На кірмашы ў цане — ініцыятыва ды інтэрактыўнасць

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Сёння ў межах фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” праходзіць Дзень моладзі, арганізатарам якога выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Па словах сакратара ЦК ГА БРСМ, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Аляксандра Далжэўскага, “12 ліпеня Віцебск стане не толькі цэнтрам славянскай культуры, але і цэнтрам маладзёжнай актыўнасці і ініцыятывы”.

Кірмаш праектаў “Вясёлка маладзёжных ініцыятыў”, акцыя “Дрэва Сяброўства”, прэзентацыя маладзёжных і дзіцячых СМІ — творчая праграма фестывальнага Дня моладзі прапануе віцябчанам і гасцям фестывалю шэраг імпрэз, у якіх зможа прыняць удзел кожны ахвотны.

Месцамі правядзення мерапрыемстваў сталі плошча Свабоды і парк імя Фрунзе горада над Дзвіной. У Віцебск прыбылі маладзёжныя дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска.
 /i/content/pi/cult/168/1559/Na-kirmashy.jpg
У 10.00 на плошчы — адкрыццё акцыі, і далей на працягу ўсяго Дня моладзі на цэнтральнай сцэне ладзіцца прэзентацыя праектаў “Вясёлка маладзёжных ініцыятыў”.
Сімвалам Дня моладзі зрабілі вясёлку, якая ўвасабляе адзінства і непарыўнасць разнастайнасці, распавялі карэспандэнту “Культуры” ў ЦК ГА БРСМ, сем рэгіёнаў рэспублікі (6 абласцей і сталіца) прадстаўляюць сем напрамкаў маладзёжных ініцыятыў: спорт, тэатральнае майстэрства, выяўленчае мастацтва, дызайн, мадэліраванне, журналістыка, патрыятычнае выхаванне. Папярэдне праведзена жараб’ёўка і вызначана, у якім напрамку ўдзельнікі мусяць праявіць фантазію і арыгінальнасць. У адпаведнасці з накірункам праяўлення ініцыятывы аформлены тэматычная пляцоўкі, для кожнай з якіх вызначаны дамінуючы колер вясёлкі. Да прыкладу, Віцебская вобласць прадстаўлена фіялетавым. Іх пляцоўка мае назву “Увесь свет — тэатр” і прадстаўляе тэатральнае майстэрства. Усе ахвотныя могуць прыняць удзел у майстар-класе, які ладзіцца акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. На сцэне працуе грымёрка, усё будзе адбывацца па законах тэатральнага дзейства.
Галоўныя крытэрыі ацэнкі ўдзелу ў кірмашы-спаборніцтве — фантазія і творчасць, відовішчнасць і інтэрактыўнасць прэзентацыі. Абапіраючыся на гэтыя пункты, напрыканцыпрацы тэматычных пляцовак журы падсумуе вынікі і назаве пераможцаў.
Усім гледачам, якія прыйдуць на свята і прымуць удзел у кірмашы, прэзентуюцца рознакаляровыя стужкі. Ствараць “Дрэва сяброўства” стала ўжо своеасаблівай традыцыяй Дня моладзі, і кожны ўдзельнік свята можа прымацаваць, прыкалоць сваю стужачку да галінак нашага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам памяці, адзінства славянскіх народаў і надзеі на новую сустрэчу ўдзельнікаў Дня моладзі на наступным “Славянскім базары”.
Чарговым мерапрыемствам Дня моладзі стане прэзентацыя сродкаў масавай інфармацыі, заснавальнікам якіх з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У імпрэзе прымуць удзел рэдактары маладзёжных СМІ, члены клубаў юных журналістаў, юныя карэспандэнты газет, іх бацькі, шматлікія госці. Друкаваныя выданні прэзентуюць спецвыпускі, прысвечаныя Дню моладзі ў Віцебску, а ўсе, хто жадае паспрабаваць сябе ў нялёгкай журналісцкай справе, сёння могуць паўдзельнічаць у выпуску спецыяльнай газеты памерам 15 метраў.
Завяршае гэтую частку праграмы прэзентацыя вядучага Цэнтра маладзёжнага турызму ЗАТ “Беларускі спадарожнік”, які прадстаўляе турыстычныя паслугі студэнтам і моладзі сумесна з БРСМ. Гэтая марка з’яўляецца візітоўкай турызму ва ўсім свеце. У Беларусі структура таварыства ўяўляе сабой прадпрыемства рэспубліканскага значэння з філіяламі ва ўсіх абласных цэнтрах. Цэнтрам прадстаўлены каталогі экскурсійных праграм для моладзі.
Дарэчы, напярэдадні Маладзёжнага свята ўсім ўдзельнікам, гледачам і гасцям віцебскага фэсту прамоўтэры раздавалі буклет з латарэйным квітком, і яны аўтаматычна станавіліся ўдзельнікамі латарэі “Маладзёжная”.
Па словах арганізатараў, розыгрыш латарэі і ўручэнне выйгрышаў будуць штогадзінна праводзіцца на галоўнай сцэне на плошчы Свабоды пад час кірмашу праектаў. У цэлым, Дзень моладзі мяркуецца як сапраўднае свята маладосці, неўтаймоўнага імпэту і аптымізму, ініцыятывы маладых — будучыні Беларусі.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ