Самабытнасць з элементамі рэпа

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Пастаянны ўдзельнік “Славянскага базару ў Віцебску” — Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Сябры”. Яго мастацкі кіраўнік Анатоль ЯРМОЛЕНКА распавядае карэспандэнту “К” пра досвед удзелу ў Міжнародным фестывалі мастацтваў і пра тыя падарункі, якія “Сябры” падрыхтавалі гледачам

 /i/content/pi/cult/168/1554/Samabytnasc.jpg
— 10 ліпеня адбыўся канцэрт Ігара Лучанка з Прэзідэнцкім аркестрам, на якім мы выконвалі песні кампазітара з нашага рэпертуару. 11 ліпеня ўдзельнічалі ва ўрачыстым адкрыцці “Славянскага базару ў Віцебску-2008” з новай кампазіцыяй “Мы — цэнтр Еўропы”, якую ўпершыню выканалі ў Дзень Незалежнасці каля стэлы.
Таксама выступім у гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі, а Алеся выканае песню на закрыцці фестывалю.
“Сябры” падрыхтавалі і спеўны сюрпрыз для гледачоў фестывалю — сумесную песню з гуртом “Litesound” — “Тут наш дом” на вершы Валерыя Галаўко. Нам было вельмі цікава супрацоўнічаць з гэтым маладым гуртом, які, што важна, пагадзіўся спяваць на роднай мове, хаця сам з’яўляецца англамоўным калектывам. Атрымалася, што мы сумясцілі сучаснасць і традыцыю, а гэтая тэндэнцыя вельмі важная і неабходная для музыкі нашай краіны.
На “Славянскім базары ў Віцебску” “Сябры” як калектыў могуць паказаць сваю індывідуальнасць, застаючыся самі сабой. Гэта не “Еўрабачанне”, дзе ўсе арыентуюцца на фармат еўрапейскай музыкі. Я лічу, што мастацтва павінна быць заўсёды самабытным. А на “Славянскі базар” з’язджаюцца прадстаўнікі розных краін і культур, якія адрозніваюцца менавіта схільнасцю захоўваць свае нацыянальныя рысы. І калі з’яўляецца там нейкі “заштампаваны” выканаўца, ён выглядае недарэчна.
Але фестываль павінен ісці ўпоравень з часам. Ён пэўным чынам мусіць быць камерцыйным, цікавым, каб раскупляліся білеты. Для гэтага патрэбна запрашаць разнажанравых выканаўцаў, прычым не адных і тых жа, бо некаторыя калектывы (часцей замежныя) прыязджаюць некалькі гадоў запар з аднолькавай праграмай. Патрэбна быць сучасным, але не модным у тым сэнсе, калі тое, што любілі сёння, будзе нецікава заўтра. “Сябры” разумеюць гэта ўсё і імкнуцца ўлічваць.
Мы рыхтуемся ад душы, хочам нечым здзівіць, паказаць новае, чамунебудзь навучыцца ці навучыць тых, хто да нас прыязджае. Заўсёды рыхтуем “разыначку”. Так, у песні “Мы — цэнтр Еўропы” мы злучаем і народныя матывы, і сучасныя элементы рэпа ў выкананні маладога дзі-джэя Анатоля. Мы імкнёмся, каб любое наша выступленне было яркім, сучасным, выглядала якасна як з візуальнага боку, так і з сэнсавага. Святло, гук, танцавальная падтрымка, касцюмы — сёння нікуды не падзецца ад добрай знешняй атрыбутыкі. Але патрэбна, каб усё пасавала выканаўцу, выглядала гарманічна.
У нашых аранжыроўках можна заўважыць новыя гукі, але мы імкнёмся захаваць сваю стылістыку.
Тое самае датычыцца і тэкстаў. Мы працуем толькі з прафесійнымі паэтамі, вялікую ўвагу звяртаем на сэнсавы бок песень. І сучасныя словы ўжываем, толькі калі яны не парушаюць баланс, гармонію. Але твор мастацтва неабавязкова павінен выяўляць паўсядзённыя рэчы. І ў творчасці “Сяброў” пераважаюць “вечныя” тэмы. Нельга змешваць папулярную музыку і традыцыйную творчасць. У нашай краіне часам гэтыя акцэнты змяшчаюцца, мы забываем, што песня — гэта душа народа. І мяне заўсёды хвалявала, што некаторыя маладыя выканаўцы не атаясамляюць сябе з Беларуссю, з нейкімі традыцыямі. Спадзяюся, “Сябры” паспяхова спраўляюцца з гэтай місіяй.
Мне вельмі хацелася б, каб больш было чытачоў у газеты “Культура”. Чым больш людзей будзе цікавіцца тым, што адбываецца ў гэтай сферы, тым больш культуры будзе ва ўсім нашым жыцці.