Амплітуда мастацкага курсу

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Нават цяжка паверыць, што “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам” адкрыўся ўчора ў мінскім Палацы мастацтва ўсяго толькі ў чацвёрты раз. Вялікая выстава-продаж надзвычай хутка стала чаканай традыцыяй айчыннага арт-жыцця, даючы яго прадстаўнікам шанец быць убачаным, а мо нават і набытым. За якія грошы могуць прадаць свае творы маладыя мастакі і за якія пакупнікі гатовыя іх купляць? Інтрыга вырашыцца цягам наступнага месяца. Пакуль жа журналісты “К” назіралі за тым, як манціруецца экспазіцыя, ды абмяркоўвалі “салонныя тэндэнцыі” разам з куратарам імпрэзы Аляксандрам ЗІМЕНКАМ.

/i/content/pi/cult/712/15570/1.jpg/i/content/pi/cult/712/15570/3.JPGТэндэнцыі відавочныя: імклівы рост паводле ўсіх паказчыкаў. Калі ў першым салоне хацелі ўдзельнічаць 288 мастакоў, у другім — 311, у трэцім — 320, то сёлета арганізатары атрымалі рэкордную колькасць заявак — 456. З іх у выставачную залу /i/content/pi/cult/712/15570/2.JPGтрапілі работы 146 аўтараў.

— Ёсць толькі два крытэрыі, якіх мы няўхільна прытрымліваемся ў адборы ўдзельнікаў — гэта ўзрост ад 18 да 40 гадоў і грамадзянства Рэспублікі Беларусь, — тлумачыць Аляксандр Зіменка. — Мы хочам, каб “Восеньскі салон” заставаўся пляцоўкай, дзе айчынныя маладыя мастакі маглі б паспрабаваць свае сілы, не спаборнічаючы з масцітымі аўтарамі ці замежнымі калегамі.

Удзельнічаюць у выставе не толькі асобныя творцы, але і галерэі з усёй краіны. Прычым адбор журы праходзяць толькі індывідуальныя заяўкі.

— Галерэі самі выбіраюць аўтараў, якіх яны хацелі б прадставіць, але мы пазначаем, што гэта іх погляд і часткова адказнасць, — тлумачыць куратар. — Але, шчыра кажучы, у нас не так шмат галерэй увогуле, і большасць іх з Мінска. Хаця нам хацелася б прадставіць на салоне і рэгіёны.

Адна з сёлетніх інавацый салона — экспанаванне ўжо набытых твораў.

— Лічу, што мы зрабілі прынцыпова важны крок у правільным кірунку — у нас з’явіліся работы другаснага рынку, то бок тыя, што прадстаўлены не самімі мастакамі, а ўладальнікамі іх твораў. Для гарманічна развітага арт-рынку гэта неабходна, — упэўнены Аляксандр Зіменка.

Традыцыйна больш за ўсё мастакі прадставілі жывапісных работ.

— Думаю, гэта звязана з аб’ектыўнымі прычынамі — на скульптуру або дэкаратыўна-прыкладное мастацтва трэба больш сродкаў і рэсурсаў, — лічыць куратар салона. — Але такая тэндэнцыя не азначае, што ў нас няма цікавых скульптараў ці прыкладнікоў.

Пераможцы леташняга салона — Кацярына Шымановіч, Сяргей Ашуха, Наталля Кірылка, Аляксандр Веледзімовіч і Алеся Скарабагатая — атрымалі грашовыя стыпендыі, каб цягам года зрабіць творчы праект і паказаць яго на салоне цяперашнім.

— Шмат было дыскусій, звязаных з тым, што многія мастакі ўдзельнічаюць у гэтым праекце найперш з мэтай продажу сваіх работ: маўляў, а як жа чыстае мастацтва? — расказвае Аляксандр Зіменка. — І таму было прынятае рашэнне фінансава падтрымаць перспектыўных аўтараў, каб год яны працавалі, не думаючы пра фінансавыя аспекты. Я спадзяюся, гэта паспрыяе ўсталяванню належнага балансу паміж камерцыйным і творчым складнікам у мастацтве.

Хаця б адзін голас

Па выніках выставы тры лепшыя мастакі атрымаюць прызы ад міжнароднага журы, у склад якога ўвайшлі эксперты з Германіі, Літвы, Украіны, Францыі і Чэхіі. Яго прадстаўнікі падзеляцца сваімі ўражаннямі ад салона 2 лістапада.

— На работу журы мы ніяк не ўплываем, — тлумачыць куратар мінскага салона. — У першую чаргу запрашаем у яго склад прадстаўнікоў тэрытарыяльна блізкіх да нас краін. І спадзяёмся, што адкрытыя імі айчыныя аўтары атрымаюць прапановы і наконт выставаў за мяжою.

Меркаванне наведвальнікаў выставы не менш важнае — цягам месяца яны таксама галасуюць за ўпадабаныя работы. Аўтару найлепшай уручаецца адмысловы прыз глядацкіх сімпатый.

— У першы год мы праводзілі анлайн-галасаванне, але ўбачылі накруткі галасоў, таму прыйшлі да высновы, што галасаваць трэба традыцыйным спосабам — кінуўшы ў скрыню паперку. Мы іх, дарэчы, лічым кожны тыдзень. Мне падаецца, гэта вельмі важны псіхалагічны момант: чалавек усё ж такі павінен патраціць некалькі секунд і напісаць імя ўпадабанага ім аўтара ці назву яго твора. І не было ніводнага разу, каб за кагосьці не прагаласавалі. Магчыма, сам мастак за сябе, але хаця б адзін голас за любога з удзельнікаў аддаюць заўжды.

Ад плінтуса і да столі

Паводле салоннай завядзёнкі, побач з назвай кожнай работы размешчаны і цэннік. Цану за свой твор вызначаюць самі аўтары.

— Некаторыя ўдзельнікі раяцца з намі, але і мы сутыкаемся з сітуацыямі, калі дзіву даешся, даведаўшыся ацэначны кошт работы, — кажа Аляксандр Зіменка. — Ёсць аўтары, якія лічаць сябе геніямі і маюць на тое права — адсюль і высокая цана. Ёсць тыя, хто мяркуе, што побач з іх прозвішчам можа быць толькі пэўная лічба, бо яны так сябе пазіцыянуюць, і пачынаць з даступных коштаў для іх непрымальна. Ёсць аўтары, якія свядома ставяць завышаны кошт, каб работа засталася ў іх. Як бачыце, стратэгія ў кожнага свая, і мы ў яе не ўмешваемся. Да лічбы, якую называе мастак, дадаецца толькі падатак — ніякіх працэнтаў ці адлічэнняў нікому не ідзе.

На леташнім салоне прадалі ўсяго 13 працэнтаў выстаўленых работ. Ніжняя планка цэн была больш чым дэмакратычнай — каля 80 рублёў. А “столь” у гэтым пытанні вызначае заўжды скульптура або вырабы са шкла, дзе сума са шматлікімі нулямі звязана з тэхналагічнымі складанасцямі.

— Пасля першага салона мне казалі, што ставілі вялікія лічбы, каб кампенсаваць магчымыя ваганні курсу валют, у адносінах да беларускага рубля, але цяпер, калі ўсе разумеюць, што грошы мастакі атрымліваюць адразу пасля таго, як работа прададзена, такую “падушку бяспекі” ўжо не закладваюць, — адзначае спадар Зіменка. — Я бачу, што ў сярэднім кошт стаў паніжацца. А вось колькасць работ, якія набываюць, наадварот расце! Мастакоў пачынаюць пазнаваць. Бо рынак — гэта не толькі продаж, а яшчэ і цікавасць да імені ў мастацтве.

Глядацкае галасаванне становіцца ўсё больш актыўным, і гэта сведчыць пра тое, што аўдыторыі падабаецца рознае. Камусьці — нацюрморты з бэзам, а камусьці - эксперыменты.

— Мы паказваем усё, — характарызуе сваю пазіцыю куратар салона. — Не наша задача сцвярджаць, якія кірункі маюць права на існаванне. Нам важна, каб кожны мог знайсці работу на свой густ і кашалёк. Бо крыўдна, што нашых маладых мастакоў так мала ведаюць. Пагатоў, многія з іх здатныя ўразіць нават самага патрабавальнага еўрапейскага гледача.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"