Гільдыя палескіх майстроў

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

У Пінску сёння працуюць ажно дзесяць народных умельцаў, якія ствараюць і рэстаўруюць музычныя інструменты. Мабыць, такой колькасці майстроў няма ні ў якім іншым горадзе Беларусі. Таму і нядзіўна, што менавіта ў сталіцы Заходняга Палесся неўзабаве мае з’явіцца кластар па вырабе музычных інструментаў. Аказаць майстрам усю патрэбную для гэтага дапамогу даручыў мясцовым уладам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/712/15583/14.jpg

26 гадоў — любімай справе

Папраўдзе, нават у сваім родным горадзе ты можаш зрабіць ашаламляльныя адкрыцці! Для мяне такім адкрыццём стала існаванне ў Пінску цэлай гільдыі палескіх майстроў і калекцыянераў-рэстаўратараў. Гэтыя людзі вырабляюць пад заказ акадэмічныя лютні, віёлы, арфы, фальклорныя домры, балалайкі, цымбалы, а таксама розныя духавыя інструменты. Цікава, што да пінскіх умельцаў прыязджаў па кансультацыю і дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКіМ Аляксандр Сурба, які не так даўно прадэманстраваў Прэзідэнту Беларусі ўласнаручна зробленую скрыпку. Так што майстры-палешукі — людзі ў нашай краіне прызнаныя.

Ці не самы вядомы прадстаўнік гільдыі — гэта Руслан Макарэвіч, чые балалайкі і домры таксама ацаніў Аляксандр Лукашэнка. Сваёй справе пінскі майстар прысвяціў цэлых 26 гадоў.

— Я пачынаў збіраць адпаведную літаратуру яшчэ да распаду СССР, у 1990 — 1991-х гадах, калі працаваў на заводзе інжынерам, — кажа Руслан Макарэвіч. — А зацікавіўся вырабам музычных інструментаў таму, што сам граў на балалайцы ў аматарскім гуртку — спачатку ў музычнай школе, а ў студэнцкія гады — у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхналагічным інстытуце. Ды і жонка ў мяне таксама прафесійна займалася балалайкай — скончыла нашу кансерваторыю.

Як бачна, аматарская цяга да музыкі паступова перайшла ў прафесійную зацікаўленасць. Хаця, зразумела, “церняў” на гэтым шляху “да зорак” давялося пераадолець больш чым дастаткова.

— Інтэрнэту ў тыя часы яшчэ не было, таму збіраць усю неабходную мне інфармацыю па вырабе музычных інструментаў даводзілася, можна сказаць, уручную і даволі доўга, — працягвае майстар. — Я ездзіў да знаёмых майстроў-балалаечнікаў у Расію, якія — хто скупа, а хто і шчодра — дзяліліся са мной сваімі сакрэтамі, дзе толькі магчыма купляў адпаведную літаратуру. І вось ужо ў 1992 годзе зрабіў сваю першую балалайку.

Інструменты, вырабленыя Русланам Макарэвічам на пачатку яго дзейнасці хоць і не былі эталоннымі, але ўсё ж гучалі нядрэнна. Таму пастаянна набываліся зацікаўленымі людзьмі. Таксама пракарміцца і выжыць пасля распаду СССР дапамагала і рэстаўрацыя старых інструментаў. А пасля паступова прыйшло і прызнанне.

— Усведамленне таго, што я здольны нешта зрабіць, што нездарма я не збочыў з абранага шляху, прыйшло да мяне недзе ў 1996 — 1997-х гадах, — успамінае Руслан Макарэвіч. — Менавіта тады, у канцы 1990-х, вучаніца маёй жонкі, выступаючы на Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча і граючы на балалайцы, якую зрабіў для яе я, стала лаўрэатам.

/i/content/pi/cult/712/15583/15.jpgМенавіта з таго часу майстар сышоў з асноўнага месца працы і стаў індывідуальным прадпрымальнікам, які вырабляе ды рэстаўруе балалайкі і домры пад заказ. Цяпер, праз 26 гадоў пасля стварэння першага інструмента, імя Руслана Макарэвіча добра ведаюць не толькі ў Пінску, але і ва ўсёй Беларусі.

— Вашы калегі напісалі, што я вырабляю па дзесяць балалаек і домраў на год, але гэта не зусім так, — кажа пінскі майстар. — На год я раблю два — тры, максімум чатыры інструменты, бо на кожны патрабуецца каля 30 рабочых дзён. Ды і заказаў столькі ў мяне штогод ніколі не было. Натуральна, калі сысці з дадатковай працы — я цяпер яшчэ працую выкладчыкам у Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, — і ўшчыльную заняцца адно толькі вырабам балалаек і домраў, лічбы ў дзесяць інструментаў на год можна было б дасягнуць. Але для гэтага патрэбны ў першую чаргу заказы — можа, і на дзяржаўным узроўні — а таксама, канешне, памочнікі і вучні.

Таму ад сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі ў Руслана Макарэвіча засталіся толькі станоўчыя ўражанні. Бо калі на праблему вытворчасці айчынных музычных інструментаў у Беларусі звернута ўвага на самым высокім узроўні — значыць, ёсць спадзяванні, што гэтае пытанне паступова вырашыцца.

Адзіны на ўвесь СНД

З выкладчыкам Пінскай музычнай школы № 1 Юрыем Дубнавіцкім я пазнаёміўся амаль 10 гадоў таму, калі гэты чалавек быў адзіным на постсавецкай прасторы майстрам, які рабіў лютні.

На сёння ён стварыў не менш як чатыры дзясяткі аўтэнтычных музычных інструментаў, якія ахвотна купляюць і ў блізкім ды далёкім замежжы, і, натуральна, у Беларусі.

— Праца над вырабамі інструментаў паспяхова ідзе і цяпер, хаця заказаў не так ужо і шмат, — распачаў нашу гутарку Юрый Дубнавіцкі. — Таму ідэю па стварэнні на базе Пінска кластара па вырабе музычных інструментаў я падтрымліваю абедзвюма рукамі. Тым больш, што ў нашым горадзе ёсць для гэтага ўсе магчымасці.

Пра пачатак сваёй працы над вырабам лютні Юрый Дубнавіцкі можа расказваць гадзінамі. Напрыклад, пра тое, як шукаў чарцяжы старадаўняга інструмента па музеях, бібліятэках і архівах, а таксама на прасторах інтэрнэту, як кансультаваўся з брытанскім лютністам Брайнам Райтам, што наведаў Пінск з канцэртамі, як сябры дастаўлялі яму “па знаёмстве” альпійскую рэзанансную елку, чырвонае і чорнае дрэва, бо мясцовыя матэрыялы для лютні не пасуюць.

Гісторый гэтакіх — безліч, прычым і смешных, і сумных. Напрыклад, пра тое, як ён раней шукаў каштоўнае дрэва для вырабу лютні ў партах Санкт-Пецярбургу і як сёння замаўляе кавалкі драўніны (а не танны трыкатаж ці абутак, як многія нашы суайчыннікі) праз інтэрнэт у ЗША... Але за ўсімі гэтымі гісторыямі стаіць сапраўдны імпэт заўзятара, які, не расчароўваючыся ад няўдач, усё ж такі стаў прафесіяналам.

— Галоўнае — гэта гістарычная адпаведнасць, — кажа майстар. — Таму трэба прыкласці ўсе намаганні, каб музыка рэнесансу і барока гучала менавіта так, як яе чуў кампазітар той эпохі. Іначай і брацца за справу не варта.

І яшчэ. Не магу не згадаць пра тое, што на базе Пінскай музычнай школы № 1 Юрый Дубнавіцкі заснаваў адзіны ў СНД клас па навучанні гранню на лютні, а таксама арганізаваў ансамбль старадаўняй музыкі “Сальтарэла”.

Важная асаблівасць калектыву — выкарыстанне дакладных копій гістарычных музычных інструментаў эпохі Рэнесансу і Барока, такіх, як лютня, лютня-тэорба, арфа, віёла. Усе яны зроблены Юрыем Дубнавіцкім. Канцэрты “Сальтарэлы” праходзілі ў многіх гарадах Беларусі і за яе межамі. А самі ўдзельнікі калектыву з’яўляюцца лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў. Прыкладам, Стэфан Ясінефта сёлета скарыў сваім граннем на лютні журы XV Міжнароднага конкурсу “Віртуозы гітары”, што праходзіў у Санкт-Пецярбургу.

— Але ж трэба развівацца і далей, ствараць школу — тым больш, пэўныя традыцыі ў Пінску ўжо ёсць, — кажа майстар. — Напрыклад, было б няблага арганізаваць у горадзе фестываль старадаўняй музыкі, прычым запрасіць на яго выканаўцаў з усёй Еўропы. Такі міжнародны фэст, пагадзіцеся, стаўся б сапраўды штуршком да Адраджэння сярэднявечнай музыкі на Беларусі.

Ад задумкі да рэалізацыі

Маючы вялікі патэнцыял, пінскія майстры сапраўды здольны зрабіць многае. Але ж без спрыяльнага клімату, без падтрымкі мясцовых улад кластар па вырабе музычных інструментаў так і застанецца толькі ў задумах.

— Усе перспектыўныя ідэі абавязкова ўвасобяцца ў рэальнасць, — запэўніла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак. — У гарвыканкаме цяпер вырашаецца пытанне пра перадачу адпаведных плошчаў для вытворчасці музычных інструментаў не толькі Руслану Макарэвічу, а і другім пінскім майстрам — Юрыю Дубнавіцкаму, Мікалаю Ярмальчуку, Андрэю Шклёду ды некаторым іншым.

Гэтая пляцоўка паўстане на базе інкубатара малога прадпрымальніцтва “Тэхнапарк Палессе”. Для майстроў выдзеляць адно вялікае памяшканне. Але для кожнага з іх там будзе прадугледжана асобная майстэрня.

Таксама ў Пінскім гарвыканкаме ёсць планы і па правядзенні фестывалю старадаўняй музыкі.

— Гэты фэст у нас ужо ладзіўся два гады таму як гарадское мерапрыемства, але, натуральна, мы мяркуем пашыраць яго маштабы, — кажа Валянціна Кулак.

На фестывалі старадаўняй і лютневай музыкі “Старажытныя ўзоры”, які прайшоў у Пінску ў 2016 годзе і сабраў каля 150 удзельнікаў, можна было ўбачыць выставу-прэзентацыю музычных інструментаў майстроў Піншчыны, пабываць на майстар-класах з дэманстрацыйным паказам некаторых працэсаў іх вырабу, а таксама паслухаць выканаўцаў на лютні, гітары і скрыпцы як з Пінска, так і з Мінска.

— Таму налета, калі Пінск стане Культурнай сталіцай Беларусі, абавязкова зладзім гэтую імпрэзу на рэгіянальным узроўні, запрасіўшы музыкантаў з Брэста, Гомеля, Мінска, — дадала Валянціна Кулак. — А да 2020 года плануем зрабіць фестываль ужо міжнародным. Спадзяюся, усё ў нас атрымаецца.

“К” абавязкова будзе сачыць за развіццём падзей і аператыўна інфармаваць пра ўсе нюансы, звязаныя з паўстаннем пінскага кластару па вырабе музычных інструментаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"