Галасамі ўдзячных людзей

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры мы вырашылі звярнуцца да людзей, якія не маюць непасрэднага дачынення да згаданай сферы, але маюць што сказаць пра яе рупліўцаў. У выніку атрымалася гэткае калектыўнае віншаванне, звернутае да тых, хто пераўтварае нашы будні ў свята.

Ці дбае хірург пра душу?

/i/content/pi/cult/713/15592/opt.jpegІрына КАСЕНКА, урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Мікалая Аляксандрава

 — Калі я чую ад маладзейшых калег, што яны не маюць часу чытаць кнігі і хадзіць у тэатр, што мастацтва і культура ўвогуле ніяк не стасуюцца з іхняй працай, мне згадваюцца словы Эйнштэйна : “Дастаеўскі дае мне болей, чым які заўгодна светач навукі”.

Я гэта да таго, што прафесійны патэнцыял складаецца не толькі з ведаў і навыкаў, наяўнасць якіх дае права лічыцца спецыялістам у той ці іншай галіне. Прафесіянал павінен быць усебакова развітай асобай. Тэза зацяганая, але верная. Часам рашэнне праблемы знаходзіш, калі паглядзіш на яе з нечаканага гледзішча. Калі, зразумела, такое гледзішча маеш… Скажам, хірург, што ведае псіхалогію, якая наўпрост з ягонай спецыяльнасцю не звязаная, мае перавагі перад сваім калегам, які ведае толькі, як карыстацца скальпелем.

Я хірург-анколаг і праз свой немалы досвед прыйшла да высновы, што шэраг захворванняў маюць асноўнай прычынай не фізіялогію, а, як сказалі б вернікі, стан душы. Калі змяніць лад думак, з’яўляецца дадатковы шанец перамагчы хваробу. А дзе псіхалогія, там і філасофія, якую разумееш лепей, калі маеш уяўленне пра мастацтва. Таму што культура, мастацтва — самае праўдзівае люстэрка цывілізацыі і чалавечай натуры.

Яшчэ са студэнцкіх часоў памятаю, што даволі цяжкая медыцынская навука лепей давалася тым, хто меў нейкія творчыя здольнасці і цікавіўся чымсьці па-за межамі навучальнай праграмы. Яны, як потым высветлілася, і кар’еру лепшую зрабілі, і большага дасягнулі як прафесіяналы.

Мне пашчасціла, што ў маім дзяцінстве бацькі парупіліся, каб я акрамя звычайнай школы скончыла яшчэ і музычную, каб займалася бальнымі танцамі, брала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Я дагэтуль захоўваю тыя ноты і падручнікі, якія на развітанне падарыла мне мая настаўніца па музыцы.

Занятак той ці іншай формай творчасці, хай нават на аматарскім узроўні — у студыі малявання, танцавальным, тэатральным ці літаратурным гуртку — не толькі спрыяе набыццю ведаў і навыкаў, якія калі-некалі могуць спатрэбіцца, але найперш развівае эмацыйную сферу асобы. Канешне, цвярозы разлік будзе дарэчы ў кожнай справе, але дасягнуць выдатнага выніку можна толькі тады, калі прыкладаеш да справы сэрца.

Калі меркаваць па заробках работнікаў сферы культуры, прафесіі бібліятэкара, выкладчыка дзіцячай школы мастацтва, метадыста дома культуры — не самыя рэйтынгавыя. Відаць, з прычыны недаацэнкі іх сацыяльнай ролі. Я ўяўляю, што гэта за работа, бо ёсць у мяне сяброўка Алена Храмкова, якая шмат гадоў працавала ў Гродзенскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці. Таксама, як і я — гараднічанка. Скончыла мастацкую школу, атрымала вышэйшую адукацыю. Маючы здольнасць і схільнасць да мастацтвазнаўства, збіралася паступаць у аспірантуру пры тэатральна-мастацкім інстытуце. Па шэрагу прычын гэтыя планы не здзейсніліся, але ўсе свае таленты яна аддала працы з народнымі майстрамі і самадзейнымі мастакамі. Калі бываю ў Гродна, заўжды з ёю сустракаюся.

У пэўнай ступені дзякуючы ёй я маю цікавасць да выяўленчага мастацтва. Першыя альбомы рэпрадукцый паказала мне менавіта яна. Потым, ужо ў сталыя гады, арыгіналы тых карцін я бачыла ў музеях Парыжа і Вены. Дарэчы, і на маё асабістае жыццё яна паўплывала: пазнаёміла мяне з чалавекам, які стаў маім мужам.

 

 

/i/content/pi/cult/713/15592/_DSC3455-9999998787_opt.jpegЯкая навука без ідэалаў?

Пётр ВІЦЯЗЬ, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР:

— Я скончыў школу ў Бярозе ў 1955 годзе. Тады, у пасляваенныя гады, без бібліятэчных класічных кніг, без прагляду новых кінастужак накшталт “Маладой гвардыі”, без яскравых выступленняў мясцовых і заезджых артыстаў на сцэне гарадскога Дома культуры свайго жыцця мне, падлетку, уявіць было проста немагчыма! Многія кнігі і фільмы выхоўвалі мяне з дзяцінства, натхнялі на вучобу. Менавіта там, у сваёй роднай бярозаўскай бібліятэцы, я зразумеў простую ісціну: без карпатлівага спасціжэння ведаў нічога і ніколі ў жыцці не будзе!

Яскравым пацвярджэннем гэтага стаў для мяне і палёт першага савецкага спадарожніка ў 1957 годзе. Гэтая падзея вельмі моцна запала мне ў душу і прымусіла ўпершыню задумацца пра сур’ёзнасць і значнасць навуковай дзейнасці. Але ж, як кажуць, мала захацець быць навукоўцам — ім яшчэ трэба зрабіцца. А для гэтага патрэбна ў першую чаргу праца. Праца над навуковымі артыкуламі, над дысертацыяй. У бібліятэках я бываў і бываю вельмі часта і лічу, што без кніжніц не можа “нарадзіцца” ні адзін навуковец.

Я перакананы, што чалавек усё жыццё павінен працаваць над сабой, спасцігаць нешта новае. Ён павінен вучыцца назапашваць веды, каб стаць культурным чалавекам. Для гарманічнага развіцця асобы культурная сфера мае каласальнае значэнне. Толькі праз культуру, праз зварот да духоўных традыцый народа мы зможам выхоўваць і патрыятызм, і любоў да сваёй малой радзімы, і любоў да сваіх бацькоў.

Таму ў дзень работнікаў культуры хочацца павіншаваць усіх тых, хто звязаны з гэтай сферай, пажадаць ім плёну, паспяховай працы, радасці ад зробленага і памкнення да новых творчых перамог! Ваша праца вельмі важная для Беларусі і ўсіх беларусаў!

Вытворчасць ад творчасці неаддзельная

Ігар МАСЬКО, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Стрыгава” Кобрынскага раёна:

/i/content/pi/cult/713/15592/888888_opt.jpeg— Вытворчасць ад творчасці аддзяліць немагчыма. Я не буду сёння пра заезджых зорак, пра артыстаў прафесійнай сцэны. Яны, канечне, малайчыны, і на нас, работнікаў палёў і ферм, ніколі не забываюцца. Я найперш — пра нашу стрыгаўскую мастацкую самадзейнасць, якая, па маім перакананні, заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Я сам мясцовы, і цудоўна ведаю, якую ролю адыгрываюць у нашым вясковым жыцці шчырая песня, вясёлы танец, добрае мастацкае слова.

Дык вось, народны ансамбль песні і музыкі “Ясніца” Стрыгаўскага сельскага дома культуры стаў ужо брэндам усёй Кобрыншчыны. За год дае па 80 — 90 канцэртаў, часта Польшчу наведвае. Цяпер нават і не ўяўляю, каб нейкае мерапрыемства СВК ладзілася без удзелу “Ясніцы”. Нядаўні прыклад — Свята вёскі. Прайшло яно на адным дыханні, эмоцый выклікала мора. Дзякуй за гэта вялікі ўсім сельскім работнікам культуры!

Артысты нас падтрымліваюць маральна, мы іх — матэрыяльна. Апошні наш спонсарскі падарунак — якасная музычная апаратура, набытая за кошт гаспадаркі.

Безумоўна, шчыльныя стасункі ў СВК і з раённым аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Начальнік аддзела Надзея Жук — чалавек сумленны, прынцыповы, ды і прафесіянал вельмі моцны. Ва ўзаемаадносінах у нас — поўнае ўзаемаразуменне. Ды ці можа быць інакш?

Яшчэ раз віншую землякоў, работнікаў культуры Кобрыншчыны з прафесійным святам. Здароўя вам, і новых творчых здабыткаў!

 

 

/i/content/pi/cult/713/15592/t.jpegБібліятэкар —сапраўдны паэт

Віктар ШНІП, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паэт:

— Сваё стаўленне да работнікаў культуры на старонках “К” выказваю не ўпершыню. У 2009 годзе па просьбе рэдакцыі я напісаў тэкст, на які Ігар Лучанок паклаў музыку. У выніку цягам сутак нарадзілася “Песня пра работнікаў культуры” (твор на раёнах карыстаецца папулярнасцю — “К”.). Кожны з нас, я перакананы, мае за што падзячыць гэтым па-добраму апантаным людзям.

Мяне, да прыкладу, як магнітам, цягнула ў бібліятэку. Спачатку — у школьную, потым — у сельскую, што знаходзілася пры школе, яшчэ праз нейкі час — у гарадскую. Ды і па сёння цягне ў кнігарні і бібліятэкі. І заўжды хвалююся: а раптам не паспею і патрэбную мне кнігу забярэ ці купіць іншы. Бібліятэкары мне падаюцца людзьмі вельмі тонкімі па натуры: ведаюць, на якой паліцы стаіць кніга, у якім яна стане, хто яе чытаў да мяне. Думаю, такія бібліятэкары — сапраўдныя паэты. З імі можна гаварыць на роўных, закранаючы любую тэму.

Натуральна, самая блізкая бібліятэка — першая, тая, што ў родных Пугачах (Віктар Шніп нарадзіўся на Валожыншчыне — “К”.). Я сюды рэгулярна завітваю, тут на стэндзе — мае кнігі, а наўкола — адны з першых маіх чытачоў. Я ўвогуле люблю наведваць бібліятэкі, шчыльныя стасункі з чытачамі ніколі не бываюць залішнімі. Часта бываю ў Валожыне, дзе 21-гадовым юнаком стварыў літаратурнае аб’яднанне, у Ракаве. Бываю і ў бібліятэках, і ў кнігарнях. Толькі вось апошнім часам кнігарань значна паменела. Змірыцца з гэтым немагчыма.

Я і ў клубнай мастацкай самадзейнасці школьнікам удзельнічаў. Памятаю, на сцэне мы выступалі не толькі ў Пугачах, але і ў навакольных вёсках. Пачуў аднойчы, як вяскоўцы мяне ацанілі: “О, гэты ўжо амаль знакаміты!” Вельмі прыемна было.

Адным словам, і бібліятэка, і клуб у свой час паўплывалі на мяне вельмі значна. Не называю прозвішчаў работнікаў культуры, з якімі сутыкаўся, бо баюся на кагосьці забыцца. Вельмі шчыра віншую кожнага са святам!

 

/i/content/pi/cult/713/15592/87656545_opt.jpegЯк адзінае цэлае

Іван ВЯДЗЕНІН, экс-крэатыўны дырэктар краўдфандынгавай платформы talaka.by, стартап-трэкер.

— Па прафесіі я — інжынер-праграміст. Калі быць шчырым, у сваім маленстве, ды нават і юнацтве, культура мяне зусім не цікавіла. Так, у нас дома была цудоўная хатняя бібліятэка, я захапляўся фантастыкай, але ў маёй свядомасці не было такой непасрэднай сувязі паміж кнігай і культурай. Камп’ютарныя гульні, якімі я гэтаксама захапляўся, маскульт, які стаў даступным дзякуючы інтэрнэту — фільмы або музыка — таксама не мелі ў мяне асацыяцыі з культурай. Іншымі словамі, я бачыў лісце, але не бачыў дрэва.

Дый ва ўніверсітэце ўсе гуманітарныя дысцыпліны для мяне прайшлі міма: культуралогія, этыка... Для мяне як для інжынера ў іх не было каштоўнасці. А энтузіястаў, якія займаліся культурай, я ўспрымаў іранічна.

Усё змянілася пазней, калі, ужо дасягнуўшы чагосьці ў прафесіі, я вырашыў ліквідаваць прагалы ў маёй гуманітарнай адукацыі. Запісаўся на курсы па філасофіі, гісторыі, культуры. І іх наведванне змяніла мае стаўленне. Цалкам ашаламляльным для мяне стаў курс колеру, які вёў Міхал Амнепадыстаў. Я ўбачыў, што за простымі рэчамі, якімі мы карыстаемся ў побыце, стаіць вялікая гісторыя і філасофія. Гэтая сувязь паміж паўсядзённымі праявамі, і тым, што за імі схавана, для мяне адкрылася наноў. Я ўбачыў, што культура — паўсюль!

Лічу, гэтая думка вельмі важная для грамадства. Стаўленне да культуры патрабуе, на мой погляд, адукацыі, уяўлення. І ў гэтым плане неацэнная праца філосафаў, культуролагаў, якія дапамагаюць убачыць стан развіцця нашай культуры, развіццё гуманітарнай думкі. Але таксама немагчыма не адзначыць і імпэт тых людзей, якія сваім энтузіязмам ажыўляць многія рэчы, злучаючы іх у адно. Памятаю, як на платформе talaka.by мы збіралі сродкі на фестываль горада і кнігі, які прыдумала бібліятэкар з БНТУ Ганна Воўк і яе каманда. Прыгадваю яшчэ адзін яе праект — кнігі для невідушчых людзей. Яна аб’яднала людзей вакол ідэі асветніцтва — і гэта здорава!

На сваім досведе магу зрабіць такое рэзюмэ. Хочацца, каб наша сістэма адукацыі ў нечым перагледзела сваё стаўленне да культуры. Мне ўдалося ўбачыць яе як адзінае цэлае, як тое, што атачае цябе паўсюль. І было б вельмі добра, каб падобнае бачанне адкрылася кожнаму.

Падрыхтавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Яўген РАГІН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ