Беларуская класіка — на вялікім экране

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

На мінулым тыдні ў сталічным кінатэатры “Піянер” слыннай стужкай Валерыя Рубінчыка “Дзікае паляванне караля Стаха” распачаўся сумесны праект Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і мінскага “Кінавідэапраката”. Акцыя “Беларускае кіно-95”, прысвечаная знакавай даце айчыннага кінематографа, дапоўніць рэпертуар “Піянера” стужкамі з фонду залатой калекцыі айчыннага — сучаснага і савецкага перыяду — кіно.

У спецпраграме — не толькі мастацкія, але дакументальныя і анімацыйныя фільмы.

— Кожную трэцюю сераду будзем паказваць мастацкія карціны, — удакладняе генеральны дырэктар УП “Кінавідэапракат” Павел Скалабан. — У другую і чацвёртую сераду месяца — дні дакументалістыкі. Па нядзелях плануецца анімацыя.

Генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што плануюцца і аўтарскія праграмы вядучых рэжысёраў студыі.

— Віктар Аслюк, Галіна Адамовіч, Міхаіл Жданоўскі, Анатоль Алай — сустрэчы адбудуцца з вядомымі майстрамі дакументалістыкі, — адзначыў ён. — Анімацыйныя стужкі прадставяць Ігар Волчак, Міхаіл Тумеля, Аляксандр Ленкін.

Сярод бліжэйшых паказаў у ігравым кіно — “Масакра” Андрэя Кудзіненкі (17 кастрычніка), “Ідзі і глядзі” Элема Клімава (21 лістапада), “Анастасія Слуцкая” Юрыя Ялхова (19 снежня).

Дакументальную праграму “Час “Летапісу” 26 верасня распачаў вядомы беларускі рэжысёр, сябра Еўрапейскай акадэміі Віктар Аслюк. Былі паказаны яго тытулаваныя і слынныя стужкі “Мы жывем на краі” (2001), “Кола” (2002), “Драўляны народ” (2011), “Янка Купала” (2017). Эстафету ад калегі 10 кастрычніка пераймае сёлетні юбіляр Віктар Дашук, у аўтарскай праграме якога: “Развітанне” (1980), “Васіль Быкаў… Узыходжанне” (1985), “Дзевяноста шостая восень” (1981). 24 кастрычніка чакаецца вечар Галіны Адамовіч, дзе будуць дэманстравацца: “Божа мой!” (2004), “Завядзёнка” (2005), “Маляваны рай” (2010), “Неверагодная Бенька” (2012). У наступных месяцах у афішы рэтраспектывы Уладзіміра Цэслюка (14 лістапада), Станіслава Гайдука (12 снежня), аўтарская праграма Міхаіла Жданоўскага (26 снежня).

У анімацыйным кіно пасля паказу стужкі Ігара Волчака “Прыгоды Несцеркі” 23 верасня працягне праграму Аляксандр Ленкін.
Заўтра, 30 верасня, гледачу прапануецца знаёмства адразу з васьмю фільмамі серыяла рэжысёра “Рыбка па імені Нельга”. Таксама да канца года чакаюцца праграмы Таццяны Кубліцкай (7 кастрычніка), Алены Туравай (14 кастрычніка), Ірыны Кадзюковай (21 кастрычніка), Уладзіміра Пяткевіча (28 кастрычніка), Алены Пяткевіч (4 лістапада).

Плануецца, што акцыю “Беларускае кіно-95” падтрымаюць і беларускія тэлеканалы.

— Мы лічым, што падобны досвед (дэманстрацыі беларускага кіно) можа быць цалкам паспяховым і мець свой працяг у будучыні, — падсумаваў начальнік аддзела маркетынгу “Беларусфільма” Юрый Ігруша. — Беларусы мусяць ведаць гісторыю свайго кіно.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"