Хітмэйкер з сімфоніямі за плячыма

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Кампазітар Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, які піша песні “для школьнікаў і прафесараў”, адзначыў 60-годдзе. Як прызнаўся “К” гэты заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, з нагоды сваіх юбілеяў ён ніколі не “парыўся”. Вось і мінулы, які выпаў на ўчарашнюю пятніцу, выключэннем не стаў. Таму сёння, у суботу, галава ў маэстра, пэўна, свежая. Што яму было ўласціва заўсёды.

/i/content/pi/cult/710/15543/7.jpgАд Шастаковіча да Шнурава

— Доўга думаў, якім кампазітарам вас трэба называць — вядомым, папулярным, знакамітым?

— Добрыя словы, працягвайце! Яшчэ ёсць варыянты?

— Мэтр сучаснай папулярнай музыкі.

— Усё? На канцэртах мяне прадстаўляюць проста: “Кампазітар Алег Елісеенкаў”. Калі я яшчэ і спяваю, дадаюць “выканаўца”. Да эпітэтаў я стаўлюся спакойна, але з павагай.

— Дзмітрыю Шастаковічу належыць такое выслоўе: “Сапраўдная музыка заўсёды рэвалюцыйная, яна гуртуе людзей, трывожыць іх, кліча наперад”. У які “наперад” клічаце вы?

— Кожнае выступленне публічнага чалавека — гэта свайго роду пропаведзь. Хачу спадзявацца, што я клічу людзей да дабра.

— Тады — даруйце за збітае пытанне — на ваш погляд, ці можа мастацтва мяняць людзей?

— На мой погляд, не. Іх змяняюць жыццёвыя абставіны. А мастацтва дае аддуху — я б нават сказаў, яно забаўляе. Калі ж мастацкi пачатак у чалавеку антыгуманны па сваёй сутнасці, то гэта ўжо не мастацтва, а, хутчэй, пазіцыя. Мастацтва ж заўсёды маральнае.

— Вы да Алы Пугачовай ставіцеся не без піетэту?

— Адкуль такое пытанне? Як да артысткі, у мяне да яе складанае стаўленне. Я вырас на іншай музыцы, “эпоха Пугачовай” праходзіла ў баку ад мяне, хаця мы і спявалі на танцпляцоўцы “Ясные, светлые глаза” ансамбля “Веселые ребята”, у якім яна працавала ў сярэдзіне 1970-х. З эстэтычнага пункту гледжання — толькі з гэтага — Пугачова мне была блізкая акурат у свой ранні перыяд, асабліва часоў фільма “Іронія лёсу, або
З лёгкай парай!”, для якога запісала некалькі песень Мікаэла Тарывердыева. І блізкая мне Пугачова акадэмічнага гатунку. Але я разумею і яе некаторыя эпатажныя рэчы кшталту “Мадам Брошкінай”. У вобразе, умоўна кажучы, буфетчыцы яна арганічная.

— Чаму задавалася пытанне пра Пугачову? Гэта такі пастскрыптум да тэмы “мастацтва — не мастацтва”. Разумеючы, што ў душы яна па-ранейшаму ў чымсьці застаецца хуліганкай, мне было неяк дзіўна бачыць калісьці па тэлевізары яе вясёла-жывую рэакцыю на канкрэтныя песні групоўкі “Ленинград”...

— А я не лічу творчасць гэтага калектыву антыгуманнай.

— Як жа мараль, якая — “заўсёды”?

— Ну а ў чым, па-вашаму, заключаецца амаральнасць песень Сяргея Шнурава? У тым, што ён часта не выбірае выразаў? Але гэта той выпадак, калі некаторых слоў з песень дакладна не выкінеш. Аляксандр Сяргеевіч Пушкін не лічыцца ж амаральным тыпам за тое, што ў яго ёсць пэўнага зместу радкі. Проста, гэта такая эстэтыка. Нешта ад гэтай гарадской басоты, шпаны, у абліччы якой паўстае Шнураў, напэўна, ёсць і ўва мне. І Гарыка Сукачова я нармальна ўспрымаю, хаця ён таксама не пай-хлопчык на сцэне.

Праверка на трываласць

— Вы ж скончылі Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж?

— Так, па класе “тэорыя музыкі”. У 1970-я ён яшчэ, праўда, вучылішчам называўся. У 1982-м скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, якая цяпер Акадэмія музыкі — яе кампазітарскае аддзяленне. У 1986-м — асістэнтуру-стажыроўку ў таго ж Дзмітрыя Смольскага, у класе якога я ў кансерваторыі і вучыўся. Увогуле, мне пашанцавала, што ў гады маёй вучобы на нашай кафедры кампазіцыі выкладалі выбітныя асобы, гонар беларускай музыкі XX стагоддзя. Гэта і Анатоль Багатыроў, і Яўген Глебаў, і Уладзімір Алоўнікаў, і Ігар Лучанок, і Андрэй Мдзівані — сапраўды “залаты фонд” айчыннай культуры.

— А што наконт якасці цяперашніх студэнтаў? І педагогаў?

— Таксама ўсё нармальна. Гэта, ужо прабачце за такое параўнанне, як бульбачка: адзін курс добры ўрадзіўся, а потым гады 3 — 4 раптам ідзе правісанне. Педагогі не тыя? За іншыя ВНУ адказваць не буду, а ў нашым універсітэце іх узровень — досыць высокі. Вы паглядзіце, хто нас калісьці вучыў! Не маглі ж іх веды і ўменні вось так узяць і знікнуць.

— Але часам цяперашнія праграмы называюць састарэлымі.

— Гэта глупства! Хіба мы вучым студэнтаў толькі музыцы якога-небудзь XIX стагоддзя? Што за трызненне? Ды яны і класіку засвойваюць, і сучасную музыку. Далібог, не ведаю, ад каго вы маглі чуць такую крытыку.

— Як вы ставіцеся да таго, калі выпускнікі творчых ВНУ ў прафесіі не застаюцца?

— Дык ва ўсе гады людзі з музыкі сыходзілі! Гэта нармальна, калі здараецца такая праверка на трываласць. Мастацтва нельга ўспрымаць у першую чаргу як бізнес, які прыносіць нядрэнны і стабільны даход. Культурная дзейнасць — прафесія, якая прагнозам непадуладная.

— Тым не менш, сёй-той мяркуе, што паколькі ў краіне аптымізуюцца ўстановы культуры, не трэба дзяржаве столькі маладых спецыялістаў, колькі выпускаецца цяпер. Маўляў, не знойдзецца для іх работы ў аграгарадках…

— Зноў-такі, за ўсю навучальную сістэму не скажу. Колькасць жа студэнтаў, якія прымаюцца на нашу кафедру, і сапраўды зменшылася, паколькі мы якраз і арыентуемся на запыты з месцаў. І, дарэчы, пра аграгарадкі. Яшчэ гадоў 20 таму я быў перакананы, што складаная для разумення музыка можа існаваць толькі ў сталіцах або гарадах з шматгадовымі музычнымі традыцыямі. А пасёлкам і вёскам патрэбныя фальклор і што-небудзь просценькае, шансон які-небудзь. І вось, неяк я прыехаў у складзе зборнага канцэрта ў аграгарадок. Сярод артыстаў — салістка ці то Опернага тэатра, ці то Музычнага. Ну, думаю, паглядзім, як гледачы ўспрымуць арыю Вердзі. І быў уражаны тым, наколькі ім спадабалася класічная музыка. Калектыву, які выступаў следам, столькі крыкаў “брава!” не дасталася. І я зразумеў, што для гэтых людзей можна спяваць любую музыку, у тым ліку і складаную эстраду. Зразумеў, што ўзровень музычнай культуры ў краіне вырас.

— Вы сур’ёзна?

— Ну, можа, ён не такі, як у Італіі, дзе ў караоке-бары наведвальнікі могуць праспяваць вельмі складаную песню Элтана Джона або падцягнуць якую-небудзь акадэмічную тэму Андрэа Бачэлi (і “вуліца” да такога канцэрту далучыцца). Але — вырас-вырас, паверце мне! Бачэлi, можа, наша “вуліца” яшчэ і не праспявае, аднак выслухае з увагай. Яна ж сёння падкаваная, самую розную музыку чула ў тым жа інтэрнэце. Дарэчы, і эстрада беларуская расце, становіцца больш складанай.

— Складанай? Мне не пачулася?

— Так, значна складанейшай у музычна-эстэтычным плане. Больш разнастайнай стала, больш шматстылёвай.

“Спяваць я люблю”

— Вы так даўно “на слыху”, што цяпер я ўжо і не прыгадаю, якая ваша песня самая першая “пайшла ў народ”…

— Песня 1987 ці 1988 года стварэння — “Карусель” на словы Юрыя Кручанка. Я яе вельмі саромеўся напачатку. Усё ж, за спінай кансерваторская адукацыя, вопыт напісання сімфоній, а тут... такое. Мяне тады чамусьці пацягнула ў эстраду, але ў складаную — тую, якая падабалася “фірмовым” музыкантам. Я лічыў, што публіку трэба дацягваць да сябе, высакалобым хлопцам быў у той час. Але потым зразумеў: трэба ўмець пісаць музыку для любой публікі, нават для такой, якая выбірае што прасцей. І Саша Саладуха спраўна на працягу гадоў дзесяці закрываў свае канцэрты “Каруселлю”. Гэтая песня перажыла незлічоныя перавыданні і павярнула мяне да шырокага гледача. Я зразумеў тады, што хачу пісаць мелодыі, якія б гучалі і мелі поспех на любым вялікім свяце, каб яны падабаліся і мне самому, і школьніку, і 70-гадоваму прафесару. Як, напрыклад, “Птицы, мои птицы”, якую Алеся спявае.

— У 1997 годзе вы былі прызначаны галоўным рэдактарам Галоўнай рэдакцыі музычных праграм Беларускага тэлебачання. У эфіры тады гучала самая розная папулярная музыка — рэтра, сучасная эстрада, рок… За што вам рэспект.

— Найцяжкая была праца... Гэта ж ліхія 1990-я — з усімі іх страхамі. Такога жорсткага рэжыму праходу, як сёння, тады на БТ не існавала. Нават самы малодшы асвятляльнік мог выпісаць пропуск чалавеку, які ў выніку ішоў не да яго, а да мяне. Сядаў перада мной, растапырваў пальцы веерам і пачынаў патрабаваць усё, што яму прыходзіла ў галаву.

— “Дзяўчынку маю пакажы па “тэліку”?

— У тым ліку. Але калі казаць пра творчы працэс, то праца, вядома, была па мне. Я б ужо тады мог назваць сябе музычным прадзюсарам. І стараўся выпускаць на экран музыку толькі добрую і, як вы правільна адзначылі, рознастылёвую. Мы адрадзілі тэлефестываль “Песню бярыце з сабой”, паднялі на больш высокі ўзровень конкурс “Зорная ростань”, паказвалі “Рок-каранацыю”. Цікавы быў час, цяжкi, эмацыйна затратны. Але ён прыносіў сапраўднае задавальненне.

— Адносна нядаўна вы пачалі выконваць уласныя песні і самі — як сольна, так і разам са сваім калектывам. Што падштурхнула да гэтага?

— У часы СССР у творчай іерархіі кампазітар стаяў вышэй за выканаўцу. Ва ўсіх канцэртах аб’яўляліся імёны кампазітараў, прычым з пералікам усіх іх званняў. Яны больш зараблялі, асабліва ў эстрадзе. Цяпер усё змянілася. Нас, як правіла, не запрашаюць на канцэрты. А прадстаўляючы кампазіцыю, вядучы абвяшчае, што гэта, напрыклад, “песня Аляксандра Саладухі” — хаця ён песень не піша. Часам сам пачынаю задумвацца: а сапраўды, ці сам я вось гэта напісаў? Таму кантакту з публікай у кампазітараў практычна няма. А для мяне гэта важна, — зносіны з гледачом. Ну і паколькі спяваць я магу — дадзеныя дазваляюць, то і стаў гэта рабіць на публіку. Пагатоў, так я спяваць заўсёды любіў.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"