Стартап для служак Мельпамены

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Летам сайты шэрагу дзяржаўных тэатраў стракацелі аб’явамі, якія запрашалі ўсіх авотных паспрабаваць патрапіць у трупу. Іншыя ладзяць пошукі акцёраў не так гучна, але праблема ад гэтага меншай не становіцца. Нягледзячы на штогадовыя выпускі творчых ВНУ, калектывам не хапае асобаў, якія мараць знайсці сваё месца ў мастацтве (а не толькі перасядзець размеркаванне, а потым ірвануць на больш аплатную пасаду). Дзе шукаць няўрымслівую творчую змену? Адзін з варыянтаў — падтрымліваць аматарскі рух. У Беларусі безліч школьных, студэнцкіх, моладзевых калектываў, куды дакладна ідуць не па заробак ці гучнае імя, а таму, што без тэатра свайго жыцця не ўяўляюць. Нярэдка здараюцца гісторыі, калі аматары, захапіўшыся творчасцю, становяцца прафесіяналамі і сыходзяць у тэатр з галавой.

Здавалася б, прафесійным калектывам няма чаго перажываць: у кожным мястэчку падрастае творчая змена. Аднак сёння мы назіраем спад (спадзяюся, часовы!) аматарскага руху. Студыі існуюць адасоблена, быццам адмежаваныя адна ад адной. Студэнцкія тэатры нярэдка па розных прычынах закрываюцца. Вядомыя калектывы — нават са званнем “народны” ці “узорны” — часам не маюць памяшканняў для рэпетыцый і сталай пракатнай пляцоўкі. Згасае фестывальны дзіцячы рух.

Многія з гэтых праблем былі агучаны на дыскусіі напярэдадні Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ-2018”, які сёлета мае дэвіз “Традыцыі. Пошук. Эксперымент” і сабраў у Мінску калектывы з 16 краін.

/i/content/pi/cult/710/15541/5_opt.jpegКацярына САЛАДУХА, дырэктар фестывалю:

15 гадоў таму мы пачыналі з невялікай колькасці ўдзельнікаў. Пасля назіралі ўсплёск: заявак было так шмат, што нават ладзілі асобную праграму для айчынных студэнцкіх тэатраў, каб даць ім магчымасць пабачыць адзін аднаго і завязаць стасункі з замежнымі калегамі. Аднак цяпер перажываем спад.

/i/content/pi/cult/710/15541/14_opt.jpegДзмітрый ЦІШКО, рэжысёр студэнцкага тэатра БДУ “На балконе”:

У нас многія студэнцкія тэатры спыняюць сваё існаванне, а ў краінах Заходняй Еўропы, у ЗША гэты рух штогод набірае моц. Кожны ўніверсітэт імкнецца мець свой калектыў, прычым трупа можа налічваць 150 — 200 чалавек. Для параўнання: “На балконе” — самы стары з усіх айчынных студэнцкіх тэатраў — мае ўсяго 30 удзельнікаў. Існуем не без цяжкасцей, і неабходнае для пастановак даводзіцца набываць самім. Але галоўнае, што калектыў надзвычай запатрабаваны сярод моладзі. Уявіце, на кастынг да нас прыходзіць больш кандыдатаў, чым у тую ж Акадэмію мастацтваў! Аднойчы на восем вакантных месцаў прэтэндавала 140 чалавек!

Я ўвогуле ўвёў бы на некаторых факультэтах дадатковым заняткам спецыяльнасць “акцёрскае майстэрства” — напрыклад, для будучых журналістаў, дыпламатаў і ўсіх тых, каму дзеля профільнай прафесіі неабходна навучыцца эфектыўнай камунікатыўнасці.

К.С.: Хаця студэнцкіх тэатраў паменела, але да фестывальнай дырэкцыі сталі звяртацца незалежныя групы. Такім чынам “Куфар” пашырыў склад удзельнікаў.

/i/content/pi/cult/710/15541/14 copy_opt.jpegІван ЯНУШЭВІЧ, прарэктар па выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях БДУ:

Магчымасць самавыяўлення ў тэатральнай творчасці спрыяе выхаваўчай працы са студэнцтвам, яго духоўнаму развіццю, таму адміністрацыйны апарат універсітэта будзе імкнуцца падтрымліваць свае калектывы і фестывальны рух БДУ ў цэлым.

/i/content/pi/cult/710/15541/23_opt.jpegАляксей СТРЭЛЬНІКАЎ, тэатральны крытык:

Этапнай падзеяй у развіцці “Куфара” стаў удзел у праграме студэнцкіх тэатраў творчых ВНУ. Калі раней на фестывальнай сцэне выступалі выключна аматары, то цяпер на падмосткі ўздымаецца нямала пачаткоўцаў у прафесіі, якія праз нейкі час памяняюць вучэбныя аўдыторыі на дзяржаўныя тэатры. Магчыма, менавіта форум паспрыяе гладкаму пераходу са студэнтаў у спецыялісты.

/i/content/pi/cult/710/15541/21_opt.jpegЗінаіда ПАСЮЦІНА, прафесар кафедры тэатральнай творчасці БДУКіМ, мастацкі кіраўнік тэатра-студыі “7 паверх”:

Сапраўды, студэнты маіх апошніх трох курсаў паспяхова працуюць амаль ва ўсіх тэатрах краіны, іх заяўляюць на сур’ёзныя ролі. Але я бачу “нажніцы” ў тым, што прадстаўніцтва “Куфара” так моцна пашырылася. Возьмем Акадэмію мастацтваў: у раскладзе студэнтаў штодня значыцца сцэнрух, сцэнмова, танец і іншыя прафесійныя прадметы. З такой падрыхтоўкай не страшна брацца за любы цікавы матэрыял, бо ёсць каму яго рэалізаваць. З аматарамі працаваць куды цяжэй: ім трэба вырвацца з распарадку дня, які прадугледжвае вучобу ці працу, але зусім не ўдасканаленне творчых здольнасцей. А ў сёлетняй праграме я бачу яшчэ і прафесійныя тэатры з Грузіі ды Ізраіля. Мо трэба дадаткова падумаць над селекцыяй?

К.С.: Падкрэслю: аматарскія і прафесійныя калектывы выступаюць у розных катэгорыях. Як нам падаецца, тым самым мы пашырылі дыяпазон і ўзнялі ўзровень фестывалю.

/i/content/pi/cult/710/15541/15_opt.jpegВячаслаў САШЧЭКА, дацэнт кафедры тэатральнай творчасці БДУКіМ, рэжысёр тэатральнай майстэрні “Студыёзы”:

У многіх краінах ладзяцца асобныя фестывалі для студэнцкіх калектываў творчых ВНУ. У Беларусі такога кшталту форумаў не існуе, таму я ўдзячны “Куфару”.

/i/content/pi/cult/710/15541/22_opt.jpegАлена МАЛЬЧЭЎСКАЯ, тэатральны крытык:

У тэатральным працэсе краіны “Куфар” стаў выконваць так неабходную ўсім нам ролю аб’яднальніка разрозненых плыняў. Дзіцячых, маладзёжных, студэнцкіх тэатраў у нас шмат, але ўсе яны існуюць паасобку. Між тым, у Беларусі нямала мясцін, дзе цікавасць да тэатральнага мастацтва падтрымліваецца толькі аматарскімі калектывамі. Скажам, у Полацку даўно дзейнічае “Пілігрым”, які насамрэч выконвае функцыю гарадскога тэатра. І такіх прыкладаў нямала.

/i/content/pi/cult/710/15541/10_opt.jpegТаццяна ТРАЯНОВІЧ, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры:

Наш цэнтр апошнія гады актыўна займаецца тэатрам праектным, у якім рэжысёр збірае сваю каманду на адну канкрэтную пастаноўку. Часта праект узнікае на базе студэнцкіх курсаў. Маладыя рэжысёры хочуць паставіць сучасную драматургію, якая зазвычай не карыстаецца вялікай папулярнасцю ў масавага гледача. Таму ўзнікаюць складанасці з пракатам спектакля. Фестываль дае магчымасць звярнуць на сябе ўвагу, дазваляе паглядзець, чым жывуць твае равеснікі ў іншых краінах, абмяняцца вопытам. Дзякуючы форуму, адбываецца рост айчыннага праектнага тэатра.

/i/content/pi/cult/710/15541/11_opt.jpegВіталь КАТАВІЦКІ, загадчык кафедры рэжысуры БДАМ:

Усім удзельнікам тэатральнага працэсу неабходна не аддзяляцца адзін ад аднаго, а наадварот — арганічна ўзаемадзейнічаць. Тым болей, у эпоху постдраматычнага тэатра крытэрыі ацэнкі прафесіяналізма вельмі моцна размыты. Сёння жыццё развіваецца па законах тэатральнай творчасці, а тэатральная творчасць уплывае на жыццё. Таму і тэатр усё менш падзяляецца на аматарскі і прафесійны. Згадаем знакамітага амерыканскага рэжысёра Роберта Уілсана: ён, між іншым, выйшаў менавіта са студэнцкай студыі.

/i/content/pi/cult/710/15541/17 Мишутин_opt.jpegАнтон МІШУЦІН, рэжысёр Дзіцячага тэатра “Ронд”:

У нашага калектыву, як і ў многіх іншых, няма магчымасці выходзіць да гледача рэгулярна. “Ронду” спаўняецца 35 гадоў, а мы не маем сваёй пляцоўкі, рэпетуем у маленькім пакойчыку. Дзякуючы фестывалю, удзельнікі дзіцячых калектываў змогуць выступіць на сапраўднай сцэне перад поўнай залай — і тым самым атрымаюць дадатковую матывацыю займацца тэатрам. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі патрэбна знаходзіцца побач з аднагодкамі, прасякнутымі такой жа ідэяй — так адбываецца станаўленне асобы, далучэнне дзяцей да культуры.

А.М.: Сёлетняя афіша фестывалю прапаноўвае адмысловую дзіцячую праграму. Гэта яскравы паказчык таго, як форум аб’ядноўвае ініцыятывы. Памятаю, калісьці студыя “Ронд” ладзіла цудоўны міжнародны фестываль дзіцячых тэатраў “Крок у неба”. У Любані Васіль Каткавец праводзіў абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”. Цяпер вось эстафету падхапіў “Тэатральны куфар”.

І зусім неабавязкова, каб чалавек, які займаецца ў тэатральным калектыве, стаў акцёрам ці актыўна ўліўся ў тэатральнае жыццё. У кожным разе, былы студыец дакладна будзе добрым гледачом. Выхаванец дзіцячага тэатра вырасце добрым чалавекам, здатным аналізаваць сябе і іншых, бо тэатр — гэта вельмі добры спосаб засвоіць навыкі жыцця ў грамадстве.

В.С.: Для “Студыёзаў” фестываль — магчымасць выхаду за межы студэнцкай аўдыторыі. Ён нясе функцыю стартапу: дае імпульс студэнту адчуць сябе часткай шырокага тэатральнага працэсу, дорыць матывацыю выбраць тэатр у якасці сваёй прафесіі.

/i/content/pi/cult/710/15541/16_opt.jpegАндрэй КУРЭЙЧЫК, драматург:

Парадокс у тым, што не ўсе таленавітыя людзі ідуць па профільную адукацыю: аднаго бацькі адгаворваюць, іншы адчуў любоў да тэатра ў тым узросце, калі ўжо не ідуць у студэнты... Фестываль дазваляе апантаным творчасцю паказаць сябе. Я шмат гадоў сачу за “Куфарам” і кожны раз адкрываю ўсё новыя таленты. А яшчэ ў мяне ёсць надзея на тое, што форум зможа ўзгадоўваць парасткі айчыннай тэатральнай драматургіі, бо на дадзены момант нашы творчыя ВНУ не могуць прапанаваць пачаткоўцам нават курсаў, якія б увялі ў прафесію. Для мяне ж драматургія — аснова сучаснага тэатра.

К.С.: Мы глядзім у гэты бок, хаця пакуль форум і не займеў асобных курсаў па сучаснай драматургіі. Абавязкова ладзім майстар-класы ад гасцявых тэатраў, праводзім чыткі. Мне вельмі падабаўся праект, калі тры рэжысёры ставілі на трох мовах тры невялікія п’есы. Пасля такіх імпрэз айчынныя аўтары вяртаюцца на “Куфар” ужо ў пастаноўцы замежнікаў. Напрыклад, сёлета прафесійны тэатр з Грузіі прывозіць “А калі заўтра няма...” Дзмітрыя Багаслаўскага.

Дарэчы, “Куфар” у апошнія гады перасякаецца па тэрмінах правядзення з “ТЭАРТам”, і ўсё ж захоўвае сваю публіку. Адпаведна, фестываль ужо стаў часткай жыцця горада.

 Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"