Разгерметызацыя і легітымізацыя

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

Міжнародны форум тэатральнага мастацтва TEART, які мае слоган “Разгерметызацыя”, — у самым разгары. Але яго беларуская праграма ўжо завершана. Запрошаныя на шоу-кейс Belarus Open замежныя крытыкі абмеркавалі ўбачанае на сустрэчы з крытыкамі айчыннымі.

/i/content/pi/cult/713/15594/3.JPGАндрэй МАСКВІН, тэатральны крытык, даследчык, выкладчык (Польшча):

— Сёлета была прадстаўлена бадай наймацнейшая праграма за ўсе пяць гадоў беларускага шоу-кейса. Першая прычына яе адметнасці і надзвычай высокага ўзроўню — у выбары, зробленым куратарам Belarus Open Людмілай Грамыка. Другая, яшчэ больш важная, — у самой сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Сёлета я налічыў ажно шэсць — сем спектакляў, якія не проста могуць быць паказаны на любым еўрапейскім фестывалі, але і складуць добрую канкурэнцыю яго хэдлайнерам. Для параўнання: на мінулых шоу-кейсах такіх спектакляў было хіба два — тры. Таму і мы, і вы павінны зрабіць усё магчымае, каб беларускі тэатр выйшаў за межы Беларусі. Для гэтага ёсць усе падставы!

Па-першае, беларуская драматургія ў цяперашні момант знаходзіцца на піку свайго развіцця. З’яўляюцца і ўвасабляюцца на сцэне п’есы, якія ўвойдуць у гісторыю нацыянальнага — і не толькі — мастацтва.

Па-другое, ёсць выдатныя рэжысёры, якія паводле свайго ўзроўню валодання прафесіяй не саступаюць перадавым еўрапейскім пастаноўшчыкам. Калі прасачыць, як развіваюцца гэтыя рэжысёры, мы ўбачым вялікую эвалюцыю, а не тыражаванне аднойчы знойдзеных прыёмаў. Вельмі важна не толькі тое, як яны працуюць над літаратурным тэкстам, знаходзячы ў ім дадатковыя сэнсы (прыкладам, як у “Чалавеку з Падольска”), але і тое, што яны шукаюць самыя розныя сродкі выяўлення — у музыцы, святле, пластыцы, іх нечаканых спалучэннях.

Па-трэцяе, у Мінску пашырылася сама арт-прастора. Больш стала месцаў, дзе можна не проста выпіць кавы, але і пасядзець там з кніжкай у руках, патрапіць на творчую сустрэчу. Скажам, з’явілася пляцоўка Оk16, адкрытая да ўсяго новага. Дый сама арганізацыя форуму — на вышэйшым узроўні.

Але ёсць і тое, што не можа не насцярожваць. Дзе вашы маладыя крытыкі? І дзе добрая рэклама? На некаторыя спектаклі беларускага шоу-кейса я не змог знайсці ў інтэрнэце рускамоўных рэцэнзій. Не ўбачыў я і асаблівай зацікаўленасці журналістаў. У тым жа Магілёве цягам Міжнароднага фестывалю “М@rt-кантакт” я звычайна даю безліч інтэрв’ю для самых розных мясцовых выданняў, радыё і тэлебачання. А тут да мяне звярнуліся толькі аднойчы. Няўжо ў сталіцы адбываецца столькі важных культурных падзей, што Belarus Open застаецца дзесьці ў ценю?

Ірына ЧУЖЫНАВА, тэатразнаўца (Украіна):

— Вельмі важна, што ваш паказ уласных спектакляў, у адрозненне ад фарміравання шоу-кейса на некаторых іншых замежных фестывалях, — мерапрыемства зусім не дзяжурнае. Ва Украіне таксама праходзіць многа дыскусій пра тое, як нам стаць часткай еўрапейскай культурнай прасторы. У гэтым памкненні мы часам пачынаем капіраваць замежныя прыклады. Але ў гэтым і праблема: як захаваць свае традыцыі, нацыянальную пазнавальнасць — і ў той жа час навучыцца гаварыць на новай тэатральнай мове, якая будзе зразумелай культурнай грамадскасці іншых краін. Уласна кажучы, такая задача стаіць перад усімі постсавецкімі краінамі. І яна тым больш актуальная, што ў Еўропе чым далей, тым больш цэніцца не ўніфікацыя, а індывідуальнасць.

У гэтым працэсе надзвычай важную ролю адыгрывае сучасная драматургія: менавіта яна дае новыя тэмы, фарміруе вобраз краіны. У Беларусі я знайшла падставу для самых сур’ёзных тэатразнаўчых размоў і навуковых распрацовак. Без сумневу, у вас прыйшло новае пакаленне творцаў, якія імкнуцца парушаць стэрэатыпы і апрыёры адчуваюць сябе часткай Еўропы. Гэта значыць, што працэс развіцця вашага нацыянальнага тэатральнага мастацтва, скіраванага на лепшыя еўрапейскія здабыткі, не спыніцца.

Нарэшце, у вас папраўдзе цудоўныя акцёры, здольныя данесці да публікі самыя смелыя рэжысёрскія задумы.

Вельмі важным мне ўяўляецца і тое, як ваш тэатр вядзе дыялог з сусветнымі культурнымі традыцыямі. І ваша, і наша мастацтва ў свой час не перажылі канчатковага асэнсавання антычнасці, як гэта было ў іншых еўрапейскіх краінах. Таму цяперашні зварот да класікі і яе паяднанне з сучаснасцю, якія сёлета я назірала адразу ў некалькіх вашых спектаклях, здаецца мне неабходным крокам на шляху спасціжэння сусветных здабыткаў.

Не менш важна і тое, як тэатр рэагуе на балявыя кропкі сучаснасці. Той жа “Чалавек з Падольска” падаўся мне вельмі актуальным: нас таксама сёння вучаць “радзіму любіць”. А “Ліпень” — сведчанне таго, як змяніўся тып тэатральнай умоўнасці. Бо вострая, новая для нашага тэатральнага мастацтва тэма раскрываецца вядомымі і раней сродкамі сімвалізму і экспрэсіі.

У цэлым жа, праграма аказалася надзвычай гарманічнай. У ёй праглядаецца рэальны зрэз вашага тэатральнага працэсу. Бачна, што тэатр жывы, бо жыццё — гэта заўжды разнастайнасць. У адрозненне ад смерці.

Свэн КАР’Я, драматург, загадчык літаратурнай часткі Тэатра Ванемуйнэ (Эстонія):

— Сачу за фестывалем трэці год. І магу засведчыць, што гонар вашага тэатральнага мастацтва — сучасная беларуская драматургія: творы Паўла Пражко, Дзмітрыя Багаслаўскага, Андрэя Іванова, Віталя Каралёва. Я параўнаў бы іх п’есы са скандынаўскай і, у прыватнасці, фінскай драматургіяй. Гэта простыя гісторыі без аніякай штучнасці, але і без банальнасцяў-трывіяльнасцяў, з магутнай жыццёвасцю. Папраўдзе дарослы погляд на праблемы грамадства і сучасная падача тэмы, якая прадугледжвае розныя ўзроўні прачытання. Так, за знешнім побытавым рэалізмам п’есы “С училища” тояцца тонкія матэрыі, што сведчаць пра знікненне трывалых маральна-этычных каштоўнасцяў у сучасным жыцці. Таму хаця на цяперашнім Belarus Open не было пастановак у стылі вербацім, гэта не значыць, што беларускі тэатр страціў сувязь з рэчаіснасцю. Наадварот, можна гаварыць пра сублімацыю той жа антычнай міфалогіі ў рэальнасць. У “Бетоне”, заснаваным на гісторыі Арфея і Эўрыдыкі, адчуваецца яўны пульс сучаснага жыцця. У аснову “Крыжовагапаходудзяцей” пакладзены жанр сярэднявечнай пастаралі. Але праз яго таксама шукаецца выхад да сучаснасці!

Заўважу і тое, што сёлета было мала гумару. Праўда, “Рэвізора” я не бачыў, бо прыехаў пазней. Але той жа “Чалавек з Падольска”, якога я ў свой час чытаў і ўвесь час смяяўся, атрымаў у вас цалкам сур’ёзнае рашэнне: на спектаклі — ніводнай усмешкі ў зале. Можа, не трэба так баяцца камедый? Яны могуць быць не менш канцэптуальнымі за драмы.

Радуе, што з’явілася такая тэатральная пляцоўка, як Оk16. Бо калі раней некаторыя наватарскія спектаклі іграліся на традыцыйнай сцэне, яны шмат чаго страчвалі — найперш неабходную атмасферу, бо існаваў рэзкі падзел на сцэну і залу.

Прыблізна тыя ж думкі выказвалі тэатральныя дзеячы з Германіі, Літвы: як імкліва развіваецца беларускае тэатральнае мастацтва, разбураючы ўсе стэрэатыпы ўспрыняцця Беларусі на Захадзе.

Напрыканцы сустрэчы выступілі і айчынныя крытыкі, і даследчыкі тэатра.

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна АРЛОВА пацвердзіла меркаванне замежных экспертаў — сёлетняя праграма насамрэч была самай моцнай за ўсе ранейшыя гады:

— Адзінае, замест “Рэвізора” я прапанавала б уключыць у шоу-кейс “Радзіва Прудок”, бо гэты спектакль, як і “Дарожка мая” Івана Кірчука, адкрывае Беларусь з новага боку. Цудоўна, што ў час абмеркавання прагучала думка пра пераймальнасць традыцый. Першыя айчынныя спектаклі, вылучаныя на TEART, такімі і былі. Але мы ўсталі на іншыя рэйкі і прапануем новую тэатральную мову — найперш Яўгена Карняга і Юрыя Дзівакова. Звярну ўвагу і на тое, што раней у шоу-кейсе была прадстаўлена пераважна сталіца. Сёлета ж туды ўвайшлі таксама тэатры Брэста, Магілёва, Маладзечна.

Галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ: — Наш шоу-кейс — гэта яшчэ і легітымізацыя беларускага тэатра, магчымасць для альтэрнатыўных калектываў патрапіць у фокус глядацкіх інтарэсаў, адчуць сваю запатрабаванасць. Вынікам мінулых такіх паказаў стала тое, што нашы маладыя рэжысёры атрымалі запрашэнні ставіць у дзяржаўных тэатрах.

Сваімі развагамі пра TEART падзяліўся і адзін з яго галоўных ініцыятараў — старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар БАБАРЫКА:

— Для нас прынцыпова важна, як гэты фестываль уплывае на развіццё беларускага тэатра. Першыя пяць гадоў, уключаючы фестываль-папярэднік “Панарама”, у нас было адчуванне, быццам нічога не мяняецца, нават думалі кінуць гэтую справу. І раптам убачылі, што змяніўся глядач: ён прыняў еўрапейскія пастаноўкі. Потым у пэўны момант зноў падалося, што ходзім па коле. Сёння тыя сумневы мінулі. Але нам не хапае прасоўвання беларускага тэатра ў Еўропу, і калі госці гатовы нам дапамагаць, дык мы пагодзімся фінансаваць такія праекты. Пастараемся таксама забяспечыць Оk16 належным абсталяваннем.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"