Дзетачка і Маргарытачка

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Частка ІІ. “Мата Хары” з берагоў Камы і яе залюстроўе
Маргарыта Іванаўна нарадзілася ў 1895 годзе ў дваранскай сям’і прысяжнага паверанага Івана Варанцова ў глухім правінцыйным гарадку Сарапул Вяцскай губерні (цяпер Удмурція). Тым не менш, гэта не перашкодзіла ёй атрымаць выдатную хатнюю адукацыю. Яна магла вольна гаварыць па-французску, па-нямецку і па-англійску, бойка грала на раялі складаныя музычныя п’есы і скарала слухачоў сваім добра пастаўленым сапрана.

/i/content/pi/cult/712/15587/20.JPG“Правінцыялка з Сарапула”

У 1915 годзе сям’я пераехала ў Маскву, дзе і пачалася новая займальная старонка жыцця Рыты. Яна рана зразумела, што, акрамя ўсіх іншых сваіх здольнасцяў, валодае дарам зачароўваць мужчын. Дык чаму ж гэтым не скарыстацца? Яна без асаблівых высілкаў стала сваёй у сям’і Фёдара Шаляпіна, сябравала з яго дачкой Ірынай. І нічога дзіўнага ў тым, што вялікі бас пачаў усур’ёз заляцацца да “правінцыялкі з Сарапула”.

А вось што тычыцца яго старэйшага сына Барыса, то абсалютна ўсе, хто так ці інакш пішуць пра жыццё Маргарыты Варанцовай-Канёнкавай, у адзін голас сцвярджаюць, што яна пасля свайго прыезду ў Маскву стала каханай Барыса Фёдаравіча і “справа ішла да вяселля”. Але аднойчы дваццацігадовую Маргарыту нібыта застукалі падчас флірту з самім гаспадаром дома — Фёдарам Іванавічам, і здарылася скандальная неспадзяванка. А неўзабаве, маўляў, супакоіў яе разбітае сэрца той самы Пётр Брамірскі.

Аднак нагадаю чытачам адзін немалаважны факт. 5 кастрычніка 1915 года Боры Шаляпіну споўнілася роўна адзінаццаць гадкоў! Не надта спрыяльны час для шлюбу, ці не так? І, дарэчы, такіх нягегласцяў у апісаннях біяграфіі Канёнкавых досыць шмат.

Хадзіла пагалоска, што ў гарачых абдымках Маргарыты пабывалі Сяргей Рахманінаў і Аляксандр Блок. Шчыра кажучы, пасля ліпавай “гісторыі кахання Барыса Шаляпіна” я ўжо мала ў гэта веру: ніякіх дакументальных крыніц, якія б утрымлівалі хаця б намёк на такія адносіны, выявіць мне не ўдалося. Зразумела, кароткія захапленні яркімі талентамі ў іскрамётнай жанчыны маглі і ўзнікаць — і, напэўна, узнікалі. Але далёкасяжныя высновы тут рабіць не выпадае.

Адным словам, калі Пётр Брамірскі прапанаваў ёй руку і сэрца, Рыта ўжо паспела ладна стаміцца ад свецкай мітусні, намоў і плётак. І пагадзілася стаць яго жонкай. Але тут своечасова “ўмяшаўся” Сяргей Канёнкаў... Вось гэта ўжо святая праўда, якая ў выніку стала, без усялякага перабольшання, легендай XX стагоддзя.

Вось як успамінае іх знаёмства Наталля Пятроўна Канчалоўская (маці Андрона Канчалоўскага і Мікіты Міхалкова), якая ў той перыяд часцяком бавіла час у майстэрні Канёнкава: “І вось быў вытачаны з дрэва першы партрэт Маргарыты Іванаўны, і з ім увайшло ў жыццё Сяргея Цімафеевіча каханне і прагнала яго адзіноту. Адышлі ў бок мужыкі, майстравыя з пастаяннай чвэрткай гарэлкі, якую я, бывала, хавала ад усёй пачэснай кампаніі дзе-небудзь у кутку, закапаўшы яе ў габлюшку. Прыйшоў клопат жаночых рук, цудоўных ручак Маргарыты, прыйшоў час замяніць касаваротку свежымі каўнерыкамі кашулі і гальштукам, а высокія боты — элегантнымі чаравікамі, і непрыкметна я адышла ад паўсядзённага знаходжання ў майстэрні”.

Амаль шэсць гадоў Маргарыта выконвала ролю грамадзянскай жонкі Канёнкава, але чамусьці ніхто з яго вялікіх сабутэльнікаў — ні Сяргей Ясенін, ні Фёдар Шаляпін, ні Усевалад Мейерхольд — ані словам не абмовіліся пра існаванне гэтай жанчыны ў тых ці іншых дакументальных крыніцах. Цяжка паверыць, што Канёнкаў і Варанцова столькі гадоў маглі так старанна хаваць ад грамады сваю любоўную сувязь. Магчыма, уся справа ў тым, што ў “маскоўскі перыяд” Маргарыта проста растварылася ў Канёнкаве, стала яго ценем. Зорны час гэтай жанчыны наступіў толькі ў ЗША.

Пад прыкрыццём мужа

Невядома, як Маргарыта Іванаўна была завербавана савецкімі органамі дзяржбяспекі. Магу толькі прапанаваць уласную версію. Магчыма, гэта здарылася ў канцы 1920 года, калі быў арганізаваны Замежны аддзел ВЧК пры НКУС РСФСР на чале з Якавам Давыдавым. Ці крыху пазней — вясной 1922 года, калі ЧК была ператворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне (ДПУ) пры
Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР.

Ці ведаў пра вярбоўку сваёй жонкі Сяргей Канёнкаў? Сказаць цяжка. Можна дапусціць версію, што знакамітага савецкага мастака чэкісты ўсляпую выкарыстоўвалі як прыкрыццё ў агентурнай працы яго жонкі ў Амерыцы. Для гэтай мэты яго афіцыйна на месяц камандзіравалі ў ЗША для суправаджэння выставы рускага і савецкага мастацтва, дазволіўшы ўзяць з сабою і жонку. А Канёнкаў, нібы кіруючыся прыкладамі блізкіх сяброў — Горкага, Шаляпіна, Каровіна, Рахманінава, Буніна, Купрына і іншых буйных свяцілаў рускай культуры — па сваёй волі становіцца эмігрантам, папросту кажучы, “невяртанцам”. Чым не прыкрыццё?

Хтосьці лічыць, што наіўны і шчыры Канёнкаў, акрамя сваёй уласнай творчасці, нічога і ведаць не хацеў пра жончыны заняткі. А калі і здагадваўся пра сэксуальныя “слабасці” сваёй каханай “Маргарытачкі”, то ставіўся да яе “забаваў” па-бацькоўску індыферэнтна. Дарэчы, сваіх дзяцей у іх так і не з’явілася: яшчэ адна загадка для канёнказнаўцаў... Зрэшты, гэта ўсё мае гіпотэзы, не болей за тое.

Несумненна іншае. У гады Другой сусветнай вайны па каналах выведкі НКУС і Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба (ГРУ) Чырвонай Арміі ішла каласальная праца па здабычы інфармацыі па распрацоўцы метадаў выкарыстання атамнай энергіі для ваенных мэтаў і стварэнню атамных бомбаў. Для гэтага неабходна было ўсталяваць агентурныя падыходы да найбуйнейшых фізікаў-ядзершчыкаў ЗША. Менавіта дзякуючы гэтаму ўрэшце ўдалося атрымаць чарцяжы першай амерыканскай плутоніевай бомбы.

Немалую ролю ў гэтым сыграла і Маргарыта Канёнкава. Дзякуючы сваім жаночым чарам, востраму розуму і веданню моў яна бліскуча выкарыстала ўласны ўплыў на стваральнікаў і натхняльнікаў амерыканскага Атамнага праекта. Павел Судаплатаў, які ў той час кіраваў Чацвёртым упраўленнем НКГБ, каардынуючы дзейнасць савецкіх выведнікаў, сцвярджае, што задача Маргарыты была не толькі па магчымасці здабываць навукова-тэхнічную інфармацыю, але, галоўным чынам, спрыяць усталяванню кантактаў з патрэбнымі людзьмі. І ў яе гэта атрымлівалася. У Прыстане яна зблізілася з “бацькам атамнай бомбы” Робертам Апенгеймерам і стваральнікам “тэорыі адноснасці” Альбертам Эйнштэйнам, якія мелі поўную інфармацыю аб ходзе працы над новай “суперзброяй”.

Экзальтаваная амерыканка

Іншымі словамі, у абавязкі Канёнкавай (аператыўны псеўданім “Лукас”) уваходзіла “аказваць уплыў” на навукоўцаў, занятых распрацоўкай ядзернай зброі ў рамках атамнага праекта “Манхэтан”. Менавіта яна атрымала заданне звесці Эйнштэйна з намеснікам савецкага консула ў Нью-Ёрку Паўлам Міхайлавым, які курыраваў навукова-тэхнічныя сувязі і з’яўляўся савецкім рэзідэнтам. Даручэнне было паспяхова выканана — Эйнштэйн сам згадвае пра важны візіт да консула ў адным са сваіх лістоў. З гэтага вынікае, што вялікі фізік ведаў аб шпіёнскай місіі сваёй каханай Маргарыты.

Зрэшты, выконваць падобныя даручэнні для яе не складала вялікіх высілкаў. Сярод ейных сяброў былі такія асобы, як Чарлі Чаплін і Тэадор Драйзер, Ліён Фейхтвангер і жонка амерыканскага прэзідэнта Франкліна Рузвельта Ганна Элеанора, якая стала з 1941 года намеснікам міністра абароны ЗША.

Іншымі словамі, ёй ужо ў пачатку 1930-х удалося скарыць “горад жоўтага д’ябла” — Нью-Ёрк, з яго культурнай, палітычнай і дзелавой элітай. Акрамя ўсяго іншага, гэта дапамагала Маргарыце забяспечваць мужа выгоднымі замовамі і прэстыжнымі выставамі, дзякуючы чаму Сяргей Цімафеевіч стаў адным з самых запатрабаваных і модных партрэтыстаў Амерыкі. Паралельна яго жонка і сама шмат пазіравала яму ў якасці аголенай і напаўаголенай мадэлі, справядліва лічачы сябе ўзорам жаноцкасці і прыгажосці. Зразумела, яна была ў яго і адзінай перакладчыцай.

Наталля Канчалоўская ўспамінае, як місіс Маргарыта Канёнкава стала ў ЗША экзальтаванай амерыканкай. Ейнае маскоўская адзенне паляцела на сметнік, пазногці зазіхацелі перламутрам, на ножках засерабрыліся павуцінкі празрыстых панчох, на шыі і руках з’явіліся дарагія ўпрыгожванні. Дадам, што ў нью-ёрскай кватэры яна трымала “сябрукоў” — ручных пацукоў, з якімі не расставалася нават падчас сваіх шматлікіх ваяжаў па ЗША.