Фартуна абрала Маладзечна

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Маладзечанскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя Міхала Клеафаса Агінскага спаўняецца 60 гадоў. Юбілей падвойны, бо сваё 50-годдзе адзначае і сімфанічны аркестр гэтай навучальнай установы, вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Абодвума калектывамі ледзь не чатыры дзесяцігоддзі кіруе заслужаны дзеяч культуры нашай краіны Рыгор САРОКА.

/i/content/pi/cult/714/15609/6.jpg— Калісьці вы самі заканчвалі тую навучальную ўстанову, якую цяпер узначальваеце. Што змянілася за гэты час?

— Усё! Але ж, ведаеце, вучэльня з’явілася на маім шляху не адразу. Я вясковы хлопец, мы жылі за 20 кіламетраў ад Маладзечна ў Турэц-Баярах. А бацька працаваў на чыгунцы. І адразу як заўважыў маю схільнасць да музыкі, пачаў вазіць мне то балалайку, то домру, гармонік, баян — я ўсё перабраў, ды заставаўся гэткім самавукам. Кінуўся ў музычную школу — не прынялі: пэўна, палічылі, што не змагу кожны дзень ездзіць у такую далечыню. Праз год паспрабаваў у музычную вучэльню — той жа вынік. Тады бацька дзеля мяне пабудаваў дом у Маладзечне, і мы пераехалі, хаця маці была супраць. Я паступіў у музычную школу — і хутка абагнаў тых, з кім паступаў раней, здаў усё экстэрнам. Ну, а далей ужо была вучэльня. Яна тады нават выглядала зусім іначай — даволі змрочна. Гэта ж былы будынак НКУС, калі ведаеце! Зялёныя панэлі, дзверы абабіты дзерманцінам, на цокальным паверсе раней увогуле была турма. І гэта адчувалася! У паветры, у кожным пакоі і кутку былі разлітыя боль, туга, самі гены насілля. Ці ж сумяшчальна гэта з творчасцю?

Але затое педагагічны склад быў выдатны! Працавалі Мікалай Елісеенкаў — хормайстар, бацька вядомага кампазітара, Рыгор Грышаеў, які быў першым дырэктарам і выкладаў ігру на баяне, многія іншыя выбітныя асобы. Нашы настаўнікі сваёй апантанасцю, ведамі, улюбёнасцю ў музыку, шчырай цікавасцю да нас зацьмявалі атмасферу будынка, стваралі іншую аўру — дабрыні, прыгажосці, узнёсласці. Аднак я запомніў тое адчуванне жаху ад самога памяшкання, і калі ўзначаліў навучальную ўстанову, заўсёды вельмі клапаціўся не толькі пра вучэбны працэс, але і пра знешні выгляд будынка, яго інтэр’ер. Штогод раблю штосьці ў плане рамонту, удасканалення эстэтычнага выгляду. То вокны новыя паставім, то дзверы, то дахам зоймемся.

Значнай падзеяй стала не толькі прысваенне нашай навучальнай установе імя Міхала Клеафаса Агінскага, але і ўсталяванне яму помніка — між іншым, першага ў Беларусі. Так патроху-патроху — і змянілася ўсё прынцыпова. Акрамя аднаго: у нас па-ранейшаму вельмі моцны выкладчыцкі склад.

— Ну а ваш музычны вектар жыцця, наколькі мне вядома, ніякіх рэзкіх паваротаў у іншыя бакі не зведаў — толькі наперад! Пасля вучэльні — кансерваторыя, вяртанне ў Маладзечна ў якасці выкладчыка, і вось ужо 38 гадоў — дырэктарства.

— Не, пасля першага курсу вучэльні мяне ў войска забралі: раней не давалі адтэрміноўкі на вучобу. Але я і той час змог выкарыстаць для росту ў абранай прафесіі. У музузводзе меў магчымасць займацца, “забаўляў” вайскоўцаў музыкай Баха, Ліста, Рахманінава на баяне. А на трэцім годзе (дарэчы, тады служылі па тры гады) стаў дырыжорам аркестра і загадчыкам клуба. Там была радыёўстаноўка, і я лавіў не толькі праграмы музычнай класікі, але і, употай, песні Элвіса Прэслі, “бітлоў”, джазавыя кампазіцыі. А потым і сам пачаў вайскоўцаў патроху адукоўваць: чытаў ім лекцыі пра музыку. Будзем лічыць, прайшоў поўны курс музычнай практыкі! А як вярнуўся ў вучэльню, яе не пазнаў. Установу перапрафілявалі, акцэнт быў зроблены на харавыя заняткі, аркестры скасаваныя. Каб працягнуць вучобу на баяне, давялося перавесціся на завочнае аддзяленне.

/i/content/pi/cult/714/15609/7.jpg— Дык вось чаму вы такую ўвагу надаяце сімфанічнаму аркестру!

— Спачатку я ўзначальваў аркестр рускіх народных інструментаў. Але кінуў яго, ледзь толькі з’явілася магчымасць узначаліць сімфанічны — і кірую ім ужо 39 гадоў. Мяне адгаворвалі. Маўляў, народны аркестр — вельмі запатрабаваны, у яго больш перспектываў. А з сімфанічным — куды вы паедзеце? Нікуды.

— Атрымалася наадварот: вы гастралюеце больш за іншыя калектывы, аб’ездзілі ўсю Еўропу. У іншых музычных каледжах таксама ёсць свае аркестры, але ў іх — хутчэй вучэбная скіраванасць.

— Спадзяюся, вы не думаеце, што частыя гастролі — па Беларусі і ў замежжы — дрэнна адбіваюцца на вучобе. Гэта ж музычная практыка — самае каштоўнае, што можа і павінна быць. Узрастае адказнасць юнакоў і дзяўчат за тое, што яны робяць. З’яўляецца стымул займацца, а не проста “праседжваць” адведзены час. Мы ж не скарачаем вучэбныя праграмы, проста аркестранты вымушаны больш працаваць — што яшчэ нікому не перашкаджала.

— Дык у чым сакрэт? Здараецца, калектывы навучальных устаноў атрымліваюць запрашэнні, ды не могуць выехаць з-за адсутнасці грошай. У вас, пэўна, добрыя спонсары?

— Так, спонсары ёсць. Але ж яны таксама не зваліліся з неба. Вядома, ва ўсім прысутнічае момант фартуны: мне і сапраўды шанцавала на зацікаўленых людзей. Але спачатку яны павінны былі заўважыць калектыў, ацаніць яго. Так што першы крок — усё роўна з боку музыкантаў. Вялікую дапамогу аказваюць улады — мы шчыра ўдзячныя за ўсё, што робіць для нас Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, іншыя ўстановы. Да таго ж, спадзявацца адно на кагосьці няправільна. Мы навучыліся і самі крыху зарабляць грошы.

— Вось адсюль як мага падрабязней...

— Ды якія падрабязнасці? Калі мы выступаем у Беларусі, дык імкнемся атрымаць за гэта ганарар. Працуем як філарманічны аркестр. Свята горада ў Бабруйску? Калі ласка, падрыхтуем праграму. Капыль? Таксама прыедзем. Апошнім часам пачалі запрашаць на вяселлі, карпаратывы — не ўвесь склад, а квартэт, трыа. Не думаю, што трэба адмаўляцца. Бо гэта паказальнік таго, як змяняюцца густы. Хочацца верыць, што ў тым была і наша заслуга, плады нашай шматгадовай асветніцкай дзейнасці.

— Атрыманыя грошы ідуць у агульны кацёл?

— Так. А ў замежжы мы гатовы іграць і без ганарараў — галоўнае, каб умовы былі добрымі. Мы ж едзем туды не па заробкі, а каб паказаць сваім навучэнцам свет. Таму я заўсёды клапачуся, каб было нармальнае жытло, а не начоўкі на матах у спартзале, як гэта здараецца з іншымі. Нармальнае харчаванне, а не адно бутэрброды. І абавязкова — экскурсіі, знаёмства з культурай той ці іншай краіны. Таму ў аркестры захоўваецца добрая псіхалагічная атмасфера. Няма плётак, хто і колькі зарабіў. І, заўважце, мы ніколі не “ўзмацняем” свае канцэрты, нават самыя адказныя, музыкантамі са славутых прафесійных калектываў, хаця нам гэта зрабіць прасцей, чым каму, бо сталіца — побач. Усе 70 аркестрантаў — маладзечанцы: нашы навучэнцы, выпускнікі, выкладчыкі каледжа і музычных школ.

Яшчэ адна спецыфіка аркестра — добры інструментарый. Мы не на “дровах” іграем! Набылі і духавыя, і ўдарныя лепшых замежных фірм. Нядаўна скрыпку за сем з паловай тысяч долараў прыдбалі. Гэта ж таксама ўплывае на якасць ігры. І дадаткова стымулюе ўдзельнікаў! Бо калі ў руках добры інструмент, самому закарціць на ім парэпетаваць. За год рыхтуем па пяць — шэсць новых праграм. А ўсяго выпусцілі каля 25 альбомаў, сярод якіх ёсць і аўдыя-, і відэадыскі. Большасць з іх — трансляцыйныя запісы.

— І гэта ўскосна сведчыць пра высокі ўзровень выканання: не кожны калектыў здольны выступаць настолькі зладжана і бездакорна, каб гэта можна было яшчэ і тыражаваць.

— Але ж ёсць і запісы, зробленыя ў студыі — дарэчы, у Варшаве, па прапанове з польскага боку. Увага ж тэлебачання прыйшла праз… шансон. У нашым Палацы культуры ладзіцца фестываль “Залаты шансон”. І знакаміты расійскі спявак і аўтар песень Сяргей Любавін захацеў выступіць з аркестрам. Мы зрабілі аркестроўкі (у нашым аркестры — двое цудоўных аранжыроўшчыкаў), некаторыя замовілі ў Санкт-Пецярбургу, тым канцэртам зацікавіліся АНТ і СТБ. Пайшоў розгалас — з’явіліся новыя прапановы. А некаторыя са зробленых у аркестры
партытур (дарэчы, гэта ёсць аркестроўкі васьмі паланэзаў Агінскага) былі выдадзены ў Літве, бо перамаглі ў міжнародным конкурсе.

— Ды ўсё ж адной з недасягальных для многіх вяршыняў дзейнасці каледжа з’яўляюцца вашы оперныя пастаноўкі — стварэнне ў 2006-м Маладзечанскага народнага маладзёжнага тэатра. Вядома, гэта сведчыць пра надзвычай высокі ўзровень падрыхтоўкі вашых вакалістаў. Але самае адметнае тут не толькі пастаноўкі опернай класікі, а і тое, што вы замовілі кампазітару Алегу Залётневу і лібрэтысту Сяргею Макарэю новы твор. Так узнікла беларуская прэм’ера — “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”. Напярэдадні цяперашніх урачыстасцей вы зноў паказвалі яе ў Маладзечанскім Палацы культуры — з новым складам выканаўцаў. А што яшчэ ў праграме святкаванняў?

— Цягам года кожная з нашых цыклавых камісій ладзіла сустрэчы з былымі выпускнікамі. І гэта былі не вячоркі за кавай, а творчы абмен вопытам, сумесныя канцэрты. Быў створаны фільм пра каледж і сімфанічны аркестр. Асноўныя ўрачыстасці прызначаны на 26 кастрычніка. Адбудзецца прэзентацыя канцэртнага раяля Steinway — гэты неацэнны падарунак зроблены нам Мінскім аблвыканкамам. Адкрыецца выстава дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення каледжа, якое існуе ў нас з 1995 года. Будзе, зразумела, узнагароджванне выкладчыкаў і супрацоўнікаў.

Фінальны ж канцэрт, дзе разам з сімфанічным аркестрам выступяць нашы сусветна вядомыя выпускнікі, пройдзе 26 кастрычніка ў вялікай зале Палаца культуры. Увогуле, за 60 гадоў наш каледж падрыхтаваў 5740 маладых спецыялістаў. Сярод выпускнікоў — 17 “са званнямі”: народныя, заслужаныя артысты і дзеячы культуры, кандыдаты мастацтвазнаўства. Але, думаю, галоўныя заваёвы яшчэ наперадзе! Бо заўсёды ёсць, да чаго імкнуцца надалей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"