“Я вярнуўся ў родны дом!”

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

27 верасня ўпершыню за апошнія дзевяць гадоў народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў пераступіў парог Вялікага тэатра Беларусі, ідучы туды на працу. Ён выглядаў крыху разгубленым ад такога хуткага і трохі нечаканага для яго самога развіцця падзей, але вельмі шчаслівым. “Я вярнуўся ў родны дом!” — эмацыйна каментаваў Валянцін Мікалаевіч навіну, якая імгненна абляцела ўсе мас-медыя і сацыяльныя сеткі.

/i/content/pi/cult/711/15554/1.jpg— Сёння — гістарычная падзея ў жыцці галоўнага тэатра краіны. Прынятае рашэнне прызначыць народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева на пасаду мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі — зазначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар падчас афіцыйнага прадстаўлення калектыву “новага старога” мастацкага кіраўніка. — Я лічу, што мудрасць, вопыт, бясспрэчны аўтарытэт Валянціна Мікалаевіча дазволіць выбудаваць працу тэатра на /i/content/pi/cult/711/15554/2.JPGновым якасным узроўні.

Валянцін Елізар’еў аддаў гэтаму тэатру 36 гадоў свайго жыцця. Яго набыткі і творчы досвед бясспрэчныя. Ды і ў той перыяд, які быў паміж сыходам і вяртаннем, народны артыст СССР не знаходзіўся ў прастоі: ён актыўна выкладаў у Акадэміі музыкі, ставіў спектаклі ў многіх краінах свету, удзельнічаў у міжнародных форумах, датычных праблем сучаснага балетнага мастацтва. Наведваючы прэм’еры апошніх гадоў у Оперным тэатры, я нават не сумнявалася, што сярод гледачоў абавязкова пабачу слыннага балетмайстра. Таму новаму мастацкаму кіраўніку не патрэбны час на “разгойдванне”: яшчэ да першага працоўнага дня Валянцін Мікалаевіч падрыхтаваў грунтоўную канцэпцыю творчага развіцця тэатра.

Юрый Бондар запэўніў сабраны ў галоўнай зале калектыў Вялікага, што прыняццю рашэння аб прызначэнні папярэднічала вялікая работа, шматлікія кансультацыі. Міністэрства культуры вывучала сітуацыю ў тэатры і прыйшло да высновы, што ў дадзены момант вострых праблем ва ўстанове няма.

— Мы бачым штодзённую карпатлівую работу, новыя пастаноўкі, зладжанае ўзаемадзеянне калектыву і кіраўніцтва тэатра. Тэатр з’яўляецца лідарам у шматлікіх паказчыках, па якіх ацэньваецца сёння і фінансава-гаспадарчая, і творчая дзейнасць любой тэатральна-відовішчнай установы, — дадаў кіраўнік ведамства. — Аднак пэўныя моманты мы хочам удасканаліць. Хутка адбудуцца змяненні ў структуры кіравання творчай і адміністрацыйнай дзейнасці тэатра.

На мастацкага кіраўніка будзе ўскладзена адказнасць за масцтацкі ўзровень работы Вялікага тэатра, каардынацыю дзейнасці ўсіх яго структурных падраздзяленняў. Валянцін Мікалаевіч узначаліць мастацкую раду і будзе вырашаць немалы комплекс пытанняў. Па словах міністра, генеральны дырэктар Вялікага Уладзімір Грыдзюшка сканцэнтруе сваю ўвагу на адміністрацыйнай і фінансавай дзейнасці, маркетынгу, менеджменце.

— Нам трэба працаваць сумесна, працаваць на аснове ўзаемапавагі. За намі — тэатр, і нам трэба рабіць усё, каб глядач сюды ў ахвоту прыходзіў, каб надзеі публікі былі апраўданыя, каб аўдыторыя атрымлівала тут задавальненне, — дадаў да слоў міністра культуры спадар Грыдзюшка.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі новы мастацкі кіраўнік распавёў журналістам пра першыя крокі на сваёй пасадзе. Валянцін Мікалаевіч у бліжэйшыя дні сустрэнецца з кіраўнікамі калектываў тэатра, а таксама наведае кожнае са структурных падраздзяленняў, каб пагутарыць з людзьмі, якія непасрэдна ствараюць мастацтва.

А ўжо ўвечары першага працоўнага дня ён паглядзеў балет “Эсмеральда”. З гэтага пачалося знаёмства з цяперашнім рэпертуарам тэатра, мэта якога — ацаніць, у якім стане знаходзяцца спектаклі, што складаюць афішу.

— Мяне многія асцярожна запытваюць: маўляў, вы ж харэограф, а прызначаны мастацкім кіраўніком усяго тэатра, — усміхаецца спадар Елізар’еў. — Хачу заспакоіць тых, хто хвалюецца: усё ж, я скончыў Ленінградскую кансерваторыю, а гэта — музычная ўстанова. Для мяне не будзе жанраў-любімчыкаў ці жанраў-нелюбімчыкаў. Я мушу на роўных ставіцца да ўсіх калектываў, бо для мяне самае галоўнае — гэта творчасць. Да таго ж, я з’яўляюся членам Савета Еўропы па культуры і спадзяюся, што гэтая пасада паспрыяе развіццю творчых сувязяў тэатра. Мне хацелася б ладзіць праекты з удзелам сапраўдных зорак, сярод якіх будуць дырыжоры, рэжысёры, оперныя выканаўцы, танцоўшчыкі з сусветным імем.

За гэты дзень Валянцін Мікалаевіч часта паўтараў, што адчувае наперадзе вельмі сур’ёзную работу. І аналітычную, і практычную. Новы мастацкі кіраўнік хоча, каб Вялікі тэатр Беларусі каціраваўся на сусветным узроўні. І прыкладзе для гэтага ўсе намаганні.

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"