Летуны па-над Бугам

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

На ХХІІІ Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” ў Брэсце гаспадары паказалі адразу тры свае прэм’еры. Прычым “за дужкамі” засталіся яшчэ некалькі тамтэйшых спектакляў, якія маглі б прэтэндаваць на гэтую ды іншыя фестывальныя сцэны.

/i/content/pi/cult/713/15597/4.JPG“Мой тата — птушк” Брэсцкага тэатра лялек, жанрава пазначаны як “анлайн-трансляцыя з сусветнага злёту летуноў”, — цудоўны сямейны спектакль. Ён створаны рэжысёрам Аляксандрам Янушкевічам паводле аднайменнай аповесці сучаснага англійскага пісьменніка Дэвіда Алманда, жанравую спецыфіку якой крытыкі акрэслілі як магічны рэалізм. Прасякнуты дабрынёй і спагадай, спектакль заклікае да ўзаемапаразумення. І пераконвае ў тым, што галоўны вораг — не якаясьці сярдзітая і надта правільная цётачка, а ўласнае нявер’е ў самога сябе. Што для паўнаты жыцця трэба гармонія зямнога і нябеснага, духоўнага палёту — і смачных цётачкавых галушак.

Прычым фінал цяжка назваць звыклым хэпі-эндам. Замест традыцыйнай перамогі над кімсьці, героі спазнаюць фіяска ды перажываюць перамогу над самімі сабой — і гэта аказваецца куды больш складаным. Спектакль каштоўны ўжо адным тым, што вучыць прайграваць. А без гэтага ўмення не бывае паспяховага ўзыходжання.

Але ж у пастаноўцы яшчэ і безліч уласна мастацкіх цікавостак! Музыка Аляксандра Літвіноўскага задае неабходны эмацыйны тонус: прывід ружовай мары набывае ў ёй рысы рэальнасці. Лялькі Таццяны Нерсісян, прызнанай найлепшым мастаком фестывалю, утрымліваюць спасылку на герояў мульціка “Брыдкі Я”. Дамок “у разрэзе” вымушае згадаць пабудовы для Барбі. Водная перашкода, якую трэба пераляцець, — гэта звычайны акварыум. У такім атачэнні шчодрае выкарыстанне камеры, праз якую вядзецца заяўленая “анлайн-трансляцыя”, становіцца не проста модным прыёмам, а яшчэ адным побытавым прыстасаваннем. Або, улічваючы прагу дзяцей да гаджэтаў, гэткай прасунутай цацкай. Спектакль невыпадкова насычаны звыклымі побытавымі рэчамі, з якімі штодзённа сустракаюцца дзеці і іх бацькі. Тым самым ён нязмушана вучыць, як можна гуляць самім — і прыдумляць свае ўласныя гісторыі з лялькамі і ўлюбёнымі героямі фільмаў.

“Прусачышча” Аўтарскай тэатральнай школы “Снами”, пастаўлены Таццянай Зарэмба па матывах аднайменнай казкі Карнея Чукоўскага (і з выкарыстаннем яго іншых твораў, якія юныя артысты дэкламуюць пераважна хорам), таксама, пэўна, задумваўся як спектакль для сямейнага прагляду. Менавіта таму ў ім узнікла (магчыма, дзесьці нават падсвядома) так многа “дарослых” матываў. І колькі ні гаварыла б рэжысёр пра дзеянне ў пясочніцы, але некаторыя сцэны ў мяне выклікалі асацыяцыі са сталінскімі часамі. Ды і Вераб’ю-пераможцу гэтак жа, як раней Прусаку, жывёлы нясуць даніну.

А вось маленькім гледачам, якія не ведаюць творчасці пісьменніка, часам увогуле незразумела, што адбываецца. Бо ў адрозненне ад першакрыніцы, тут усё пабудавана на выпадковасці. Абаяльны хлопчык у камуфляжным строі з вялізным цацачным Прусаком нечакана для сябе самога становіцца дыктатарам. Другі, на самакаце, гэтак жа раптоўна збівае першага. Перамога? Над Прусаком? Сама была сведкам, як маці беспаспяхова імкнулася растлумачыць сюжэт спектакля сваёй дачцэ.

Канешне, варта адзначыць, што ўдзельнікі пастаноўкі — дзеці. І бегаць па сцэне для іх — проста задавальненне. Невыпадкова самымі працяглымі становяцца моманты радаснай мітусні пад выдатна вырабленымі рознакаляровымі пальмамі.

Наколькі цікава нам гэта назіраць? Вельмі цікава, калі там — нашы дзеці, унукі, знаёмыя. Калі ж адкінуць тыя “сваяцка-сяброўскія” сувязі і заўсёднае замілаванне дзецьмі, пачынаеш заўважаць недахопы: і маршыруюць не ў нагу, і гавораць (дакладней, вершы чытаюць) не заўжды натуральна. Але ім падабаецца сам працэс — і гэта добра.

У “дарослую” праграму фестывалю быў уключаны спектакль “Нявольніцы” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Няцяжка зразумець, чаму гаспадары, маючы ў сваім рэпертуары адразу некалькі прэм’ер, спыніліся менавіта на гэтай. “Нявольніцы” — сумесны праект калектыву з Саюзам тэатральных дзеячаў Расіі. Але ж ці спрацавала класічная формула “Нам даслала Масква падмацаванне”?

Паводле анатацыі, малады маскоўскі рэжысёр Ягор Равінскі перанёс дзеянне аднайменнай п’есы Аляксандра Астроўскага “ў другую палову ХХ стагоддзя”. Але бачым мы на сцэне нейкую сумесь 1990-х з 2010-мі. І гэта слаба карэлюе з архаічным тэкстам, пакінутым практычна без змяненняў. Нейкі багацей жыве ў шматпакаёўцы з інтэр’ерам у стылі лофт, вінілавым прайгравальнікам і рэпрадукцыяй Караваджа ў сваім кабінеце (мастак — Аляксей Вацякоў з Санкт-Пецярбурга). Святкуе дзень народзінаў у хатніх абставінах — з сябрам і ягонай жонкай. Збіраючыся ў камандзіроўку, вешае на сябе кабуру з пісталетам. І амаль праз тыдзень вяртаецца ў той жа кашулі з тым жа гальштукам: мабыць, кабуру і ўночы не здымаў. Жонка таго “бізнесмэна” не паспявае змяняць дома вячэрнія сукенкі, але радуецца танным кітайскім свечкам на торціку з крамы. Святло амаль увесь час сыходзіць з адчыненых дзвярэй пакою налева, бы там — вечны світанак, нягледзячы на пару дня (мастак па святлу — Нарэк Туманян з Масквы).

Вядома, тэатр можа аперыраваць умоўнасцямі. Але, пэўна, не ў тым выпадку, калі сцэнаграфія прэтэндуе на модны гіперрэалізм. Да ўсяго, мы пачынаем чакаць такога ж гіперпсіхалагізму і ў сцэнічным дзеянні. Ды праз некалькі імгненняў разумеем, што перад намі — усяго толькі перанесеная ў тэатр стылістыка расійскіх “мыльных” серыялаў, дзе ўсё дрэнна і з храналогіяй, і з логікай паводзінаў. Невыпадкова далейшыя перамены сцэнаграфіі дэманструюць тую самую кватэру, толькі з іншых ракурсаў — бы камеру перасунулі на новае месца.

У выніку галоўнымі “нявольнікамі” становяцца артысты, вымушаныя выконваць прапанаваныя ім мізансцэны і тым самым не сачыць за развіццём характараў сваіх герояў у тых ці іншых абставінах, а разыгрываць пэўныя сітуацыі без залежнасці ад псіхалогіі персанажаў. Бачна, як Таццяна Строк, Аляксей Шчарбакоў, заслужаны артыст Беларусі Міхал Мятліцкі і іншыя імкнуцца спасцігнуць сваіх герояў, падаплёку іх паводзін і ўчынкаў, укладаюць у свае ролі ўсю душу — але дарэмна! На першы план так ці іначай выходзяць жанравыя сцэны, якія прывабліваюць сюжэтам, а не тонкім псіхалагізмам: там усё зразумела. Затое незразумела, што хацелі сказаць пастаноўшчыкі гэтай “драматычнай камедыі”, дзе не смяешся, а пакутуеш за артыстаў. Што браць шлюб без кахання дрэнна? Ну так, сапраўдная навіна.

Шкада, што Брэсцкі тэатр драмы аказаўся на гэтым фэсце такім сціплым. Бо праграму можна было дапоўніць, напрыклад, спектаклем “За крапівой бераг”, які мне давялося паглядзець у запісе. Рэжысёр Валянціна Янавец задумала “даследаванне” жыцця і творчасці Сяргея Ясеніна некалькі гадоў таму, пачала збіраць матэрыялы, складаць тэкст. Але потым, калі ў Нацыянальным тэатры імя Максіма Горкага выйшаў “Пясняр”, ад чагосьці адмовілася, бо некаторыя ранейшыя ідэі аказаліся сугучнымі ўбачанаму: “Бераг” таксама прысвечаны апошнім імгненням жыцця творцы, калі мінулае праносіцца перад вачыма. Спектакль адкрывае невядомыя шырокаму колу факты, спалучае іх з вершамі — папулярнымі і не — стварае багатыя мастацкія асацыяцыі, выкарыстоўвае асобныя прыёмы тэатра лялек (мастакі — Мікалай Палтарака і Таццяна Ярашук), вылучаецца сур’ёзнымі акцёрскімі работамі Аляксея Шчарбакова і Таццяны Дзячэнка — яна ўвасабляе адразу ўсе жаночыя вобразы, уключаючы Смерць. Гэты “маналог на два галасы” — папраўдзе фестывальны!

Яшчэ адным прэтэндэнтам на афішу “Вежы” мог бы стаць, на мой погляд, спектакль “Фрэкен Жулі”. Рэжысёр Цімафей Ільеўскі прачытаў п’есу Аўгуста Стрындберга як “гульню ў Іванаву ноч”. Дадаў некалькі фальклорна-танцавальных эпізодаў і тым самым быццам працягнуў нашу нацыянальную тэатральную традыцыю першай трэці ХХ стагоддзя — “абрад на сцэне”, дзе драма герояў разгортвалася на фоне жанрава-эпічнай народнай дзеі. У пастаноўцы шмат сімвалаў-падказак (акарына — душэўная адзінота, сурдут — падпарадкаванне, поза эмбрыёна — безабароннасць, маленькія цацачныя коні — мроі), выкарыстаны і тэатр ценяў. На жаль, мяркуючы па ўбачаным мной запісе, некаторыя цікавыя рэжысёрскія ідэі не атрымлівалі адэкватнага акцёрскага ўвасаблення. Але гэтыя складаныя ролі — шмат у чым “на выраст”. Балазе, сам зварот да такога матэрыялу пашырае як магчымасці артыстаў, так і светапогляд гледачоў.

Без сумневу, такая размаітая прэм’ерная палітра Брэсцкага драматычнага сведчыць пра ягоную адкрытасць да сусветных тэатральных тэндэнцый. І гэта зусім не сорамна дэманстраваць у фестывальнай праграме.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"