Дзетачка і Маргарытачка

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

Частка ІІ. “Мата Хары” з берагоў Камы і яе залюстроўе
У 1941 годзе ў ЗША на хвалі антыфашысцкіх настрояў было створана так званае Таварыства дапамогі Расіі ў вайне, у якое ўвайшлі кампазітары і музыканты Сяргей Рахманінаў, Ігар Стравінскі з жонкай Верай Судзейкинай, Уладзімір Горавиц, Яфрэм Цымбаліст, Яша Хейфец, мастакі Савелій Сорын (наш полацкі зямляк) і Аляксандр Архіпенка (парыжскі сябар Марка Шагала і Восіпа Цадкіна), літаратары Генрых Ман і Ліён Фейхтвангер, акцёры Чарлі Чаплін, Джон Гарфілд і Міхаіл Чэхаў і многія іншыя вядомыя асобы. Сяргей Канёнкаў быў абраны членам Цэнтральнага савета, а вось яго жонку Маргарыту аднагалосна абралі сакратаром Таварыства і забяспечылі штатам шматлікіх памочнікаў.

/i/content/pi/cult/713/15604/15.JPGДапамога Радзіме

З пазнейшых успамінаў Сяргея Канёнкава: “Мяне выбралі спенсерам (ганаровым членам) таварыства... Маргарыту Іванаўну запрасілі на адказную і клапатлівую пасаду адказнага сакратара. На тэрыторыі ЗША паўстала сорак аддзяленняў Таварыства дапамогі Савецкай Расіі, і Маргарыта Іванаўна нямала часу праводзіла ў дарозе, здзяйсняючы інструктыўныя аб’езды аддзяленняў. Ёй даводзілася два — тры разы на дзень выступаць на сходах і мітынгах, адказваць за працу апарата, які налічвае сотні супрацоўнікаў. Камітэт арганізаваў збор грашовых ахвяраванняў у фонд Чырвонай Арміі і рыхтаваў пасылкі ў СССР. У пасылках былі адзенне, медыкаменты, мыла, цукар і іншыя рэчы першай неабходнасці...”

Сапраўды, з гэтага моманту яна рэдка бывала дома і, па водгуках сучаснікаў, атрымала прыкметны поспех на дабрачыннай ніве, нямала зрабіўшы для дапамогі ахопленай вайною радзіме. Ну а паколькі ўсё рускае ў гады вайны стала ў ЗША вельмі модным, павысілася і папулярнасць сакратара Рускага таварыства. Яе партрэты часта мільгалі ў амерыканскай прэсе — прынамсі, куды часцей за выявы “найлепшага скульптара Амерыкі” Сяргея Канёнкава. Маргарыта стала жаданай госцяй у дамах творчай і навуковай эліты і ўплывовых палітыкаў ды бізнесменаў, уключна з сям’ёй самога Прэзідэнта ЗША Франкліна Рузвельта.

Натуральна, увесь гэты час сакратарка таварыства працавала пад усёбачным вокам савецкіх спецслужбаў, якія атрымлівалі ад яе нямала цікавай інфармацыі. Але хто тады пра тое ведаў?

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у перыяд “макартызму” і “палявання на ведзьмаў”, дзейнасць Таварыства дапамогі Расіі ў вайне была прызнаная “антыамерыканскай”. На той час Канёнкавы ўжо знаходзіліся ў Маскве. Аднак самае галоўнае ў нашым аповедзе да таго часу ўжо адбылося.

Падмануты муж

/i/content/pi/cult/713/15604/16.JPGГэтая гісторыя пачалася з таго, што ў 1933 годзе з гітлераўскай Нямеччыны ў ЗША эміграваў ужо знакаміты тады Эйнштэйн. У Прынстане дырэкцыя мясцовага інстытута фундаментальных даследаванняў пажадала мець у сябе бронзавы бюст Нобелеўскага лаўрэата. Заказ трапіў да Канёнкава — і найперш, мяркуючы па ўсім, дзякуючы намаганням той жа Маргарыты Іванаўны. Як аказалася, яна была выпадковай сяброўкай прыёмнай дачкі Эйнштэйна — Маргот (якая, дарэчы, мела рускага мужа Дзмітрыя Марыямава, сакратара Рабіндраната Тагора).

І калі Сяргей Цімафеевіч пабываў у Прынстане толькі адзін раз — падчас працы над бюстам Эйнштэйна — то Маргарыта, што называецца, туды зачасціла. Напачатку гэта не здавалася чымсьці незвычайным: ад Нью-Ёрка да Прынстана крыху больш за 80 кіламетраў.

Каб мець магчымасць праводзіць разам летнія адпачынкі і падоўгу заставацца сам-насам, Альберт Эйнштэйн напісаў Сяргею Канёнкаву ліст, у якім распавёў яму пра, нібыта, захворванне Маргарыты. Да ліста прыкладалася заключэнне ўрача — добрага прыяцеля Эйнштэйна — з рэкамендацыяй для Канёнкавай праводзіць як мага больш часу ў “спагадлівым клімаце на Саранак-Лэйк”, дзе Альберт Эйнштэйн пасля смерці сваёй жонкі Эльзы арандаваў катэдж і трымаў там сваю дарагую яхту.

Па ўсім відаць, скульптар і не здагадваўся, што Эйнштэйн з дзіцячай непасрэднасцю водзіць яго за нос, таму Маргарыту адпускаў з лёгкасцю. Пра памер ягоных ружовых акуляраў сведчыць і тое, як Канёнкаў характарызаваў свайго суперніка: “Мяне звязвалі шматгадовыя добрыя адносіны з гэтым мудрым і вельмі шчырым чалавекам. Ён арганічна няздольны быў на няпраўду”. Падмануты муж заўсёды падкрэсліваў “абсалютную сумленнасць” кавалера сваёй жонкі.

Зрэшты, на рэўнасць у скульптара проста не было часу. У сваёй майстэрні ў квартале Грыніч-Вілідж і па-за ёю ён працаваў як раб на галерах. Скупляў пні і дрэвы, паваленыя бурай у нью-ёркскім Цэнтральным парку, і ператвараў іх у фантастычную мэблю. А ў вольныя часіны з ахвотаю запрашаў гасцей-эмігрантаў у сваю творчую “келлю”, дзе за кілішкам каньяку або чаркай рускай гарэлкі яны ўспаміналі былое. Нярэдка яго бачылі на Брадвеі, дзе ён шпацыраваў са сваім рудым катом Рамзэсам на шыі замест каўняра — што прыводзіла ў захапленне нью-ёркцаў. І гэтым яго заняткі не вычэрпваліся.

Менавіта ў Амерыцы Канёнкаў сур’ёзна захапіўся тэасофіяй, размаітымі прароцтвамі пра будучыню чалавецтва. Дасканала вывучыў Біблію — і асабліва Адкрыццё Яна Багаслова — праштудзіраваў многія старажытныя трактаты і працы сярэднявечных тэолагаў і астраномаў, якія распавядалі пра канец свету. Па вялікім рахунку, яму было не да Маргарыты — з яе ўнутранымі перажываннямі і пачуццёвымі жарсцямі. У Амерыцы Канёнкаў лічыў за лепшае быць, вобразна кажучы, кантаўскай “рэччу ў сабе”.

Дакладна невядома, колькі гадоў Эйнштэйн і Канёнкава з’яўляліся палюбоўнікамі. Але відавочна, што спрэс да моманту расстання ў жніўні 1945 года іх адносіны заставаліся вельмі палкімі. Пры гэтым, Маргарыта мiжволi была вымушана пастаянна лавіраваць паміж Эйнштэйнам, Канёнкавым і агентамі НКУС, якія яе кантралявалі. Адпаведна, граць тры няпростыя ролі адначасова — жонкі, каханкі і шпіёнкі... І ёй гэта выдатна ўдавалася.

Працяглая таемная любоўная сувязь Маргарыты Канёнкавай і Альберта Эйнштэйна — гэта, пагадзіцеся, гатовы сюжэт для шматсерыйнага сусветнага блокбастара, чамусьці яшчэ нікім не рэалізаванага.

“Мы будзем чытаць Талстога”

Маргарыта Іванаўна перажыла і мужа, і свайго каханка. Памерла яна ў 1980 годзе — як і Уладзімір Высоцкі, падчас правядзення Маскоўскіх Алімпійскіх гульняў. У 85-гадовым веку і ва ўласным доме. Пагаворвалі, што яе замарыла голадам ейная хатняя прыслужніца.

Пасля смерці Канёнкавай у адной з яе тэчак уперамежку з газетна-часопіснымі выразкамі адшукаліся і некалькі дзіўных малюнкаў з нейкімі формуламі. Дарэчы, на адным з аркушаў з матэматычнымі выкладкамі апынуўся і варыянт тэорыі адноснасці.

А таксама сярод тых дакументаў быў санет, напісаны гатычным почыркам на нямецкай мове вечным пяром і падпісаны ініцыяламі “А.Е”. Аўтарства верша было відавочным: не выклікала сумневу, што яго стварыў сам Эйнштэйн. А вось расшыфраваць санет тады нікому не ўдалося: почырк вялікага фізіка быў не вельмі зразумелым. Зрэшты, паперы ўдавы вялікага скульптара ў той час мала каго цікавілі.

Апублікаваны гэты санет быў толькі праз 13 гадоў пасля смерці Маргарыты Іванаўны. Ён як нішто лепей пралівае святло на ўзаемныя пачуцці аўтара і адрасата. “Табе не вырвацца з сямейнага кола, — піша знакаміты фізік. — Гэта наша агульнае няшчасце. Скрозь неба незваротна і праўдзіва праглядае будучыня…”

Ды, нягледзячы на песімістычныя прагнозы адносна фіналу гэтых адносінаў, Эйнштэйн, усё ж, палка запрашае каханую прыехаць да яго ў Прынстан: “Цябе чакаюць супакой і адпачынак. Мы будзем чытаць Талстога… Ты кажаш, што мяне кахаеш, але гэта не так. Я клічу на дапамогу Амура, каб ён намовіў цябе ўмілажаліцца нада мною”.

Тады, на каляды 1943 года, Маргарыта, хутчэй за ўсё, скарысталася запрашэннем. Вынік быў такім, якім яго і прадказваў стваральнік тэорыі адноснасці: ужо праз паўтара гады Канёнкава вярнулася ў Савецкі Саюз, канчаткова абраўшы мужа.

Апошняе каханне вялікага фізіка і сапраўды было нешчаслівым. Але хіба мог я, малады на той час мастацтвазнаўца, здагадвацца пра гэтыя драматычныя калізіі ў восеньскі дзень 1969 года, праведзены ў цэнтры Масквы разам з немаладой і паважнай парай — Дзетачкай і Маргарытачкай?

Барыс КРЭПАК