Вялікі шанец для малой радзімы

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

На пытанні журналіста “К” і нашых чытачоў з рэгіёнаў адказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля ЗАДЗЯРКОЎСКАЯ
Жыццё дыктуе тэмы. Год малой радзімы — цудоўная нагода для гаворкі пра будучыню рэгіёнаў і аналізу сітуацыі на культурнай ніве краіны. Якой быць вёсцы ў ХХІ стагоддзі? Ці быць ёй увогуле? Па пэўных прагнозах неўтаймоўнай аптымізацыі, на беларускай прасторы застануцца неўзабаве толькі аграгарадкі. Але крыніца жывіць мора, і аўтэнтыка з’яўляецца неацэнным скарбам не толькі ў дачыненні да спеваў ды танцаў. Аўтэнтычная вёска нараджае аўтэнтычныя кадры ды ідэі. Прынамсі, так павінна быць. А як ёсць насамрэч? Ці вялікі яшчэ запас трываласці ў рэгіянальнай культуры? Ці навучылася яна дыктаваць гарадам свае ўмовы? Мы пастараліся пашукаць адказы на гэтыя пытанні з дапамогай дасведчанага спецыяліста Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/711/15565/21.JPG— Наталля Іванаўна, у чым на сёння прыярытэты вашай работы ў Міністэрстве культуры?

— Яны ў нас не першы год вызначаны Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі”, якая дзейнічае да 2020 года. Так, нейкія карэктывы тут — непазбежныя. Апошні яскравы прыклад: нядаўняе даручэнне Кіраўніка дзяржавы па наладжванні рамонту музычных інструментаў і аднаўленні іх вытворчасці ў Беларусі. У адпаведнасці з гэтым у дзейную Дзяржпраграму рыхтуюцца дапаўненні.

— І усё ж: якое пытанне развіцця рэгіянальнай культуры — самае для вас хваравітае?

— Неаспрэчна, гэта кадры. З іх падрыхтоўкай сістэма выбудавана. А вось з замацаваннем спецыялістаў час ад часу ўзнікаюць праблемы. Зразумела, што ўсё тут залежыць ад мясцовых улад. Малады чалавек застанецца на першым месцы працы і пасля адпрацоўкі толькі тады, калі адчуе, што ён як спецыяліст — паспяховы ды запатрабаваны. Паглядзіце, сетка ўстаноў культуры захавалася, умовы для самарэалізацыі ў наяўнасці. Патрэбна толькі жыллё і годная аплата працы. Так, шмат можна казаць пра недастаткова эфектыўную прафарыентацыйную дзейнасць, пра тое, што не ўсе практыкі сталі мэтавікамі-завочнікамі. А ёсць населеныя пункты, дзе моладзі зусім вобмаль. Значыць, стаўку там непазбежна трэба рабіць на маладых спецыялістаў, якія нарадзіліся ў іншых раёнах ды абласцях. І тут, паўтараю, належныя ўмовы для іх павінны ствараць на месцах… Я аднойчы наведала адзін з невялічкіх памежных раёнаў, пабывала ва ўстановах культуры, потым папрысутнічала на пасяджэнні райвыканкама, дзе справаздачу трымала мясцовая культура. Кіраўнік раёна літаральна абрынуўся на яе з крытыкай. Я, пабачыўшы з якім энтузіязмам працуюць работнікі культуры гэтага не вельмі заможнага ў фінансавым плане раёна, не магла не заступіцца. Спецыялістаў трэба падтрымліваць.

— Не раз пераконваўся: калі ў аддзела поўнае паразуменне з кіраўніцтвам раёна, дык і праблемныя пытанні там пераўтвараюцца ў рабочыя і вырашаюцца спакойна, без нерваў… Вы часта наведваеце ўстановы культуры ў рэгіёнах. Што вас апошнім часам прыемна здзівіла?

— Тое, што ў Год малой радзімы ўзнікла вельмі шмат арыгінальных мерапрыемстваў, скіраваных на ўшанаванне тых мясцін, дзе людзі нарадзіліся і працуюць. Відаць, сама зямля Бацькаўшчыны натхняе творцаў на самыя адмысловыя ідэі і ўсяляк спрыяе іх рэалізацыі.

— Давайце канкрэтныя прыклады назавём.

— Я не столькі пра падзеі, колькі — пра выбітных асоб. Вельмі ўзрушыла, напрыклад, тое, што генеральны дырэктар фірмы “Марка” Мікалай Мартынаў дапамог фінансава адкрыць у Дуброўне музей. Урачыстасць адбылася падчас міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Пагадзіцеся, гэта ўчынак!

— Усё правільна. Адна справа — шмат гаварыць пра Год малой радзімы. Зусім іншая — рабіць для яе штосьці канкрэтнае.

— Спонсары (а дакаладней, землякі з шырокай душой) знаходзяцца падчас такіх мерапрыемстваў і ў іншых раёнах. І ўвогуле, такое стаўленне да роднай зямлі ды землякоў — асноўная прыкмета Года малой радзімы.

Пытанне з рэгіёнаў: Пачнём з таго, якое мне неаднаразова даводзілася чуць ад работнікаў культуры з розных раёнаў. Развіццё народнай творчасці цяжка ўявіць без фалькларыстаў. А іх, адукаваных ды дасведчаных, хранічна не стае. Як і харэографаў. Ці ёсць выйсце з сітуацыі?

— Паўтаруся: галоўная праблема ў тым, што на месцах не могуць ці не хочуць замацаваць маладых спецыялістаў. Усе заяўкі раёнаў нашы навучальныя ўстановы задавальняюць.

Пытанне з рэгіёнаў

Дырэктар Лідскага палаца культуры Ірына Тур:

“Сёння вельмі адчувальны недахоп гукарэжысёраў. Звычайна гэтыя абавязкі ў буйных дамах культуры выконваюць акампаніятары. Але сучасная музычная апаратура патрабуе прафесійных падыходаў”.

— Трэба вывучыць патрэбу ў такіх кадрах. Калі яна вострая, гукарэжысёраў, натуральна, трэба рыхтаваць і перападрыхтоўваць. Без якаснага гука няма якаснага мерапрыемства.

— Які паказчык дзейнасці ўстановы культуры вы лічыце найважнейшым?

— На мой погляд, асноўны паказчык, што характарызуе запатрабаванасць установы і якасць яе культурных паслуг, — гэта наведваемасць установы. Калі казаць пра агульнарэспубліканскі паказчык, дык у нас у параўнанні з леташнім ідзе за паўгоддзе прырост — і па бібліятэках, і па музеях, і па клубах. Да прыкладу, у бібліятэках сёння змагаюцца літаральна за кожнага віртуальнага чытача. Кожны бібліятэчны сайт, нават прыналежны сельскай бібліятэцы, павінен мець сістэму адпаведнага ўліку.

Пытанне+ з рэгіёнаў

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Таццяна Кавалёк:

“Група па аплаце працы для музейных устаноў павялічваецца толькі пры вялікай колькасці музейных экспанатаў і наведвальнікаў. А што калі музей — невялікі і належнай колькасці наведванняў не мае па дэмаграфічных прычынах?”

— Падзяляю занепакоенасць калегі. У свой час мы прапаноўвалі Міністэрству працы ўвогуле адмовіцца ад такіх паказчыкаў і адносіць музеі да пэўнай групы па аплаце працы ў адпаведнасці з іх статусам “рэспубліканскі”, “абласны”, “раённы”. Пытанне вырашаецца, і я спадзяюся, што наша меркаванне будзе ўлічана.

— Вернемся да камп’ютарызацыі. Далёка не ўсе кіраўнікі бібліятэк могуць пахваліцца наяўнасцю інтэрнэту.

— Шкада, але так. Магу нават канкрэтныя рэгіёны назваць, дзе камп’ютарызацыя — амаль стопрцэнтная, а выхаду ў сеціва няма. Уявіце карцінку: у бібліятэцы камп’ютарная тэхніка сімпатычнымі ручнічкамі пакрыта-ўпрыгожана, аднак ёю ніхто з чытачоў не карыстаецца!

— Вы бераце ўдзел ці не ва ўсіх фестывалях, што ладзяцца ў краіне. На ваш погляд, дзе мы ў фестывальным руху не дапрацоўваем?

— Фестывалі на месцах часта сумяшчаюцца са святамі горада. Пры гэтым работнікі культуры хочуць паказаць літаральна ўсё, што маюць у творчым багажы. Мо ў гэтым вытокі пэўнага эклектызму? Вельмі люблю і шаную Віцебшчыну і лічу яе неаспрэчным лідарам рэспубліканскага фестывальнага руху, але выступленні мажарэтак сталі ці не абавязковымі падчас любога фэсту любой тэматыкі! Дык мо нам варта аддзяляць гарадскія святы з урачыстымі шэсцямі ад, так бы мовіць, вузкажанравых сцэнарных хадоў фестывальных мерапрыемстваў?

— Якім чынам доўжыцца сёлета аптымізацыя?

— Асноўнае скарачэнне сеткі рэгіянальных устаноў культуры адбылося тры гады таму. Цяпер фіксуем яе стабілізацыю. Не зачыняем, скажам, бібліятэку, а перафарматоўваем яе ў клуб-бібліятэку. Надзвычай важнае пытанне — умацаванне матэрыяльнай базы нашых мабільных устаноў. Для іх, мякка кажучы, не самы лепшы транспарт у многіх раёнах выкарыстоўваецца.

— Мне ці не падчас кожнай камандзіроўкі скардзяцца, што не стае грошай на бензін, гуму для колаў, а самі машыны — пастаянна на рамонце. Атрымліваецца, узімку бібліёбусаў і аўтаклубаў у пэўных аддаленых вёсках не дачакацца — што ніяк не спрыяе ўмацаванню асветніцтва на малой радзіме.

— Для вырашэння пытання неабходна выкарыстаць усе наяўныя рэзервы: ад спонсарскай дапамогі да пазабюджэтных сродкаў. Мы павінны імкнуцца, каб доступ да культурных паслуг быў роўны як для гарадскога насельніцтва, так і для жыхароў нават самай маленькай вёсачкі. Інакш падманем чаканні людзей.

— Дзе ўзяць грошы? Калісьці мне пашанцавала трапіць на заняткі па здабычы, так бы мовіць, еўрасаюзаўскіх грошай. Запрашаліся туды работнікі культуры ўсіх раёнаў. Прысутнічала ж меней за дзясятак. Астатнія пашкадавалі грошай на камандзіровачныя выдаткі! Так што пытанне фандрайзінгу для большасці раёнаў застаецца вельмі адкрытым. Чаму Гродзеншчына і Брэстчына, скажам, у гэтым кірунку шчыруюць, а астатнія вобласці — не вельмі?

— Безумоўна, такія практычна-навучальныя заняткі і практыкумы трэба працягваць. Назапашаны вопыт спецыялістаў з той жа Гродзеншчыны быў вельмі карысны калегам.

Пытанне з рэгіёнаў

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Таццяна Кавалёк:

“У міністэрскім палажэнні аб прысваенні катэгорый бібліятэкарам гаворка вядзецца аб прафесійнай адукацыі і стажы работы. Педагагічная адукацыя не ўлічваецца. А калі бібліятэкарам працуе колішні настаўнік? Ведаю, што такіх шмат не толькі ў нашым раёне. Працуюць цудоўна, але першую катэгорыю атрымаць не могуць. Як улічваць гэтую акалічнасць?”

— Не міністэрскія палажэнні рэгламентуюць парадак прысваення катэгорыі, а пастановы Міністэрства працы. Як правіла, атэстацыйная камісія па прысваенні катэгорыі, да кожнага выпадку падыходзіць індывідуальна, а кваліфікацыйны даведнік служачага мае рэкамендацыйны характар. Калі былы педагог мае вялікі стаж і жаданне працаваць бібліятэкарам, не думаю, што члены атэстацыйнай камісіі будуць супраць першай катэгорыі.

— Наталля Іванаўна, вы казалі, што сістэма падрыхтоўкі кадраў у нас выбудавана. Хацеў бы для сябе высветліць вось што. Інстытут культуры Беларусі перастаў займацца навукай, пераўтварыўшыся ў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, і стаў структурай Універсітэта культуры і мастацтваў. Адзін з аддзелаў Інстытута культуры перайшоў у склад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і стаў называцца аддзелам метадычнага забеспячэння дзейнасці клубных арганізацый і непрафесійнай творчасці. Калі згадаць яшчэ і Рэспубліканскі савет па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці, дык вельмі лёгка заблытацца ў гэтых хітраспляценнях. Новаўвядзенні даюць плён?

— Некалькі гадоў таму было пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, прысвечанае дзейнасці абласных і раённых метадычных цэнтраў. Аналагічнай рэспубліканскай структуры не было. Вырашылі адкрыць яе ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (адзіная клубная ўстанова рэспубліканскага падпарадкавання). Структура набірае сілы, узмацнілася добрымі спецыялістамі, мае шэраг цікавых напрацовак для будучых метадычных выданняў. І працуе яна ў звязцы са згаданым вамі Рэспубліканскім саветам, які на грамадскіх пачатках таксама шмат чаго робіць для краіны.

— Ёсць рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. А вось конкурсы для клубных устаноў, аўтаклубаў адсутнічаюць. У выніку клубнікі не маюць матывацыі для выніковай працы. Калі сітуацыя зменіцца?

— І музеі нашы могуць паспаборнічаць раз у тры гады на сваім форуме (у наступным годзе ён пройдзе ў Брэсце). Для клубнікаў конкурсу рэспубліканскага ўзроўню няма. Ёсць спаборніцтва на найлепшае абслугоўванне сельскага насельніцтва з намінацыямі для ўсіх відаў устаноў культуры. Мы думаем яго перафарматаваць. За кошт вызваленых сродкаў штосьці больш важкае можна прыдумаць і для клубных устаноў. Цудоўна
разумею, што такая матывацыя патрэбна творцам як паветра.

Пытанне з рэгіёнаў:

Загадчык аддзела маркетынгу Дубровенскай раённай бібліятэкі Надзея Дударава:

“Бытуе меркаванне, што з-за развіцця інфармацыйных тэхналогій чытацкая цікавасць да бібліятэк зніжаецца. Мы робім усё для таго, каб гэтага не адбылося. А якія захады ў тым кірунку ажыццяўляе Міністэрства культуры?”

— Па-першае, фінансаванне канкрэтных міністэрскіх захадаў прапісана ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі”. Па-другое, мы імкнёмся ўсё зрабіць для таго, каб захаваць працэнты, выдаткаваныя дзяржавай на абнаўленне кніжнага фонду і падпіску перыядычных выданняў. А ў свой час нам прапаноўвалася ўвогуле тыя працэнты прыбраць. Тым не менш, яны засталіся, хаця і крыху зменшыліся.

— Ці будзе працягнуты ў абласцях і раёнах падзел упраўленняў і аддзелаў культуры і ідэалагічнай работы?

— Не падзяліліся на ўзроўні аблвыканкамаў Гомель ды Мінск. Нагрузка на раённыя аддзелы пры такім раскладзе двайной падпарадкаванасці — надзвычай вялікая. Але пры падзеле ў аддзеле культуры ў лепшым выпадку застаецца толькі два чалавекі… Не думаю, што бліжэйшым часам тут чакаюцца нейкія змены.

Пытанне з рэгіёнаў:

Некалькі метадыстаў з розных абласцей задаюць прыблізна аднолькавыя пытанні. Рэч у тым, што і па сёння не вызначана, колькі гадзін павінны займацца дзеці ў клубных фарміраваннях. Пры праверцы іх прыраўноўваюць да гурткоў у сферы адукацыі...

— Так, здараюцца прыкрыя выпадкі, калі работнікаў культуры імкнуцца абвінаваціць ва ўсіх грахах. І тады работнікі павінны аргументавана тлумачыць правяральнікам, што ў нас працэс заняткаў з дзецьмі — не адукацыйны, а творчы. Колькасць гадзін навучання тут нават і не плануецца вызначаць. Словам, галоўная прычына многіх нашых праблем — адсутнасць інфармаванасці.

І яшчэ адно распаўсюджанае пытанне. Незразумелая сітуацыя са змешанымі ўстановамі культуры. Няма тут размежавання па нарматыўных дакументах. Возьмем, да прыкладу, клуб-бібліятэку. У яго па вызначэнні не можа быць кніжнага фонду. Але кнігавыдачай (!) ён павінен займацца.

— Кніжны фонд павінен быць і ў клубе-бібліятэцы. У дадзеным выпадку, па ўсім відаць, няправільна арганізавана праца. У статуце такой змешанай установы павінны быць прапісаны два кірункі працы.

— Даводзіцца часта чуць, што раённым дамам рамёстваў не стае грошай на арганізацыю навукова-экспедыцыйнай дзейнасці. Пра грошы мы ўжо дастаткова пагаварылі. Якой вам бачыцца будучыня такіх устаноў культуры?

— Летась мы выпусцілі зборнік пра заслужаныя аматарскія калектывы краіны. Водгукі ў раёнах — цудоўныя. А наступны праект — выданне прэзентацыйнага зборніка пра нашых народных майстроў. Іх, уганараваных званнем, у нас — 110. Няма сумневу, што будучыня дамоў рамёстваў — і за практычнай дзейнасцю па захаванні пераемнасці і традыцыі, і за дзейнасцю навуковай: па выяўленні новых носьбітаў, па адраджэнні промыслаў. Лічу, што сетка раённых дамоў рамёстваў, створана ў нас даўно і з вялікім стараннем — як раз тое, чым можна ганарыцца.

— Які рэгіянальны брэнд вы лічыце найбольш паспяховым у плане яго развіцця? Слуцкі пояс, неглюбскі ручнік ці гараднянскую кераміку?

— Кожная з гэтых рэчаў — і брэнд (не рэгіянальны, а нацыянальны), і яскравы доказ таму, наколькі таленавіты беларускі народ. А яшчэ мы днямі абвясцілі конкурс на найлепшы сімвал Года малой радзімы, палажэнне публікуецца на сайце Міністэрства. Цікава, ці стануць элементам сімвала згаданыя вамі брэнды?

— Самае важнае пытанне для мяне — “Як захаваць вёску?” На ўласныя вочы бачыў, як счазалі два аграгарадкі на Віцебшчыне і Магілёўшчыне — па той прычыне, што абанкруціліся мясцовыя сельгаспрадпрыемствы.

— Нездарма Год малой радзімы працягнуты ў нас да 2020 года. Пераканана, што вырашэнню закранутага вамі пытання будзе нададзена самая сур’ёзная дзяржаўная ўвага.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"