Каардынаты “Вежы”

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Вось і завяршыўся ХХІІІ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”, удзельнікамі якога сталі 23 калектывы з дзесяці краін свету. Цягам шасці дзён адбыліся 28 паказаў 26-ці спектакляў, прычым адзін з паўтораў прайшоў не ў Брэсце, а ў блізкай ад яго Жабінцы, дзе горача віталі “Адэскія апавяданні” піцерскага вырабу. Беларусы атрымалі тры дыпломы з шасці. Але Гран-пры паехаў ва Украіну: найлепшым спектаклем фестывалю прызнаная трагікамедыя “Як загінуў Гуска” (на здымку) Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек.

/i/content/pi/cult/710/15544/8.JPGКаб пераканацца ў тым, што лялькі “руляць” (дарэчы, і не толькі на гэтым фестывалі), дастаткова зірнуць, як выглядае ўся “дошка гонару”. Лялечнікі адхапілі ажно чатыры дыпломы — акурат дзве трэці ўсіх узнагарод. Да перамогі ў намінацыі “Найлепшы спектакль тэатра лялек”, якім аказаўся сталічны “Пансіён Belvedere”, далучыўся не толькі згаданы Гран-пры, але і дыплом за найлепшы монаспектакль. Ім стала бязмоўная “Гульня часу” з Іспаніі — сем асобных мініяцюр, пастаўленых сям’ю рэжысёрамі з сямі краін, уключаючы амаль невядомыя нам у тэатральным плане Партугалію, Калумбію, Індыю, Тайвань. Найлепшым мастаком прызнана Таццяна Нерсісян — за той жа Belvedere і новы дзіцячы (а дакладней, сямейны) спектакль “Мой тата — птушк” Брэсцкага тэатра лялек.

Даўно не навіна, што тэатры лялек выдатна працуюць і з разнастайнымі прадметамі, і без іх — “жывой натурай”, дасягаючы новых сродкаў выразнасці. І ўвогуле знаходзяцца на вастрыні сучасных тэатральных працэсаў, што ўсё ніяк не ўцямяць некаторыя гледачы. Паказальна, што пасля падвядзення вынікаў тыя, хто не глядзеў “Гуску”, былі здзіўлены: як можна Гран-пры аддаваць нейкім лялькам? Гэта ж несур’ёзна!

Насамрэч, у тым спектаклі сышлося ўсё: нацыянальны матэрыял (Мікалай Куліш — вядомы ўкраінскі драматург і журналіст, расстраляны ў 1937-м), актуальная тэма (“маленькі чалавек” і яго сям’я ў рэвалюцыйным 1917-м), разгалінаваная сімволіка п’есы, якая ахоплівае сцэнаграфію і рэжысуру, высокая тэатральная культура.

Сваю ўзнагароду кіяўляне пацвердзілі і другім прывезеным спектаклем — “Калякі-малякі” для немаўлят “ад 0 да 3-х гадоў”. Простая казка пра тое, як сонейка і хмарка пасварыліся, а потым памірыліся і зрабілі вясёлку, ішла амаль без слоў, але з некалькімі песенькамі — жыўцом і пад жывое піяніна. Дзеці з бацькамі сядзелі на падушках сярод артыстаў і сцэнічнага антуражу і актыўна ўдзельнічалі ў дзеянні: гулялі з сонечнымі зайчыкамі, выцягвалі рыбу вудамі з маленькімі магнітамі, імітавалі дожджык...

Спектаклі ж аматарскіх дзіцяча-юначых тэатраў і студый, якія ішлі побач з прафесійнымі, апынуліся ў ар’ергардзе.

Вельмі таленавітыя падлеткі сабраліся ў тэатры-студыі “Дуэт” з Санкт-Пецярбурга, але чамусьці яны былі вымушаны іграць 30 — 60-гадовых герояў Шукшына. Індывідуалізацыі персанажаў, добра адбудаванай сюжэтнай лініі неставала “Маўглі” Народнага дзіцячага тэатра “Свавольнікі” з Харкава. Зразумела, што гэты кірунак, з любоўю названы “Белавежкай”, узнік у фестывальнай афішы не ад добрага жыцця. Сціплае фінансаванне не дазволіла запрасіць ні славутыя вулічныя калектывы, як гэта было раней, ні прэстыжныя замежныя тэатры з нашумелымі прэм’ерамі. Сярод тэатральных крытыкаў гучала думка: ці не варта надалей увогуле адмовіцца ад “Белавежкі”? Або зрабіць яе асобным, не звязаным з “Белай Вежай” праектам. Або хаця б не выносіць такія спектаклі на абмеркаванне, вымушаючы заўважаць іх хібы.

Вядома, канчатковае рашэнне будуць прымаць арганізатары. На маю ж думку, дзіцячы складнік дапаўняе цэласную карціну развіцця тэатральнага мастацтва. А правядзенне ў Мінску міжнародных фестываляў “Тэатральны куфар” (з юначымі і студэнцкімі калектывамі), “Крокі” (з дзіцячымі), а таксама і стыльная “Свіцязянка” польскага аматарскага тэатра “Капрыс” на цяперашняй “Вежы”, пераконваюць, што пры адпаведнай працы з юнымі артыстамі стварэнне папраўдзе адметных спектакляў цалкам магчыма.

Пры такім разбегу фестывальнага ўзроўню прафесійныя драмтэатры і артысты, занятыя ў монаспектаклях, апынуліся на “Белай Вежы” дзесьці пасярэдзіне. На жаль, тая сярэдзіна не стала залатой.

Піп Уотан з Вялікабрытаніі, які два гады таму зрабіў у Брэсце фурор сваім монаспектаклем “Чаплін”, гэтым разам прывёз “Маргарэт”. Артыст пераўвасабляецца ў Тэтчар і ад яе імя вядзе дыскусію з залай пра палітыку і ўладу. Цікавая задума разбілася аб нашае няведанне на належным узроўні не толькі англійскай мовы, але і біяграфіі гераіні. Пытанні з залы ад спецыяльна падсаджаных англамоўных дзяўчат тычыліся асабістага жыцця, а адказы ішлі без перакладу.

Народны артыст Расіі Яўген Князеў, які ў сваёй асобе прадстаўляў знакаміты тэатр імя Вахтангава, цудоўна прачытаў пушкінскую “Пікавую даму”. Але наўрад ці гэта можна было назваць монаспектаклем — хутчэй, мастацкім чытаннем, гэткай “аўдыёкнігай”. Ровенскі тэатр на чале з рэжысёрам Уладзімірам Петрывам скаралі брэсцкую публіку і крытыкаў і ў 2014-м, і летась. Можа, яшчэ і таму ад цяперашняга спектакля “Калека з выспы Інішмаан” чакалася большага, а не толькі добрай акцёрскай ігры. “Лебядзіная песня” Капанскага тэатра вылучалася нацыянальным элементам: частка чэхаўскага тэксту, дзе герой цытуе фрагменты сваіх тэатральных роляў, была заменена армянскай класічнай драматургіяй. Але малады артыст не змог перадаць усю трагедыю старога коміка.

Спектакль “Іграем Шэкспіра!” з Новасібірска вылучаўся амбітнай задумай — і, на жаль, адсутнасцю адэкватнага рашэння. А вось “Запіскі з падполля” ў чарговы раз даказалі, што студыя Theaomai з Вільнюса, якая не ўпершыню прыязджае ў Беларусь, — тэатр са сваім абліччам. Аповесць Дастаеўскага інтэрпрэтавалі ў звыклай для літоўцаў і нязвыклай для пісьменніка “ціхай” манеры: без усялякай экзальтацыі, на фоне малітваў. “Апошняя гульня” з Алжыра, нягледзячы на вельмі дрэнны, часам бессэнсоўны пераклад з арабскай, здзівіла сучаснымі прыёмамі, удалым сінтэзам мастацтваў, усходніх і заходніх традыцый.

Фестываль ярка выявіў кірунак, які можна назваць жыццё — у руху.

Гэты хрэстаматыйны выраз можна разумець і ў філасофскім плане — як імкненне наперад, да скарэння ўсё новых творчых даляглядаў, і наўпрост — як выкарыстанне пластыкі і танца. Зварот да іх становіцца часам добрай афарбоўкай, а часам і сапраўдным выратаваннем. Так, у шоу-праграме “Наша жыццё — вялікі сцэнарый” Узорнага тэатра-студыі “Паралель” з Баранавічаў былі і расцягнутасць формы, і няўмелае сцэнічнае маўленне. Затое ў танцавальных і пластычных нумарах моладзь выглядала пераканаўча. “Плаха” з Падольска была справядліва азначана крытыкамі як “плаха для Айтматава”, бо знакаміты раман ператварыўся ў нягеглы абрубак з непатрэбнымі дадаткамі “новай драмы”. Цікавай падалася хіба спроба (праўда, не да канца рэалізаваная) сумясціць балетнае адажыа з размоўным дыялогам.

Звычайная вучэбная, здавалася б, праца першакурснікаў аддзялення рэжысуры тэатра БДУКіМ, выкананая пад кіраўніцтвам Вячаслава Сашчэкі, стала завершаным пластычным спектаклем “Кніга кніг: жывыя гравюры”. Студэнты цяпер на трэцім курсе, і ёсць два гады, каб падумаць пра паказы гэтай пастаноўкі, да прыкладу, у сценах Нацыянальнага мастацкага музея — магчыма, з уступным словам мастацтвазнаўцы. Чым не асветніцкі праект? Балазе, удзельнікі не проста “дублююць” гравюры сваімі “стоп-кадрамі”, а выяўляюць перадгісторыю і далейшае развіццё падзей, яднаючы ўсё ў непарыўны аповед.

Найлепшым харэографам фестывалю названа Ірына Савельева (Латвія) — за танцавальны спектакль Даўгаўпілскага тэатра “Казанова. Генрыета. Венецыя”. Пластычны аповед дыхае не толькі палымянай жарсцю, але і сапраўдным каханнем, кранальнай пяшчотай. Прыцягальнасць героя тлумачыцца проста і зразумела: у адрозненне ад іншых мужчын, ён ахінае жанчын непадробнай увагай і, як тонкі псіхолаг, дае кожнай тое, чаго ёй не хапала. Пластыка настолькі красамоўная, што змест “чытаецца” без усялякіх слоў і лібрэта. Фрагменты твораў Марыны Цвятаевай агучаны гэткім “пункцірам”, з прыпынкамі пасярод слоў, напоены жывым дыханнем стрыманых эмоцый, гатовых выліцца ў цунамі. Гэта не столькі сэнсавая апора, колькі адметная фарба гукавай аўры, складзенай з рознастылёвай музычнай “нарэзкі” так, што ніякія “швы” не заўважны. У харэаграфіі — яшчэ больш натуральны сплаў драбнюткіх, часам ледзь намечаных элементаў разнавектарных кірункаў і тэхнік. Гэта разнастайнасць спасылак — ад неакласікі да брэйк-данса, ад народнага танца да сontemporary — становіцца пазнавальным почыркам пастаноўшчыка і ўсяго калектыву ды стварае неабсяжнае поле асацыятыўных сувязяў.

Ды ўсё ж галоўным на любым міжнародным форуме становіцца “беларускае пытанне”: як выглядала сярод іншых наша мастацтва. Адказ — перамогі ў трох намінацыях. Да абодвух адзначаных тэатраў лялек дададзім Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Яго “Рэвізор” стаў найлепшым спектаклем тэатра драмы. Віктар Манаеў (Гараднічы) і Павел Харланчук-Южакоў (Хлестакоў) прэтэндавалі на “лепшых акцёраў”, але такі прыз не прысуджаўся.

Запатрабаванасць сучаснай беларускай драматургіі не толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, але і, да прыкладу, у Якуціі пацвердзіў London паводле Максіма Дасько. Гэта п’еса двойчы ставілася і ў нас. Тым больш цікава было паглядзець замежнае прачытанне гісторыі пра сантэхніка Гену. Знешне больш кідкае, насычанае смешнай відэаграфікай, фрагментамі мультфільмаў, дадатковымі тэкстамі і сюжэтнымі хадамі, яно страціла драматычныя рэаліі і ператварылася ў забаўляльнае шоу з адценнем расійскага лубка. У цэнтры апынуўся не лёс героя, а своеасаблівы кастынг акцёраў на яго ролю, што вядзецца метадам гэткай “дыстанцыйнай” рэжысуры.

Ну, а тры ўласна брэсцкія прэм’еры трох розных тэатральных калектываў патрабуюць больш шчыльнага разгляду ў адным з наступных нумароў “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"