Лялечнай сцэны віртуоз

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Калісьці дзядзька ўладкаваў яго на працу на велазавод — слесарам-лякальшчыкам і фрэзероўшчыкам. Але досыць прыбытковая па тым часе работа не давала асалоду сэрцу. У пошуках сябе малады чалавек ірвануў па аб’яве, якая запрашала ў тэатр лялек манціроўшчыкам дэкарацый — яму здавалася, што такім чынам ён будзе бліжэй да мастацтва. Так паступова і не заўсёды напрамкі лёс вёў яго да галоўнай прафесіі жыцця. Урэшце, Уладзімір ГРАМОВІЧ стаў сапраўдным віртуозам лялечнай сцэны, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь. Гэтымі днямі ён святкуе сваё сямідзесяцігоддзе.

/i/content/pi/cult/711/15556/4.jpgСённяшні Беларускі дзяржаўны тэатр лялек немагчыма ўявіць сабе без шматграннага Грамовіча. З ім працуюць рэжысёры розных пакаленняў, імя Уладзіміра Пятровіча можна пабачыць у спісе выканаўцаў многіх пастановак тэатра: і ў эратычна-гарэзлівым “Тарцюфе”, і ў ваенна-дыскатэчным Mann ist Mann, і ў разважліва-ўсходнім “Шоўку”, і ў гучных дзіцячых спектаклях. Хіба можна не захапіцца яго надзвычай стыльным прывідам у напеўнай “Каляднай гісторыі”?

Сам жа Уладзімір Пятровіч любіць згадваць, што мог і прайсці міма акцёрскага наканавання, бо ў маладосці вельмі любіў маляваць. За велазаводаўскімі часамі разам з сябрам нават уваходзіў у рэдкалегію тамтэйшай сценгазеты: рыхтаваў карыкатуры на злосных парушальнікаў дысцыпліны. Відаць, атрымлівалася надзвычай добра, бо аднойчы тыя самыя героі шаржаў прыйшлі да мастакоў і настойліва папрасілі спыніць творчую дзейнасць: інакш, маўляў, мы за сябе не адказваем. Уладзімір тады абраў іншы кірунак у мастацтве, але памкненне да малявання не абмінула сям’ю Грамовічаў: праз некалькі дзесяцігоддзяў сын Уладзіміра Пятровіча скончыў факультэт графікі айчыннай Акадэміі мастацтваў.

У тэатры малады рабочы сцэны Уладзімір Грамовіч сумленна грузіў скрыні з рэквізітам у аўтобус, суправаджаў артыстаў на шматлікіх гастролях, ставіў і разбіраў дэкарацыі, а ў перапынках паміж спектаклямі браў у рукі ляльку і спрабаваў паўтарыць з ёю сцэнічны малюнак. Акцёры спачатку хіба пасміхаліся з хлопца, але ўрэшце хтосьці паклікаў тагачаснага галоўнага рэжысёра Анатоля Ляляўскага прыглядзецца да дзівака-грузчыка. І Анатоль Аляксандравіч прапанаваў: “Калі ў цябе такое шчырае памкненне да лялек, дык пераходзь у дапаможны акцёрскі склад”. Між іншым, за 80-гадовую гісторыю тэатра лялек толькі двойчы будучыя зоркі сцэны пачыналі з пасады рабочага: спадар Грамовіч і легендарны Уладзіслаў Уласаў.

За амаль паўвека ў тэатры Уладзімір Пятровіч сыграў ва ўсіх знакавых спектаклях. І пры шматлікіх сваіх рэгаліях ды творчых перамогах застаецца шчырым, адкрытым для калег чалавекам. Ён — адзін з тых, хто хвалюецца за лёс тэатра, які калісьці стаў яму другім домам, хто імкнецца захаваць для новых пакаленняў памяць пра людзей, з кім калісьці стваралі гісторыю гэтага калектыву.

У дзень свайго 70-годдзя, 30 верасня, заслужаны артыст будзе на працы: дзе ж яшчэ святкаваць юбілей, як не на сцэне тэатра, якому Уладзімір Грамовіч прысвяціў не раўнуючы ўсё жыццё? Культураўцы шчыра віншуюць Мэтра са святам і жадаюць спадару Грамовічу здароўя, доўгіх гадоў жыцця і прафесійнай запатрабаванасці!

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"