыццё-быццё нашых бабуль і дзядуль, гэта той іншасвет, у які мы ніколі не трапім, бо яго ўжо фактычна няма.

Таму, выязджаючы ў камандзіроўкі, заўсёды пытаюся ў бібліятэкараў, ці ёсць у іх зборы дыялектнай лексікі, ці выдаюць яны нейкія кнігі, дзе прадстаўлена мясцовая гаворка. І вельмі радуюся, калі чую станоўчы адказ.

Вось і нядаўна, калі быў у Іванава, супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Фёдара Панфёрава прэзентавалі мне ўласнаручна выдадзеную брашуру “Мова прадзедаў, мова дзядоў: дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі”. Кніга змяшчае лексіку тайнай мовы жыхароў райцэнтра, якая колісь была распаўсюджана ў асяроддзі мясцовых збіральнікаў ахвяраванняў на рамонт і будаўніцтва храмаў.

Праўда, сама назва выдання адсылае чытача зусім не да дыялекталогіі. Прыметнік “дыялектычны”, паводле ўсіх слоўнікаў, адносіцца да слова дыялектыка, якое вядома ў гісторыі філасофскай думкі яшчэ з часоў Антычнасці. Відавочна, аўтары выдання пераблыталі слова “дыялектычны” са словамі “дыялектны” ці “дыялекталагічны”.

Таксама са шкадаваннем даводзіцца канстатаваць: беларуская назва слоўніка не заўсёды азначае, што перад намі выданне з галіны беларускамоўнай лексікаграфіі. Унутры слоўніка аўтарамі пазначана: “русско-лаборский словарь” і падаюцца рускія лексемы праз пераклад на лабарскую мову. Напрыклад, беглец — скитэнь, бедный — шундэр, жадный — шкныра, мужык — кыл, поле — трига.

/i/content/pi/cult/714/15611/DSC_1152-999999_opt.jpegМагчыма, аўтары кіраваліся тым, што па-руску іх выданне змогуць прачытаць больш зацікаўленых асоб. Але з навуковага пункту гледжання ўжыванне рускай мовы ў выданні, якое грунтуецца на беларускім дыялектным матэрыяле, наўрад ці апраўдана ў пачатку XXI стагоддзя. Можа, стагоддзі два таму гэта і выглядала б лагічна. Як вядома, менавіта ў той час пачыналася грунтоўнае вывучэнне беларускай мовы даследчыкамі Расійскай Імперыі, таму ў многіх аўтарскіх слоўніках беларускія словы тлумачыліся менавіта праз пераклад на рускую мову. Але сёння падобны падыход падаецца анахранізмам і нават недарэчнасцю.

Гэтая недарэчнасць кідаецца ў вочы яшчэ і таму, што некаторыя так званыя “лабарскія” словы наўпрост суадносяцца з мовай беларускай. Напрыклад, зевать — позехать (с. 9), нож — цезорик, клэцка (с. 9), мел — крейда (с. 11), пилорама — тартак (с. 12) і іншыя. І наўрад ці супрацоўнікі Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Фёдара Панфёрава гэтых слоў не ведаюць.

Выданне “Мова прадзедаў, мова дзядоў” не пазбегла і іншых вельмі важных з лінгвістычнага пункту гледжання агрэхаў. Напрыклад, у змешчаным слоўніку не прыводзіцца ніякіх граматычных памет. Няма тут і прыкладаў функцыянавання дыялектных слоў у жывым маўленні, няма адсылкі да сінанімічнасці ці антанімічнасці тых ці іншых лексем. Акрамя таго, у слоўнікавых артыкулах чамусьці ўвогуле не абазначаны націскі — што таксама зніжае навуковую вартасць выдання.

Да слова, многія з гэтых недаглядаў сустрэліся мне і ў іншым, таксама нядаўна выдадзеным бібліятэкарамі ўжо Ганцавіцкага раёна, зборніку “А ў нас кажуць…”, які фактычна з’яўляецца невялікім слоўнікам і змяшчае дыялектную
мясцовую лексіку.

Напрыклад, з тых матэрыялаў, якія запісаны бібліятэкарамі ў розных вёсках раёна, не заўсёды зразумела, што характэрна для той ці іншай гаворкі: аканне або оканне. Напрыклад, у гаворцы жыхароў вёскі Боркі (с. 3) сустракаюцца як словы кочэрга, сорочка і іншыя (з выразным оканнем), так і лексемы гарэхі, каравы, навярэдзіла і іншыя (з выразным аканнем). Тое самае бачым і ў іншых вёсках раёна.

Яшчэ адзін з такіх недаглядаў — шматлікія паўторы слоў, без якіх выданне “А ў нас кажуць…” было б значна меншым па памерах. Напрыклад, слова гануча (якое зазвычай перакладаецца адпаведнай літаратурнай лексемай ануча) сустракаецца ў запісах слоў з вёсак Боркі (с. 3), Ганцавічы (с. 10), Задуб’е (с. 12), Раздзялавічы (с. 19) і Хатынічы (с. 21).

Такія ж шматлікія паўторы можна пабачыць і пры аналізе іншых слоўнікавых артыкулаў. Скажам, лексема памост (у тлумачэнні падлога) сустракаецца ў зборах лексікі з вёсак Агарэвічы, Вялікія Круговічы, Раздзялавічы, Хатынічы; лексема жаляска (адпаведнік прас) — у запісах з вёсак Востраў, Ганцавічы, Хатынічы; лексема жураўліны (адпаведнік журавіны) — у запісах з вёсак Боркі, Вялікія Круговічы, Кукава, Раздзялавічы.

Таксама не надта зразумела тое, па якой прычыне складальнік слоўніка залічвае ў дыялектныя і рэгіянальныя словы традыцыйную беларускую лексіку, якая шырока распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі краіны — што, дарэчы, знайшло сваё адлюстраванне ў тлумачальных слоўніках беларускай мовы. Прывяду прыклады з гаворкі жыхароў вёскі Люсіна (с. 17 — 18). Так, словы ачомацца (апамятацца, прыйсці ў сябе), мо (можа), мусіць (напэўна) наўрад ці варта лічыць дыялектнымі. Як і лексемы, запісаныя ў вёсцы Красынічы (с. 15 — 16) — накшталт гарод, гумно, папруга.

З іншага боку, выданне “А ў нас кажуць…” змяшчае на сваіх старонках шэраг адметных лексем, якія могуць зацікавіць любога знаўца мовы. Напрыклад, у кнізе прадстаўлены словы, якія ацэньваюць чалавека: крупасёры — жыхары вёскі Калонія, маркоўнікі — жыхары вёскі Шашкі, параратнікі — жыхары вёскі Новыя Агарэвічы (с. 2), шкадобнік — той, хто шкадуе, спачувае (с. 10), шчаўлік — нізкарослы чалавек (с. 19), шахворост — хуткі, жвавы чалавек (с. 22) і іншыя.

Вельмі добра, што айчынныя краязнаўцы, бібліятэкары, аматары роднага слова да сёння працягваюць працаваць над зборамі дыялектнай лексікі з розных раёнаў Беларусі. Але не зусім прафесійны падыход да гэтай пачэснай справы правакуе, як бачна, шмат тыповых і аднастайных памылак, якія зніжаюць навуковую вартасць падобных выданняў. Гэтых хібаў можна было б пазбегнуць праз зварот да аўтарытэтнай навуковай літаратуры падобнай тэматыкі, праз кансультацыю з адпаведнымі спецыялістамі, навуковую рэдактуру і гэтак далей.

Разам з тым, відавочна адно: бібліятэкарам варта працягваць падобную працу па выданні дыялектных збораў і надалей. Бо, нягледзячы на шматлікія недахопы, падобныя невялікія слоўнікі з розных раёнаў Беларусі маюць пэўную навуковую вартасць, часам захоўваючы на сваіх старонках тую мясцовую лексіку, якая пакуль яшчэ не знайшла свайго адлюстравання ў лексікаграфічных працах, зробленых на больш высокім прафесійным узроўні. І пра гэта заўсёды варта памятаць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, кандыдат філалагічных навук