Карагод часу над Сожам

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

16 верасня ў Гомелі завяршыўся ІХ Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. Гран-пры атрымала Узорная харэаграфічная студыя “Дзеці Магніткі” з Магнітагорска (Расія). Якімі ж асаблівасцямі вызначаўся сёлетні конкурс? Ці спраўдзіліся чаканні? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да старшыні журы — загадчыцы кафедры харэаграфіі, прафесара БДУКіМ Святланы ГУТКОЎСКАЙ, якая сочыць за развіццём фестывалю з часоў яго заснавання.

/i/content/pi/cult/710/15537/3.JPG— Узрадавала найперш тое, што народна-сцэнічны танец, які на пэўным этапе перажываў крызісныя з’явы, пачаў адраджацца. І гэта не выпадковасць, не збег абставін, а відавочная тэндэнцыя. Да фальклорна-бытавога кірунку сёлета ў поўнай меры можна было аднесці толькі адзін сербскі калектыў. Іншыя, якія прылічвалі сябе сюды, усё ж былі бліжэй да народна-сцэнічных. Таму гэтыя дзве намінацыі давялося аб’яднаць у адну — самую прадстаўнічую, з 16 калектываў. Яшчэ 15 прадстаўлялі эстрадны танец, які на ранейшых конкурсах, здаралася, пераважваў — і даволі значна. А вось калектываў сучаснага танца, на жаль, аказалася меней — усяго шэсць. І першая прэмія тут не прысуджалася.

Ансамбляў каледжаў мастацтваў становіцца на гэтым фестывалі ўсё меней. Час правядзення форуму для іх не самы спрыяльны. Гэта і пачатак вучэбнага году, калі мінулыя напрацоўкі за канікулы маглі забыцца, і змена складу: выпускнікі ўжо раз’ехаліся, а першакурснікі пакуль не адаптаваліся.

Што ж да конкурсу, дык летась, нагадаю, Гран-пры не было. Сёлета ж яно было відавочным. Пераможцы з Магнітагорска паказалі вельмі розныя нумары — эстрадныя, сучасныя, з філасофскім падтэкстам. Кожны — бы мініспектакль, выкананы на высокім узроўні танцавальнай тэхнікі і акцёрскага майстэрства. З цікавасцю глядзела і выступленне кітайскага калектыву, узнагароджанага дыпломам: не столькі танец, колькі своеасаблівае дэфіле з дэманстрацыяй багатых нацыянальных строяў. Народны калектыў Tarancuta з Малдовы падзяліў трэцюю прэмію з нашым “Аксамітам”. У гэтым калектыве з Нясвіжу — не моладзь, а сталыя людзі, якія танчаць перапевы “Лявоніхі” з непасрэднасцю, задорам, пазітыўнай энергіяй. Такі кірунак трэба адраджаць!

На першае месца выйшлі знакамітыя “Гарадзенскія карункі” Гродзенскага каледжа. Яны ж атрымалі і дзве балетмайстарскія прэміі: Дзмітрый Куракулаў за “Восень” і Наталля Ваяводская за “Галубку”. Шмат узнагарод заваявалі гамяльчане. На другім месцы ва ўсіх трох намінацыях апынуліся тамтэйшыя калектывы “Дружба” Палаца культуры чыгуначнікаў, “Флай” гімназіі № 71, “Цеплаабмен” каледжа імя Сакалоўскага. А кіраўнік апошняга Валянцін Ісакаў быў узнагароджаны за кампазіцыю “Адлюстраванне палёту” паводле міфа пра Ікара.

Ансамбль кафедры харэаграфіі БДУКіМ (на здымку) у выканальніцкім спаборніцтве не ўдзельнічаў, але прэзентаваў конкурсныя працы балетмайстраў. Абедзве яны былі адзначаны: 1-ай прэміяй — вобразны мужчынскі, з трукавымі элементамі “Каварот наадварот” нашага маладога выкладчыка Паўла Стрэльчанкі, 3-яй прэміяй — “Зачараванне даўніной” Любові Шышко (гэта яе леташняя дыпломная праца).

Што яшчэ ўразіла, дык, вядома, грандыёзнае адкрыццё фестывалю, якое захапіла не толькі цэнтральную частку, а ўсю прастору стадыёна. Чырвонай ніткай была праведзена тэма бегу часу, яна нагадвала пра сябе то пясочным гадзіннікам, то цыферблатам.