Хмызы на старым цвінтары

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

У 2015 годзе было зацверджана палажэнне аб гісторыка-мемарыяльным статусе месцаў пахавання. Дакумент дае магчымасць надаць ахоўны статус тым цвінтарам, якія маюць гістарычную і культурную значнасць, але пры гэтым не могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. З ініцыятывай надання такога статусу старым кладам горада звярнулася да ўладаў “Магілёўская яўрэйская грамада”. Спраўдзіць, якім чынам праходзіць сумесная работа гарадскіх уладаў і грамадскага аб'ядння ў справе захавання спадчыны, “К” выправілася на месца.

/i/content/pi/cult/712/15574/4.JPGНадпісы на мацэвах

Як распавёў дырэктар Музея гiсторыi Магiлёва Аляксей Бацюкоў, у горадзе ёсць некалькі значных гістарычных могілак: праваслаўныя Успенскія XVI стагоддзя, Машэкаўскія, каталіцкія, якія ў народзе называюць “польскімі”. Яўрэйскія могілкі функцыянавалі з 1809 года. Цяперашні іх афіцыйны статус — “общественные”. Больш за тое, з пачатку ХХ стагоддзя там апрача яўрэяў часта хавалі і беларусаў — такіх пахаванняў ледзь не палова.

І сапраўды, праходзячыся па цвінтары, адразу бачыш, што ў яго “новай” частцы вельмі шмат надмагілляў з крыжамі. Але ж яўрэйскіх імёнаў тут больш. Нярэдка сустракаюцца надпісы на іўрыце — імёны з датамі, эпітафіі і абавязковая для яўрэйскіх мацэў абрэвіятура “u. .o.a.a.”, якая расшыфроўваецца цытатай з Танаха “Няхай будзе завязаная душа ягоная ў вузел жыцця”.

— Надпісы на плітах часам істотна дапаўняюць архіўныя дадзеныя, — кажа Аляксей Бацюкоў. — Да ўсяго, тут пахаваны знакамітыя яўрэі — скажам, аўтар "Дзённіка" Хаім Шапіра, прадстаўнікі вядомых не толькі ў Магілёве сем’яў Гранатаў і Лур’е, сваякі цяперашняга прэзідэнта Ізраіля
Рэўвена Рыўліна. На гэтых могілках знайшлі апошні спачын людзі, якія маюць дачыненне да развіцця і яўрэйскай, і беларускай культуры.

З дырэктарам музея пагаджаецца і гісторык, актывістка грамадскага аб’яднання “Магілёўская яўрэйская грамада” Іда Шандаровіч:

— Магілёўскія яўрэйскія могілкі — явішча ўнікальнае для сённяшняй Беларусі. Не таму, што ў іншых гарадах не было такіх ансамбляў — іх у нас паўставала багата. Справа ў тым, што апрача Магілёва, яны больш амаль нідзе ў поўнай меры не ацалелі.

— Мы зладзілі каталагізацыю старадаўняй часткі могілак. Задачай было не толькі перакласці надпісы, але і зафіксаваць самі помнікі. Перапісалі ўсе мацэвы, пастаўленыя да 1930-х гадоў, і выклалі змешчаныя на іх надпісы ў інтэрнэт, у тым ліку іх пераклад на англійскую, — расказвае фатограф і журналіст, даследчык гісторыі магілёўскіх яўрэеў Аляксандр Ліцін. — Думалі, можа, тыя лічбы, якімі мы пазначалі каталагізаваныя надмагіллі, будуць страхоўкай ад знішчэння — яны ж сведчаць, што магілы пад наглядам. На жаль, не.

Напрыканцы чэрвеня скончыўся двухгадовы тэрмін з моманту вывешвання сумнавядомых папераджальных шыльд, пасля чаго “недагледжаныя” надмагіллі мясцовы Спецкамбінат мае права дэмантаваць. Натуральна, адразу пачуўся розгалас: “Руйнуюць старажытны некропаль!” Усхвалявала гэта не толькі прадстаўнікоў яўрэйскай грамады Магілёва, але і людзей, неабыякавых да тэмы спадчыны дый проста аматараў даўніны. Але ж ці ўсё так адназначна і настолькі крытычна?

Статус не панацэя, але…

/i/content/pi/cult/712/15574/5.jpgЗрэшты, у дадзеным выпадку ёсць падставы спадзявацца, што канфліктнага развіцця гэта гісторыя не займее. А магчыма, яна і наогул стане ўзорным прэцэдэнтам вызначэння статуса і наогул фармату існавання для старога цвінтара.

— Спадзяёмся, што наданне статусу гісторыка-мемарыяльнага пахавання ўратуе гістарычны некропаль ад знішчэння — кажа Іда Шандаровіч.

— Музей гісторыі Магілёва падрыхтаваў гістарычную даведку, у якой прыведзеная інфармацыя пра гісторыю могілак і пра вядомых асоб, пахаваных на іх. Цяпер трэба падрыхтаваць навуковае абгрунтаванне, — тлумачыць начальнік упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жаббарава. — Звярнуцца па яго, напрыклад, у Інстытут гісторыі НАН Беларусі павінна сама "Магілёўская яўрэйская грамада". Чакаем, калі будзе гатовы поўны пакет дакументаў для падачы на разгляд у аблвыканкам.

Зрэшты, статус статусам, а праблему прыборкі могілак сам сабою ён не вырашыць. Прычым займацца такім даглядам і добраўпарадкаваннем трэба штодзённа. Сёння надмагіллі на гістарычнай частцы могілак у даволі занядбаным стане.

— Калі праводзілася інвентарызацыя могілак, было выяўлена, што вельмі шмат помнікаў разбураныя, — кажа галоўны інжынер магілёўскага Спецкамбіната Наталля Бондарава. — Уся тэрыторыя зарасла хмызамі. Намі былі выдадзеныя прадпісанні яўрэйскаму грамадскаму аб'яднанню аб неабходнасці навядзення парадку.

На яе думку, даглядам магіл і рамонтам надмагільных пліт павінны займацца прадстаўнікі менавіта вышэйзгаданай яўрэйскай суполкі: паводле заканадаўства, Спецкамбінат мусіць прыбіраць толькі тэрыторыю агульнага карыстання. З гэтым пагаджаецца і Ірына Жаббарава:

— Па законе за надмагіллі павінны несці адказнасць сваякі пахаваных. Тыя, хто іх калісьці ўсталёўваў, і павінны даглядаць.

Аднак у большасці спачылых на магілёўскіх могілках ужо некалькі пакаленняў сваякоў не засталося.

— У выніку атрымліваецца, што няма каму даглядаць могілкі, — тлумачыць спадар Ліцін. — Нашчадкаў многіх тых людзей, якія тут пахаваныя, ужо не знойдзеш.

Сапраўды, замежныя дабрадзеі наўрад ці пагодзяцца выдаткоўваць грошы на гарадскія могілкі, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці. Аднак жа агароджа і вартоўня з брамай ды веснічкай зроблены менавіта на грошы яўрэйскіх спонсараў.

— Трэба, каб у дакументах аб наданні статусу было вызначана, на каго якія абавязкі ўскладаюцца, — прапаноўвае адзін з варыянтаў рашэння праблемы Ірына Жаббарава.

Але на сёння зразумела адно: нават гаворкі пра пляжанне старых надмагілляў не вядзецца. І нават не таму, што, як адзначае галоўны інжынер Спецкамбіната, гэтая справа была б даволі дарагой і складанай —
прыйшлося б замаўляць спецтэхніку для дэмантажу і вывазу старых вялізных надмагілляў з граніту і мармуру. Перадусім справа ў тым, што ў Магілёве і прадстаўнікі ўлады, і грамадскасць разумеюць значнасць магільнага комплексу і неабходнасць супольнага пошуку шляхоў вырашэння ўзніклай праблемы.

Месца, што дыхае даўніной

Наведванне старых могілак — традыцыйны для Еўропы турыстычны маршрут. Іда Шандаровіч адзначае, што гэта не яўрэйская традыцыя, аднак выкарыстанне некропалю як турыстычнага аб’екта адпрэчвання ў яе не выклікае. Па-першае, гэта можа паспрыяць агульнаму развіццю турызму ў горадзе. Па-другое, што самае галоўнае, — дапамагчы выратаваць могілкі ад занядбання і знішчэння.

— Папулярызацыя могілак як аб’екта спадчыны — гэта яшчэ адзін спосаб захаваць іх і паказаць, якая ў горада багатая гісторыя. Таму і нядзіўна, што вельмі шмат людзей, прыязджаючы ў Магілёў, прыходзяць на могілкі. Прычым гэта — не толькі нашчадкі мясцовых яўрэяў, — расказвае гісторык. — Прыходжу неяк на цвінтар — і сустракаю там пару са Швейцарыі. У іх на тых могілках сваякоў не пахавана, дый наогул продкаў з Беларусі няма. Проста яны вандруюць па Еўропе і наведваюць розныя гістарычныя месцы, прасякаючыся іх аўтэнтычным духам.

І хаця цікавасць да старых некропаляў паступова расце, далёка не ўсе яны становяцца месцам паломніцтва для схільных да рамантыкі турыстаў. Прычыны таму могуць быць розныя. Прыкладам, у Гродне быў створаны прэцэдэнт: сёлета праз адсутнасць грошаў скарацілі стаўкі вартаўнікоў, і старыя яўрэйскія могілкі “пад замком” ніхто не мог наведаць.

У невялічкіх Міры і Лоеве добраўпарадкаваннем старых пахаванняў сёлета займаліся валанцёры. На думку спадарыні Жаббаравай, да справы аховы гістарычных каштоўнасцяў павінны больш актыўна падключацца і жыхары Магілёва:

— Канечне, адна яўрэйская супольнасць не будзе ў стане гэта зрабіць, — кажа яна. — Трэба праяўляць ініцыятыву і прыцягваць да справы аховы спадчыны як мага больш людзей. Чым больш прыцягнем грамадскага інтарэсу, тым большым будзе і плён. І гэта тычыцца не толькі яўрэйскіх могілак.