Рух на арбіту з хуткасцю веласіпеда

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

З вядомай на ўсю Беларусь руплівіцай рэгіянальнай культуры Адай Райчонак мы п’ем каву ў яе гасцёўні, назіраючы за тым, як сонца ўстае па-над мястэчкам Германавічы, дзе яна так багата паспела зрабіць. На календары — 13 кастрычніка. Вось ужо шмат гадоў гэты дзень для яе асаблівы. Пагатоў, сёлета, калі адзначаюцца 130-я ўгодкі з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Для таго, каб пра мастака на яго малой (і не толькі) радзіме памяталі і ведалі, спадарыня Ада прыклала безліч намаганняў — разам з невялікай купкай паплечнікаў. Здаецца, пасеянае імі ў свой час зерне прарасло. Хаця парасткі пакуль настолькі далікатныя, што не прыглядаючыся ты можаш іх нават і не заўважыць. І праблема тут, вядома, зусім не ў рупліўцах.

/i/content/pi/cult/714/15605/1.jpgУ маштабах краіны юбілей Драздовіча прайшоў, мякка кажучы, сціпла. Не было ані новых спектакляў (хаця, здавалася б, тэма — удзячная), ані вялікіх выстаў-“трыб’ютаў”, ані кінапрэм’ер (дакладна ведаю, што сучасная тэлевізійная “дакудрама” з маштабнымі пастаноўкамі забуксавала на шляху да эфіру праз звыклыя фінансавыя прычыны), ані прадстаўнічых навуковых канферэнцый, ані чагосьці нестандартнага кшталту тэматычных рэйваў ці паказаў моды… Сітуацыю выратавала хіба грунтоўная рэтраспектыва мастака ў Нацыянальным мастацкім. А таксама — тыя імпрэзы, якія ладзіліся ў родных мясцінах Драздовіча. Што вельмі прыемна — з актыўным удзелам муніцыпальных уладаў.

Зямля, неба і вада Германавічаў, якімі натхняўся Язэп Драздовіч.

Зрэшты, спадарыню Аду радуе ўжо хаця б такая пашана да гэтай постаці: яна памятае куды горшыя часіны, калі пра мастака-візіянера ведала толькі купка энтузіястаў, а ўлады ставіліся да яго ў лепшым выпадку насцярожана.

Вось і сёння, 13 кастрычніка, тыя энтузіясты ізноў, па даўняй завядзёнцы, выправяцца на вясковы пагост, які стаў апошнім прыпынкам у зямным жыцці вечнага вандроўніка. А пакуль у мяне ёсць трохі часу каб наведаць адзін з пяці музеяў, створаных рупнасцю спадарыні Ады. Гэта адзіны пакуль музей, прысвечаны асобе Драздовіча.

Неархеалагічныя раскопкі

Па шчаслівым збегу абставінаў, месціцца ён у адной з галоўных германавіцкіх адметнасцяў — левым крыле колішняга сядзібнага дома Шырынаў. Лесвічны пралёт упрыгожвае сілумінавая скульптура — амаль копія помніка, усталяванага ў мінскім Траецкім. Увасабленне пластылінавага макета Ігара Голубева ў цвёрдым матэрыяле — таксама плён высілкаў спадарыні Ады.

Экспазіцыя зусім невялічкая: адзін пакой прысвечаны мясцовай традыцыі ткацтва, другі — этнаграфіі, і яшчэ два — уласна, Драздовічу. І тым не меней, гэтая ўстанова неаспрэчна вартая наведвання. Хаця б таму, што сцены тут шчыльна завешаныя арыгінальнымі творамі мастака — прычым сярод іх ёсць і тыя, пра якія я раней нават не ведаў. Скажам, “зялёны” іншапланетны краявід. Або карціна з містычнай серыі. Або дзівосныя розныя кійкі. Або банальная, здавалася б, маляванка з зайчыкамі і мядзведзем, якая адметна найперш датаваннем — 1943 год, час суцэльнага жаху для нашай зямлі. Агулам арыгінальных твораў Драздовіча тут — 38.

/i/content/pi/cult/714/15605/Z_258_D-01-4444444444_opt.jpegЯк распавяла Ада Райчонак, усе гэтыя скарбы былі знойдзены недзе ў бліжэйшых ваколіцах — літаральна па хатах. Пагаворваюць, яшчэ і цяпер сёе-тое можна адшукаць. Але абазнаныя гаспадары ўжо не аддаюць “за так”, разумеючы, што кожны артэфакт, да якога спрычыніўся Драздовіч, мае немалую цану, і з часам яна толькі расце.

— Можа, на хутарах у закінутых хатах пад слоем шпалераў дзе і захаваліся яшчэ тыя дываны, — кажа навуковы супрацоўнік музея Таццяна Катовіч, прыгадваючы часіны, калі маляванкі саступалі месца “прыгожай” фабрычнай штампоўцы. — Часам у нас і сёння выкідаюць на сметнік старадаўнія і цікавыя рэчы. І задача музейшчыка — не даць знікнуць гэтым каштоўнасцям.

У тым ліку каштоўнасцям нематэрыяльным. Прыехаўшы ў гэты край, ты можаш пачуць тыя дэталі біяграфіі Драздовіча, якіх не знойдзеш ні ў адным даследаванні. Прыкладам, краязнаўца Мар’ян Місевіч — яму на момант смерці мастака было сем гадкоў — распавядае, што барадачом з вялізнай торбай, які бадзяўся ад вёскі да вёскі, палохалі гарэзлівых дзяцей! Маўляў, запхне ён цябе ў свой хатуль ды знясе, калі маму не будзеш слухаць.

І міжволі думаеш: вось бы зладзіць экспедыцыю, каб сабраць той жывы і звышкаштоўны матэрыял! Пакуль яшчэ не позна, бо час — ідзе, і людзі ад гэтага зусім не маладзеюць. Пару дзесяцігоддзяў таму тых, хто асабіста ведаў мастака, было шматкроць болей.

На жаль, у самаго музея на такія выправы няма ні чалавечых, ні фінансавых рэсурсаў: увесь штат там — усяго чатыры з паловай адзінкі. Але, магчыма, іх удасца рэалізаваць у супрацоўніцтве з ВНУ альбо грамадскімі арганізацыямі — якія сёння сталі асноўнай “цяглавай сілай” падчас археалагічных раскопак?

Паглыбленне
ў Драздовіча

Пустэльны іншапланетны краявід на малюнку падазрона нагадвае іншы прадстаўлены ў экспазіцыі твор Драздовіча — гэтым разам цалкам зямны. І цяжка сказаць, ці то пейзаж Германавічаў у яго выкананні выглядае надта адстаронена-метафізічным, ці то ландшафт іншай планеты — блізкім да беларускай прыроды.

Космас космасам, але неаспрэчна, што для творчасці мастака выключную важнасць мае і яго непасрэднае атачэнне, убачанае на ўласныя вочы. Недарэмна ж кажуць пра шагалаўскі Віцебск або Прагу Кафкі. Нардычнае Паазер’е, дзе дзядзька Язэп правёў большую частку жыцця — акурат з гэтага лагічнага шэрагу.

Галоўны захавальнік фондаў Валянціна Райчонак дзеліцца радаснай навіной: акурат да юбілею іх праект перамог на конкурсе грантаў. Сума зусім невялікая, але яе хопіць на рэалізацыю задуманага музеем праекта, які прадугледжвае ўсталяванне памятных знакаў у знітаваных з Драздовічам
мясцінах. Аб’ехаць іх кожны ахвотны зможа на веласіпедзе. Маршрут працягласцю ў 40 кіламетраў распрацавалі самі музейшчыкі — балазе, на вёсцы да такога транспарту прызвычаеныя ўсе.

— У жніўні мы той маршрут апрабавалі, і нам вельмі спадабалася. Прырода — проста ашаламляльная, дарога вядзе пераважна праз лес, — распавядае Таццяна Катовіч.

Дадам яшчэ, што ў падобным ключы працуюць і іх калегі з Глыбоччыны — там такі маршрут таксама надоечы створаны. Адпаведна, у турыста неўзабаве здарыцца магчымасць праехацца тымі шляхамі, якія Драздовіч не раз праходзіў цягам дзесяцігоддзяў свайго бадзяжнага жыцця. І пабачыць тое, што бачыў сам мастак, які не раз спыняўся, каб падоўгу сузіраць хараство прыроды. Веласіпедная хуткасць для такога паглыблення ў яго свет — сама то.

А “драздовічавых” мясцін у ваколіцах Германавічаў процьма. Скажам, у Сталіцы ён у 1921 годзе адкрыў беларускую школу, якая “намаганнямі” польскай улады праіснавала пару месяцаў. У Лужках працаваў “настаўнікам усяго” ўжо ў школе савецкай. У Цярэшках пахаваная маці мастака.

Ёсць і пункты, пра якія ведаюць хіба людзі мясцовыя. Прыкладам, “шалёны” камень, які, паводле тамтэйшых паданняў, здатны лячыць нервы. Або тое месца ў вёсцы Ляскова, дзе стаяла хата, выяўленая на адным з малюнкаў Драздовіча. Натуру ён абраў невыпадкова. Некалі ў хаце жыла дзяўчына, якая стала чарговым нешчаслівым каханнем вандроўнага мастака: у адказ на свае заляцанні ўжо немалады тады дзядзька Язэп атрымаў гарбуза.

/i/content/pi/cult/714/15605/2.JPGДарэчы, гэтай гісторыяй падзяліўся з музейнымі супрацоўнікамі адзін з наведвальнікаў — сваяк тых самых сёстраў. Жыве ён цяпер далёка, але выправіўся ў адведзіны ў родныя мясціны. Як распавяла Валянціна Райчонак, прыехаўшы ў Германавічы, такія людзі
заўжды завітваюць у музей — як у сапраўднае “месца сілы” сваёй малой радзімы.

Мокрыя лёхі

На жаль, атрыманы музеем грант усе яго праблемы не вырашыць. Сродкаў патрэбна нямала — на вітрыны для экспанатаў, багеты для маляванак, спецыяльнае асвятленне… Пакуль што многія каштоўныя артэфакты — напрыклад, сшытак з вершамі Драздовіча — тояцца ў шафах: выстаўляць іх няма дзе і няма як. Ды і пра тое, каб прапанаваць наведвальнікам размаіты выбар сувенірнай прадукцыі, супрацоўнікі музея могуць хіба марыць.

/i/content/pi/cult/714/15605/3.JPGАле гэта — яшчэ не ўсе беды. Стан сядзібы сёння пакідае жадаць куды лепшага: ненатуральна яркіх колераў тынкоўка і фарба месцамі аблупліваецца. Дачуўшыся перад паездкай пра падвал, дзе была размешчана частка экспазіцыі, папрасіў музейных супрацоўнікаў туды завесці. Ды, як выявілася, старадаўнія лёхі цяпер пустуюць: “падышла вада”, экспанаты давялося адтуль эвакуяваць, а электрычнасць — адключыць.

Да ўсяго, у Германавічах ідзе пагалоска пра тое, што дзіцячы садок, які займае астатнюю частку будынка, з часам могуць зачыніць — стварыўшы тым самым пагрозу і для музея. Пагатоў, дзяцей там няшмат. Ды і ў мясцовай школе цяпер нешта каля сотні вучняў — хаця старажылы (не, нават людзі сярэдняга веку!) памятаюць час, калі іх было пад чатырыста. Але сёння ўсё насельніцтва мястэчка — недзе з паўтысячы чалавек.

Паводле эканамічных рэйтынгаў, Шаркаўшчынскі раён — з ліку найбяднейшых у Беларусі. І гэта заўважна, так бы мовіць, няўзброеным вокам. Таму любыя магчымасці палепшыць становішча — напрыклад, праз развіццё турызму — і сапраўды нельга абмінаць увагай.

А для гэтага там ёсць папраўдзе ўсе ўмовы. Мястэчка, па-над якім узвышаюцца вежы віленскага барока (хай і з аблупленай фарбай: парафія невялікая, і сродкаў на рэстаўрацыю ў яе няма), уражвае сваёй атмасферай. Асабліва калі завітаць у прыватны музей спадарыні Ады, размешчаны побач з касцёлам, які паводле сваіх збораў здатны даць фору многім сталічным галерэям. Альбо прайсціся не так даўно добраўпарадкаваным “панскім” паркам да пакручастага берага Дзясны.

Балазе, не ўсе адметнасці пакуль на паверхні.
Мясцовыя жыхары распавядаюць пра падземны ход, які вёў некалі ад касцёла да сядзібы — праз раку! Здавалася б, пра нешта падобнае можна пачуць у нас літаральна паўсюль, дзе ацалела хоць якая гістарычная будыніна, але…

— Я ведаю чалавека, які малым сам забіраўся ў тыя сутарэнні! — пераконвае мяне спадарыня Катовіч. — І бачыў дзверы, зачыненыя на замок. Але тады бацькі папрасілі сельсавет засыпаць тыя падвалы, каб ніхто там не згінуў.

У кожным разе, загадак у гэтым мястэчку не бракуе. А зусім блізка — не менш прывабныя для турыстаў Лужкі, са сваімі барочнымі вежамі, адносна добра захаванай сядзібай, вядомай у яўрэйскім свеце сінагогай.

 — Вадзіць турыстаў у нашых краях можна да бясконцасці, — кажа Таццяна Катовіч. — Але праблема ў тым, што заночыць ім тут няма дзе. Ды і паесці таксама.

Таму застаецца толькі пажадаць, каб музей, поўнасцю “захапіўшы” сядзібны дом, з часам пераўтварыўся ў сапраўдны турыстычны цэнтр свайго краю, здатны забяспечыць наведвальніка ўсім, што ён патрабуе — і для душы, і для розуму, і для страўніка, і для стомленай мітуснёй мегаполіса нервовай сістэмы.

Хаця ва ўмовах падтопленага падвалу такі варыянт развіцця падзей пакуль здаецца не менш фантастычным за апісаныя Драздовічам міжпланетныя туры.

Па слядах пленэраў

Пра прымеркаваныя да юбілею Драздовіча святочныя мерапрыемствы на Глыбоччыне мы пісалі ў мінулым нумары. Вельмі радасна, што ініцыятыву падтрымаў і суседні Шаркаўшчынскі раён. У Цэнтры рамёстваў там адкрылася прысвечаная земляку выстава — невялікая, але густоўная. Сярод яе ўдзельнікаў — спрэс прафесійныя мастакі.

Жывапісец Віктар Крук, які здавён жыве ў маленькім гарадку ды пачуваецца там камфортна, дэманструе сваю працу, зробленую ўзімку падчас аднаго з прысвечаных Драздовічу пленэраў. Ладзяцца яны ўжо цягам 27 гадоў — адпаведна, і прац назбіралася багата. Але, на жаль, традыцыя спакваля чэзне: сёлета вось удзельнікаў было ўсяго пяцёра. Некаторых заўсёднікаў творчай кагорты ўжо няма сярод нас. Ды і спадарыня Ада адышла ад арганізацыі пленэраў — на гэта ў яе папросту бракуе сіл. І ніхто не імкнецца перахапіць у яе гэтую эстафету.

Затое творы Драздовіча становяцца ўзорамі для тых, хто яшчэ толькі вучыцца маляваць — мясцовай дзятвы. У адпаведным класе Цэнтра рамёстваў можна ўбачыць выкананыя падчас заняткаў стылізацыі пад тыя ж маляванкі. І такі
падыход — калі спадчына выбітнага земляка інтэгруецца ў
адукацыйны працэс той ці іншай мясцовасці — падаецца мне папраўдзе выдатным і вартым усеагульнага пераймання.

Параўнальна з многімі сваімі “калегамі” з іншых раёнаў Цэнтр рамёстваў выглядае трохі беднавата (эканамічны рэйтынг раёна, што ні кажы, у знакі даецца). Але чым ён папраўдзе багаты, дык гэта сваімі супрацоўнікамі — людзьмі шчырымі, руплівымі, інтэлігентнымі. Наогул, мала дзе яшчэ мне даводзілася сустракаць столькі сапраўдных патрыётаў сваёй малой радзімы, як у тых краях! І калі б толькі рэалізаваць такі рэсурс.

Пунькі без пунькі

У юбілейны дзень ля магілы Драздовіча збіраецца зусім небагата людзей — усяго колькі дзясяткаў. Атмасфера бадай сямейная — як быццам, сваякі прыйшлі на клады, каб памянуць кагосьці важнага ў іх родзе.

Да былога засценка Пунькі амаль ніхто не дабраўся: дарога туды дрэнная, дый і рабіць там асабліва няма чаго. Цяпер гэта — проста зарослы дрэвамі ды хмызоўем пагорак. Хаця заўсёднікі пленэраў яшчэ памятаюць тыя часы, калі ў Пуньках была адна хата, дзе жыў стары бабыль Артусь. Цяпер ад яе ўжо і следу не засталося.

Пару год таму творчая інтэлігенцыя выступіла з ініцыятывай аднавіць у Пуньках сядзібу, дзе нарадзіўся Драздовіч — можа, нават і з пунькай. Зразумела, што яна магла б стаць яшчэ адным цэнтрам прыцягнення для турыстаў. Але ў нашых эканамічных варунках наўрад ці хутка такая задума ўвасобіцца ў жыццё.

І таму памятны камень быў усталяваны ў Пуньках па ініцыятыве глыбоцкіх уладаў вельмі своечасова: іначай і самі тыя Пунькі маглі б узяць ды згубіцца.

Памятаю, у прыватнай гутарцы адзін супрацоўнік Міністэрства замежных спраў дзівіўся, чаму Драздовіча ў нас дасюль як мае быць не “раскручваюць”. Маўляў, гэта ж такая прывабная постаць для сучаснага чалавека! І асабліва для замежніка, бо пры ўсім сваім драматычным несупадзенні з уласным часам, дзядзька Язэп дзівосным чынам сінхранізаваўся з агульнасусветнымі мастацкімі павевамі. І яго творчасць, і сам лёс — надзвычай урадлівая глеба для размаітых інтэрпрэтацый, ад філасофскіх да прафанна-“папсовых”.

Так, зрухі ў грамадскім успрыняцці Драздовіча ёсць, гэта неаспрэчна. Сёння ўжо ніхто не будзе падкладаць маляванкі пад бульбу альбо кідаць разны кій у печ — як гэта здаралася дзесяцігоддзі таму. Але нягледзячы на тое, што захады па вяртанні “беларускага да Вінчы” з забыцця распачаліся яшчэ ў савецкія часы (першая выстава — 1979 год, першая манаграфія — 1983-ці), даводзіцца канстатаваць: прасунуліся мы на гэтым шляху пакуль не тое каб надта. І паколькі рэй тут па-ранейшаму вядуць паасобныя энтузіясты, прасоўванне ідзе даволі няспешна — з веласіпеднай, сказаў бы я, хуткасцю.

Ровар — гэта добры сродак руху. Душэўны ды экалагічна чысты. Але для таго, каб вывесці постаць Драздовіча на арбіту прызнання, сілы ног будзе недастаткова. У дадзеным выпадку патрэбны нейкі іншы транспарт — накшталт апісаных мастаком-візіянерам “многанабойнай таўкач-ракеты” або міжпланетнай тарпеды.