Паралелі ў почырку і стылістыцы

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Тры выставачныя пляцоўкі сталіцы задзейнічаны пад міжнародны праект “Мінск — Масква. Жывапіс сяброўства”. Гэта культурна-дзелавы цэнтр “Дом Масквы”, галерэя “Універсітэт культуры” і Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. У выставе, як вынікае з назвы, бяруць удзел мастакі Мінска і Масквы. У фарміраванні экспазіцыі ёсць пэўны элемент спантаннасці. Як па мне, дык ён нават пануе.

/i/content/pi/cult/710/15546/9.JPGВідавочна, што спецыяльна да выставы ніхто з удзельнікаў не рыхтаваўся. Тэматыка не абмежавана, пра стылёвыя арыенціры і канцэптуальныя прыярытэты нават гаворкі не было. У выніку, кожны з мастакоў прадставіў тое, што палічыў патрэбным, што мае найлепшым чынам рэпрэзентаваць яго як творцу. Або тое, што ў дадзены момант было пад рукою (ці не ў кожнага мастака ёсць работы, якія пры жаданні лёгка дапасаваць да якога заўгодна экспазіцыйнага кантэксту).

Такую спантаннасць экспазіцыі можна трактаваць і як недагляд куратара, і як станоўчую якасць — маўляў, жывыя эмоцыі мастака, якія ідуць ад сэрца (а ў тым, што прадстаўленыя творы шчырыя, я асабіста не сумняваюся) для гледача цікавейшыя за канцэптуальныя напрацоўкі, якія — ад розуму. Але беручы да ўвагі прэтэнцыёзнасць праекта, арганізатарам усё ж такі варта было б мець нейкую зыходную ідэю і выпрацаваць крытэрыі, паводле якіх адбіраліся б работы для выставы.

Неяк ад старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы я чуў развагі пра тое, што мастацтва мае ўласную геаграфію, і ёсць гарады, дзе з прычыны іх культурнай насычанасці творчая асоба адчувае сябе нібыта дома. І дадаў: мастаку ўтульна паўсюль, дзе ёсць ягоныя калегі — іншыя мастакі. Што гэта так, я меў магчымасць пераканацца на нашых пленэрах, дзе збіраюцца аўтары з блізкага і далёкага замежжа. Падобнае ўражанне ў мяне і ад гэтай выставы. Мастакоўская “сходка” — гэта заўжды нешта станоўчае, нешта з добрай энергетыкай. Слова “сяброўства”, якое прысутнічае ў назве выставы, увасабляе прыгожую з’яву. Асабіста мне хацелася б на гэтай выставе пабачыць яе мастацкае асэнсаванне.

На жаль, таго, што хацеў, я на выставе не прыкмеціў. Але яе наведванне не лічу страчаным часам. Пэўнае ўяўленне пра тэндэнцыі мастацтва нашых краін яна дае. І яны, мяркуючы па ўсім, у роўнай ступені ўласцівыя выяўленчаму мастацтву як Беларусі, так і Расіі. І ў нас, і ў нашых усходніх суседзяў сёння па-ранейшаму запатрабаваны традыцыйны рэалізм, які вельмі пасуе адлюстраванню адносна некранутай прыроды, вясковага побыту, утульнай атмасферы невялікіх гарадоў і мястэчак — усяго таго, што падвяргаецца агрэсіўнай трансфармацыі пад націскам неўтаймаванай урбанізацыі.

Настальгія па зямлі, не закаванай асфальтам, адчуваецца ў карцінах Юліі Жукавай, Андрэя Очнева, Фёдара Памелава, Васіля Пешкуна, Леаніда Гоманава. Іх почырк і стылістыка абуджаюць у памяці творы перасоўнікаў. На першы погляд падаецца, нібы і занатаваныя краявіды з той пары не змяніліся, нібы час спыніўся. Але тое, што для людзей мяжы XIX — XX стагоддзяў было сапраўднай рэчаіснасцю, для сённяшніх мастакоў часцяком — падабенства тэатральнай дэкарацыі. Як, да прыкладу, на карціне Надзеі Бука “Надзея”: акно вясковай хаты з папяровым карабельчым.

Антаганістам згаданай настальгіі па звыклым, цёплым, матэрыяльным ёсць мастацтва, якое пэўным чынам увасобіла ў сябе заходні досвед нефігуратыўнасці, беспрадметнасці і творчага касмапалітызму. Гэта жывапіс Валянціна Чопыка, Таццяны Халево, Рыгора Іванова... Гэта свайго роду міжнародны стыль, у аснове якога — непрыхаваны дэкаратывізм. Ён амаль паўсюль прыдатны менавіта як аздоба інтэр’еру. Сто гадоў таму гэта было б крута.

У асобную сэнсавую групу экспазіцыі (ці, правільней, экспазіцый — іх жа тры ў розных кропках горада) я вылучыў бы Ганну Сілівончык, Васіля Касцючэнку, Галіну Іванову, Наталлю Іванову, Аксану Аракчэеву. Згаданыя творцы сваімі карцінамі ствараюць міфалогію, якая грунтуецца не на звыклых вобразах этнаграфіі і нацыянальнай ментальнасці, але на віртуальнасці і суб’ектывізме.

Не зусім зразумела, ці трэба было дэманстраваць графічныя аркушы Валерыя Славука. Ягоная іранічнасць у фантастычнай афарбоўцы відавочна выбіваецца з адносна ўпарадкаванага відэашэрагу экспазіцыі.

Кажуць, у выставачнай справе дробязей няма. Таму я і звярнуў увагу на тое, што ўсе шыльдачкі з імёнамі аўтараў і назвамі твораў на выставе — на рускай мове. Між тым як выстава беларуска-руская. Элементарная выставачная культура стварэння экспазіцыі вымагала б дубляваць тэксты.

Найбольш эфектна глядзелася экспазіцыя ў “Доме Масквы”. Парадны лад класіцысцкіх інтэр’ераў нібыта надаваў значнасці карцінам. У галерэі “Універсітэт культуры” і зале Музея тэатральнай і музычнай культуры фактычна тое ж самае глядзелася менш эфектна. Гэтыя асаблівасці выставачнай прасторы было б някепска зыходна ўлічваць і рабіць экспазіцыйныя акцэнты пад канкрэтныя пляцоўкі, а не проста механічна падзяліць экспазіцыйны матэрыял на тры часткі.

Але галоўнае, што выстава — добрая ідэя, дзеля годнай рэалізацыі якой варта парупіцца. Хочацца верыць, яна стане традыцыйнай, і таму ўсе цяперашнія агрэхі яшчэ будзе магчымасць выправіць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"