Фестывальная эстафета

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Сёння распачынаецца міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. На мерапрыемстве па традыцыі два чалавекі атрымаюць званне ганаровага палешука. Хто канкрэтна? Інтрыга захоўваецца. Вядома толькі, што адзін з іх — работнік культуры і мастацтваў. Падчас мінулых фэстаў ганаровае званне атрымалі з пазначанай сферы дзейнасці Міхаіл Фінберг і Міхаіл Дрынеўскі.

/i/content/pi/cult/710/15539/5..jpgПра гэта гаварылі 19 верасня, напярэдадні падзеі, у сталічным Доме прэсы на прэс-канферэнцыі, у якой бралі ўдзел Іван Галабурда — кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь; Інга Заўгародняя — першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама; Іна Быхаўцова — дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці; Аляксандр Бандарэнка — галоўны рэжысёр фестывалю; Анастасія Анішчонак — начальнік аддзела турызму Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” і Святлана Гук — намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Белкніга”.

Фестываль ладзіцца раз на два гады. Пяць апошніх мерапрыемстваў маюць міжнародны статус. Месца правядзення — нязменнае: аграгарадок Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Сёння тут збіраюцца творчыя дэлегацыі васьмі раёнаў Гомельшчыны (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і трох раёнаў Брэсцкай вобласці (Лунінецкага, Пінскага, Столінскага). Прыедуць, натуральна, сябры з Расіі і Украіны. Па словах Івана Галабурды, сёлета ў Ляскавічах выступяць і творчыя калектывы з Індыі, Польшчы.

Як паведамілі Інга Заўгародняя і Аляксандр Бандарэнка, чакаецца, што насельніцтва аграгарадка толькі за кошт удзельнікаў фестывалю павялічыцца амаль на дзве тысячы чалавек. Колькі будзе гасцей, прадказаць немагчыма. Сведкі распавядаюць, што падчас дзеі з-за ўдзельнікаў і гасцей берага Прыпяці не бачна. Падаецца, што тут новая вёска вырасла.

Чым сёлетні фестываль розніцца ад папярэдняга? Рэжысёр свята патлумачыў, што ўпершыню прапаноўваюцца акцыя “Сярод вёскі карагод” (песні і гульні аўтэнтычных калектываў), свята “Танчым па-даўнейшаму” (традыцыйныя побытавыя танцы), рыцарскія турніры і гістарычныя рэканструкцыі “Бітва эпох”, Свята “Батлейка.by”, выстава “Палескія брэнды” і пляцоўка “Кіно на траве”. Выбар, пагадзіцеся, дастаткова шырокі. Так што “Кліч…” атрымліваецца нібыта прывабным.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"