“Залатая жыла” Алены Карповіч

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Паводле творчай ментальнасці людзей мастацтва ўмоўна можна падзяліць на дзве групы. Адны — вынаходнікі. Яны ўсё жыццё ў пошуку. За “аўтарскія правы” не трымаюцца, лёгка аддаюць свае напрацоўкі іншым — хай, маўляў, тыя даводзяць іх да ладу. А самі зноў кідаюцца ў прорву нязведанага. Для іх мяжа заўжды па гарызонце. Псіхалагічна яны скіраваныя не на вынік, а на працэс. Другія ж аднойчы знаходзяць сваю “залатую жылу” і далей засяроджваюцца на яе распрацоўцы. Для экалогіі культуры неабходны абодва згаданыя тыпы творцаў.

/i/content/pi/cult/711/15564/19.JPGМастак Алена Карповіч, чыя выстава “Акварэльныя сны” праходзіць у выставачнай зале “Вільнюс”, на маю думку, належыць менавіта да аратых. Што цалкам лагічна, калі ведаць, што яе творчая спецыялізацыя — акварэль. Фармальна акварэль — графіка, сутнасна — жывапіс. Тут найвышэйшы пілатаж — гэта калі праз фарбу відаць фактуру паперы. А каб колер пры гэтым заставаўся насычаным і яркім, патрэбны трапны як стрэл снайпера мазок. Дасягаецца дасканаласць шматгадовай практыкай і жорсткай самадысцыплінай. У гэтай прафесійнай намінацыі мастак адбудзецца толькі пры ўменні падпарадкоўваць натхненне тэхналогіі. Прычым акварэль не закрытая для /i/content/pi/cult/711/15564/20.JPGтэхнічных эксперыментаў.

Зважаючы на згаданыя прычыны, талент акварэліста вельмі рэдкі. У Алены Карповіч такі талент ёсць. У гэтым няцяжка пераканацца, наведаўшы яе выставу. Экспазіцыю складаюць ілюстрацыі да кнігі дзіцячых вершаў Валянціны Паліканінай “Ни к чему быть одному”, аркушы з нізкі “Яблыневы год” і нацюрморты з кветкамі.

Нібыта няма ў немудрагелістых акварэлях Алены Карповіч нічога асаблівага, але гледачы чамусьці стаяць ля іх падоўгу. Мяркую, таму што яны даюць людзям станоўчы зарад, настройваюць іх на добры лад. Гэтымі карцінамі хочацца ўпрыгожыць дзіцячы пакой, ды й даросламу час ад часу глядзець на іх карысна. Каб супакойваць нервы і калі-нікалі нагадваць самому сабе, што ёсць жыццё і па-за камп’ютарам, і ў жыцці гэтым грошы не адзіная каштоўнасць.

Алена Карповіч паспяховы мастак. Яе асноўны занятак — кніжная ілюстрацыя. Прычым спецыялізуецца яна на дзіцячых кнігах. Яе высокі прафесіяналізм і творчы почырк, які лёгка пазнаецца, запатрабаваны на мастацкім рынку і ў выдавецкай справе. Супрацоўнічае з многімі выдавецтвамі Беларусі і Расіі. Цікавасць да яе твораў маюць і вядомыя галерэі Беларусі і замежжа, а таксама прыватныя калекцыянеры

Для фаната сучаснага мастацтва стылістыка яе ілюстрацый падалася б кансерватыўнай. Так нашы мастакі працавалі яшчэ ў 1950-я гады, калі пра іншае мастацтва мала хто здагадваўся, а інструментарый складаўся з алоўка і пэндзля. У работах спадарыні Алены няма нічога ад камп’ютарнай анімацыі, яе не вабяць багатыя фактуры і складаныя кампазіцыйныя пабудовы. Ніякіх спецыяльных эфектаў дзеля прыцягнення глядацкай увагі! Алена Карповіч малюе як бачыць і даводзіць сваёй творчасцю, што сапраўдную прыгажосць можна перадаць праз самыя простыя рэчы і з’явы, распавядаючы пра іх простай і зразумелай мастацкай мовай.

Выстава, пра якую ідзе гаворка, служыць, акрамя ўсяго, рэкламай канкрэтнай кнігі. І ў гэтым сэнсе вельмі пасуе галерэі “Вільнюс”, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем гарадской бібліятэкі № 18. Дарэчы, гэта адна з першых у сталіцы бібліятэк, дзе чытачам у свой час у дадатак да звычайных паслуг прадставілі магчымасць пазнаёміцца з сучасным выяўленчым мастацтвам. Выставы тут ладзяцца рэгулярна. А тыя з іх, што давялося пабачыць мне, былі б дарэчнымі і ў экспазіцыйных залах цэнтра сталіцы. Адзіны недахоп галерэі звязаны хіба з тым, што туды цяжкавата дабірацца. Так што ў асноўным яе наведваюць чытачы бібліятэкі ды, мабыць, жыхары наваколля. Мяркую, што выстава твораў Алены Карповіч стала для іх добрым падарункам, даўшы магчымасць пабачыць сапраўднае мастацтва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"