Яблыкі з саду Чэслава Нэмана

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Напярэдадні Дня бібліятэк на Светлагоршчыне прайшла імідж-акцыя “Адзін дзень з жыцця бібліятэкі”. Загадчык аддзела маркетынгу раённай кніжніцы Валянціна Расошанка паведамляе, што рыхтаваліся не толькі выставы, але і апытанні насельніцтва. Супрацоўнікі ЦРБ выйшлі на вуліцы, каб даведацца пра адносіны грамадзян да бібліятэчных устаноў. Жыхары райцэнтра выказаліся станоўча, хоць асобныя і прызналіся, што не з’яўляюцца карыстальнікамі бібліятэк. Кожны атрымаў смайлік і асабістае запрашэнне.

/i/content/pi/cult/710/15549/15.jpgА чытачы дзіцячых устаноў Светлагорскага раёна цяпер ведаюць, што ў бібліятэцы можна не толькі кнігу ўзяць, але і адсвяткаваць свой дзень нараджэння. У Якімаваслабадской сельскай бібліятэцы прайшоў рамесніцкі майстар-клас. Чытачы Вяжноўскай СБ удзельнічалі ў літаратурных конкурсах, а дзятва з Дубровы “пракацілася” на кніжнай каруселі. У гарадскіх установах № 1 і № 2 адбыліся вечарыны, прысвечаныя кампазітару Ігару Лучанку і рэжысёру Міхаілу Пташуку. Калі хто мяркуе, дадае Валянціна Расошанка, што бібліятэка — гэта сумна і нецікава, хай наведае ў сацыяльных сетках старонку “БібліятэкіСветлагаГорада”.

Пра дзень адкрытых дзвярэй піша метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз: “З самага ранку бібліятэкары сустракалі дарослых і падлеткаў, якія ішлі на працу і ў школу, віншавальнымі флаерамі, зычылі здароўя, дабрабыту, запрашалі ў госці. І госці прыйшлі. Для іх дзейнічала бібліякавярня “Чыталінка” з беларускім квасам і дамашнім печывам. Лялечны тэатр “Васілёк”, які пачаў дзейнічаць пры дзіцячай бібліятэцы, паказаў імправізацыю паводле беларускіх казак”.

14 верасня Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы рэалізавала сацыякультурны праект “Бібліяноч — 2018”. “Праграма прысвячалася кіно, — піша загадчык аддзела маркетынгу Лідскай бібліятэкі Дар’я Марцінкевіч. — Госці даведаліся пра ўзнікненне і развіццё кінематографа, пазнаёміліся з жыццём і творчасцю вядомых рэжысёраў, згадалі літаратурныя творы, паводле якіх былі створаны кінастужкі”.

“Бібліязацемкі” ў Магілёве прысвячаліся сёлета кнігам пра Гары Потара. Пра гэта распавяла бібліятэкар цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Марта Арлова.

Навіна ад загадчыка філіяла гарадской дзіцячай бібліятэкі Ваўкавыска Жаны Баклажэц. На прафесійнае свята там арганізавалі віртуальнае падарожжа па самых прыгожых бібліятэках свету. Цікава, што сярод такіх, напрыклад, установа ў джунглях Калумбіі.

Кніжны фэст у Дзятлаве прысвячаўся роднай мове. Удзельнікамі свята сталі старшакласнікі гімназіі № 1. Аўтар допісу — бібліятэкар першай катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбібліятэкі Святлана Магера.

Ашмянская РБ таксама вітала гасцей: вучняў сярэдняй школы № 1. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Галінская напісала, што мерапрыемства называлася “Бібліятэка знаёмая і незнаёмая”.

Пра самыя розныя прыклады кнігатэрапіі паведамляе загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ Тамара Круталевіч. Вулічны тэатр “Жывая кніга” выступіў перад навучэнцамі горада. Бібліятэкары наведалі і бальніцу, дзе чыталі кароткія апавяданні пазітыўнага зместу.

Заўтра на Ашмяншчыне адбудзецца свята грыбніка “Поўны кошык”. Цэнтрам грыбнога краю тут лічыцца лясны гушчар ля аграгарадка Крэйванцы. А 30 верасня ўсіх ахвотных чакае Гальшанскі кірмаш.

У аграгарадку Васілішкі і ў вёсцы Старыя Васілішкі прайшло свята музыкі Чэслава Нэмана. Загадчык Стара-Васілішкаўскага клуба-музея Уладзімір Сянюта распавёў пра дзяцінства і юнацтва музыканта, правёў экскурсію. Прысутныя пачаставаліся яблыкамі з саду Чэслава Нэмана. Пра гэта напісала вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гардзейчык.

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка піша: “На Віцебшчыне цягам бягучага года праходзіць абласны агляд-конкурс калектываў мастацкай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў з найменнем “народны”, “узорны”. 16 верасня падчас экалагічнага свята “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю” свае здольнасці прадэманстравалі мясцовыя самадзейныя артысты”.

У Гомелі ў скверы імя Андрэя Грамыкі “Хобі Бум”. Народныя промыслы і рамёствы, кулінарыю, самыя разнастайныя калекцыі ды сучаснае мастацтва прэзентавалі прадстаўнікі Гомельшчыны і Бабруйскага раёна.

Дзяржынскі гарадскі дом культуры адкрыў новы творчы сезон “Перазагрузкай-57”. Справа ў тым, што сезон гэты — 57-ы, а шоу “Перзагрузка” стала сімвалам аднаўлення і спробай рэарганізаваць дзейнасць у стылістыцы хай-тэк. Праграма радавала нечаканымі рэжысёрскімі рашэннямі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"