“Мудрагеліста тасуецца калода”

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Беларускія зоркі “галактыкі Манпарнаса”
Так глыбакадумна заўважыў адзін з герояў Булгакава, маючы на ўвазе хітраспляценні лёсу ў гісторыі. Хіба не дзіўна, калі пасля 70 гадоў небыцця вяртаюцца на радзіму нашы мастакі, якія з розных прычын шмат гадоў таму вымушаны былі пакінуць родную зямлю і праславіць сваім талентам чужыя краіны? Вяртаюцца — хай і праз свае творы — у нашу шматпакутную гісторыю мастацтваў. Хочацца думаць — назаўсёды. І чарговым такім крокам стала выстава “Майстры Манпарнаса з беларускіх мястэчак”, якую можна наведаць у Нацыянальным гістарычным музеі.

/i/content/pi/cult/711/15561/12.jpgІ тут я хачу асобна сказаць: дзякуй Францыі! Той краіне, якая прытуліла не адзін дзясятак нашых небаракаў-эмігрантаў, дала ім ежу і дах, а галоўнае — магчымасць свабодна тварыць. У сілу гістарычных абставінаў яны апынуліся на берагах Сены, у “мастацкай галактыцы” Манпарнаса, каб не толькі знайсці тут прытулак, але і займець другую радзіму — зямлю, якая для большасці з іх стала і месцам апошняга спачыну.

Ну, Парыж — згодна з Хэмінгуэем, гэта “свята, якое заўжды з табой”. Зразумела, у кожнага — свая ўласная біяграфія, свая творчая і жыццёвая планіда, але ўсе героі выставы, можна сказаць, выйшлі з “Гары муз” (Mont-Parnasse). Гэты жывапісны квартал (у пачатку ХХ стагоддзя — амаль паўвясковая ўскраіна сталіцы) стаў па волі лёсу ўвасабленнем ці не самага яскравага перыяду арт-жыцця Парыжа. І вось тут нашы землякі сыгралі далёка не апошнюю ролю ў станаўленні найноўшага выяўленчага мастацтва свету. Разам з іншымі вялікімі эмігрантамі з розных краін і кантынентаў (ад Мексікі да Японіі) яны і прадстаўляюць так званую Парыжскую школу.

/i/content/pi/cult/711/15561/13.jpgЗ гэтым паняццем звязана ўяўленне пра той надзвычайна складаны, багаты, шматаблічны мастацкі свет, які адлюстраваў надзеі і драмы, сумневы ды мэтанакіраванасць, супярэчнасці і яснае, спакойнае веданне жыцця. Парыжская школа — гэта эпоха раздарожжа, ростані, рэфлексіі, перагруповак і нават пэўнай збянтэжанасці творчых сіл. Гэта час засваення новых тэм і сюжэтаў, новых матэрыялаў ды сродкаў выяўлення, фактурных прыёмаў. Час нястрымных пошукаў свежых ідэй і барацьбы /i/content/pi/cult/711/15561/14.jpgантаганістычных мастакоўскіх тэндэнцый.

Феномен Парыжскай школы — дзіўны, неадназначны і загадкавы. Нават гады яе існавання дагэтуль выклікаюць спрэчкі. Хтосьці лакалізуе гэты перыяд 1900-мі — канцом 1920-х гадоў (асабіста я прытрымліваюся гэтай версіі); другія далучаюць да яго і 1930-я, трэція ж увогуле ўключаюць у прастору Парыжскай школы і паваенных эмігрантаў з Францыі, якія апынуліся ў ЗША. Але дадзеная версія, на мой погляд, — па-за ўсялякай крытыкай.

Ясна адно: усе даты — умоўныя, як і склад прадстаўнікоў Парыжскай школы. Але няма сумневаў, што менавіта на Манпарнасе пачыналі сваё ўзыходжанне на мастацкі Парнас экспаненты выставы ў Нацыянальным гістарычным: Марк Шагал, Шрага Царфін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Роберт Генін, Яўген Зак, Пінхус Крэмень і Міхаіл Кікоін. Усе яны ўваходзілі ў сапраўдны інтэлектуальны “вулей”, дзе “пчолы”-мастакі працавалі і адпачывалі ў маленькіх і вузкіх майстэрнях, падобных да сотаў. Так званы “Вулей” (La Ruche) — легендарны інтэрнацыянальны арт-інтэрнат у доме пад шпілем ратонды — быў цэнтрам гэтага манпарнаскага братэрства

За рамкамі экспазіцыі па аб’ектыўных прычынах засталіся такія бліскучыя імёны, як Хаім Суцін, Аскар Мешчанінаў, Жак Ліпшыц, Якаў Балглей, Леон Індэнбаум... Ужо не кажучы пра тых нашых славутых землякоў, хто жыў і працаваў прыкладна ў гэты блаславёны час па-за Манпарнасам і Манмартрам (Дзмітрый Стэлецкі, Леў Бакст, Аляксандра Экстэр-Грыгаровіч і іншыя). Час іх вяртання, я ўпэўнены, яшчэ наперадзе.

Што вельмі цікава, большасць экспанатаў выставы — з беларускіх прыватных збораў. Яе куратар — вядомы галерыст Алла Зміёва. Гэты цудоўны праект — нібы своеасаблівы духоўны працяг той унікальнай мастацкай калекцыі “Белгазпрамбанка”, якую сёння ведае ледзь не кожны беларус. Менавіта дзякуючы ёй шэсць гадоў таму мы ўпершыню пазнаёміліся з бліскучай спадчынай нашых выдатных суайчынікаў ды іх няпростымі лёсамі. “Калі я апынуўся за мяжой, — пісаў Марк Шагал, — дык пачуваў сябе дрэвам з выдзертымі каранямі, якое вісіць у паветры... Я цярпеў ад цяжкіх пакут. Я выжыў і нават — калі параўнаць мяне з дрэвам — не перастаў расці толькі таму, што ніколі не парываў духоўнай лучнасці з Радзімай”.

Канешне, не ўсе эмігранты маглі б так пранізліва сказаць пра сваю Айчыну. Але, як ні круці, практычна ўсе яны, хай і ў рознай ступені, засвоілі азы мастацтва менавіта тут, на бацькоўскай зямлі, сокі якой назаўсёды ўвайшлі ў іхнюю кроў і, магчыма, незалежна ад іх усведамлення і розуму, самым розным чынам, проста ці ўскосна, уплывалі на “крывяносныя сасуды” творчасці.

Марк Шагал паказаны ў экспазіцыі даволі сціпла — цыкл літаграфскіх ілюстрацый да Бібліі — але адно імя яго прыцягвае да выставы ўвагу. Іншая справа — пакуль яшчэ не “раскручаны” для беларускага гледача Яўген (Эжэн) Зак. Яго радзімай з’яўляецца вёска Магільна ў цяперашнім Уздзенскім раёне. Ён пражыў зусім мала — сорак гадоў, і большасць з іх правёў у Парыжы. Прайшоў праз сімвалізм і экспрэсіянізм — да неакласіцызму. Акрамя таго, лічыцца адным з заснавальнікаў знакамітага руху польскіх авангардыстаў “Рытм” стыля ар-дэко. На выставе ён прадстаўлены толькі афармленнем кнігі вершаў у прозе La porte lourde Рэнэ Марана. Але, паверце мне на слова, яго жывапіс з годнасцю можа ўпрыгожыць любы буйны музей свету! Нават Аляксандр Купрын аднойчы напісаў: “Пра Зака шмат кажуць і пішуць за апошні час. Дзіўны жывапісец. У ім ёсць нейкая восеньская скрозьтуманная прыгажосць”.

/i/content/pi/cult/711/15561/15.jpgЯшчэ тры дзесяцігоддзі таму карціны Пінхуса Крэменя, які нарадзіўся ў мястэчку Жалудок (цяперашні Шчучынскі раён), ацэньваліся асцярожна. Час узносіў на мастацкі Алімп Шагала і Суціна, а Крэмень, здавалася, стаяў на водшыбе, развіваючы адцягнена-раздумлівую тэму: чалавек і прырода, чалавек і горад, чалавек і вёска, чалавек і свет. Філасофская жывапісная лірыка заўсёды вырастала з адчування часу. Але яна імкнулася і ўзняцца над ім, пераадолець яго, стаць усеабдымнай канцэпцыяй быцця. Свет і асоба нібы ўраўнаважваліся ў правах і застывалі ў вечным адзінстве — альбо, часцей, у рамантычным супрацьстаянні.

Выкарыстоўваючы паняцце “жывапісная лірыка”, я адразу ўзгадваю сучаснікаў Крэменя — Уламінка, Утрыло, пейзажыстаў-фавістаў, а таксама яго духоўных бацькоў Пісаро, Курбэ, Сезана. І па звычцы акрэсліваю кола праблем: месца маленькага чалавека ў светабудове і прыродзе, шляхі і межы пазнання, амаль містычная роля прадметаў у інтэр’еры жыцця... У французскім жывапісе Парыжскай школы Крэмень, мабыць, часцей за іншых звяртаўся да гэтых “вечных” тэм, ніяк не прэтэндуючы на высокае месца “пад сонцам”. На выставе экспануюцца цікавыя, моцныя па жывапіснай пластыцы палотны: “Жаночы партрэт”, інтэр’ерны матыў “Куток на мансардзе” і тры нацюрморты. Трохі адасоблены ад іх “Зімовы гарадскі пейзаж”, які мне паказаўся чужародным для Крэменя. Разумею, што, канешне ж, яму далёка да яго сябра юнацтва Суціна — мастака, які маляваў свае палотны не фарбамі, а ўласнай крывёю. Але сваю нішу Крэмень знайшоў, а чужая яму была зусім не патрэбна.

Міхаіл (Мішэль) Кікоін, які нарадзіўся ў Гомелі, у пачатковы “парыжскі” перыяд творчасці знаходзіўся пад уплывам імпрэсіяністаў, і асабліва Пісаро. Потым галоўнымі арыенцірамі сталі Поль Сезан і Ван Гог, трохі пазней — Рэмбрант. Невыпадкова Кікоін малюе партрэты і аўтапартрэты ў “рэмбрантаўскім” ключы, дзе яго палітра — гэта глыбокія, гарачыя тоны, сярод якіх вылучаецца вінна-чырвоны. Наогул, кікоінскі “шлях да сябе” быў складаны: у тыя гады парыжскае мастацкае жыццё віравала рознымі кірункамі — ад кубізму да фавізму і размаітага экспрэсіянізму, — і разабрацца ў гэтым ва ўсім было складана.

Кікоін, праўда, даволі хутка знаходзіць сябе. Ён як бы структуруе імпрэсіяністычную жывапісную тканіну, пазбягаючы пры гэтым утрыроўкі, якая была ўласцівая радыкальным “левым”, — і, у той жа час, захоўваючы свежасць жывога, лёгкага, “паветранага” адчування. Мастак аддаваў перавагу парыжскім вуліцам, рытмам пірамідальных таполяў, вясковым краявідам Бургундыі, гарам Лазурнага берага, напоўненых гульнёй блакітных і ліловых тонаў у вячэрнім ззянні.

Якраз пейзаж з гэтага цыкла і прадстаўлены ў экспазіцыі побач з цудоўным жыццярадасным партрэтам княгіні Мэй МакДугал і алоўкавым, амаль акадэмічным накідам “Ню”. На мой погляд, Кікоін быў мастаком сапраўды вялікага лірычнага складу, які цаніў у рэальным жыцці спакой, сардэчнасць, святло простага чалавечага быцця. Нездарма буйны крытык Вальдэмар Жорж у 1950 годзе напісаў: “Кікоін заслугоўвае быць узведзеным у ранг прынцаў жывапісу”. А ён ведаў, што казаў.

Ураджэнец Гродна Осіп Любіч у 23-гадовым узросце апынуўся ў Берліне, а потым перабраўся ў той самы “Вулей”. Кола яго мастакоўскіх інтарэсаў даволі шырокае: фігуратыўныя карціны, пейзажы, партрэты, нацюрморты, алоўкавыя малюнкі, эстамп. Яму ўласцівыя шырокія мазкі, часам мяккія, экспрэсіўныя, размытыя па сілуэце, часам плаўныя, выразныя, музычныя — у залежнасці ад пейзажнага ці нацюрмортнага матыву або чалавечай мадэлі. Афорты і літаграфіі таксама чымсьці нагадваюць жывапіс сваімі “размытымі” вобразна-пластычнымі пошукамі.

Ураджэнец Віцебска і вучань Юдаля Пэна Восіп Цадкін быў не толькі выдатным скульптарам сусветнага ўзроўню, але і не падобным ні да каго графікам. У экспазіцыі мы бачым дзесяць яго каляровых і чорна-белых літаграфій і адзін афорт. У гэтых творах Цадкіна-кубіста перамог паэт і музыкант: яго лірыка сэрца і кліч Антычнасці запатрабавалі жывога руху душы, вострай дынамікі і экспрэсіі, якія звычайна супрацьпаказаны пурытанскай прыродзе кубізму. У яго творах дакладна і ўважліва выбудаваны кожны штрых, і пры гэтым захоўваецца ўнутраная эмацыянальнасць графічнага “тэксту”.

Роберт Генін нарадзіўся ў мястэчку Высокае (цяперашні Сенненскі раён). Ён — адзіны “беларускі парыжанін”, які вярнуўся ў Савецкі Саюз і пачынаючы з 1936 года ствараў фрэскі для новай сацыялістычнай рэчаіснасці, але ў выніку нібы растварыўся ў паветры. У жніўні 1941 года, калі фашысты падыходзілі да Масквы, 57-гадовы хворы мастак скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы вялікую дозу морфію. Няшчасны лёс! Бурная біяграфія Геніна заслугоўвае таго, каб распавядаць пра яе ў кнігах або фільмах. Адэса, Вільня, Парыж, Мюнхен, астравы Балі і Ява, апошняя выстава ў Нью-Ёрку, нарэшце, Масква — такія шляхі гэтага неардынарнага і шматаблічнага мастака.

На выставе экспануецца цыкл з 11 літаграфій пад назвай “Жанчына на вайне” з прыватнай калекцыі Аляксея Радзівонава з Пецярбурга — найбуйнейшага даследчыка жыцця і творчасці Геніна. Сімволіка, экспрэсіўнасць, гнуткасць ліній, рухавасць контураў, дэфармацыя фігур і праметаў — усё гэта скіравана на галоўнае: на ўзмацненне эмацыйнага напружання гледача. Так мастак пабачыў вялікую драму жанчын у перыяд Першай сусветнай вайны.

Але, канешне, найбольшы інтарэс у наведвальнікаў выставы выклікаюць яркія карціны смілаўчаніна Шрагі Царфіна — непасрэднага земляка Хаіма Суціна. Праўда, у сталіцы Францыі ён апынуўся значна пазней за сваіх калег па Парыжскай школе — у сярэдзіне 1920-х. Але сапраўдным парыжанінам стаў даволі хутка, займеўшы папулярнасць найперш як мастак па тканінах для дамоў высокай моды (у экспазіцыі паказаны і некалькі гуашных эскізаў такіх тканін).

Аднак менавіта яго жывапіс (урбаністычны і лірычны пейзаж, нацюрморт, невялічкія фігуратыўныя кампазіцыі) — гэта тое, што назаўсёды застанецца ў аналах еўрапейскай выяўленчай культуры. “Вялікі сіні нэф” (і “блакітны” побач), “Стары мост” і “Парыжскія закаханыя” (як тут не ўспомніць вершы Апалінэра!), “Збіральнікі каласкоў”, “Дзяўчыны ў кветках” — толькі частка выстаўленых у Мінску твораў Царфіна. У пачатку 1940-х крытык Андрэ Фарсі пісаў пра яго: “...гэта мастак вельмі рэдкай і шматграннай чуллівасці, яго творчасць стаіць у шэрагу творцаў, якія нясуць святло”. А філосаф і мастацтвазнаўца Эцьен Сур’ё назваў творчасць Царфіна “адным з найвышэйшых дасягненняў сучаснага мастацтва”. Мо ёсць тут і пэўнае перабольшванне, але ўсё роўна вельмі прыемна чытаць такія водгукі пра нашага земляка.

Дарэчы, у 2012 годзе ў Беларусі пабываў унук мастака Іў Дзюлак, які падарыў нашай краіне дзве карціны славутага дзеда. Што ні кажы, але своеасаблівая “времен связующая нить”, якая злучае Францыю часоў росквіту Манпарнасу і сучасную Беларусь, усё болей і болей умацоўваецца. Вось і выстава ў Нацыянальным гістарычным — чарговае таму сведчанне.

Барыс КРЭПАК