Арганічнае захапленне матэматыка

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Год таму матэматык і арганолаг Аляксандр БУРДЗЯЛЁЎ (на здымку) разам з фатографам Анатолем ДРЫБАСАМ выправіліся ў экспедыцыю з мэтай аб’ехаць і апісаць усе арганы, якія ёсць у Беларусі. Вынікам іх вандровак стала энцыклапедыя “Арганы Беларусі”. Укладальнік выдання распавёў “К”, які арган на Беларусі найстарэйшы і чаму 123 — не канчатковая лічба ў гэтым даследаванні.

/i/content/pi/cult/711/15568/page-14-SS.jpg

За ўласны кошт

— Я займаюся навуковымі даследаваннямі ў галіне дыскрэтнай матэматыкі, выкладаю ў Белдзяржуніверсітэце на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, — распавядае пра сябе Аляксандр Бурдзялёў. — Арганам зацікавіўся падчас вучобы ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, пачаў займацца ў 2006 годзе. Калі пераехаў у Беларусь, браў прыватныя ўрокі ва Уладзіміра Неўдаха — галоўнага арганіста Архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Затым у БДАМ адкрылі новую спецыялізацыю па падрыхтоўцы арганістаў, я там адвучыўся і атрымаў класіфікацыю “Выканаўца старадаўняй музыкі”. А менавіта арганалогіяй — даследаваннем таго, з чаго складаецца інструмент — займаюся /i/content/pi/cult/711/15568/25.JPGгадоў дзесяць.

Паступова Аляксандр збіраў хатні архіў дадзеных па арганах, якія яму ўдалося вывучыць. Як да чалавека, папраўдзе апантанага гэтай тэмай, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” звярнулася да яго з прапановай заняцца падрыхтоўкай матэрыялаў для асобнага выдання.

— Я патлумачыў, што нельга нічога пісаць і выдаваць, калі не аб’ехаць і не пераглядзець усе арганы, якія захаваліся на тэрыторыі краіны, — кажа даследчык. — Так зрабіў Уладзімір Неўдах у 1993 годзе, ён напісаў дысертацыю і выдаў кнігу, але ўсё ж такі прысвяціў яе, хутчэй, выканальніцкаму майстэрству і кампазітарству — спіс арганаў быў проста дадаткам да яе. Ды не пра ўсе інструменты тады было вядома і не да кожнага ён даехаў.

Ахвотных выправіцца ў экспедыцыю, акрамя самога Аляксандра, не было, таму спачатку ён рушыў у дарогу адзін. Па вяртанні распавёў пра першыя вынікі ў выдавецтве, і там параілі звярнуцца да фатографа Анатоля Дрыбаса, бо для выдання якаснага альбома неабходны прафесійныя здымкі.

— Я звязаўся з ім, і потым мы заўжды ездзілі разам, — распавядае ўкладальнік энцыклапедыі. — На маёй машыне. Спачатку за ўласны кошт, а потым мой аднакурснік па кансерваторыі прапанаваў сваю фінансавую дапамогу ў нашай рабоце.

“Трэба было проста пачаць…”

— Навошта было пачынаць работу з самага пачатку? — перапытвае спадар Аляксандр. — Ёсць жа спіс Уладзіміра Неўдаха — там 90 арганаў, — сайт Каталіцкага касцёлу на Беларусі... Шмат карыснай інфармацыі, прысвечанай канкрэтным храмам, удалося знайсці ў матэрыялах Польскай акадэміі навук. Я нанёс на карту ўжо вядомыя арганы, але адразу зразумеў, што канчатковы спіс складзецца толькі па завяршэнні экспедыцыі. Таму трэба было проста яе пачаць. Я прыязджаў у парафію і заўсёды пытаўся ў ксяндза, ці ведае ён, дзе яшчэ ёсць інструменты — і так абнаўляў карту.

Часам самым складаным у гэтым працэсе было дамовіцца на сустрэчу і атрымаць доступ да інструмента.

— Святары ставіліся да нашай працы вельмі па-рознаму, — тлумачыць даследчык. — У адну з першых паездак мяне проста не пусцілі ў касцёл, таму я прапанаваў выдавецтву атрымаць афіцыйны дазвол у мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Мне яго далі яшчэ і біскупы іншых дыяцэзій — Віцебскай, Гродзенскай, Пінскай. Але часам нават з такім дазволам не хацелі пускаць! Зрэшты, гэта адзінкавыя выпадкі. У асноўным, я сустракаў добразычлівых людзей. Знаёмства з многімі святарамі стала для мяне сапраўдным адкрыццём, хаця я і не католік. Размовы з сотняй ксяндзоў — гэта, можа, нават больш багаты досвед для майго жыцця, чым проста паглядзець усе арганы Беларусі.

Паколькі ў будні спадар Аляксандр быў шчыльна заняты на сваёй “матэматычнай” працы, для экспедыцыйных выправаў заставаліся хіба выхадныя або святочныя дні. І бадай усе яго ўік-энды са жніўня 2017 года па сакавік 2018-га былі прысвечаны менавіта арганам.

— У большасці прыходаў няма інфармацыі пра інструменты, — распавядае Аляксандр. — А нават калі ёсць, дык часцей за ўсё яна памылковая. Табе кажуць: “Гэта найстарэйшы дзейны арган Беларусі! ”. Але ты залазіш унутр — і бачыш механіку 1937 года. Каб нічога не прапусціць на месцы, для агляду інструментаў я распрацаваў чэк-ліст: звычайны аркуш А4, дзе пазначана каля 20 пазіцый і пакінутае месца для нейкіх нататак. Пакуль Анатоль Пракопавіч здымаў арган і інтэр’еры касцёла, я вывучаў, так бы мовіць, вантробы інструмента. Пасля паездкі апрацоўваў свае нататкі, праглядаючы фатаграфіі. Часам і па два разы даводзілася ў адно месца ездзіць: паглядзеў, нічога не зразумеў, параіўся, прыехаў зноў…

Ад барока да самавукаў

Пасля экспедыцыі яшчэ два месяцы сышлі на тое, каб сістэматызаваць атрыманую інфармацыю і падрыхтаваць яе для перадачы ў выдавецтва.

— Зазвычай у тых кнігах, дзе пералічваюцца арганы, матэрыял структураваны па алфавіце або па рэгіёнах, — тлумачыць Аляксандр Бердзялёў. — Але пры ўсёй маёй любові і цікавасці да гэтых інструментаў, мне нуднавата чытаць пра іх запар. Па завяршэнні экспедыцыі, калі мы аб’ехалі ўсю Беларусь, я ўбачыў, што ўсе арганы адносяцца да трох эпох арганабудавання, якія маюць дакладныя межы, а ўнутры тых эпох можна таксама выбудаваць пэўную драматургію.

Найстарэйшы арган на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ў Францішканскім касцёле Гродна. З хронік храма вядома, што інструмент датуецца 1750 годам.

— Ён дасюль дзейнічае, але яго два разы грунтоўна перабудоўвалі, — кажа Аляксандр. — Ад пачатку застаўся толькі праспект і некалькі соцень труб.

Гэты інструмент адносіцца да барочнага перыяду арганабудавання, які доўжыўся на Беларусі прыкладна да 1860-х гадоў. Барока наступствавала эпоха рамантызму. Арганы, якія з’явіліся пасля Другой сусветнай вайны, даследчык аднёс да сучаснага перыяду і падзяліў іх яшчэ на тры асобныя групы — пабудаваныя з нуля арганнай фірмай, зробленыя самавукамі і перанесеныя адкуль-небудзь.

І гэтая катэгорыя пастаянна прырастае новымі аб’ектамі даследавання. Праз месяц пасля таго, як выйшла кніга, дзе апісаны 123 інструменты, адзін арган з’явіўся ў Магілёве, яшчэ адзін хутка мусіць з’явіцца ў Мінску — у канцэртнай зале “Верхні горад”. Пачуць “караля інструментаў” у хуткім часе здолеюць і жыхары Лельчыцаў.

— Яшчэ калі мы разважалі пра нашу экспедыцыю, дык прыйшлі да высновы, што кніжка на беларускай мове па арганалогіі будзе мець хіба абмежаванае кола чытачоў. Яе трэба перакладаць на мовы арганабудаўнікоў — англійскую і нямецкую — і выкладаць матэрыялы ў інтэрнэт, — кажа Аляксандр. — Сайт ужо нават звярстаны, але ён будзе даступны толькі тады, калі мы атрымаем афіцыйны дазвол ад выдавецтва на выкарыстанне апублікаваных матэрыялаў. Я ўзяўся за гэту працу, бо мне было цікава. Магчыма, калі ў сеціве з’явіцца агульная пляцоўка для інфармацыі па тэме, знойдуцца энтузіясты, якія працягнуць даследаваць беларускія арганы. Асабіста ж я сваю цікавасць задаволіў!

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"