Птушынае пер’е ў нафтавай лужыне

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на Някрасава) адначасова праходзіць некалькі выстаў. Як па мне, усе яны вартыя глядацкай увагі. Але калі вы настроены выключна на станоўчыя эмоцыі, дык, можа, вам і не варта туды наведвацца.

/i/content/pi/cult/713/15599/6.JPGНа першым паверсе — дзве выставы паводле праграмы “Аўтсайдэр —Арт”. Фактычна гэта мастацкая самадзейнасць. Тут прадстаўлены работы тых, каму ў жыцці не пашчасціла. Так склаліся жыццёвыя варункі, што яны трапілі ў катэгорыю “людзі з абмежаванымі магчымасцямі”. Першая выстава — групавая. Яна мае назву “Зоркі жывуць у кожным”. Гэта жывапісныя вопыты пацыентаў псіханеўралагічнага дома-інтэрната для людзей састарэлага ўзросту і інвалідаў. Другая персаналія — “Аскепкі”. Яе аўтар Аляксей Ляпін мае сярэднюю мастацкую адукацыю, пэўны час працаваў у творчай сферы. Падобна на тое, што ўсё жыццё яму даводзілася быць зашпіленым на ўсе гузікі, і толькі цяпер надышоў час напоўніцу выявіць свае эмоцыі.

З мастацтвазнаўчых пазіцый разглядаць такія творы наўрад ці мае сэнс. Бо гаворка ідзе найперш пра арт-тэрапію. Пра лекаванне мастацтвам. Хоць шкала жыццёвых каштоўнасцей у кожнага свая, ды ўсё ж такі ёсць тое, што патрэбна ўсім — найперш здароўе, фізічнае і псіхічнае. Калі ж самотны чалавек па той бок жыцця, якое мы называем паўнавартасным, бярэцца за пэндзаль і фарбы, дык робіць ён гэта не дзеля таго, каб здзівіць свет, а каб здабыць супакой ва ўласнай душы.

Гэтыя карціны часам вонкава маюць агульныя рысы з узорамі дзіцячай творчасці, але адрозніваюцца ад іх сутнасна. Калі малюе дзіця — гэта адкрыццё свету і адаптацыя да ягоных рэалій. А на выставах “аўтсайдэраў” мы счытваем настальгічныя ўспаміны і няздзейсненыя мары — пры ўсведамленні, што другой спробы ўжо не будзе.

Калісьці ў брытанскага пісьменніка Самерсэта Моэма я прачытаў, што якія б мэты ні ставіў перад сабою чалавек, ён памыляецца. Бо не можа быць у яго іншых мэтаў, акрамя ўласнага задавальнення. І яшчэ: усе чалавечыя шляхі вядуць да расчаравання. Не вазьму на сябе смеласць спрачацца з мэтрам сусветнай літаратуры, але людзі, пазбаўленыя многіх радасцяў жыцця, чамусьці бываюць больш аптымістычнымі за тых, хто, так бы мовіць, усё мае. І гэты аптымізм я знаходжу ў некаторых работах згаданых выстаў.

На другім паверсе выстава-дыптых NEFT_Ь & THE ROOT. Першая частка — экспазіцыя, створаная Аленай Толабавай, другая — іспанскай мастачкай Аіксай Партэра. Творамі ў дадзеным выпадку трэба лічыць не асобныя рэчы, прадстаўленыя ў экспазіцыях, а самі экспазіцыі. Алена Толабава распавядае пра нафту. На першы погляд, чорныя плямы, розных памераў і канфігурацый, на белым тле выклікаюць не надта станоўчыя эмоцыі. Прынамсі, у мяне. Першая думка: дурыць мастак гледача. А як прыгледзішся больш уважліва ды анатацыю выставы прачытаеш, дык прызнаеш права аўтара быць менавіта такім і карыстацца менавіта такой выяўленчай мовай. Рэч ў тым, што ў святле глабальных праблем тую нафту можна далучаць пятым чыннікам да класічнага квартэту стыхій, якія складаюць наш сусвет. Вада, зямля, паветра, агонь і… нафта. Можа, і не гэта мела на ўвазе спадарыня Алена, але мне на яе выставе прыйшла на розум такая думка.

Праект Аіксы Партэра я назваў бы паэтычным і адначасова брутальным. Гэта спалучэнні птушынага пер’я і каранёў нейкіх раслін. З якіх птушак тое пер’е павыдзіраныя, і якім раслінам карані належаць, не ведаю. Я не батанік. Але само спалучэнне двух чыннікаў, якія сімвалізуюць неба і зямлю, не пазбаўлена філасафічнасці і здольна вярэдзіць розум, будаваць у думках асацыятыўныя шэрагі.

Яшчэ адна выстава (пра яе мы ўжо пісалі) у НЦСМ прысвечана таму беларускаму вяселлю — якім яно было, пакуль урбанізацыя не з’ела традыцыйную вёску. Вясельныя песні гучаць у няспынным рэжыме, ствараючы аудыяфон пры праглядзе ўсіх экспазіцый і надаючы шматаблічнай мастацкай прасторы сюррэалістычныя ноты.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"