Нашчадкі сарматаў

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Таямніцы роду Дамейкаў
Кожны з нас — вяршыня эвалюцыі ўласнага роду, зыркая зорка, на якую з цемры стагоддзяў глядзяць “цені забытых продкаў”. Змрочны ці ўхвальны іх позірк — гэта, вядома, ужо ад нас залежыць. Але само нашае існаванне стала магчымым толькі дзякуючы сотням, тысячам жыццяў, пакладзеных у падмурак піраміды, верхавінай якой мы з’яўляемся. І цалкам у нашых сілах выказаць павагу да свайго роду і зазірнуць у Мінулае. Не такое ўжо далёкае, як можа падацца. Генеалагічны пошук — цікавы і захапляльны працэс. Ён дазваляе адчуць сябе гэткім Холмсам-Марпл-Мегрэ-Каломба. І акрамя ўласнай карысці, вынікі генеалагічных даследванняў кожнага з нас значна ўзбагачаюць веды аб гісторыі нашай краіны.

/i/content/pi/cult/709/15535/22.JPGНа жаль, знакаміты вучоны Ігнацій Дамейка па нейкіх прычынах такога даследвання не пакінуў. Таму, аднаўленнем яго радавода доўгі час займаліся складальнікі гербоўнікаў ці нешматлікія даследчыкі-“дамейказнаўцы”. Зразумела, што іх высілкі не пакінулі без працы наступныя пакаленні аматараў генеалагічнага пошуку.

Пра некаторыя загадкі самаго роду Дамейкаў вялося ў першай частцы артыкула. Цяпер у фокус нашай цікавасці трапіў род Анцутаў, з якога паходзіла маці Ігнація. І тут таксама ёсць пра што распавесці.

Дар князя Вітаўта

У 1380-х гадах у ВКЛ было неспакойна: князь Вітаўт распачаў змаганне за княскі трон. Незадоўга да гэтага ў вежы Крэўскага замка памёр ягоны бацька Кейстут, і многія былі пэўныя, што без Ягайлы тут не абышлося. Сам Вітаўт, каб не паўтарыць лёс бацькі, збег у Прусію, дзе ў тыя часы ззяў у зеніце магутнасці Тэўтонскі ордэн.

Дзеля атрымання дапамогі з боку крыжакоў Вітаўт падараваў Ордэну Жамойць. Крыжакі дапамаглі, але для канчатковага вырашэння пытання з польскім каралём Ягайлам спатрэбілася яшчэ шмат гадоў палітычных інтрыгаў, баявых дзеянняў (са штурмам Вільні адным з продкаў Тадэвуша Рэйтана, які стаяў тады на чале ордэнскага войска) і паўторнага дарунка Жамойці крыжакам “на вечныя часы” .

У рэшце рэшт, Вітаўт атрымаў трон ВКЛ і пачаў марыць аб каралеўскай кароне. Але яшчэ да таго, у час вайны з палякамі, вакол Вітаўта згрупавалася баярства з ВКЛ, якое было прыхільнікамі незалежнасці ад Польшчы. Найбольш выбітных яго прадстаўнікоў Вітаўт за “добрасумленную працу” ўзнагародзіў. Як мог.

Пратапласта роду Анцутаў Лявон за “вайсковыя заслугі” атрымаў ад князя маёнтак Анцута (ад якога род і ўзяў сваё прозвішча) у Бельскім павеце, на Падляшшы. Гэтыя землі ад Беларусі адышлі ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Калі дакладна адбылося тое наданне — у 1388 ці 1394 годзе, гісторыкі-генеолагі Урускі і Нясецкі спрачаліся. Але прычыны шчодрага падарунка здаюцца відавочнымі: спрыянне Вітаўту ў цяжкі час і адстойванне незалежнасці ВКЛ ад Польшчы.

Большасць шляхецкіх родаў у ВКЛ карысталася тымі 47 гербамі, якія пасля Гарадзельскай уніі 1413 года польскія роды
“падаравалі” вялікакняскай шляхце. Але, вядома, мясцовае баярства мела і свае даўнія гербы, ад якіх не спяшалася адмаўляцца. А ў будучыні напрыдумляла яшчэ безліч розных варыяцый, выкарыстоўваючы старыя ўзоры.

Такім уласным лічыцца і “філасофскі” герб Анцутаў. І гэта, і першая згадка роду, робіць яго адным з найбольш старых беларускіх шляхецкіх фамілій. І, што важна, увесь ланцужок продкаў Ігнація Дамейкі па жаночай лініі можна прасачыць амаль да таго самага Лявона. Паралельна ўзбагачаючы нашы веды і гісторыямі іншых родаў. Напрыклад, Касцюшкаў, з якімі Анцуты мінімум пяць разоў злучаліся сваяцкімі повязямі.

Марафонскі забег

Каб прасачыць увесь ланцужок продкаў маці Ігнація Дамейкі Караліны Анцуты, давядзецца запасціся цярплівасцю. Наш прабег уздоўж доўгага шэрагу постацяў гэтага роду мы пачнем ад Паўла Еськавіча Анцуты. Менавіта з яго пачынаюць радавод сваякі Дамейкі.

Ён жыў у часы, калі ішла барацьба паміж ВКЛ і Польшчай у межах Рэчы Паспалітай абедзвюх нацый. Яе вершыняй і стаў Статут 1588 года, якім ВКЛ, фактычна, абвяшчалася цалкам самастойнай краінай. Павал займаў пасаду вознага Берасцейскага ваяводства. У 1590 годзе ён “печать свою приложылъ и руку подъписал до сего дестаменъту” свайго сябры Рамана Верашчакі. Праз 200 гадоў у сплаве гэтых родаў народзіцца Марыля Верашчака — галоўнае каханне Адама Міцкевіча.

У шлюбе з Марыянай Тумілоўнай Бухавецкай Павал нарадзіў сына Мікалая — прапрадзеда Ігнація Дамейкі. Жонак у Мікалая было дзве, але ад якой з Палоній (абедзьве, быццам, мелі аднолькавае імя) быў народжаны ягоны сын Адам, пэўнасці не маю.

Адам і Кацярына з Чарняўскіх былі больш багатымі на дзетак — шэсць сыноў і дзве дачкі. Нам найбольш цікавы Міхал, які ад жонкі Марыяны таксама меў багата дзетак, сярод якіх Адам-Антон — дзед Ігнація Дамейкі. Нарысу сямейна-палітычнай дзейнасці Адама мы прысвяцім наступную частку цыкла. А пакуль засяродзімся на іншым персанажы.

Халіф на гадзіну

Час, у які “выспяваў талент” будучага віленскага біскупа Мацея Анцуты, быў азмрочаны шэрагам падзей. Найперш гэта вайна 1648 — 1667 гадоў, якая завяршылася для ВКЛ катастрофай. А для пратэстантаў — і наогул трагедыяй. Пасля наступу Контрэфармацыі, якую ўзначальваў Ордэн езуітаў, яны ў сваёй уласнай краіне, як пісаў тагачасны пастар Ян Краінскі, лічыліся горшымі за знешніх ворагаў.

Рэй адгэтуль у Рэчы Паспалітай вялі каталікі. Праз колькі гадоў ВКЛ здрыганулася ад жудаснага працэсу над берасцейскім падсудкам Казімірам Лышчынскім (1634 — 1689). Выдатна адукаваны, някепскі ваяр, здольны юрыст і актыўны палітычны дзеяч (чатыры разы абіраўся паслом на соймы), ён быў узяты пад варту, абвінавачаны ў атэізме, асуджаны і пакараны смерцю.

Увесь ход падзей меў дрэнны пах. Сумнеўны данос Яна Бжоскі, які папярэдне пазычыў у Лышчынскага немалую суму, незаконнае ўзяццё пад варту на сойме з загаду віленскага біскупа Бжастоўскага, несправядлівы суд (шляхціца з ВКЛ не павінны былі судзіць у Польшчы). А парушэнні з боку “суддзяў” (вышэйшыя духоўныя колы Рэчы Паспалітай) нават прымусілі аднаго з нешматлікіх абаронцаў Лышчынскага Людвіка Пацея заявіць падчас працэсу, што далейшае разбіральніцтва немагчыма.

Як вядома з матэрыялаў следства, адну з важных роляў у тым, каб Лышчынскага спалілі, попел стрэлам з гарматы развеялі ў варшаўскім гарадскім рове, сядзібу ягоную знеслі, адыграў віленскі біскуп Канстанцін-Казімір Бжастоўскі.

І вось тут мы ізноў згадаем Мацея Анцуту. У той час, калі ішоў працэс, ён паступова ўздымаўся па духоўных сходах і быў інфлянцкім і смаленскім канонікам. Але літаральна праз некалькі гадоў, у 1694-м, біскуп Бжастоўскі робіць Анцуту сваёй правай рукой. І нават, адчуваючы набліжэнне апошняга часу, прызначае сваім наступнікам. Справа прызначэння неардынарная, як і асоба Анцуты. Да таго ж, Мацей не толькі дапамагаў біскупу, але часам замяшчаў яго ў вельмі адказныя моманты.

Хацелася б верыць, што Анцута спачуваў земляку з Берасцейшчыны, але падставаў для таго не хапае. Наадварот, паколькі свайго малодшага брата Юзафа Мацей аддаў у рукі езуіцкай адукацыі, і той стаў вельмі актыўным змагаром з пратэстантамі, думаецца, што шалі сімпатыі Анцуты схіліліся не на бок Лышчынскага.

Па смерці біскупа Мацей Анцута атрымлівае прызначэнне на ягоную высокую пасаду. Склаўшы прысягу ў Варшаве, ён адпраўляецца ў сваю дыяцэзію, дзе літаральна праз некалькі дзён, 13 снежня 1723 года, памірае ад апаплексічнага ўдара. Што стала таму прычынай — вялікая радасць ці слабае здароў’е — гісторыкі не напісалі. Дарэчы, праз гадоў дзесяць гэтаксама раптоўна памёр і такі самы энергічны брат Мацея Юзаф, які амаль удотык наблізіўся да пасады біскупа.

У кнізе “Жыцці віленскіх біскупаў” Вінцэнта Пшыалгоўскага (1932) з сімпатыяй былі апісаны амаль усе біскупы. Аднак аўтар падкрэслівае, што браты Анцуты, хоць і адбудоўвалі касцёлы, мелі шыкоўныя кніжныя зборы і гэтак далей, тым не менш, прагнулі славы і пасадаў. І свой немалы дабрабыт яны сабралі, “не абіраючы шляхоў”.

У энцыклапедычным даведніку “Каталіцкія храмы Беларусі” (2008), згадана, што знакамітая Навагрудская фара адбудаваная з цэглы намаганнямі “біскупа Мацея Анцата”. Памылка ў тытуле і ў прозвішчы вандруе па розных рэсурсах. Хаця больш адказныя аўтары даўно дакапаліся да ісціны. У шматтомным выданні “Архітэктура Беларусі” (2006) напісана, што адзін з самых старажытных на Беларусі каталіцкіх храмаў, заснаваны яшчэ Вітаўтам у 1395 годзе, быў цалкам ці часткова драўляны. Згарэў ён, як можна меркаваць, падчас Паўночнай вайны, калі і замак быў узняты ў паветра швецкім порахам.

14 ліпеня 1714 года каад’юктар віленскага біскупа Мацей Анцута асвяціў кутні камень новага касцёла. Ім жа ў 1723 годзе касцёл кансекраваны пад тытулам Божага цела. Святыню ўзводзілі мясцовыя будаўнікі — муляры Якуб Бокша, Юры Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі, Юры Стапкоўскі. У згаданых “Жыццях”, дарэчы, сцвярджаецца, што касцёл Анцута “давёў” толькі да даху. І вымушаны быў спыніць будаўніцтва з-за разнагалоссяў з капітулай.

Напрыканцы XVIII стагоддзя ў гэтым касцёле будзе ахрышчаны будучы сябра Ігнація Дамейкі — Адам Міцкевіч.

Гардэмарын, які трапіў на “Ачакаў”

Згадаем некалькімі словамі Анцутаў, якія пакінулі свой след у гісторыі ХІХ — ХХ стагоддзяў. Усе гэтыя асобы з’яўляюцца нашчадкамі Міхала-Казіміра, сына Адама-Антона Анцуты. Нарадзіўся ён і быў ахрышчаны ў 1771 годзе ў фальварку Каўпеніца (не існуе) пад Баранавічамі. Дзядзька Ігнація Дамейкі меў, падобна, чатырох сыноў — Стэфана-Філіпа, Антона-Франца, Вікенція-
Адама і Яна-Альбіна.

Вікенцій-Адам, які нарадзіўся ў 1819 годзе, абраў кар’еру вайскоўца. У расійскім войску меў чын капітана, камандаваў ротай. Быў кавалерам розных ардэноў і медалёў. Адна з іх называлася “За покорение Чечни и Дагестана. 1857 — 59”. Ажаніўся ён з дачкой паручніка Івана Барысава Алене, з якой меў сына і дачку.

Антон-Франц, другі сын Міхала, меў сына Стэфана, які таксама абраў вайсковую кар’еру. Праўда, прысвяціў сябе ветэрынарнай практыцы. Быў удзельнікам розных вайсковых канфліктаў, якіх у расійскай гісторыі не пералічыць. Свайго сына Стэфана, які нарадзіўся 20 верасня 1887 года, ён спярша адправіў у электратэхнічны інстытут, а потым аддаў у школу гардэмарынаў у Санкт-Пецярбургу.

Пасля яе завяршэння ў 1917 годзе мічман Стэфан Анцута патрапіў на Чарнаморскі флот. Да эвакуацыі Крыма быў мінным афіцэрам эсмінца “Громкий”, а пазней патрапіў на крэйсер “Кагул”. Лёс гэтага карабля даволі цікавы і звязаны з яшчэ адной значнай асобай, якая прывяла да з’яўлення тэрміна “дзеці лейтэнанта Шмідта”. Рэч у тым, што крэйсер быў спушчаны на ваду ў 1902 годзе пад іншым назовам — “Ачакаў”!

У лістападзе 1905 года на караблі выбухнула знакамітае паўстанне, падаўленае “дружным” абстрэлам астатніх судоў флоту. Каб сцерці памяць пра тыя падзеі, крэйсер перайменавалі ў “Кагул” (дзеля гэтага іншы крэйсер, які “ад нараджэння” меў назву “Кагул”, таксама перайменавалі — у “Памяць Меркурыя”).

У 1917 годзе караблю вернуты стары назоў “Ачакаў”, а з 1919 года ён стаў “Генералам Карнілавым”. У 1920 годзе крэйсер перайшоў у Бізерту, дзе быў інтэрніраваны французскімі ўладамі. Завяршыўся лёс карабля “разборам на метал” у 1931 годзе.

Але яшчэ да гэтага часу Стэфан Анцута пакінуў крэйсер і з Бізерты перабраўся ў Польшчу. У марской школе Гдыні ён пачаў працу па спецыяльнасці, займаючыся адукацыяй будучых польскіх мараходаў. Але наспявала новая вайна…

Пакручасты лёс стрыечнага ўнука Ігнація Дамейкі завяршыўся папраўдзе трагічна. Улетку 1942 года ён патрапіў у канцлагер Аўшвіц, дзе 24 жніўня загінуў.

Старадаўні род не згас і дасюль. Шматлікія далёкія нашчадкі Лявона Анцуты герба Анцута і сёння жывуць па ўсёй Беларусі, асабліва на Берасцейшчыне. А ў наступнай частцы мы распавядзем пра паэта з гэтага роду — дзе забытага, а дзе і нязнанага.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар