У іх вачах — розум і мудрасць

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Выстава “Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня”, якая адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, працягвае архіўную лінію Месяца фатаграфіі. Тэма беларускага вяселля, распачатая ў галоўнай экспазіцыі сямейнымі фотаздымкамі маладых, пашыраецца да межаў абраду, набывае свае карані і атрымлівае моцны музычны складнік.

/i/content/pi/cult/710/15547/10.JPGЧорна-белыя фотаздымкі з’яўляюцца часткай архіва кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Прывезеныя з музычна-этнаграфічных экспедыцый разам са сшыткамі і стужкамі з гуказапісамі, яны пранумераваны, каталагізаваны і захоўваюцца ў тэчках і скрынях. Такі матэрыял прызначаны выключна для навуковага прагляду. Ініцыятарам іх дэманстрацыі шырокаму гледачу стала метадыст кабінета традыцыйных музычных культур Настасся Даніловіч. Яна прынесла архівы на адну з сустрэч у межах падрыхтоўкі да Месяца фатаграфіі — і неўзабаве ўзнікла ідэя выставы: паказаць вяселле праз партрэты носьбітаў песенна-абрадавай традыцыі.

На фотаздымках яны стаяць каля сваіх хат ці платоў: святочна ўбраныя, спакойныя, пэўныя ў вартасці сваіх ведаў, у сваёй здольнасці праз рытуал упісаць кожны важны стан чалавека ў бясконцы рух жыццёвага кола.

— Для мяне фатаграфіі гэтых людзей самыя каштоўныя на выставе, — кажа Настасся Даніловіч. — Як для музыказнаўцы для мяне вартасць песеннай традыцыі, здавалася б, павінна пераважваць. Але бы зачараваная я бясконца гляджу на твары людзей, на іх постаці. Мне здаецца, што ў сталым узросце ўсе вяскоўцы становяцца
падобнымі адзін да аднаго, у іх вачах — розум і мудрасць. Ад размовы з імі эмацыйна зараджаешся на пазітыў, перастаеш баяцца сталець і старэць. Гэтыя людзі — самі па сабе здабытак нашай культуры.

Самым даўнім фотаздымкам — каля сарака гадоў. Выяўленым на іх асобам сёння мае быць ужо больш за сто. Каб зрабіць выставу не фармальнай, а вельмі цёплай і скіраванай да гледача, Настасся ўласнаруч падпісала кожны здымак. Гэта кароткія звесткі пра людзей, урыўкі з песень ці размоў. Разам з этнаграфічнымі адметнасцямі вёскі ХХ стагоддзя, тут захаваная і чароўнасць старога фота — з рознымі хібамі, якія пакінуў ці то недасканалы друк, ці то час. Але відавочна, што гэтыя кадры святлеюць, раствараюцца ў паветры і, магчыма, хутка знікнуць, як знікаюць і самі абрады, як сыходзяць з жыцця іх носьбіты.

— Мне было вельмі цікава працаваць з архівамі Акадэміі музыкі, — кажа куратар выставы Дзіна Даніловіч. — Мая задача была зрабіць сучасным візуальны бок выставы, зацікавіць маладых людзей. Тут ёсць QR-коды, і кожны, хто мае тэлефон, з лёгкасцю можа атрымаць дадатковую інфармацыю. Гэта вельмі шчырыя і праўдзівыя фотаздымкі людзей, для якіх музыка — частка жыцця. Таму вяселле, якое раней працягвалася каля пяці дзён, сёння ўтварае кантраст да таго, у што ператвараюцца сучасныя святы. Раней песні суправаджалі кожны крок, з імі радаваліся і сумавалі, перажывалі і гора, і шчасце. Таму музычныя запісы, зробленыя ў этнаграфічных экспедыцыях — вельмі важная частка экспазіцыі.

Мультымедыйнай частцы прысвечана асобная зала. Спецыяльна для яе быў зроблены слайд-фільм, кожны здымак для якога суправаджае голас таго, хто на ім адлюстраваны. А кадры змяняюцца ў адпаведнасці з паслядоўнасцю вясельнага абраду. Яшчэ ў адной зале можна паглядзець фільм “Радзілавіцкае вяселле”, зняты летась сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Сцэнарый да яго напісала журналістка і грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэгіна Гамзовіч. Здымкі адбываліся ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна.

/i/content/pi/cult/710/15547/11.JPG— Не ўсюды на вяселле пусцяць чужога чалавека з камерай, — распавядае яна. — На маім веку ўдалося патрапіць толькі на два. Але традыцыю я ведала, таму падказвала, дзе трэба стаць фатографу Альфрэду Мікусу, дзе аператару Аляксею Глушко, каб паспець зафіксаваць увесь абрад. Вельмі цікавая яго частка — навіванне наміткі. У Дзяржынску яна мае даўжыню пяць метраў! Гэта галаўны ўбор ручніковага тыпу, які ўпершыню навіваюць на вяселлі. Спачатку на галаву маладой, а потым, як пупавінай, дзяўчыну звязваюць з маладым, бо ёй — працягваць род. Галоўная наша мэта была зафіксаваць, таму ёсць некаторыя хібы здымкі: напрыклад, камера часам трапляла ў кадр, бо людзей на вяселлі было багата. Але потым стужку выдатна зманціраваў Дзяніс Касцюкевіч. Можна лічыць, што гэта першы паказ фільма. Я зрабіла яго за свае грошы. Проста каб засталося!

Беражлівае, паважлівае стаўленне не толькі да архіваў, але і да самой традыцыйнай культуры, імкненне занатаваць і з добразычлівасцю ды цеплынёю паказаць сучаснікам — такім успрымаецца лейтматыў гэтай выставы. Яе візуальны і музычны складнікі разам утвараюць яшчэ адзін, нябачны, але вельмі важны. Ён скіраваны выключна да нашай генетычнай памяці. Галоўная дзея — з дапамогай фотаздымкаў людзей і іх песень — разгортваецца ў падсвядомасці гледача, грунтуецца на нашых адчуваннях этнічнага пласту. Дый недарэмна нашы продкі лічылі, што вясельны абрад гарантуе шчаслівы працяг роду і жыцця на зямлі.