Шар здароўя па-над плошчай Тысячагоддзя

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Як паведамляла “К”, з 10 па 18 ліпеня ў Віцебску праходзіць маладзёжны фестываль электроннай музыкі “360 Open air: музыка против СПИДа”. Па словах арганізатара фэсту, дзі-джэя Вячаслава БАТУРЧЫКА, электронны фестываль стане першай ластаўкай крэатыўнай індустрыі такога размаху ў Беларусі. “Мы плануем зрабіць “360 Open air” штогадовым, каб праз 10 гадоў аб праекце ведала ўся Еўропа”.

— Многія людзі ўспрымаюць электронную музыку, на жаль, як нейкую вузкаспецыяльную субкультуру, прычым з негатыўным адценнем, — тлумачыць ідэю фестывалю Вячаслаў Батурчык. — Мы ж імкнёмся выкарыстоўваць яе зброю — здольнасць яднаць людзей — у барацьбе супраць СНІДу, у прафілактыцы хваробы. Чаму не зрабіць добры рэйв і пры гэтым данесці да аўдыторыі важную інфармацыю? Мы будзем гаварыць аб тым, што нельга ўжываць наркотыкі і што трэба берагчы сваё жыццё, бо яно — цудоўнае.
Месцам правядзення фэсту была абрана плошча Тысячагоддзя. “Улады Віцебска пайшлі нам насустрач і пагадзіліся з арганізацыяй у горадзе такога грандыёзнага шоу. Мы вязём у Віцебск каля 70 кВт святла, спецыяльна абсталяваную сцэну. Каб быць больш-менш незалежнымі ад крыніц электраэнергіі, паставім свой генератар, які будзе выпрацоўваць каля 80 кВт энергіі. Мяркую, такое пакуль не дазваляў сабе ніхто на постсавецкай прасторы, акрамя славутага Казантыпа”, — распавядае дзі-джэй. Пад час “Славянскага базару ў Віцебску” горад максімальна адаптаваны да масавых мерапрыемстваў, таму, па папярэдніх прагнозах, “360 Open air” збярэ каля 40 тысяч чалавек.
Што да праграмы, дык на запрашэнне арганізатараў адгукнуліся 25 дзі-джэяў з 5 краін свету: Dakotta з Іспаніі, Miss O Lee з Украіны, Darya Roquette з ЗША, Bergamo з Расіі — усе персанажы для прыхільнікаў электроннай музыкі пазнавальныя. Будуць абавязкова беларускія музыкі — мінчане Che, Broliq, Top, S.Coma, з Магілёва — Wronsky brothers, Plansky, з Брэста — дзі-джэй Gost… Усе дзі-джэі, якія будуць выступаць на фестывалі, — сапраўдныя кампазітары, стваральнікі новых гукаў, рытмаў, музыканты, якія выдаюцца на прэстыжных лэйблах. І таму “360 Open air” — гэта, у першую чаргу, цікавая, вельмі прыгожая, насычаная музыка. Гэта не тое тэхна, у адносінах да якога склалася своеасаблівая “запраграмаванасць” — “музыка, што стукае па галаве” (аднак ці не з яе пачыналіся амаль усе тэхна-напрамкі), а новыя сучасныя стылі — мінімал-тэхна, прагрэсіў-тэхна, пад якія хочацца танчыць у любым выпадку. Такую музыку сёння граюць ды ствараюць і ў Беларусі.
“Нашым праектам хочацца сказаць: 2008 год можна лічыць вельмі знакавым і паспяховым для беларускай электроннай культуры. Некалькі дзён таму прайшоў знакаміты сусветны праект “Global Gathering”. Мяркую, у электроннага руху на Беларусі ёсць значная будучыня”, — кажа Вячаслаў Батурчык.
Фестываль будзе доўжыцца 9 дзён, распачаўшыся 10 ліпеня а 21.00 гадзіне. Уваход на яго — вольны.
Праграма фэсту на плошчы будзе завяршацца а 1-ай гадзіне ночы. Да адкрыцця “360 Open air” Вячаслаў Батурчык напісаў гімн фестывалю. “А на закрыццё мы плануем запусціць дваццаціметровы паветраны шар з адпаведным ідэі мерапрыемства антыСНІДаўскім лозунгам. Перакананы, што мы выбралі добрую зброю: такая агітацыя нашмат лепей за многія іншыя яе метады”.
У межах фестывалю асацыяцыяй “БелСетка АнтыСНІД” ініцыяваны збор сродкаў для хворых на ВІЧ. Для гэтага на плошчы будуць устаноўлены спецыяльныя палаткі. Дабрачынныя ахвяраванні, сабраныя на “360 Open air”, будуць накіраваны на дапамогу хворым дзецям у Светлагорску.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ