Раскажы, бабуля, патлумач

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

Ёсць такая прафесія: бабулек слухаць. І не толькі слухаць, але асэнсоўваць ды захоўваць філасофію вясковага слова і светаўспрымання. Для чаго? Прыкладна для таго ж рэстаўратар аднаўляе фарбы на амаль выцвілай фрэсцы на лядашчай царкоўнай сцяне. Штосьці, безумоўна, крыецца за ўсімі гэтымі напаўзабытымі сімваламі ды знакамі. Карціна сусвету ва ўяўленні беларуса? І гэта таксама. Багацце нашай мовы? Няма сумневу! Адзін з тых, хто ўмее слухаць бабулек — Генадзь Лапацін, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, а таксама — паэт, фалькларыст, этнограф.

/i/content/pi/cult/713/15593/0080_opt.jpegГэта ж агульная бяда: мы перасталі задаваць пытанні тым, хто здолеў зразумець штосьці важнае ў жыцці. Генадзь задае іх не адзін дзясятак гадоў. Ды так, што бабулькі за ім цугам ходзяць. Шмат такіх, але ёсць і любімая — Варвара Грэцкая з пасёлка Амяльное, жыхароў якога адсялілі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Варвара Аляксандраўна жыве з таго часу ў Ветцы.

Першую кнігу (выйшла ў 2015 годзе) Лапацін назваў “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры”. “К” пісала пра нестандартнае выданне, дзе старэнькая кабета праз былічкі, легенды, прыкметы, павер’і, абрадавыя песні распавядае пра сямейны і абрадавы побыт, уяўленні пра жыццё і смерць. Словам, вось яна, карціна сусвету ад першай асобы.

Другая кніжка, дзе ў цэнтры ўвагі таксама бабка Вара, выйшла сёлета. Гэта, па меркаванні аўтара Генадзя Лапаціна, фразеалагічна-парэміялагічны слоўнік асобы (парэміялогія — падраздзел фразеалогіі, які вывучае знакі мовы, неабходныя для чалавечых зносін: прымаўкі, прыказкі, выслоўі, загадкі і гэтак далей). У выданні “К каждаму разгавору прыказка ё” — больш за дзве тысячы такіх знакаў-адзінак. Занатоўваліся яны з 2005 па 2012 гады. Цікава, што мову сваю Варвара Аляксандраўна не называе “трасянкай”, бо ў яе для гэтага іншых азначэнняў хапае: “калісяшняя”, “старынная”, “амеленская”, “прыродная”, “дзеравенская”. Вось як яна сама вызначае адметнасці ўласнай мовы: “Ну, вот у нас гаварылі “рябая карова”, а марозаўцы казалі “рабая”, у нас “рятуйця”, а там “ратуйцяю”. А Марозаўка — чатыры кілометры ат нас. У Гуці па-свойму гаварылі, а ў Неглюбцы тожа па-свойму. Які-небудзь разгавор, дак яны: “Тутачкі, мамачкі…”

Кніга ўнікальная. У выніку вывучэння дыялектнай фразеалогіі ўпершыню з’явіўся парэміялагічны слоўнік канкрэтнай асобы. Гэта па-першае. Па-другое, карціна сусвету пададзена праз жыццё канкрэтнай вёскі, якой даўно няма, а мова яе жыве. Ці не найпершы гэта абавязак музейшчыка — вучыць памятаць?

Давайце літаральна на некалькіх абзацах кнігі спынімся. Што такое “хіміны куры”? “У Хімы, гаварылі, курэй ня кормяць. З куросання злязяць і пайшлі па чужых дворах…” На каго так казалі? “Я б і на цябе сказала. Ты б адно не дадзелаў, другое браў. Дак і я. Адзін канец ізвязала і ўсё. Матка: “Во ўжо! Рабацяга! Хіміны куры — ня дзеўка. Дадзелай рушнік!”

А што такое “Чуж чужына?” “Ні радня ніякая. Проста ён сам быў із Літвы, яна — беларуска. І вот яны дружаць і дружаць, як свае. Родныя так ня будуць дружыць. Чуж чужына. У нас усі так казалі. Дзед Майка казаў: “Куліна, ты ж на міне не ругайся. Я паехаў у Амерыку, там — чуж чужына. Не было ў мяне нікога свайго…”

Пагадзіцеся, каментары бабулі Вары — адмысловыя, жывыя, за імі — немалы жыццёвы досвед. “К каждай жызні прыказка ё”.