Адкрыццё “Страдзівары”: дырыжыруе скрыпка

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Адкрыццё сезона ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі — справа паэтапная. Бо следам за галоўнай урачыстасцю, дзе паводле традыцыі “саліруе” Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр краіны, з не меншымі творчымі прыдумкамі-“бонусамі” адкрываюць свае сезоны і астатнія філарманічныя калектывы.

/i/content/pi/cult/711/15562/16.JPGНацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча ўшаноўваў знакамітага Ігара Лучанка, песенная творчасць якога — брэнд нашай краіны. Арганных канцэртаў прайшло ўвогуле некалькі. Дый і напярэдадні афіцыйнага пачатку сезона было жыццё на музычнай планеце! Салісты Юлія Архангельская і Аляксандр Палякоў, зліўшыся ў фартэпіянны дуэт Con anima, прэзентавалі новыя беларускія і кітайскія творы, сярод якіх — “Гоман Нёмана” Аліны Безенсон для двух раяляў. А “Музычная гасцёўня” Таццяны Старчанка расчыніла дзверы яшчэ раней — “На сыходзе лета”.

Дзяржаўны камерны аркестр на чале з Яўгенам Бушковым у сваім канцэрце 20 верасня зрабіў стаўку на выбітнага піяніста Канстанціна Ліфшыца, які выступаў у нас упершыню, і на беларускую прэм’еру — трохчасткавае Канцэрціна “Страдзівары” Галіны Гарэлавай для дырыжора з аркестрам.

— Твор прысвечаны Яўгену Бушкову, — распавяла яго аўтарка Галіна Гарэлава. — Я ведала, што ён цудоўны скрыпач, лаўрэат конкурсаў імя Чайкоўскага, Вяняўскага, каралевы Лізаветы. Чаму б не сумясціць гэта з дырыжыраваннем? Бо калісьці і той жа Ёган Штраус дырыжыраваў са скрыпкай у руках, дый уся старадаўняя музыка выконвалася менавіта так: калектывам кіраваў першы скрыпач. Яшчэ ў 1979 годзе, калі я пісала свой Скрыпічны канцэрт, мне хацелася разгадаць сутнасць струннай віртуознасці, самой “струннасці”, калі можна так сказаць.

У навукова-тэхнічным плане ўсё гэта было звязана з дасягненнямі Страдзівары, бо вырабленыя ім інструменты — гэта скрыпка ў эпоху яе найвышэйшага росквіту. Адсюль і назва Канцэрціна, часткі якога вядуць да старадаўніх танцавальных сюіт: Quasi Allemande, Quasi Sarabanda, Quasi Giga. Хацелася, каб аркестр паказаў усе магчымасці струнных смычковых не толькі ў плане музычнай тэхнікі, але і ў духоўнай прасторы. Таму завяршэнне кожнай часткі цытатамі Баха і Гендэля, выкарыстанне ў “Сарабандзе” трох тактаў Карэлі — не проста спасылка на эпоху. Так, я вельмі люблю музыку Бетховена, Чайкоўскага, Дэбюсі, многіх іншых творцаў. Але Бах — гэта сапраўдны эталон дасканаласці, суразмернасці, гармоніі ў яе вышэйшым касмічным сэнсе. Ты можаш да яго хіба наблізіцца.

Згадкі даўніны кампазітар сумясціла з сучаснасцю, знаходзячы паміж імі не антаганізм, а паразуменне. Можна ўгледзець там і рамантычную тэму, уласцівую творчасці Гарэлавай і ўлюбёнаму ёй жанру інструментальнага канцэрта: асоба — і калектыў. Ёсць і праекцыя на ўласна дырыжорскую дзейнасць: чароўныя скрыпічныя сола (прыгажосці гуку, кантылене Бушкова маглі б пазайздросціць самі скрыпкі Страдзівары) сцішваюць аркестравыя віхуры і мякка, але настойліва вядуць за сабой. А інтанацыйныя сувязі паміж часткамі, уласцівае сімфанізму “збіранне” музычных тэм у фінале пераконваюць у зусім не “сюітнай” пабудове цыкла.

Твор ні на каліва не змерк на фоне далейшага ранняга Фартэпіяннага канцэрта № 6 Моцарта (дарэчы, такое суседства прэм’ер Гарэлавай з шэдэўрамі венскага класіка здаралася не ўпершыню — і заўжды было паспяховым). Ігра Канстанціна Ліфшыца скарала лёгкасцю, крыштальнай празрыстасцю, а нечаканыя акцэнты без усялякіх модных аранжыровак рабілі музыку сучаснай — быццам пераносячы Моцарта ў ХХІ стагоддзе. Творы “на біс” піяніст выканаў гэтак жа проста, без аніякіх эфектаў “на публіку”, быццам “сам-насам”, у шчырым дыялогу з самім раялем, часам дасягаючы амаль бесцялесных, папраўдзе незямных гучанняў.

Не абышлося і без пэўнай містыкі. Перад сваім выхадам саліст “згубіўся” дзесьці за сцэнай і з’явіўся, бы той Дзед Мароз, толькі на трэці заклік публікі. А ў другім аддзяленні пасля Сюіты Яначака, калі ўсе чакалі “Чаплініяну” нашага Вальтэра Мнацаканава з абяцанымі кадрамі кінастужак, раптоўна зламаўся праектар. Таму відэашэраг на маніторы камп’ютара ўбачылі хіба гледачы першай паловы партэра. Сюрпрыз!

А між тым, “адкрыцці” сезона працягваюцца. Дзень музыкі, які сёлета прыпадае на панядзелак, распачнецца сімфанічнай партытурай Вячаслава Кузняцова — аўтара балетаў “Вітаўт”, “Анастасія” і безлічы іншых твораў. У сераду нас чакае юбілейная вечарына Дзяржаўнага камернага хору Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай — “Без цырымоній”. У чацвер — харавое свята “Нас яднае хор”, у пятніцу — сольнік народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава з музыкай Шапэна. І так штодзень. Паралельна ў дзвюх залах.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"